Вы тут

Уладзімір Мажылоўскі. Канец «чорнай удавы»


Прачытаўшы дасланае на звяздоўскі конкурс апавяданне Уладзіміра Мажылоўскага, хтосьці, магчыма, успомніць, што даўно не глядзеў фільм Боба Рэйфелсана «Чорная ўдава», зняты ў 1987 годзе, і ў думках падзякуе аўтару за міжвольны напамін. Зрэшты, нехта іншы пры гэтым можа згадаць «Чорную ўдаву» Армана Мастраяні, знятую ў 2008 годзе, а нехта, не менш дасведчаны, назаве яшчэ як мінімум два фільмы з аналагічнай назвай. Камусьці, пэўна ж, сустракаўся і раман «Чорная ўдава», і аднайменная серыя раманаў...

Але не будзем спяшацца папракаць аўтара за эксплуатацыю кіношнага і літаратурнага вобраза. Можна не сумнявацца, што каварная «чорная ўдава» яшчэ шмат разоў будзе ўсплываць на здымачных пляцоўках і кніжных старонках і прыносіць вядомасць сваім стваральнікам

Алесь Бадак


Невялікая юркая маршрутка весела імчала па залітых сонечным святлом вуліцах абласнога цэнтра. Летні дзень толькі пачынаўся, таму людзі ў аўтобусе пастаянна мяняліся: адны з іх спяшаліся на працу, другія — на заняткі, трэціх цягнула на прыроду за горад, і ніхто з іх не звяртаў увагі на маладую дзяўчыну, якая сядзела ля акна і, прыціснуўшы да грудзей модную сумачку, аб нечым засяроджана думала. Дзяўчыну звалі Людміла, і ехала яна ў госці да сваёй былой аднакурсніцы Юлі, якая жыла ў новым мікрараёне на ўскрайку горада.

Наогул, ехаць у госці да родных, да сяброў — гэта заўсёды прыемна. Там цябе заўсёды чакаюць. Там табе шчыра рады. Там можна пагаварыць на любую тэму, параіцца, абмеркаваць шляхі вырашэння самых розных праблем. Аднак Юля і Людміла ніколі не сябравалі. Так, некалі вучыліся ў адной групе, зрэдку наведвалі адзін і той жа клуб або рэстаран, ды і то тыя наведванні залежалі ад іх хлопцаў, сяброў Арцёма і Руслана, якія былі студэнтамі ўніверсітэта лёгкай прамысловасці.

Рознымі людзьмі былі аднакурсніцы. Рознымі па характарах, па інтарэсах, па патрэбах. Спакойная і разважлівая Людміла больш імкнулася да цішы і адзіноты. Яе не вабілі шумныя кампаніі з гучнай музыкай і алкаголем, іх яна пазбягала сама і не вітала прысутнасці на іх свайго хлопца Арцёма.

Юлія разважала зусім па-іншаму. «Вучоба не воўк, у лес не збяжыць. А вось сваю маладосць трэба выкарыстаць так, каб потым не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады». І яна строга прытрымлівалася гэтага правіла. У групе Юля была завадатарам усіх вечарын, а на пятым курсе дык і наогул пабралася шлюбам, прычым не з Русланам, а з пяцідзесяцігадовым мужчынам, які, акрамя кватэры ў цэнтры горада, меў два магазінчыкі па продажы аўтазапчастак.

Па заканчэнні ўніверсітэта Людміла паехала працаваць па размеркаванні ў раённы цэнтр за 60 кіламетраў ад абласнога. Туды, інжынерам на малочны завод, накіравалі працаваць і Арцёма. Там праз год яны і пажаніліся.

Пра Юлію Людміла амаль не ўспамінала. Зрэдку Арцём паведамляў навіны пра яе. Менавіта ад яго Людміла пачула, што Юлін муж-камерсант згарэў на дачы, а яна прадала яго кватэру і бізнес і пераехала жыць у новы мікрараён. Ад мужа Людміла даведалася, што па згубе мужа Юля доўга не гаравала і, не дачакаўшыся заканчэння жалобы, зноў выйшла замуж, на гэты раз за нейкага спартсмена. «Адкуль ты столькі ведаеш пра Юлю?» — неяк пацікавілася яна ў Арцёма. «Руслан расказвае, — чамусьці пачырванеў той. — Ён жыве з ёй на адной вуліцы». Больш да гэтай тэмы яны не вярталіся, а нядаўна ад сваёй знаёмай Людміла пачула, што Юля зноў стала ўдавой — яе другі муж мыў кухоннае акно, паслізнуўся на падаконніку і зваліўся з пятага паверха...

Таму і здзівілася сёння Людміла, калі пачула па тэлефоне голас колішняй сваёй аднагрупніцы з запрашэннем выпіць па кубачку кавы і папляткарыць. «Адкуль яна даведалася, што я ў горадзе? Хто ёй паведаміў аб тым, што я еду ў водпуск да сваёй маці і што ў мяне зараз ёсць тры свабодныя гадзіны?» Званок Юліі здзівіў, а свае пытанні выклікалі ўнутраны неспакой, насцярожылі. Дзяўчына паспрабавала глыбей зазірнуць у саму сябе, бо яе думкі краналі іншых людзей — маці, мужа, аднакурснікаў, але ўбачанае яе не парадавала, не заспакоіла. Наадварот, ускаламучаная памяць выштурхнула на паверхню ўспаміны, якія яна наўмысна хавала ад усіх, спрабавала пазбегнуць іх тлумачэння, бо не хацела разумець іх глыбінную сутнасць, баялася за сябе, за сваю сям'ю. Баялася за мужа, бо за кожным пытаннем нябачна стаяў яго вобраз. Яна нават раптам побач з сабой адчула яго пах, убачыла яго вочы, поўныя пяшчоты і надзеі, пачула яго шэпт: «Любая, зрабі мяне бацькам!» Аднак яна не магла выканаць яго просьбу: першы год уладкоўвалі свой быт, потым неяк не атрымлівалася.

— Наступны прыпынак — вуліца Будаўнікоў, — паведаміў шафёр маршруткі, і Людміла расплюшчыла вочы, адначасна адкінула прэч усе свае думкі і пытанні, паднялася з сядзення.

Юля жыла на пятым паверсе новага дзевяціпавярховага дома, і не паспела Людміла націснуць на кнопку электразванка, як дзверы ў кватэру расчыніліся і ў іх праёме ўзнікла стройная, з моднай прычоскай гаспадыня. Убачыўшы незнаёмую жанчыну, яна на імгненне сумелася. І хаця гэта замінка працягвалася ўсяго адно імгненне, Людміла зразумела — пазналі яе не адразу. Аднак у наступнае імгненне Юля ўжо абдымала госцю, бы самага дарагога для сябе чалавека, распытвала пра сям'ю, пра мужа, пра працу. Пытанняў было так шмат, што Людміла спачатку разгубілася і адказвала не заўсёды ў лад, але хутка справілася з разгубленасцю і пацікавілася:

— А як ты жывеш? Дзе працуеш?

Юлія сумелася, яе прыгожы тварык спахмурнеў, вочы раптоўна патухлі.

— Не шанцуе мне ў гэтым жыцці, — паскардзілася яна надтрэснутым голасам. — Двух мужоў згубіла за чатыры гады. Некаторыя суседкі за спінай ужо называюць мяне «чорнай удавой».

— Спачуваю, — уздыхнула Людміла і, не ведаючы, што яшчэ сказаць, замоўкла.

Аднак Юлія доўга сумаваць не ўмела. Праз некалькі секундаў вочы яе зноў ззялі вясёлым бляскам, а на шчоках з'явіліся прывабныя ямачкі.

— Але я на сваіх мужоў не крыўдую. Ад першага мне засталася пэўная сума грошай, ад другога... — яна на імгненне задумалася, потым хмыкнула і з незразумелым выклікам паведаміла: — Сын.

— У цябе ёсць дзеці?

— А што тут дзіўнага? Я жанчына, і ў мяне павінны быць дзеці. Спадзяюся, што з цягам часу зноў выйду замуж.

— Так, дзеці — гэта наша жаночае шчасце.

— І не толькі жаночае, — Юлія рэзка паднялася з крэсла. — Ты пасядзі пакуль тут адна, пагартай часопісы, а я прыгатую каву. Не сумуй, праз хвіліну я вярнуся.

Гаспадыня пайшла на кухню, а госця адкінулася на мяккую спінку крэсла. Усё ж такі якая гасцінная Юлька! Пэўна, шматлікія праблемы і смерці мужоў навучылі яе цаніць жыццё — вунь як яна марыць аб новай сям'і і аб дзецях. Людміла зірнула на столік, на якім ляжала з дзясятак глянцавых часопісаў, але жыццё сталічнай багемы яе не цікавіла. І раптам яна заўважыла на камодзе фотаальбом. «Зірну, як выглядалі яе мужы», — вырашыла яна, паднялася з крэсла і накіравалася да старадаўняй камоды. Яна ўзяла ў рукі альбом, адгарнула яго вокладку і ледзь не крыкнула ад нечаканасці. З першай старонкі на яе глядзеў Арцём, яе муж. Аднак не сапраўдны, а малалетні. Такую фатаграфію яна бачыла ў сваёй свякроўкі, толькі яна была чорна-белай і без надпісу. Гэта ж фота было каляровым і на ім зіхацеў пазалотай надпіс «Максіку два гады». Людміла машынальна пагартала старонкі альбома. На іх былі фатаграфіі незнаёмых ёй людзей, закансерваваныя імгненні чужога жыцця, але яна іх не разглядала. Адно, першае, а таму самае важнае, фота адразу ўшчэнт разбіла ўсе добрыя пачуцці да гаспадыні. Зноў сэрца пачало зацягвацца ў тугі, халодны гарсэт. Зноў у розуме ўсплылі пытанні, якія яна задавала сабе па дарозе да гэтай кватэры.

Людміла асцярожна паклала альбом на месца, вярнулася да крэсла, села ў яго, узяла ў рукі тоўсты часопіс.

Тук, тук, тук! Што гэта? Гадзіннік? Госця зірнула на чорны насценны гадзіннік, які вісеў на супрацьлеглай сцяне. Не, гадзіннік адлічваў імгненні жыцця раўнамерна і абыякава. Сэрца! Дзяўчыну гэта здзівіла, бо яна памятала за сабой шмат даволі смелых і рашучых учынкаў. Яна не лічыла сябе баязлівай і ў цяжкія хвіліны заўсёды дзейнічала абдумана і асцярожна. У такія імгненні яна нагадвала маладую ваўчыцу, якая бароніць свой вывадак. Што мяне тут чакае? Што задумала Юлія? Няўжо яна дзейнічае з дазволу яе Арцёма? А калі гэта так, то за што ёй такая кара? За што яна мяне так ненавідзіць? Не, трэба хутчэй бегчы адсюль, ратавацца ад гэтай невядомасці, якая не абяцае нічога добрага. Але ж потым страціш розум ад штодзённага пачуцця небяспекі, бо не можа жыццё быць вечна ахутаным нянавісцю і чорнай няўдзячнасцю. Што рабіць? Дзе хаваецца пагроза? Ды і ці ёсць яна наогул? Бо цалкам магчыма, што мае заключэнні ёсць фальшывыя перабольшанні, фантазіі хворага розуму!

Дадумаць Людміла не паспела — у пакой зайшла Юля, якая несла на невялікім падносе кафейнік, два невялікія кубкі і талерку з пірожнымі. Паставіўшы паднос на столік, гаспадыня прыветліва ўсміхнулася:

— Ты п'еш каву з малаком?

— Без малака.

— Цудоўна, — Юля разліла духмяны напой па кубках, адзін з якіх падала госці: — Прабач, што затрымалася. Хацела...

Што хацела Юля, яна паведаміць не паспела, бо на кухні зазваніў тэлефон, і гаспадыня, скрывіўшы незадаволеную грымасу, подбегам накіравалася да яго. Яе размова з нябачным суразмоўнікам працягвалася ўсяго некалькі секундаў, аднак гэтых секундаў хапіла на тое, каб Людміла перамяніла месцамі кубкі з кавай.

Калі Юля вярнулася, Людміла ўжо зрабіла глыток кавы са свайго кубка.

— Вельмі смачная кава, — пахваліла яна гаспадыню.

— Частуйся, — няшчыра ўсміхнулася Юля і, не сядаючы ў крэсла, падала госці талерку з пірожнымі.

Выпіўшы кубак кавы, Людміла замоўкла. Яна з трывогай прыслухоўвалася да сябе, да свайго арганізма. Юля, з нейкім вар'яцкім бляскам у вачах і закасцянелым напружаннем на твары, сачыла за госцяй.

— А ты здагадваешся, чаму я запрасіла цябе да сябе ў госці? — першай не вытрымала маўчання гаспадыня.

— Здагадваюся. Ты хочаш пагутарыць са мной аб маім мужы.

— А што пра яго гутарыць? — Юлія нервова засмяялася, прайшлася па пакоі, села ў крэсла насупраць суразмоўніцы, узяла свой кубак, зрабіла прагны глыток. — Ануча твой Арцём, але ануча мяккая, далікатная, ласкавая. Ужо амаль тры гады, як ён вагаецца, не рашаецца паведаміць табе пра нашы з ім адносіны, пра свайго сына.

— Я ўсё даўно ведаю.

— Адкуль? — нервова рагатнула гаспадыня. Яна двума глыткамі дапіла сваю каву, паставіла на столік пусты кубак, зноў падхапілася з крэсла. — Няўжо ён табе ўсё расказаў?

— А ці словы галоўнае? Я адчуваю яго ваганні сваім сэрцам, душой; я бачу змены ў яго ўчынках, звычках — і мне гэтага дастаткова, каб зрабіць пэўныя вывады.

— Значыць, ён табе ўсё ж такі нічога не расказваў?

— А гэта так важна?

— Вельмі важна, — Юлія падышла да свайго крэсла, спынілася ля яго і, гледзячы проста ў зрэнкі Людмілы, падбіраючы кожнае слова, пачала гаварыць:

— Мне надакучыла Арцёмава нерашучасць, і я вырашыла радыкальна на сваю карысць змяніць сітуацыю ў нашых адносінах... Разам з кавай ты выпіла атруту.

Людміла маўчала. Яна не адводзіла позірку ад Юліі. Пачуўшы апошнія яе словы і асэнсаваўшы іх, яна ўнутрана парадавалася. «Значыць, мае страхі недарэмныя і розум мой не хворы. А Юлька ў намеры разбурыць маё сямейнае гняздо памылілася і зараз нагадвае змяю, якая ўкусіла сама сябе і пакуль яшчэ не здагадваецца аб гэтым».

— Ты чуеш мяне? — пранізлівы Юлін голас гучаў бы крык галоднай чайкі. — Не памірай, я яшчэ не ўсё табе сказала.

— Гавары, — Людміла адарвалася ад сваіх думак.

— Атруту, якую ты выпіла, мне прывёз з Індыі мой другі муж. На ім я яе і выпрабавала і скажу чэсна — яна дзейнічае бездакорна. Праз гадзіну ў арганізме ахвяры не застаецца аніякіх слядоў, і любы, нават самы спрактыкаваны доктар паставіць дыягназ — інфаркт.

— Навошта ж ты тады выкінула труп свайго мужа ў акно?

— Ён сам вываліўся, — твар Юліі раптоўна пачырванеў, яна машынальна расшпіліла верхнія гузікі сваёй элегантнай кофты. — Стаў задыхацца і палез да акна, каб...

— Юля, сваю атруту ты выпіла сама. — Людміла падхапілася з крэсла. — У цябе ёсць антыдот? Трымайся, я зараз патэлефаную ў «хуткую».

Аднак гаспадыня яе ўжо не чула. Нейкі час, абхапіўшы спінку крэсла, яна яшчэ трымалася на нагах, потым плаўна і мякка апусцілася на падлогу...

Хуткая дапамога прыбыла праз пятнаццаць хвілін. Немаладая доктарка ўважліва агледзела Юлію, некалькі разоў, бы не верачы ўбачанаму, паднесла да яе вуснаў люстэрка, асцярожна панюхала кубкі, пірожнае і толькі потым распарадзілася, каб нябожчыцу забіралі і неслі ў машыну.

— Што з ёй, доктар? — запыталася Людміла.

— Інфаркт, любая. Вялікі інфаркт, і мы тут ужо бяссільныя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.