Вы тут

У пракаце ідзе баёпік пра самую багатую жанчыну свайго часу


У пракаце ідзе баёпік пра самую багатую жанчыну свайго часу.


Усмешка яшчэ ніколі не выклікала ў мяне такую антыпатыю, але давялося паглядзець нарвежскую карціну «Белы лебедзь» Аннэ Севіцкі пра алімпійскую чэмпіёнку па фігурным катанні, кінаактрысу і скандальную знакамітасць Соню Хэні. Фільм ідзе ў сталічным пракаце, куды еўрапейскае кіно не тое каб рэдка трапляе, але, прынамсі, не адносіцца да прыярытэтнага кірунку. На шчасце, фальшывая ўсмешка хутка сышла з твару гераіні, бо не заўсёды кату масленіца. Паганы характар фігурысткі і яе няправільныя рашэнні паступова прывялі самую багатую жанчыну свайго часу да фінансавага і асабістага краху (але ўсё скончылася добра, не перажывайце).

Надзвычай самаўпэўненая бландзінка Соня Хэні пасля чарговай перамогі на турніры па фігурным катанні — вось яна ў белым касцюмчыку ўсміхаецца на фоне запоўненых аднолькавымі шэрымі сілуэтамі трыбун — атрымлівае прапанову стаць зоркай тура балета на лёдзе.

Яна з веданнем справы ставіць свае ўмовы і прыязджае ў Амерыку, дзе на першым жа яе выступленні публіка раве ад захаплення. З такой жа самаўпэўненасцю яна прыходзіць да кіраўніка Fох Studіоs і ўстройвае сабе першы кантракт на чатыры фільмы — усё, яна багатая і паспяховая. Далей па законе жанру гераіня павінна ўсё альбо амаль усё страціць, пра матэрыяльнае гаворка ці не.

Шлях да поспеху не заняў у фільме шмат часу, ён як бы абумоўлены талентам фігурысткі, Соня Хэні пры ўсёй разнастайнасці і насычанасці эпізодаў нават амаль не рэпеціруе. Затое хронаметраж карціны становіцца зборам неадназначных падзей з жыцця знакамітай фігурысткі і яе ўласных, часам спрэчных, дзеянняў. Здымкі, вечарыны, фінансаванне бізнесу свайго брата, оргіі, замужжа, расставанне і іншае.

Усё гэта складаецца ў паступовае, непазбежнае, крыўднае (а для некага, можа, і не) падзенне. Драматургічная логіка не магла пазбавіць сюжэт трагедыі, якая, зразумела, не здарылася раптоўна, а стала вынікам усё меншай колькасці нагод для з'яўлення ўсмешкі на твары фігурысткі. І, можна меркаваць, таксама вынікам адмоўнай накіраванасці страсцей. Нарэшце, адчайнае жаданне Соні Хэні ўжо на схіле сваёй кар'еры вярнуць былое абярнулася канчатковым правалам (і ўсё яшчэ гэта не канец).

На працягу фільма, падпарадкаванага непрадказальным, свавольным, уседазвольным жаданням гераіні, рэзкасць Соні Хэні згладжваецца лірычнымі флэшбэкамі ў нявіннае дзяцінства, дзе яна толькі пачынае катацца, карыстаецца дапамогай брата і сябруе з закаханым у яе хлопчыкам Нільсам.

Больш сімпатыі галоўнай гераіні гэта не дадае, наадварот, паказвае кантраст паміж мілай дзяўчынкай і жанчынай, якая пасля смерці маці першай справай загадвае зняць з яе каштоўнасці, затое рыхтуе глебу для шчаслівай канцоўкі. Бо для пазітыўнага канца Соня, нарэшце пазбаўленая фанабэрыі, павінна пераламаць негатыўную тэндэнцыю і вярнуцца ў дзяцінства, то-бок на каток, дзе зрабіла першыя праезды.

Не ўсё, вядома ж, з'яўляецца дакладным аповедам пра жыццё знакамітасці, але скандальная біяграфія фігурысткі і кіназоркі стала прывабным матэрыялам для адлюстравання неадназначнага персанажа і неадназначнасці багацця.

Паказальны тут эпізод з дырэктарам Fох Studіоs, дзе ён — раз'юшаны — абвінавачвае сваю актрысу ў разбэшчаных паводзінах і псаванні рэпутацыі. Маўляў, яна не мужчына, а таму не можа сабе дазволіць з'яўляцца ў газетных матэрыялах у якасці ўдзельніцы оргіі. Норавы! Спосаб жыцця Соні Хэні даравальны мужчынам, а яна за гэта заслугоўвае абражальныя азначэнні.

Інэ Марые Вільман, выканальніца галоўнай ролі, стала непрыемнай актрысай у непрыемнай ролі — для Соні Хэні яна навучылася толькі ўсміхацца і сціскаць вусны і сваёй шырокай усмешкай адштурхнула ад сябе ледзь не ад самага пачатку. Затое эпізод з яе апошнім выступленнем у Рыа абстаўлены цудоўна: аўтары далікатна, на адлегласці, прыхавана падкрэслілі ўжо немаладосць і адданасць алкаголю Соні і падрыхтавалі гледача да такога фіналу танца, які ён ёсць.

Амаль двухгадзінны фільм з добрымі, але неарганічна выкарыстанымі саўндтрэкамі, зацягнутым працэсам разбурэння і няўмелымі спробамі праз флэшбэкі ўключыць галоўную гераіню ў лірычны кантэкст ідзе ў пракаце да 24 красавіка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Лёд, Галівуд і паганы характар

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.