Вы тут

З Друі шлях на Байканур


Ураджэнец прыгожага мястэчка з поўначы Беларусі Герман Арцем’еў патрапіў на знакаміты касмадром у Казахстане яшчэ раней, чым ягоны сын­-касманаўт, Герой Расіі Алег Арцем’еў


Віцебскі адрас расійскага касманаўта

Сэлфі Алега Арцем’ева ў космасе

Неба спрадвеку не для ўсіх адкрытае. Многім, як вядома, звычней глядзець сабе пад ногі, чым хоць зрэдку падняць галаву і зірнуць увысь. І не ўсім шанцуе сустрэць у жыцці таго, хто падкажа “высокую” дарогу, падтрымае на ёй. У расійскага лётчыка-касманаўта з беларускімі родавымі каранямі Алега Арцем’ева, героя Расійскай Федэрацыі, які здзейсніў два палёты на арбітальную Міжнародную касмічную станцыю і тры разы выходзіў у адкрыты космас, такі чалавек — ягоны бацька. Напярэдадні чарговага Дня касманаўтыкі я й паехала ў Віцебск пазнаёміцца з падпалкоўнікам у адстаўцы Германам Арцем’евым, які раней за сына калісьці патрапіў у Байканур (тады горад Ленінск), а таксама з яго жонкай.

У Віцебску, дзе Арцем’евы-старэйшыя апошнім часам жывуць, мяне сустрэў сам Герман Аляксеевіч. І адразу павёў да сябе дамоў. Там нас чакала гаспадыня, Вольга Мікалаеўна: прыгатавала каву, пірожныя й цукеркі. Размова за салодкім сталом атрымалася шчыраю. Знаёміліся, гутарылі ў прыемнай дамашняй атмасферы, па-свойску дзяліліся поглядамі на розныя рэчы, жыццёвыя сітуацыі. Хутка знаходзілі паразуменне. Мы з Германам Аляксеевічам нават прадэманстравалі Вользе Мікалаеўне, якая жартам называе сябе латышкай рускага паходжання, як добра можам размаўляць на беларускай мове. І яна, здаецца, яшчэ раз упэўнілася, наколькі яе муж — па глыбіннай сутнасці беларус.

Калі вярталася ў Мінск, перабірала ў галаве дэталі сустрэчы. Успаміналася, як Герман Аляксеевіч зачытваў радкі пра сваю родную Друю ў раённай газеце — беражэ той невялічкі артыкул побач з фотаздымкамі сына-касманаўта. Яшчэ мне субяседнік спрабаваў данесці, што ў космасе патрэбны людзі розных прафесій. Ды шчыра здзіўляўся: як гэта ў такую рамантычную далеч нехта можа не імкнуцца? Я ж сустракала яго прапановы ўявіць сябе ў касмічнай прасторы з жартамі ды адмахвалася ад іх.

Але наступнай раніцай адбылася метамарфоза: прачнуўшыся, падышла чамусьці да акна і ўпершыню за доўгі час паглядзела ў неба, спрабуючы ўявіць, дзе ён, той космас... Падумалася: “Можа й сапраўды Герман Аляксеевіч мае рацыю, і ў нас, звычайных і зямных, ёсць патаемныя сілы, каб вырвацца за межы штодзённага ўспрымання свету і дасягнуць космасу? Ну калі не ў рэальнасці, то хоць у думках... Можа гэта мы самі абмяжоўваем сябе ў марах?

Таленавітыя нашчадкі каваля Яўлампія

Герман Аляксеевіч з сынам-касманаўтам у дзень прысваення яму звання Героя Расіі на тэрыторыі Маскоўскага Крамля

Як яму, юнаку з маленькага пасёлка на Дзвіне, удалося дазнацца, з чаго пачынаецца шлях у космас, а потым скіраваць туды свайго сына? Пра тое спрабавала выпытаць у Германа Аляксеевіча. “Ні аб чым такім я спачатку й не думаў! — смяецца ён. — Але ўспамінаю: калі ў кастрычніку 1957-га па радыё аб’явілі пра запуск у касмічную прастору штучнага спадарожніка Зямлі, то мы, 13-гадовыя друйскія хлапчукі, лежачы на стозе духмянага сена, узіраліся ў неба ва ўсе вочы. Спрабавалі той спадарожнік разгледзець. І перажывалі, што не бачым. Не пакінуў нас абыякавымі й палёт Гагарына ў космас”.

Нарадзіўся Герман Арцем’еў напрыканцы вайны, у 1944 годзе, у мястэчку Друя Браслаўскага раёна (раней Мёрскага), што на Віцебшчыне. Яго дзеда, каваля Яўлампія, там усе добра ведалі. Маці, Дамініка Яўлампіеўна, працавала ў калгасе. Бацька, Аляксей Фірсавіч, быў шаўцом. Добры абутак шыў. І дасюль, пэўна, недзе на гарышчы хаты ў Друі захоўваюцца дзве яго зінгераўскія швейныя машынкі.

У 1951-м Герман пайшоў у школу. Ёсць і фотаздымак усяго класа, у якім ён вучыўся. На ім наш герой усмешлівы, трохі гарэзлівы хлопчык. Герман Аляксеевіч доўга можа расказваць пра дзяцінства ў Друі. Згадвае, як з сябрам Янкам Міцкевічам ездзілі на пароме за рэчку ў суседнюю вёску Піедрую: сёння тая ўжо за мяжой, на тэрыторыі Латвіі. Друя таксама — у прымежнай зоне, там усталяваны прапускны рэжым. Цяпер пабываць на другім беразе Дзвіны, якая падзяляе Друю й Піедрую, не так проста. А за савецкім часам жыхары вёсак наведваліся адзін да аднаго ў госці, разам адпачывалі на пляжы, што на выспе пасярод ракі. У Друі на той час ладзіўся шматлюдны кірмаш, дзе гандлявалі-адпачывалі як беларусы, так і латышы. Любіў туды хадзіць з бацькамі й Герман.

Ён памятае: пазней у Друі з’явіліся людзі, якія прапанавалі хлопцам, ужо моцным старшакласнікам, прайсці медкамісію, паступіць у Чарнігаўскае вышэйшае лётнае вучылішча. Хоць дакладна туды юнаку патрапіць не пашанцавала, ды ўсё ж ваенным ён стаў. У хуткім часе Герман Аляксеевіч паступіў у Васількоўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, непадалёку ад Кіева, якое паспяхова закончыў у 1965 годзе. Пасля службы ў авіячасці ў Крывым Розе, яго, як добрага спецыяліста, начальства накіравала ў Рыжскае вышэйшае ваеннае інжынернае вучылішча імя Якава Алкніса: прадаўжаць набываць новыя веды. Дарэчы, пад час вучобы ў Рызе курсант і сустрэў Вольгу Мікалаеўну, якая там жыла з дзяцінства. Яе бацька, таксама ваенны, пераехаў у Рыгу з Находкі, калі ёй быў толькі годзік. Хутка, у 1970-м, у маладых нарадзіўся сын Алег, якому наканавана было стаць касманаўтам. Пасля заканчэння вучобы беларус атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка лятальных апаратаў і быў накіраваны служыць у горад Ленінск (цяпер Байканур), куды й паехаў разам з жонкай і сынам.

Спачатку служыў у авіяцыі, потым працаваў на абслугоўванні “Бурана” — многія памятаюць той арбітальны карабель-ракетаплан савецкай шматразовай транспартнай касмічнай сістэмы. За добрую службу Герман Арцем’еў неаднаразова ўзнагароджваўся — таму сведчаннем і шматлікія медалі на грудзях, якія можна пабачыць на фотаздымку і ў гэтым артыкуле. Адзін з іх — “За баявыя заслугі”. Пасля службы ў Ленінску (з 1995 года — Байканур), сям’я пераехала жыць у Талін. Алег на той час паспеў закончыць 8 класаў сярэдняй школы № 211 у Ленінску, а малодшая за яго на сем гадоў сястра Таццяна — некалькі класаў пачатковай школы.

На маё пытанне, чым увесь той час для яго была Друя, Герман Аляксеевіч, як уласціва кожнаму ваеннаму, адказвае коратка й па сутнасці: “Друя — гэта аазіс. Нездарма ж побач з ёю — Браслаўскія азёры, Дзвіна”. Тым, хто ніколі не быў у пустыні з саланчакамі й такырамі, там, дзе расце хіба вярблюжая калючка, а іншая зеляніна хутка выгарае на сонцы, такое слова спачатку можа падацца не зусім трапным. Але для Арцем’евых, якія 15 гадоў жылі ў Ленінску Кзыл-Ардзінскай вобласці Казахстана, багатыя на расліннасць берагі Дзвіны ў роднай Друі мроіліся ў снах казахстанскай суровай зімой і засушлівым летам. На працягу года Арцем’евы шмат працавалі, каб раз на год паехаць адпачыць не куды-небудзь, а ў Друю. Герман Аляксеевіч расказвае: калі яго сын першы раз у пяць гадоў сышоў з трапа самалёта і ўбачыў зялёную траву — во было дзіва! Алег любіў гасцяваць у бабулі Дамінікі, дзядулі Аляксея. І тыя заўсёды былі рады ўнукам — Алегу з Таццянай. Дзецям у Друі — раздолле: купаліся, лавілі рыбу, хадзілі па ягады й грыбы з дарослымі.

Дзядуля касманаўта пайшоў з жыцця ў 1981-м, бабуля — у 1988-м, так што сваім багатым жыццёвым досведам з унукамі яны паспелі падзяліцца. Сям’я афіцэра Арцем’ева тады жыла ў Таліне.

Сям’я Арцем’евых у горадзе Байкануры

У космас хочацца яшчэ

У 1986-м Алег Арцем’еў па радзе бацькоў паступіў у Талінскі палітэхнікум. Закончыў на выдатна ў 1990-м, атрымаў дыплом па спецыяльнасці “Электраабсталяванне прамысловых прадпрыемстваў і ўстановак”. Яго бацька згадаў: вельмі добрая ў Алега ў тэхнікуме была выкладчыца па фізіцы, патрабавальная. Таму й фізіку сын вывучаў з вялікай ахвотай. А ў 1998-м ён закончыў Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М. Э. Баўмана па спецыяльнасці “Тэхніка й фізіка нізкіх тэмператур”. “Я па адукацыі інжынер-механік”, — гаварыў у адным з інтэрв’ю касманаўт Алег Арцем’еў. Дарэчы, як і яго бацька: ён таксама інжынер-механік, хоць і ваенны. Вось як цікава перадалося майстэрства ад дзеда-каваля Яўлампія! У размове з Германам Аляксеевічам спрабуем разабрацца: пэўна ж, гэта не выпадковасць. І ён урэшце гатовы прызнаць, што ўсё ж такі лёс існуе.

“Раней у космас бралі толькі лётчыкаў, якія паляталі на знішчальніках або на іншых самалётах. А сёння бяруць таксама інжынераў-механікаў, прадстаўнікоў любых іншых спецыяльнасцяў”, — задаволены такімі абставінамі бацька касманаўта. І знаёміць мяне з кнігай Сяргея Жукава “Стать космонавтом! Субъективная история с обратной связью”. Аўтар праходзіў навучанне ў касмічным атрадзе разам з Алегам Арцем’евым, але ў космас не патрапіў: змяніліся патрабаванні. Герман Аляксеевіч упэўнены, што на МКС патрэбны й журналісты, якія змогуць добра ўсё апісаць, што і як там адбываецца.

Алег Арцем’еў, па словах бацькі, задумаўся ўпершыню аб палёце ў космас пасля заканчэння ўніверсітэта, калі ўладкаваўся на працу ў ракетна-касмічную карпарацыю “Энергія” імя С. П. Каралёва. Герман Аляксеевіч падтрымаў яго жаданне паспрабаваць паступіць у атрад касманаўтаў. І ў 2003-м Алег туды быў залічаны. Бацька цікавіўся поспехамі сына на працягу ўсяго тэрміна агульнакасмічнай падрыхтоўкі ў ЦПК імя Ю. А. Гагарына. І ўяўляю сабе, як радаваўся, калі сын пасля паспяховай здачы экзаменаў атрымаў кваліфікацыю “касманаўт-выпрабавальнік”.

Герман Аляксеевіч і Вольга Мікалаеўна расказваюць, што ў 2014 годзе, калі сын ляцеў у космас упершыню, вельмі непакоіліся. Самыя “экстрэмальныя” моманты — гэта, як вядома, старт карабля і пасадка спускальнага апарата, які ў атмасферы моцна пераграваецца. Вольга Мікалаеўна і на касмадром не паехала, калі быў запуск. А Герман Аляксеевіч быў там разам з нявесткай і ўнукам Савеліем. Апошні, згадвае дзядуля, пабачыўшы, з якой хуткасцю ракета панесла ад яго бацьку, з жалем заплакаў. “А ў другі раз, у 2018-м, калі Алег ляцеў у космас, то я перажываў менш, бо пазнаёміўся з экіпажам карабля, астранаўтамі з NASA: амерыканцамі Эндру Фойстэлам і Рычардам Арнольдам. Вельмі добрыя хлопцы. У космасе, дзе людзі рызыкуюць жыццём, усё неістотнае поўнасцю адпадае. Там яны жывуць як адна сям’я. І пасля вяртання на Зямлю наведваюцца адзін да аднаго ў госці”, — расказвае Герман Аляксеевіч.

На яго думку, вельмі важна, каб члены касмічнай экспедыцыі супадалі па характарах. Нездарма ж іх правяраюць на псіхалагічную сумяшчальнасць: прыйдзецца доўгі час быць разам у закрытым асяроддзі МКС. І таго, хто не ўмее з іншымі ўжывацца, у космас не бяруць. Што да Алега Арцем’ева, то бацькі расказваюць: у іх сына заўсёды было шмат сяброў. І ў Ленінску, і ў Таліне. Нават цяпер, калі касманаўт прыязджае наведаць бацькоў у Віцебск, яго тэлефон не змаўкае: то казахстанскі горад Байканур на сувязі, то Масква... “Алег заўсёды гатовы дапамагчы сябрам, нягледзячы на абставіны”, — з гонарам кажа Арцем’еў-старэйшы.

Калі я была ў Віцебску, бацькі чакалі сына ў госці. Потым я дазналася, што сын прыязджаў у Віцебск разам са сваёй жонкай Ганнай і 8-гадовым сынам Савеліем. Дачка касманаўта 1,5-гадавалая Анфіса засталася ў Падмаскоўі чакаць бацькоў. Праз два дні тыя паспяшаліся да яе. (Дарэчы, жонка Алега Арцем’ева Ганна нарадзілася ў Баранавічах у сям’і ваенных, якія ў хуткім часе пераехалі жыць пад Маскву.) Хацелася Герману Аляксеевічу і Вользе Мікалаеўне, каб іх сын даўжэй пагасцяваў, але ўсё ж вымушаны былі гасцей адпусціць. Бо ведаюць ад сына, што “космас — гэта як наркотык. Калі ты там пабываў аднойчы, то хочацца пабываць і яшчэ”.

Ганна Лагун

Даведка. Першы палёт Алега Арцем’ева пачаўся 26 сакавіка 2014 года ў 01:17 MSK. Арцем’еў стартаваў у якасці бортінжынера карабля “Союз ТМА-12М”, бортінжынера 39-й і 40-й асноўных экспедыцый МКС разам з Аляксандрам Скварцовым і Сцівенам Свонсанам. 28 сакавіка карабель паспяхова састыкаваўся з МКС. Даўжыня палёту — 169 сутак. Пасадка пілаціруемага карабля “Союз ТМА-12М” адбылася 11 верасня 2014 года ў 06:23 MSK.

Другі па ліку палёт Алега Арцем’ева пачаўся 21 сакавіка 2018 года. Экіпаж карабля “Союз МС-08” у складзе камандзіра карабля Алега Арцем’ева, бортінжынераў Эндру Фойстэла і Рычарда Арнольда (NASA) у 20:44 MSK стартаваў з касмадрома Байканур да МКС. 23 сакавіка карабель паспяхова састыкаваўся з МКС. Праз 197 дзён знаходжання ў космасе касмічны карабель “Союз МС-08” адстыкаваўся ад МКС і вярнуўся на Зямлю. Пасадка пілаціруемага карабля завяршылася ў 14:45 MSK.

Алег Арцем’еў тры разы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць работ у адкрытым космасе склала 20 гадзін 20 мінут.

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.