Вы тут

75 заявак паступіла на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі


На традыцыйны конкурс Нацыянальнай літаратурнай прэміі па выніках 2018 года прыйшло 75 заявак. Прычым, як адзначаюць арганізатары, сёлета ініцыятыву праявілі не толькі рэгіянальныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў, дзяржаўныя і недзяржаўныя выдавецтвы, але і ад саміх аўтараў, а таксама ад іншых арганізацый, сярод якіх музей Якуба Коласа, Пастаўскі райвыканкам, Мінская абласная бібліятэка, Докшыцкі цэнтр дзяцей і моладзі.


75 заявак — гэта рэкордная лічба за апошнія пяць гадоў. Для параўнання: летась журы разглядала 53 кнігі, у  2017 годзе — 41, у 2016-м — 30, у 2015-м — 45. Зрэшты, як адзначыла старшыня экспертнай камісіі, начальнік аддзела выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена ПАЎЛАВА, канчатковая колькасць твораў, прадстаўленых на суд журы, будзе меншай: некалькі кніг выйшлі ў Расіі, а таму, паводле палажэння конкурсу, не могуць спаборнічаць за Нацыянальную літаратурную прэмію ў Беларусі.

Самая масавая з сямі конкурсных намінацый сёлета — "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва", у якой прадстаўлены 18 удзельнікаў. 15 кніг прэтэндуюць на перамогу ў намінацыі "Лепшы твор прозы", 13 выданняў спаборнічаюць у намінацыі "Лепшы твор паэзіі", а вось на званне "Лепшы твор драматургіі" прадстаўлены ўсяго 2 заяўкі.

Даведацца больш пра кандыдатаў можна на афіцыйным сайце прэміі, дзе ўжо да канца месяца будуць змешчаны звесткі пра ўсіх прэтэндэнтаў. Імёны пераможцаў, паводле рэгламенту конкурсу, будуць абвешчаныя 6 жніўня, а вось цырымонія ўзнагароджання па традыцыі пройдзе ў час святкавання Дня пісьменства, які  сёлета прымае Слонім.

Дарэчы, прызавы фонд прэміі сёлета істотна павялічыцца: грашовы прыз у шасці намінацыях складзе 100 базавых велічынь, а пераможца ў намінацыі "Лепшы дэбют" атрымае 50 базавых велічынь. Зменіцца і статуэтка-сімвал прэміі: так, спачатку гэта быў кніжны фаліянт. летась — постаць бусла, а сёлета арганізатары вырашылі вярнуцца зноў да кнігі, і спецыялісты Акадэміі мастацтваў ўжо працуюць над дызайнам будучай узнагароды.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?