Вы тут

«Любіць Пеця шашлычкі, паляндвіцу, кумпячкі...»


Што было — было. Унукі (ды з саменькай Масквы!) на гістарычную радзіму сабраліся, у Беларусь. Далекавата ім — рэдка прыязджаюць, таму напярэдадні дзед з бабуляй, як той казаў, сем начэй не спалі: на падворку парадак навялі, хату вымылі, а ўжо ж нагатавалі...


Ад пуза накармілі гасцей, напаілі, распыталі, расказалі... «Ой, каханенькія-родненькія, — спахапілася ўрэшце бабуля, — а я ж вам сваіх трусоў не паказала! Я ж накупіла... Ды такіх прыгожых — і чорных, і белых... Хадзем пакажу!» — «Ну что вы, бабушка, — пачырванеў старэйшы з унукаў, — не надо». «Чаму, дзіцятка? — здзівілася гаспадыня. — Яны ж шаўковыя, можна сказаць!.. Іх пагладзіць можна!» — «Мы не хотим», — надзьмуўся хлопчык. — «Ну і не трэба, — уздыхнула бабуля і дадала: — Дзед ваш, дарэчы, таксама не хацеў — спачатку... А цяпер дык за вушы не адцягнеш: глядзеў бы і глядзеў, гладзіў бы і гладзіў!.. Можа, і з вамі так будзе?»

Сказала бабуля і нібы ў ваду паглядзела: госцікі на падворак як выйшлі, трусоў там як убачылі, — нават на смартфоны свае забыліся! Ды яно і зразумела, бо «кролики», як казаў нехта з гумарыстаў, гэта не толькі...

Так: у іх каштоўнае футра. І мяса... Затое ў свіней...

Загінайце пальцы: скура — для абутку, шчацінне — для пэндзляў і нават сама назва — для... абраз. Ну вось наўскідку: дужы як свіння ў лужы, раўня як свіння да каня, удалося як свінні ў гаросе...

Можна яшчэ разбірацца — як свіння ў апельсінах, разгуляцца — як яна ж на лёдзе, распараджацца — як на вяселлі, спаць (крый божа) у пасцелі, дзе сем штук апарасілася...

Карацей — мала мы ведаем пра іх! Таму чарговы конкурсны здымак вельмі дарэчы.

«Я, можа, крыху перабольшваю, — піша з нагоды спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — але дзеці, што растуць у бетонных джунглях, — бедныя. Пра коцікаў ды сабак яны нешта ведаюць, а вось тых жа свіней, трусоў, нават курэй жыўцом ніколі і не бачылі!»

Адкуль, трэба разумець, радкі:

Бабця ўнукаў прычакала

І, частуючы, казала:

— Еш, Алёнка, еш, Антон,

Са свайго двара бекон...

Даць ёй веры? Ці не даць?

З'еў унук —

пайшоў «шукаць»...

І свіней там, здаецца, знайшоў. А вось бекон...

«Сёння ў школьных сталовых на падлозе можна ўбачыць і булачку, і надгрызены яблык, —
працягвае спадар Валерый. — А ўсё таму, што многія з дзяцей не ведаюць, адкуль што бярэцца, не хочуць працаваць».

«Ілюструе» гэту выснову спадар Мікалай Старых з Гомеля. Ён піша: «Зупан, персанаж аперэты Імрэ Кальмана «Марыца», спяваў: «Поедем в Вараздин, где всех свиней я господин...» Па-нашаму, значыць, пан... А калі так, то, пэўна ж, меў ён парабкаў, якія даглядалі жывёлу, бо інакш — ці рваўся б у вёску?.. Як і асобныя з нашых сучаснікаў. У іх выкананні згаданы дуэт Марыцы і Зупана мог бы гучаць вось так:

— Паедзем у калгас —

Чакае «свінства» нас!

— Ды з ім — мільён турбот:

Не раз пральецца пот...

— Затое на абед

Насмажым мы катлет,

Прысядзем на мурог,

Забудземся пра смог...

У мурагу ды з каханым (ці каханай) можна і зусім розум страціць — не тое што забыцца. А можна, паехаўшы да свінства, яшчэ і пазбыцца. Чаго? Спадарыня Ніна Бурко з Бярэзіншчыны піша:

Каб было ўсё «хакей» —

Без бяды-напасці,

Трэба гадаваць свіней

Яшчэ і чорнай масці.

Тады з мясам-каўбасой

Вырашыш праблему,

А шчацінкай да ўсяго

Вылечыш экзэму.

Як лячыць яе травамі, абляпіхай, вінаградам, соллю, нават расолам, інфармацыя ёсць, як шчацінкай — інтэрнэт не піша. Але ж што ён ведае? А вось людзі...

Досыць рэдкая масць жывёлы кінулася ў вочы і спадару Віктару Сабалеўскаму з Узды:

Усё ў каледжы Ясь вучыў,

Ды нікога не лячыў.

Першы выклік. Ён баіцца

Да свіней і падступіцца,

Але ж...

— Эўрыка! — крычыць. —

Іх перш-наперш

трэба... мыць!

Маладосць — усё дурносць (беларускі адпаведнік да рускага молодо-зелено), а вось людзі старэйшыя ведаюць: які чорт да лазні, такі і пасля. І той самай чорнай вароне паможа мыла, як памерламу кадзіла... А што датычыцца вепрукоў са здымка, то ў спадара Валерыя Гаўрыша да іх прэтэнзій няма — нават наадварот. Ён піша:

Паважаю я свіней,

Што ў маёй суседкі:

Бо не ў кожнага з людзей

Чыстыя шкарпэткі.

У гэтых падсвінкаў яны (можна яшчэ раз глянуць на верхні здымак) і сапраўды модныя — бялюткія! Ад мыцця? На думку спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчыны, ад добрага ўтрымання:

...Што б каму ні падалося,

У настроі свінка Хрося.

Лыч угору — каралеўна!

За дагляд удзячна пэўна ж...

І ад ласкі проста млее!

Косцік — просьбу разумее:

Хоць і вабіць пятачок,

Ёй пачухае бачок.

Бо гаспадар, бо...

«Лірычнае» адступленне: у многіх шматкватэрных дамах жыхары любяць выстаўляць на лесвічную пляцоўку свае вазоны. А вось паліваць, як правіла, не любяць: ім нагадваць трэба, што мы ў адказе за тое, што пасадзілі... І за тых, каго завялі: малады чалавек са здымка (паводле спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка) якраз з адказных:

Свінням рэдкае пароды

Ў нас прастора і выгоды:

Загародку ў двары

Ладзім мы, гаспадары,

Каб з падворка не ўцяклі,

Каб здаровымі былі:

Каб не чуць

і век не бачыць,

Што такое грып свінячы!

А вось... цырк — мы, здаецца, усе паглядзелі б! Ну хоць бы і на здымку:

Тут, вядома ж, не экстрым...

Так, маленькая арэна:

Куклачову, Запашным,

Падрастае,

мусіць, змена? —

мяркуе спадарыня Алісевіч. Што ж, можа, і сапраўды?

У загончыку Ігнат

Дрэсіруе парасят:

Пятачкі пазадзіраюць,

Па камандзе падбягаюць...

На арэну павязе?

Ці...

Быць салу-каўбасе?

Гэта вось балючае пытанне — ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў. Свайго роду адказ — ад спадара Віктара Сабалеўскага: ён, падобна, праверыў на сабе, а потым напісаў:

Сала ўзяў у магазіне...

Як гумовыя там свінні:

Нават вострымі зубамі

Не адгрызці...

Ешце самі!

Я вось выкупіў «звяр'ё»

І гадую ўжо сваё,

Хоць в'етнамскае пароды,

Ды ўкусіць змагу заўсёды.

Галоўнае тут — не захапляцца...

(У цягніку, расказвалі, адна вельмі пышная маладзічка, што называецца, цыцу дала маленькаму сынку. Трохі большы і чужы аж вочы вылупіў, спытаў: «Мама, што яна робіць?» — «Дзіцятка корміць...» — «...Без хлеба?!»)

Во які жах у малога быў! А ў аднаго вялікага — радасць: ён пачуў, што ад сала з'яўляецца склероз, і цэлае адкрыццё зрабіў: «Дык вось чаму я раніцай з'ем кавалак і аж да вечара не ўспамінаю, што есці хачу!»

Не ўдакладніў, праўда, якое ён спажывае...

А розніца, між іншым, ёсць, і яе на конкурсным здымку ўбачыла спадарыня Буткоўская з Гродна:

Бабка ўнуку абяцала:

— На пяць пальцаў

будзе сала!

Унук:

— А чым тут ганарыцца,

Калі тры — ужо на курыцы?

Згадзіцеся, змыслы ўнук: праўду сказаў (ну, ці амаль...), але ж будзем спадзявацца, што не ўголас, што не пакрыўдзіў ён працаўнічку-бабулю. Як і
дзеда — «герой» спадара Сабалеўскага:

Любіць Пеця шашлычкі,

Паляндвіцу, кумпячкі:

Дзед заўжды яго частуе,

Бо свіней штогод гадуе...

Унук ім кажа:

«Ну й чаго вы

Не расціце, як каровы?

Вось тады б ужо хапала,

Мяса, костачак і сала!

А так...

Няма на што спадзявацца? Паводле спадара Мікалая Касмачэўскага, ёсць:

На дварэ — падсвінкі.

Двое,

Але ж спрытныя затое:

Стась чакае парасятак

(Ды не меней за дзясятак!)...

І шкадуе, што ў людзей

Вельмі ж доўга ўсё ідзе...

Вось і ў хлопца боль таксама:

Ён адзін у таты з мамай.

«Шчасце яшчэ, калі дзед з бабуляю ёсць, — піша спадар Іван Сіманёнак з Паставаў, — можна паехаць у госці, пацешыцца з гаспадаркі і, магчыма, нават не здагадацца, што парсючкі маюць звычку нешта выпрошваць, што да госця ў іх — чыста меркантыльная цікавасць:

У вясковым у двары —

Мытная застава.

Іншаземцы-вепрукі

Добра знаюць справу.

Як паедзеш каштаваць

З душамі аладкі,

То з кішэні даставай

Свінкам... шакаладкі.

А ўжо яны, тыя свінкі (на думку сямікласніцы сярэдняй школы № 3 г. Вілейкі Карыны Цанунінай), за іх потым аддзячаць, прычым — абавязкова:

Скажу вам праўду, не зманю:

З прывагай будзеш

і з прыплодам,

Калі в`етнамскую свінню

Карміць цукеркамі заўсёды.

Значыць, гэта паклёп, што не разбіраецца яна ў памідорах, апельсінах, кілбасных абрэзках, пацерах ды ўсім іншым...

Супраць ісціны, як даводзіць спадарыня Буткоўская, грашым мы і тады, калі кажам на некага, што «напіўся, як свіння». «У нашай сваячкі, — чытаем у лісце, — быў выпадак, калі яна ў вядро з ежай замест вады плюхнула самагонкі (муж са склепа ў слоіку прынёс)... Дык свінка перавярнула карыта з гэтай ежай. І парасят адагнала, каб нават блізка не падышлі».

Рушацца стэрэатыпы! Але ж на гэтым здымку шмат каму (і спадарыні Іне Алісевіч у прыватнасці)

Ясна ўсё без выкрутасаў:

Ген вясковы спіць да часу.

Дасць бог, марыць не шкодна, абудзіцца ён у многіх малады, і адарвуцца яны ад канап, тэлевізараў ды камп'ютараў, паглядзяць навокал і, закасаўшы рукавы...

Зрэшты, аб гэтым не зараз. Зараз (бо традыцыя!) аб тым, што на мінулым конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» ад 27 лютага) была прыгожая маладзіца з... гаршком на галаве. На думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра яе напісалі сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадары Віктар Сабалеўскі з Узды, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікалай Старых з Гомеля, спадарыні Іна Алісевіч з Уздзеншчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Ніна Кандрашонак з Петрыкава, Наталля Шкут са Светлагоршчыны і Карына Цануніна з Вілейкі...

З гэтым вось, апошнім меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе бясплатнай падпіскі на «Звязду» на трэці квартал гэтага года накіроўваецца ў Вілейку.

Хочаце, каб «родная газета на роднай мове» пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас? Тады афармляйце падпіску. Альбо ўважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, прыдумвайце подпіс (можна некалькі, але ў кожным не больш за восем радкоў) і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны...

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые творы гэтым разам не прайшлі строгага конкурснага адбору, затое наступным...

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».