Вы тут

Буслы — вернуцца


У Новасібірскай вобласці жывуць тыcячы нашых супляменнікаў. Падтрымліваць сувязі з гістарычнай Бацькаўшчынай ім дапамагае Новасібірскі цэнтр беларускай культуры.


Кажуць, новыя справы, пачатыя ў першай дэкадзе года, найбольш жыццяздольныя. То будзем спадзявацца, што паспрыяе больш цесным беларуска-сібірскім кантактам і візіт дэлегацыі Новасібірскай вобласці на чале з губернатарам Андрэем Траўнікавым у Беларусь на пачатку 2019-га. (Чытайце пра тое: “І сябры, і сваякі” — ГР, №3, 12.02.2019. — Рэд.) Міністр культуры вобласці Ігар Рашэтнікаў і прадстаўнікі ўстаноў культуры рэгіёну абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва з беларускімі калегамі. У складзе дэлегацыі была й Анастасія Дзяменцьева, кіраўніца Новасібірскага цэнтра беларускай культуры: 

Анастасія Дзяменцьева

— У Беларусь паехалі прадстаўнікі бізнесу, навукі й культуры. Усё праходзіла на вельмі высокім узроўні. У першы дзень мы наведалі Магілёў. А ў нашага Цэнтра даўнія сяброўскія сувязі з установамі культуры Магілёўшчыны. Яднаюць нас і сумесныя праекты — скажам, Міжнародны конкурс сацыяльнага кіно й рэкламы “Матывацыя — Еўразія”, за сумесную арганізацыю якога рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўрачыста ўручыў мне Падзячнае пісьмо. Уразіла ўсіх выступленне Сібірскага хора — ён купаўся ў авацыях беларускай публікі. Ключавой падзеяй візіту стала ІV пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва між урадамі Беларусі ды Новасібірскай вобласці. Дарэчы, і Новасібірскі ЦБК неаднаразова там узгадваўся — як важнае звяно ў ланцужку нашага культурнага супрацоўніцтва.

Важна, што ў часе візіту мы падпісалі новыя пагадненні, адно з іх — з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. І ўжо ёсць ад таго плён: выкладчык па вакале з Беларусі ўвайшоў у склад журы нашага штогадовага Міжрэгіянальнага конкурсу беларускай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!”. Цяпер, сведчаць перапісы, у Новасібірскай вобласці жыве каля 8 тысяч чалавек, якія маюць беларускія карані. Падаецца мне, іх значна больш, але вельмі хутка ідуць працэсы асіміляцыі. Ды ўсё ж многія тут зацікаўленыя падзеямі ў Беларусі, у тым ліку й спартыўнымі. Таму паміж Новасібірскім ЦБК і Фондам “Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года” падпісана пагадненне аб супрацы, дзякуючы якому “сібірскія беларусы” змогуць быць у курсе важных падзей на Бацькаўшчыне.

Так што мая рабочая паездка паспрыяла ўмацаванню раней заснаваных культурных сувязяў. А яны “сплецены” ўручную, вельмі акуратна і на доўгія гады.

 

А ці ведаеце вы, што асновы акуратнасці, цярплівасці, гаспадарлівасці раней у беларусаў “выкладаліся” ў сям’і... праз пляценне лапцяў? Яшчэ й на пачатку ХХ стагоддзя сяляне Расіі, Беларусі насілі такі абутак. Берасцянкі, вязавікі, мачалыжнікі, ліпавікі... Шмат назваў у лапцяў было, і вядомых прымавак пра іх нямала. Хоць “мода на лапці” даўно прайшла, ды цікавасць да спосабу іх вырабу не знікае. І шмат ахвочых было ў вобласці наведаць майстар-клас па пляценні лапцяў, зладжаны Новасібірскім ЦБК. Таямніцамі справы дзялілася Людміла Ізмайлава — дасведчаны педагог і майстар, уладальніца дыпломаў і ганаровых грамат. Дзякуючы Людміле Мікалаеўне тэорыя станавілася практыкай: ахвочыя спрабавалі сплесці свае вырабы, якія забралі на памяць.

“Лапцевы майстар-клас” праходзіў на пачатку сакавіка ў плыні ХІІІ Міжрэгіянальнага конкурсу беларускай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!”, які ладзіў наш Цэнтр. Як згадвалася, у склад журы ўвайшоў госць з Беларусі Аляксандр Валодчанка — старэйшы выкладчык кафедры беларускай народна-песеннай творчасці Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў. Напярэдадні конкурсу шаноўны госць правёў двухдзённы семінар-практыкум для кіраўнікоў творчых калектываў. Спачатку ў нашым Цэнтры Аляксандр Юр’евіч знаёміў удзельнікаў са сваёй прафесійнай дзейнасцю, расказваў аб працы са студэнтамі, дзяліўся метадычнымі матэрыяламі з калегамі. Потым у Новасібірскім каледжы культуры й мастацтваў была практычная частка: майстар-клас па рабоце з пеўчым калектывам. Госць, як дасведчаны выканаўца народных песень, дзяліўся са студэнтамі прафесійнымі сакрэтамі. Па заканчэнні семінара-практыкума ўсе яго ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты.

Спявае Аляксандра Сарокіна

Што да самога конкурсу, то ён прайшоў “на ўра”. Ужо 13 гадоў беларуская творчасць актыўна пашыраецца на Сібірскай зямлі, жыве дзякуючы людзям, якім культура, здавалася б, далёкай Беларусі духоўна блізкая. За час конкурсаў вырасла цэлае пакаленне: тыя ўдзельнікі, якія 13 год таму былі маленькімі, падраслі, рэпертуар іх змяніўся — але не стаў менш беларускім. Пошукі свайго стылю, стварэнне вобраза й пастаноўка нумара, шматлікія рэпетыцыі ўдзельнікаў у сукупнасці з працяглай падрыхтоўкай арганізатараў конкурсу — гэта як своеасаблівы маяк для палескіх буслоў, што нясуць доўгачаканую вясну ў Сібір. А вясна заўсёды ёсць пачатак чагосці новага. І наш конкурс — яркае таму пацвярджэнне. Калі раней ён меў дзіцячы й юнацкі характар, то цяпер у ім могуць паўдзельнічаць выканаўцы й калектывы старэйшыя за 18 год. Таму і ўдзельнікаў было — каля 400.

Рэгістрацыя, рэпетыцыя... Можна пачынаць! Удзельнікаў і гасцей конкурсу вітае кіраўніца ЦБК Анастасія Дзяменцьева: жадае канкурсантам трошкі творчай удачы. Свята наведаў і Андрэй Гасюк, кіраўнік-дарадца Аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў г. Новасібірску. Дыпламат выказаў падзяку ўсім, хто пашырае беларускую культуру ў Сібіры. І мы ўдзячны Бацькаўшчыне, як і самому Андрэю Валер’евічу, за ўвагу да нашай дзейнасці: ён рэгулярна бывае на імпрэзах ЦБК.

Танцавальныя гурты адкрывалі конкурсны прагляд і задалі “той самы” настрой, а “Мітусь” і “Мікітка” закружылі гледачоў у карагодзе беларускіх традыцый. А самыя маленькія ўдзельнікі стаялі з мікрафонамі ў руках за кулісамі, чакаючы выхаду. Паводле традыцыі ў нас спачатку меншых — наперад, а далей “у парадку ўзрастання”. У намінацыі “народны вакал”, гледачы слухалі “Зязюлю”, перанесліся ў восень з песняй “У месяцы верасні”, плылі па цячэнні з “Рэчанькай”. Прывітаннем з дзяцінства гучала “Калыханка”, быў палёт “Сокала” і пошукі “Ружы кветкі” — гэта ўжо выканаўцы эстрадных песень. А прыехалі на конкурс і прадстаўнікі Мінусінскай беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі (г. Мінусінск, Краснаярскі край) — яны былі спецыяльнымі гасцямі, якія сустрэлі гледачоў “Хлебам і соллю”. І сапраўдны каравай быў на сцэне на беларускім ручніку.

Шмат выступіла таленавітых танцораў і вакалістаў, “народнікаў” і “эстраднікаў”, салістаў і гуртоў. Журы няпроста было выбраць лепшых. Выказваем падзяку за працу прэзідэнцы вакальнай асацыяцыі Музычнага таварыства, выкладчыцы эстраднага спеву вышэйшай катэгорыі, заслужанай работніцы культуры Новасібірскай вобласці Вользе Пакусаевай, салістцы Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы й балета, лаўрэату міжнародных конкурсаў Паліне Лелюх, балетмайстару Дзяржаўнага ансамбля песні й танца “Чалдоны” Алене Букшынай і, канешне ж, Аляксандру Валодчанку. Дзякуем усім за ўважлівасць, аб’ектыўнасць і прафесійнасць.

Пераможцаў конкурсу ўшанавалі на ўрачыстай цырымоніі, прычым дыпломы, а лепшым выканаўцам і кубкі, уручаў госць з Беларусі. А гэта ж так адказна і ганарова: атрымаць узнагароду з рук таленавітага прадстаўніка той культуры, у плыні якой ты творыш, хоць ад яе адарваны. І тут не ў адлегласці альбо нацыянальнасці справа. Часам, бывае, карэнны беларус не так захоплены сваёй роднай культурай, як чалавек з замежжа, які, можа, ніколі не быў на Беларусі, аднак душою адчувае сваю роднасць з ёю.

Тэатр народнай песні “Вясёлка” выступае на конкурсе

Палескія буслы адляцяць з Сібіры, але абавязкова яшчэ не раз вернуцца і прынясуць на сваіх крылах ідэі-зерні, якія, ператварыўшыся ў цудоўныя дрэвы-праекты, укараняцца на Сібірскай зямлі. А ў тым, што яны прыляцяць, няма сумненняў: мы ж вельмі будзем іх чакаць!

Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.