Вы тут

Быць бліжэй да людзей — знайсці з імі агульную мову


Каму патрэбныя спецыялісты па камунікацыі.

Распрацоўка ўласнага сайта і прысутнасць у сацыяльных сетках, укараненне і выкарыстанне новых тэхналогій для таго, каб падрабязна расказаць як мага большаму колу людзей пра сваю дзейнасць — гэта не модны кірунак, а жыццёвая неабходнасць і ўмова руху наперад. Важнасць сацыяльнай камунікацыі ў сучасным свеце, і ў прыватнасці ў сродках масавай інфармацыі, абмеркавалі ў Мінску журналісты, выкладчыкі БДУ і РR-спецыялісты розных арганізацый на круглым стале «Сродкі камунікацыі ў сучаснай медыйнай прасторы».


Кафедра сацыяльнай камунікацыі адкрылася на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ ў 1999 годзе, нагадала яе цяперашні загадчык Ірына Калачова. Але на той момант нават выкладчыкі не маглі ўявіць, наколькі запатрабаванымі будуць іх выпускнікі. Спачатку спецыялістаў рыхтавалі выключна для рэкламных і маркетынгавых агенцтваў, потым — для камерцыйных структур, асабліва замежных, якія прыйшлі ў Беларусь і мелі патрэбу ў прасоўванні сваіх тавараў і паслуг на нашым рынку, і, нарэшце, вострую неабходнасць у іх адчуў некамерцыйны сектар і дзяржаўныя арганізацыі — установы культуры, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання і г. д.

«Насамрэч, яшчэ задоўга да ўзнікнення кафедры і самога факультэта ў нас у Беларусі праводзілася маштабнае і вельмі цікавае сацыялагічнае даследаванне, — расказвае дацэнт кафедры сацыяльнай камунікацыі Надзея Яфімава. — Найбуйнейшае ў СССР даследаванне атрымала ў народзе назву «Таганрогскі праект» і вывучала на прыкладзе гэтага горада ўсе інфармацыйныя патокі, якія існуюць у буйным прамысловым цэнтры, рух інфармацыі як ад газет і кіруючых устаноў да аўдыторыі, так і ад аўдыторыі ўверх. Даследаванне доўжылася амаль сем гадоў, і дзякуючы яму быў атрыманы ўнікальны досвед вывучэння масавай камунікацыі. У розных савецкіх рэспубліках былі створаны першыя цэнтры па вывучэнні СМІ і грамадскай думкі — у Маскве і Ленінградзе, у Тарту і Таліне... А ў 1979 годзе па загадзе ЦК партыі ўжо на гэтым вопыце вялікая група сацыёлагаў даследавала эфектыўнасць сістэмы беларускіх СМІ — тэлебачання, радыё, газет рэспубліканскага ўзроўню, іхнюю аўдыторыю і ўплыў на яе».

Гэты вопыт запатрабаваны і сёння, калі асноўныя інфармацыйныя патокі — і СМІ, і маркетынг, і асабістыя звесткі — ідуць праз інтэрнэт. Вынайдзеныя савецкімі даследчыкамі метады не менш эфектыўна працуюць у сучаснай інфармацыйнай прасторы: у сацыяльных сетках гэтаксама праходзяць апытанні, вылучаюцца лідары меркаванняў, наладжваецца зваротная сувязь з прадпрыемствамі і арганізацыямі.

Як гэта працуе на практыцы, расказала падпалкоўнік МНС, кіраўнік сектара суправаджэння інфармацыйнымі рэсурсамі Цэнтра даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю МНС Беларусі Анастасія Клебан:

— Без сучасных каналаў камунікацыі, па вялікім рахунку, мы не маглі б дасягнуць сваёй галоўнай мэты — павысіць культуру бяспекі грамадства. Таму, мабыць, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях стала першым з дзяржаўных ведамстваў, якое рушыла ў інтэрнэт, прадставіла свой сайт і пачало актыўна наладжваць сувязь з аўдыторыяй. На сёння мы прадстаўленыя практычна ва ўсіх сацыяльных сетках, ад «УКантакце» і «Аднакласнікаў» да «Твітэра», «Інстаграма» і такой пакуль экзатычнай для нашай краіны платформы, як ЯндэксДзен. Зразумела, усе гэтыя каналы патрабуюць працы розных спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць і з кантэнтам, і з пэўнай аўдыторыяй — ад падлеткаў і моладзі ва «УКантакце» да больш сталых людзей, якія пераважна камунікуюць праз «Аднакласнікі». І ўжо дастаткова часта ёсць выпадкі, калі да нас пра сацсеткі звяртаюцца людзі: як паступіць у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, куды звярнуцца і г. д. Мы разумеем, што без сучасных тэхналогій ужо складана ўявіць жыццё, таму летась запусцілі сваю мабільную праграму «МНС Беларусі: дапамога побач» (з яе дапамогай можна хутка датэлефанавацца да ратавальнікаў у экстранных выпадках, паглядзець інтэрактыўную карту неспрыяльных з'яў, атрымаць аўдыяпадказкі па аказанні першай дапамогі; а падлеткі, напрыклад, праходзяць тэсты па бяспечных паводзінах у розных абставінах — калі чалавек заблудзіў у лесе, разбіў градуснік, трапіў у ДТЗ. — Аўт.), і на сёння ў яе ўжо больш за 140 тысяч усталяванняў.

Такім чынам, сацыяльная камунікацыя — вельмі шырокі кірунак, запатрабаваны далёка не толькі ў рэкламе і маркетынгу, які развіваецца, мабыць, не менш імкліва, чым ІТ-тэхналогіі. Не дзіва, што конкурс на «інфакомаўскія» спецыяльнасці, прынамсі ў БДУ, традыцыйна высокі, а запатрабаванасць спецыялістаў на рынку практычна 100 %. Але гэта не значыць, што ўсім трэба пакласці дыпломы на стол і тэрмінова ісці перавучвацца, — проста неабходна разумець, што ўзаемадзеянне з аўдыторыяй праз усе магчымыя сродкі сувязі, фарміраванне станоўчага іміджу любога прадпрыемства, кампаніі, дзяржаўнай арганізацыі ад райвыканкама да міністэрства сёння становяцца ўсё больш важнымі. «З улікам крызісу перавытворчасці галоўнае не вырабіць прадукт, матэрыяльны або інтэлектуальны, а данесці яго да спажыўца, — мяркуе дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. — І тут я не проціпастаўляў бы камерцыйныя арганізацыі і дзяржаўныя — і тыя, і другія маюць патрэбу ў спецыялістах па камунікацыі, маркетолагах, каб не бегчы за паравозам, а ісці ў нагу з часам і павышаць прафесійныя кампетэнцыі сваіх супрацоўнікаў на ўсіх узроўнях».

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».