Вы тут

Сезон будзе крылатым


Мастак-графік па адукацыі і «металіст» па прызванні Уладзімір Канонік вядомы тым, што стварае вулічныя арт-аб'екты са старых аўтазапчастак і бытавых металічных адходаў. У яго незвычайная выставачная пляцоўка — уся Мінская вобласць! А дакладней, тэрыторыі АЗС «Беларуснафта» цэнтральнага рэгіёна краіны. Напрыклад, працы Уладзіміра можна ўбачыць на запраўках у Валожыне, Заслаўі, Нясвіжы, Слуцку, Фаніпалі, у самой сталіцы.


Мастак канструюе канцэптуальныя, а галоўнае, інтэрактыўныя творы — іх можна мацаць, разглядаць, узбірацца на іх, здымаць сэлфі. Уладзімір Канонік просіць не называць яго металічныя фантазіі мастацкімі творамі, скульптурамі альбо статуямі, бо не хоча выклікаць недаверлівыя погляды з боку прафесіянальных саюзаў і людзей, «заклапочаных» чыстым мастацтвам. Яго можна зразумець. Днямі гэты сюррэаліст скончыў яшчэ адзін металічна-запчасткавы арт-аб'ект пад назвай «Веламотацмок». Металічная фігура была замоўлена для ІV Міжнароднай выстаўкі «Мотавелаэкспа-2019» (дарэчы, сёння яна адкрываецца) і пачатку байкерскага сезона. Перад самай афарбоўкай трохколавага сімбіёза з галавой, хвастом і крыламі цмока мне давялося паназіраць, як ідуць апошнія работы, таму я наведаў фаніпальскую крэатыўную майстэрню.

Акрамя Уладзіміра, над «цмокам» працавалі яшчэ пяць адмыслоўцаў — майстроў на ўсе рукі — кавалёў, зваршчыкаў, слесараў, бляхароў. Дзесяць дзён — ад праекта на паперы і да апошняй «шасцярэнькі», да адпаліраванага бляску дэталяў — спатрэбілася Васілю Цуранкову, Уладзіміру Вайцяховічу і Арцёму Каноніку — сыну аўтара, Сяргею Сугаку і Барысу Вальковічу, каб давесці калектыўны прадукт да «розуму», да выставачнай гатоўнасці.

— Чаму менавіта «Веламотацмок» і ў чым сутнасць задумы? — перапытвае аўтар праекта Уладзімір Канонік і адказвае: — Справа ў тым, што цмок — міфічная істота і герой міфалогіі не толькі Кітая і рускіх казак, у беларускім фальклоры ён таксама сустракаецца. Гэта сімвал агню і моцы, значыць, і сімвал нафты і бензіну — рэчываў, без якіх сучасная мотатэхніка не будзе рухацца. Калі генеральны спонсар выстаўкі «Мінскаблнафтапрадукт» прапанаваў зрабіць незвычайную фігуру, я намаляваў сваё бачанне ідэі — цмока на трохколавым мотавеласіпедзе — як увасабленне нашай старажытнай міфалогіі ў кантэксце сучаснага культурнага асяроддзя. Праект быў ухвалены, і наша каманда кінулася ажыццяўляць ідэю.

Каб «пракаціцца» на «драконаўскім» веласіпедзе — а гэта сапраўды інтэрактыўны аб'ект (тут і сядло, і руль, і прыборы), трэба адпраўляцца на выстаўку. Але і пасля яе завяршэння можна пасядзець на незвычайным «веласіпедзе» — падчас II Еўрапейскіх гульняў гэты арт-аб'ект, хутчэй за ўсё, будзе красавацца на адной з мінскіх вуліц.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

г. п. Фаніпаль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».