Вы тут

Шукаеце работу? Запрашаем на кірмаш!


У Мінску 25 красавіка ў межах агульнарэспубліканскага адзінага дня занятасці пройдзе гарадскі кірмаш вакансій.


Фота Ганны Занкавіч.

Як паведамляе камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, галоўная мэта кірмашу — садзейнічаць у пошуку работы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, а наймальнікам — дапамагчы ў падборы кадраў.

Плануецца, што ў ім прымуць удзел больш за 80 прадпрыемстваў і арганізацый сталіцы, якія прапануюць саіскальнікам свае вакансіі для працаўладкавання. У непасрэдных зносінах з наймальнікамі людзі атрымаюць інфармацыю аб прапануемай рабоце, узроўні заробку і кваліфікацыйных патрабаваннях да патэнцыйных кандыдатаў. На кірмашы будуць прадстаўлены прапановы працаўладкавання ў розных сферах дзейнасці: прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, гандлі і грамадскім харчаванні, ахове здароўя ды іншых галінах.

На кірмашы спецыялісты камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама будуць кансультаваць наведвальнікаў па пытаннях заканадаўства аб занятасці, стратэгіі пошуку работы і складанню канкурэнтаздольнага рэзюмэ. А яшчэ будуць працаваць профільныя секцыі: «Пачнем бізнес разам», «Стратэгія выбару прафесіі», «Старт у працоўнае жыццё», «Занятасць без межаў» ды іншыя.

Напрыклад, у межах работы секцыі «Пачнем бізнес разам» тыя, хто хоча самастойна распачаць сваю справу, атрымаюць кампетэнтныя кансультацыі дасведчаных спецыялістаў па пытаннях арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і атрыманні фінансавай дапамогі з розных крыніц.

Псіхолагі Мінскага гарадскога цэнтра абслугоўвання сям'і і дзяцей на секцыі «Стратэгія выбару прафесіі» будуць кансультаваць наведвальнікаў, што знаходзяцца ў складаным жыццёвым становішчы. Прадстаўнікі БРСМ на секцыі «Старт у працоўнае жыццё» раскажуць навучэнцам і студэнтам аб магчымасцях удзелу ў студэнцкіх атрадах, у другаснай занятасці.

Карысным для саіскальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі стане наведванне секцыі «Занятасць без межаў». У яе рабоце прымуць удзел арганізацыі, якія прапануюць вакансіі для тых, хто мае абмежаванні па стане свайго здароўя. Тут можна будзе атрымаць інфармацыю аб магчымасцях працаўладкавання, прайсці гутарку з наймальнікам.

Яшчэ адной цікавай секцыяй можа стаць «Навучанне з гарантаваным працаўладкаваннем». У ёй прымуць удзел сталічныя арганізацыі, якія гарантуюць месца беспрацоўным, накіраваным на навучанне органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, пасля завяршэння імі поўнага курса навучання.

Секцыя «Формула паспяховай кар'еры» пазнаёміць наведвальнікаў кірмашу з прадстаўнікамі буйных кампаній Мінска, якія раскажуць аб сваёй кадравай палітыцы, магчымасцях кар'ернага росту, навучання на прадпрыемстве. А на секцыі «Вакансіі сёння і цяпер» спецыялісты дзяржаўнай службы занятасці паведамяць аб магчымасцях працаўладкавання на часовыя, сезонныя работы, а таксама аб удзеле ў аплачваемых грамадскіх работах.

Дарэчы, усе паслугі аказваюцца бясплатна.

Па выніках кірмашу пройдзе круглы стол, на якім удзельнікі абмяркуюць тэндэнцыі на рынку працы сталіцы, арганізацыю часовай занятасці моладзі, а таксама выкананне наймальнікамі патрабаванняў заканадаўства аб занятасці насельніцтва.

Што? Кірмаш вакансій.

Дзе? Культурна-спартыўны цэнтр Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, Мінск, вуліца Чкалава, 7.

Калі? 25 красавіка з 10.00 да 13.00.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».