Вы тут

Галіна Варажбіт і яе “Сябры”


З прыходам вясны актывізавалася праца беларускай суполкі “Сябры”, што ва ўкраінскім горадзе Чарнігаве. А ў самой кіраўніцы й на лецішчы — пара сяўбы.


Галіна Варажбіт

Кіраўніца БНКТ “Сябры” Галіна Варажбіт напісала ў рэдакцыю пасля міжнароднага Дня роднай мовы: беларусы Чарнігава паўдзельнічалі ў круглым стале, прысвечаным гэтай даце. Імпрэза з удзелам навукоўцаў, мастакоў, прадстаўнікоў нацыянальных суполак ладзілася 21 лютага па ініцыятыве вядомай падзвіжніцы-мовазнаўцы Людмілы Зіневіч у Чарнігаўскай гарадской бібліятэцы імя М. Кацюбінскага.

У сваім допісе Галіна Міхаўлаўна запэўніла: Чарнігаўская гарадская грамадская арганізацыя “Беларускае нацыянальна-культурнае таварыства “Сябры”, якая летась адзначыла 15-годдзе, мае больш за 100 сяброў і па-ранейшаму працуе. Згадала, як на пачатку года разам з сяброўкай Нінай Камінскай былі яны ў прамым эфіры перадачы “Ранок на UA: Чернігів” на абласным тэлебачанні. Размова ішла пра захаванне беларусамі роднай мовы, народных традыцый, абрадаў і святаў, а таксама пра сяброўскія й культурныя повязі між Украінай і Беларуссю. Асаблівы акцэнт у Калядную пару зрабілі на дзеях, абрадах беларусаў, спалучаных з Навагодне-Каляднымі святамі, Раством. А праз колькі дзён актывісты суполкі былі на сустрэчы “Ми всі українці. Тільки з різним корінням” у намесніцы старшыні аблдзяржадміністрацыі Наталлі Раманавай. Сабраліся там прадстаўнікі розных нацыянальна-культурных таварыстваў, гаварылі пра дасягненні, планы на будучыню. Дарэчы, падключана да дзейнасці суполкі таксама й чарнігаўская пісьменніца-беларуска Святлана Новік.

Каб даведацца больш пра саму Галіну Варажбіт, клікнулі мы ў падмогу інтэрнэт. І даведаліся: летась у маі адзначыла яна 60-я ўгодкі. Калегі з чарнігаўскага партала Gorod.cn.ua ў кастрычніку 2018-га гасцявалі ў гаспадыні. Расказалі як пра “цудоўную душэўную жанчыну з вялізнай пазітыўнай энергіяй, пра яе вялікую дружную сям’ю”, так і пра фірменныя калдуны — беларускую страву, якая для журналістаў гатавалася. А сустракала іх спадарыня Галіна з яблычным дамашнім пірагом на ганку свайго дома з вітаннем па-беларуску: “Паважаныя сябры! Сардэчна запрашаем вас у беларуска-ўкраінскую сям’ю!”.

За гарбаткай расказала, што Варажбіт яна — па мужы. Мы глянулі: на яе старонцы ў “Одноклассниках” у дужках пададзена й дзявочае прозвішча: Шаховіч. Родам з мястэчка Крывічы Мядзельскага раёна Міншчыны. Раней то была тэрыторыя Ашмянскага павета, Віленскага ваяводства ВКЛ. З даўніх часоў мястэчка ўпрыгожвае касцёл, і па лініі мамы ў родзе Галіны ўсе былі католікі, па бацькавай жа — праваслаўныя. Хрысцілі дзяўчынку ў праваслаўнай царкве, а значна пазней у той жа царкве — і мужа Галіны. Усе дзеці ў Крывічах, згадвае, выхоўваліся ў глыбокай веры, з захаваннем усіх народных і хрысціянскіх традыцый.

Пасля школы Галіна закончыла з высокімі ацэнкамі Беларускі сельскагаспадарчы тэхнікум і атрымала спецыяльнасць тэхніка-пчаляра. Працягнула навучанне ў Кіеўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Спачатку мела складанасці з навучаннем і зносінамі па-ўкраінску. Але з часам вывучыла мову, хоць і беларускі акцэнт застаўся. У акадэміі ж сустрэла будучага мужа — украінца родам з Чарнігаўскага раёна. Пасля заканчэння вучобы маладыя спецыялісты 3 гады адпрацавалі ў калгасе, затым пераехалі ў Чарнігаў. Прайшло 40 гадоў. У сям’і нарадзіліся, выраслі два сыны й дачка, ёсць і ўнукі. Галіна Міхайлаўна 28 гадоў працавала ў абласным упраўленні сельскай гаспадаркі, ужо 4 гады як на пенсіі.

Вось што згадала яна пра стварэнне суполкі “Сябры”: “У 2003-м у аблдзяржадміністрацыю прыехаў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь Віталь Курашык, і губернатар мяне папрасіў распавесці госцю пра жыццё беларусаў на Украіне. Пра сваё жыццё я магла шмат расказаць, а колькі беларусаў жыве ў Чарнігаве й вобласці — не ведала. Тады Амбасадар і прапанаваў стварыць у Чарнігаве ўкраінска-беларускую суполку”. Так што шаноўнаму земляку Віталю Курашыку дасылаем прывітанне ў цёплую крымскую Еўпаторыю з падзякай за тое, што паспрыяў нараджэнню беларускай суполкі ў Чарнігаве. З ягонай парады ўсё й пачалося: прыдумалі назву, зарэгістравалі суполку 16 ліпеня 2003 года, пачалі запрашаць у яе беларусаў горада й вобласці праз радыё, тэлебачанне, газеты. Суполкай кіруе ўвесь час Галіна Варажбіт, з’явіліся ў яе намесніцы: спачатку Тамара Сцяпанаўна Дзміцерка, крыху пазней — Ніна Трафімаўна Камінская. Кіраўніцы яны заўсёды ва ўсім дапамагаюць.

У суполцы няма цяпер сталага памяшкання, а збіраліся беларусы ў Арт-клубе: ладзілі “Беларускія вячоркі”, чаявалі, песні спявалі, вершы чыталі, дзяліліся адзін з адным навінамі. Чарнігаўскія “Сябры” — гэта як адна вялікая сям’я, без плётак і спрэчак. Там ёсць вакальны дуэт “Сяброўкі” (Валянціна Васілюк і Валянціна Качубей), дзіцячы танцавальны гурт “Ягадкі”. Галіна Варажбіт з унучкай Лізай, Ніна Камінская на розных імпрэзах чытаюць вершы, байкі на беларускай мове.

Калі летась 3 красавіка ў Чарнігаве з афіцыйным візітам быў Амбасадар Беларусі Ігар Сокал, то “Сябры” прымалі яго, мэра ды іншых гасцей у Цэнтры народных рамёстваў для дзяцей і юнацтва. Ігар Сяргеевіч прывёз супляменнікам у падарунак 9 прыгожых нацыянальных беларускіх касцюмаў — кожны коштам $ 550. А ў верасні 2018-га Амбасадар у сувязі з 15-годдзем утварэння суполкі ўзнагародзіў яе “за актыўны ўдзел у захаванні й пашырэнні беларускіх традыцый”.

У гасціннай гаспадыні Галіны Варажбіт шмат сяброў

Адказваючы на пытанне журналістаў пра сям’ю, Галіна Міхайлаўна расказала, што яе старэйшы сын Сяргей працуе псіхолагам, дачка Таццяна — ва ўпраўленні эканомікі гарсавета. Цяпер у дэкрэтным адпачынку, бо гадуе першынца Кірыла. Малодшы сын Аляксандр заняты на сэрвісным прадпрыемстве інжынерам па ахове працы. Нявесткі з сынамі падарылі бабулі трох унучак: Лілю, Лізу і Яраслаўку — ёй хутка 2 гады. Самой беларусцы ў Чарнігаве жывецца камфортна: “Я вельмі люблю Чарнігаў. Мне Богам дадзены гэты горад”. Пры тым з цеплынёй згадвае чысты, ахайны Мінск, на які Чарнігаў з новым мэрам становіцца падобным. Галіна бывала раней у Беларусі па два разы на год, наведваючы маму (ёй 85 гадоў). Цяпер тое стала дарагавата, ездзіць на год раз. Паколькі ў Беларусі абвешчаны Год малой Радзімы, то яна сустракалася з землякамі, старшакласнікамі ў роднай школе, куды яе запрасілі, расказвала пра сваё жыццё, пра Украіну й горад, у якім жыве. Згадала й тое, што ў 2016-2017 гадах яна была ў складзе Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Галіна Міхайлаўна не дарма ўсё жыццё была спалучана з сельскай гаспадаркай. Тыя веды й цяпер запатрабаваныя на лецішчы, дзе на 8 сотках працавітая беларуска збірае важкія ўраджаі: “Усё, што можна, вырошчваем самі. На стале заўсёды свае памідоры, гурочкі, балгарскі перац, яблыкі, вінаград... Раблю шмат нарыхтовак на зіму. Сёлета ўрадзілі яблыкі “Слава пераможцу” і “Гранштэйн”, то закрыла 50 трохлітровых слоікаў яблычнага соку, па 30 толькі літровых слоікаў памідораў, перцаў і гуркоў. Вельмі смачныя атрымліваюцца ў мяне квашаныя вострага пасолу памідоры й кансерваваныя маленькія гурочкі-карнішоны”. А ля дома ў гаспадыні шмат кветак: цвітуць з ранняй вясны пралескі, прымула, нарцысы, потым цюльпаны, гіяцынты, лілеі...

У доме кіраўніцы суполкі “Сябры” шмат розных сувеніраў і прадметаў з Беларусі: мастацкія кнігі, слоўнікі, энцыклапедыі, вырабы з лазы й саломы. Гаспадыня звяртае ўвагу на вазачку, што зроблена з карэльскай бярозы, якая расла на Бацькаўшчыне ў Мядзельскім раёне. У скрынцы “жывуць” прыгожыя лялькі-беларусы Ясь і Яніна ды Янак з Алёнай. Ёсць і “Шаргуны шчасця” — званочкі такія. Калі патрымаць іх, задумаць жаданне ды пазваніць тры разы, то жаданне абавязкова спраўдзіцца.

Расказала Галіна Міхайлаўна гасцям, як гатуюцца беларускія калдуны, а потым і пачаставала іх смакоццем. Страва падобная да знакамітых дранікаў, але з начынкай: мясным фаршам. Ну а паколькі многія нашы чытачы рэцэпт ведаюць, то спыняцца на ім не будзем. Дарэчы, журналісты высветлілі: у Галіны Варажбіт ёсць свой канал на YouTube, яна там расказвае і паказвае, як гатуюцца дранікі ды іншыя беларускія нацыянальныя стравы, чытае свае вершы. А яе сябры па суполцы, у тым ліку ўжо згаданая Ніна Камінская, гавораць пра Галіну Міхайлаўну з цеплынёй, бо яна “добрая, вясёлая, прыгожая, мудрая й мэтанакіраваная жанчына, верная і надзейная сяброўка, якая заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу і парадай, і справай”. Падкрэсліваюць: яна аддае шмат энергіі, сіл, каб жыла суполка, праходзілі розныя імпрэзы, што спрыяюць пашырэнню беларускай культуры ў Чарнігаве, умацаванню сяброўскіх стасункаў паміж беларусамі ды ўкраінцамі.

Беларусы на Міжнародным фальклорным фестывалі нацыянальных культур “Поліське коло” ў Чарнігаве

У лісце ў рэдакцыю Галіна Міхайлаўна патлумачыла: стваралася суполка “Сябры” дзеля таго, каб развіваць і пашыраць культурныя, духоўныя народныя традыцыі, абрады й святы беларусаў сярод прадстаўнікоў дыяспары ды іх сем’яў. І амаль за 16 гадоў працы БНКТ “Сябры” шмат было зроблена. Суполка ўваходзіць у склад Усеўкраінскага саюза беларусаў, мае цесныя кантакты з Бацькаўшчынай, Амбасадай Беларусі ва Украіне, рознымі культурнымі ўстановамі Чарнігава ды Украіны. Прыжыліся ў Чарнігаве “Беларускія вячоркі”: іх суполка праводзіць рэгуларна. Прыйсці на іх можа кожны ахвочы. “У сяброўскай, сардэчнай атмасферы мы зносімся, гучаць беларускія песні пад баян, — піша Галіна Варажбіт. — Калі нехта быў у Беларусі, апавядае, што пабачыў. І беларускія навіны са СМІ абмяркоўваем, і свежыя нумары газеты “Голас Радзімы” чытаем. Ёсць і шэраг іншых “фарматаў” для нашых сустрэч. Такая праца — гэта ўжо частка нашага жыцця, але й жыцця беларусаў свету, нашай культуры, традыцый, мовы”.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.