Вы тут

Варыянты працы ў Пінску ёсць, але жадання працаваць у людзей няма


Гэта, бадай, адна з асноўных праблем, з якімі даводзіцца сутыкацца ў дзейнасці пастаянна дзеючай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Пінскага гарвыканкама. Кіруе ёю старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Лявонцій ЛЕМЯШЭЎСКІ.


Фота Ганны Занкавіч.

Як паведамляе «Пінскі веснік», сапраўды, варыянты працаўладкавання ёсць, паколькі на рынку працы ў Пінску намеціліся станоўчыя тэндэнцыі. Так, вырасла колькасць пінчукоў, занятых у эканоміцы горада, тэмп росту склаў 100,2 %. Знізіўся каэфіцыент напружанасці: калі на 1 студзеня 2018 года на адну вакансію прыпадала 0,8 беспрацоўнага, то на 1 студзеня 2019-га — 0,4. Летась у 1,3 раза скарацілася колькасць тых, хто працуе ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці. Яшчэ вельмі важная дэталь: упершыню за апошнія некалькі гадоў у Пінску колькасць прынятых на работу людзей перавысіла колькасць звольненых.

Вось толькі не заўсёды ў беспрацоўных ёсць жаданне працаваць. З розных прычын: хтосьці, працуючы, як той казаў, на сябе, не жадае выходзіць «з ценю» і плаціць падаткі; у кагосьці — вельмі нізкая матывацыя шукаць работу.

— Для садзейнічання ў працаўладкаванні ў камісію звярнуліся 54 пінчукі, — расказвае сакратар камісіі Таццяна БОГАЛЬ. — Яны былі накіраваны ў службу занятасці, аднак прапанаванымі вакансіямі, якіх, дарэчы, больш за 700, прычым больш за 79 % — па рабочых прафесіях, скарысталіся далёка не ўсе. Між тым прадпрыемствы гатовы сёння працаўладкоўваць людзей з навучаннем на рабочым месцы. На пасяджэннях камісіі прадстаўнікі кадравых службаў прапануюць беспрацоўным варыянты працаўладкавання. Вось і на апошнім пасяджэнні, напрыклад, пяцярым грамадзянам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, прапанавалі вакансіі. У выніку дайшлі да наймальніка і працаўладкаваліся толькі двое з іх.

Працаўладкаванымі, як вядома, лічацца і самазанятыя. У Пінску летась «самазаняліся» 1836 чалавек — у два з паловай разы больш, чым, напрыклад, у Баранавічах. 75 % працуюць у сферы гандлю, у асноўным вырошчваюць і рэалізуюць плодаагароднінную і кветкавую прадукцыю. Аказваюць яны таксама рэпетытарскія, будаўнічыя, цырульніцкія паслугі, фота- і відэаздымкі.

— З пачатку бягучага года ў інспекцыі па падатках і зборах па Пінску зарэгістравана 708 фізічных асоб, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю, што на 20,6 % больш, чым у 2018-м, — працягвае суразмоўніца. — Адпаведна, назіраецца і рост плацяжоў у рамках выплаты збору за права ажыццяўлення такой дзейнасці.

Асноўная задача камісіі, зразумела, садзейнічаць людзям працаздольнага ўзросту ў працаўладкаванні, арыентаваць іх на легальную працоўную дзейнасць. Але ёсць і маса іншых задач. Сярод іх — фарміраванне спісу працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы і павінны аплачваць шэраг жыллёва-камунальных паслуг «напоўніцу».

— Пасля 1 снежня мінулага года, калі была сфарміравана база даных пінчукоў, якія не занятыя ў эканоміцы, для нас самым важным было якасна адпрацаваць і выверыць даныя, каб ні адзін чалавек не трапіў у яе памылкова, — удакладняе Таццяна Уладзіміраўна. — У выніку ў базе засталося больш за адзінаццаць з паловай тысяч гараджан. З іх, як высветлілася, звыш трох тысяч з'яўляюцца плацельшчыкамі жыллёва-камунальных паслуг. Намі была праведзена велізарная растлумачальная работа. Мы распрацавалі алгарытм дзеянняў чалавека, які можа быць аднесены да занятых у эканоміцы: скажам, калі ён працуе ці вучыцца за мяжой альбо калі з ім, напрыклад, спынены працоўныя адносіны і гэтак далей, — вызначаны цэлы пералік катэгорый такіх грамадзян. Дык вось, у гэтым выпадку ў алгарытме выразна прапісана, якія чалавек павінен прадставіць пацвярджальныя дакументы. Калі ён працуе за мяжой, ад яго запатрабуецца дагавор або кантракт з замежным наймальнікам. У выніку 85 % пінчукоў пацвердзілі сваю занятасць, на працягу лютага — яшчэ каля трохсот чалавек. Хтосьці апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, што было прызнана і камісіяй. Такім чынам, у базе засталіся 452 чалавекі, якія павінны аплачваць паслугу гарачага водазабеспячэння па тарыфе, што забяспечвае поўнае пакрыццё выдаткаў на яе аказанне. Гэты спіс мы накіравалі ў разлікова-даведачныя цэнтры для налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі за люты з улікам пераразліку за студзень 2019 года.

Наколькі адчувальным будзе павелічэнне платы за «камуналку», залежыць канкрэтна ад кожнага спажыўца — ад таго, колькі расходуе вады, ці жывуць з ім і ці працуюць члены сям'і і гэтак далей.

Як высветлілася, 365 пінчукоў са спісу незанятых у эканоміцы на сённяшні дзень ужо аплацілі камунальныя паслугі, у тым ліку «па поўнай» — гарачае водазабеспячэнне. Астатнія пакуль рабіць гэта не спяшаюцца, як не імкнуцца і працаўладкоўвацца.

Але далей «раскашэльвацца» прыйдзецца яшчэ больш. Як вядома, да паслуг гарачага водазабеспячэння з 1 кастрычніка дадаюцца яшчэ паслугі цеплазабеспячэння і газазабеспячэння пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў, якія таксама трэба будзе аплачваць па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. Там, зразумела, гаворка будзе ісці ўжо пра зусім іншыя сумы.

У тэму

Беспрацоўных у Баранавічах навучаць новым спецыяльнасцям

Як паведамляе раённая газета «Наш край», упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праводзіць набор слухачоў на навучальны курс «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці».

Усім, хто праслухае курс, акажуць садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама ў сферы аграэкатурызму і рамеснай дзейнасці.

Акрамя гэтага, праводзіцца набор слухачоў на ІІ квартал 2019 года ў групы для прафесійнага навучання беспрацоўных і не занятых у эканоміцы грамадзян. На курсах можна атрымаць такія спецыяльнасці, як кухар, швачка, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, электраманцёр, тынкоўшчык, прадавец, візажыст, майстар па манікюры (педыкюры) ды іншыя. Тэрміны навучання розныя — ад месяца да паўгода.

Вучоба праходзіць у дзяржаўных навучальных установах райцэнтра, падчас яе выплачваецца стыпендыя. Па інфармацыю звяртацца: Баранавічы, вуліца Грыбаедава, 12, кабінеты № 5, № 28 або па тэлефонах: 64-08-69, 45-45-73, 45-44-60.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?