Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Размова двайнятак.

Вера:

— Напэўна, вельмі страшна працаваць сцюардэсай...

Поля:

— А што там страшнага? Два разы прайшоў па самалёце, а астатні час сядзіш прышпілены.

Вера абурана:

— Поля, якая розніца, калі самалёт упадзе?!

Думаў, спрэчка скончана на карысць Веры, але дзе там.

Поля:

— Тады навошта, па-твойму, у самалёце прышпільваюцца?

Вера не знайшла, што адказаць, і прыйшлося ўжо мне тлумачыць, што падаць прыемней прышпіленым.

Р.S. Хоць, безумоўна, я магу памыляцца.


А вось зараз я злёгку афігеў.

Сын:

— Тата, напішы мне заяву ў школу.

— Якую яшчэ заяву?

— Што я заўтра не пайду на апошні ўрок.

— А чаму гэта ты заўтра не пойдзеш на апошні ўрок?

— Таму што заўтра апошні дзень вучобы перад канікуламі.

— А проста не пайсці на апошні ўрок ты не можаш?

— Магу. Але лепей, калі будзе заява.

Нахабнасць — другое шчасце (а ў гэтым выпадку нават першае). Але я напісаў, канешне. Усё-такі з заявай сачкаваць урок больш прыемна, тут яго праўда.

Р.S. І як гэта я ў дзяцінстве да гэтага не дадумаўся?


Паказаў сыну артыкул, у якім гаворыцца, што на 97,5 % людзей смартфон аказвае згубнае ўздзеянне. Ён прачытаў, паглядзеў на мяне і сказаў:

— Не турбуйся, тата, на шчасце я належу да тых іншых 2,5 %.

Ну што ты будзеш з ім рабіць?

* * *

Сын:

— Калі ўявіць, што кожны з нас гэта якая-небудзь краіна, то Марта — гэта Расія.

— Чаму?

— Таму што яна пастаянна да ўсіх чапляецца.

— А астатнія хто?

— Мама — гэта Амерыка: яна ўсіх вучыць жыць. Я — гэта Аўстралія: у мяне свой пакой і мне ўсё да лямпачкі. Двайняты — гэта Беларусь і Украіна: быццам бы сябруюць, але кожная сама сябе наўме.

— А я тады хто?

— А ты, тата, — гэта Швейцарыя.

— Чаму Швейцарыя?

— Ну, па-першае, ты кантралюеш нашы фінансы. Па-другое, ва ўсіх канфліктах ты захоўваеш нейтралітэт. А па-трэцяе, у цябе шмат гадзіннікаў.

Потым сталі разам думаць, якую краіну прадстаўляе Ксенія. Вырашылі, што Ксенія гэта... Паўночная Карэя: любіць гучна заяўляць аб сабе і ўвесь час патрабуе, каб яе кармілі.

Пасля гэтай незвычайнай размовы мне быццам бы стала многае зразумела, прычым не толькі ў жыцці нашай краіны, але і ў вялікай палітыцы наогул. Калі, напрыклад, Марта сварыцца з мамай — значыць, зноў Расія з Амерыкай нешта не падзялілі.

А калі па тэлевізары Паўночная Карэя пагражае ўсяму свету, значыць, гэта проста Ксенія спрабуе звярнуць на сябе ўвагу.

Р.S. І толькі пра Швейцарыю амаль нічога не чуваць — на тое яна і Швейцарыя.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».