Вы тут

Чвэрць стагоддзя: выбар шляху


Рэдакцыя «Звязды» і Прэс-цэнтр Дома прэсы правялі круглы стол на тэму «Канстытуцыі — 25. Інстытут прэзідэнцтва як гістарычна і палітычна абгрунтаваная найбольш аптымальная для Беларусі мадэль кіравання дзяржавай».

У абмеркаванні ўзялі ўдзел старшыні трох камісій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы — доктар гістарычных навук Ігар МАРЗАЛЮК, Пастаяннай камісіі па заканадаўстве — Наталля ГУЙВІК, Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце — Леанід ЦУПРЫК, а таксама дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім ГІГІН, загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ Рыгор ВАСІЛЕВІЧ, загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ірына ЖЫЛІНСКАЯ і загадчык адзела навейшай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей ТРАЦЦЯК. Мадэратарамі гутаркі выступілі сумесна Вадзім Гігін і дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел СУХАРУКАЎ.


«Казаччына — не пра нас»

«25 гадоў Канстытуцыі і 25 гадоў інстытуту прэзідэнцтва... Тыя гістарычныя падзеі адбыліся параўнальна нядаўна, і большасць прысутных альбо актыўна ўдзельнічалі ў працэсе, электаральных кампаніях, альбо суперажывалі, таму жывое ў памяці адчуванне значнасці таго, што адбывалася ў 1994 годзе, — звярнуўся да суразмоўнікаў Павел Сухарукаў. — Мне, як галоўнаму рэдактару, прадстаўніку мас-медыя, цікавы не толькі гістарычны аспект гэтай падзеі, але і эмацыянальны фон, пачуцці, якімі поўнілася паветра ў тую эпоху нашай дзяржавы. Мне б хацелася, каб вы не толькі як гісторыкі, заканадаўцы, але і проста як грамадзяне, падзяліліся сваімі адчуваннямі, успамінамі тых часоў».

Вадзім ГІГІН: Калі казаць пра асабістыя ўспаміны, я якраз заканчваў школу, паступаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Звычайна ў такой сітуацыі для любога маладога чалавека палітычны працэс праходзіць міма. Асабістыя праблемы становяцца на першы план. Але я памятаю ступень палітызацыі грамадства тады, тыя праблемы, якія людзей хвалявалі. З аднаго боку, крайне вострая сацыяльна-эканамічная абстаноўка, спыненне прадпрыемстваў, з іншага — вельмі жорсткая барацьба паміж рознымі палітычнымі сіламі. На гэтым фоне цалкам невыпадкова, заканамерна з'яўляецца фігура Аляксандра Лукашэнкі, у яго праграме ўвасабляюцца тыя чаканні, якія беларускія грамадзяне выношвалі, тое, як яны бачылі пабудову сваёй дзяржавы. І ўсё гэта супадае з геапалітычнай абстаноўкай, якая таксама была складанай. Бо не адна Беларусь перажывала тыя абставіны, гэта было навокал — не толькі постсавецкая прастора, але і бліжэйшыя ўсходнееўрапейскія суседзі. У нас цяпер да 90-х гадоў адносіны супярэчлівыя: нехта іх называе «ліхімі 90-мі», нехта ледзь не «залатым векам». І крызіс, і калапс, і надзеі на лепшае, і пачатак новага шляху.

Ігар МАРЗАЛЮК: Я ў 1994 годзе пісаў кандыдацкую дысертацыю. Пісаў у экстрэмальных умовах, з хранічнай нястачай грошай. Для мяне гэта былі жахлівыя гады, калі, эканомячы на ўсім, ездзіў у архівы і бібліятэкі на электрычках, на дызелях, бо на большае грошай не было. Помню кантэкст тых падзей, пра якія цяпер кажуць «дапрэзідэнцкі перыяд» і «прэзідэнцкі перыяд». Многія, як Вадзім Францавіч сказаў, любяць супрацьпастаўляць: маўляў, там быў каласальны глыток свабоды, потым гэтую свабоду прыбралі. Свабода была, свабода без грошай, свабода ад грошай, і немагчымасць рэалізаваць банальныя канстытуцыйныя правы.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая была прынятая 25 гадоў таму, стала тым найважнейшым заканадаўчым драйверам, які прадвызначыў контуры сённяшняй сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, прадвызначыў тую сітуацыю, у якой мы ўсе сёння знаходзімся, а таксама зрабіў магчымай рэалізацыю ўсіх жыццёва важных для беларускага народа праектаў, у якія ніхто не верыў. У тым ліку і маштабнае будаўніцтва жылля, і сацыяльныя льготы, і сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка.

Нагадаю, сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка — гэта не прыдумка беларусаў. Гэта прыдумка такога страшна далёкага ад Беларусі чалавека, якім быў Людвіг Эрхард, паплечнік Конрада Адэнаўэра, ён і сам трошачкі пабыў канцлерам — творца нямецкага нацыянальнага цуду, салідарыст, не неаліберал і не сацыяліст, але чалавек, які спалучаў многія рэчы, што іншым здаваліся неспалучальнымі.

Калі мы кажам пра прэзідэнцкую форму кіравання, то гэта якраз тая мадэль улады, дзе ёсць персаніфікаваны дзяржаўны дзеяч, які нясе паўнату адказнасці за выкананне канстытуцыйных нормаў, з'яўляецца гарантам гэтых канстытуцыйных нормаў і які ўвасабляе беларускія палітычныя архетыпічныя ідэалы аб моцнай і справядлівай уладзе. Моцная ўлада, спачатку ў форме манарха, а потым у форме прэзідэнцкай улады, яна вельмі адпавядае той гістарычнай традыцыі, тым ментальным устаноўкам, тым матывацыйным паводзінам, якія характэрныя для нашага народа. «Гуляй, рэспубліка», казаччына — гэта не пра нас...

Як мы выглядаем на фоне іншых? Ну нагадаю, што першая прэзідэнцкая рэспубліка ў свеце — гэта Злучаныя Штаты Амерыкі. Калі мы кажам пра многія нясучыя канструкты нашай Канстытуцыі, якой 25 гадоў, то яна ўзнікла не на голым месцы, яна з улікам досведу была скарыстана, не столькі амерыканскага, колькі французскага. Французская мадэль прэзідэнцкай улады — многія аспекты ўзяты былі менавіта адтуль.

...Калі мы кажам пра тое, як выбудоўваць у сучаснасці тую ці іншую мадэль, ёсць па вялікім рахунку толькі два падыходы. Першы — абапірацца на рэальна існуючыя інстытуты і рэальна існуючую гістарычную традыцыю. Другі варыянт ідзе ад наіўных уяўленняў эпохі Асветніцтва, і я яго назваў бы пазагістарычным, які характэрны ў тым ліку для пісанняў многіх неаліберальных тэарэтыкаў, якія не разумеюць, што людзі — розныя. Ёсць такое ўяўленне, што дастаткова прыняць добры закон і ўсе пачнуць яго выконваць. І ёсць добрая руская пагаворка: тое, што рускаму ў радасць, немцу смерць. Вельмі трапна, вельмі хораша перададзена гэтай метафарай сутнасць.

Толькі тыя інстытуты пачынаюць эфектыўна функцыянаваць, якія ўспрымаюцца як свае, як легітымныя абсалютнай большасцю людзей. І наадварот. Можна прыняць любыя законы, якія не будуць працаваць і не дадуць пазітыўнага выніку на выхадзе. Такім чынам Беларусь абсалютна асэнсавана выбрала мадэль прэзідэнцкай улады. Падкрэслю: гэту Канстытуцыю, якая была прынятая і зацверджаная Вярхоўным Саветам, узгаднілі ўсе палітычныя групы Беларусі. І тыя, хто зараз крычыць, што трэба адмовіцца ад інстытута прэзідэнцкай улады, у першых шэрагах ішлі ў кандыдаты ў прэзідэнты і марылі стаць прэзідэнтам. Ну, не атрымалася. Ну, беларускі народ выбраў не іх, а выбраў таго, каго ён выбраў — Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Гэта іншая справа.

З майго пункту гледжання, інстытут прэзідэнцкай улады найбольш адпавядае гістарычнай і палітычнай традыцыі нашага народа. І гэта той інстытут, які дазволіў наш папяровы, даруйце, суверэнітэт, дэкларатыўны суверэнітэт зрабіць рэальным. Таму што дзякуючы інстытуту прэзідэнцкай улады на сённяшні дзень у нас ёсць абсалютна суверэнная краіна, дзейнічае свая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, дэмаграфічнай бяспекі... Краіна, якая сама вызначае, з кім сябраваць, з кім будаваць партнёрскія ўзаемадачыненні. Уся знешняя і ўнутраная палітыка Рэспублікі Беларусь дзякуючы гэтаму інстытуту ўлады вызначаецца ў Мінску, а не ў якім-небудзь іншым цэнтры. Вызначаецца нашымі законамі, нашым Асноўным законам, а не чужымі дырэктывамі. Вось гэта самае важнае.

Вадзім ГІГІН: Я толькі два тэзісы дадам. І казакі ў выніку прыйшлі да дастаткова моцнай гетманскай улады... Другі момант, сапраўды не трэба заганяць любую палітычную мадэль у пракрустава ложа стэрэатыпных уяўленняў: аўтарытарызм, дэмакратыя і таталітарызм. У свеце зараз вучоныя адмаўляюцца ад такой жорсткай мадэлі ўяўленняў. Усюды ёсць пераходныя формы. Няма чыстай мадэлі дэмакратыі, ёсць розныя мадэлі таго ж аўтарытарызму і г. д. Розныя эпохі запатрабуюць розныя палітычныя рэжымы, і яркае сведчанне таму — тыя працэсы, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы і не толькі.

Рашэнні прымаў народ

Наталля ГУЙВІК: У тыя часы самае складанае пытанне стаяла: якой нашай маладой суверэннай рэспубліцы быць — парламенцкай або прэзідэнцкай. Важна, што гэтае пытанне вырашалася не кулуарна, не ў парламенце, не ў нейкіх палітычных структурах, яно было вынесенае на рашэнне грамадзян Беларусі.

Падкрэслю, што Прэзідэнт тады выйшаў са сваёй праграмай з дэпутатаў, гэта вельмі важна, бо ніхто так, як дэпутат, не ведае праблемы сваіх выбаршчыкаў, юрыдычных асоб, развіцця дзяржавы. І грамадзяне Беларусі прынялі рашэнне аб тым, што іх дзяржава павінна быць прэзідэнцкай.

Тады палітычная сітуацыя ў краіне нагадвала сюжэт байкі «Лебедзь, рак і шчупак». Вярхоўны Савет сапраўды меў вялікія паўнамоцтвы, а згоды не знаходзілася па многіх кірунках. Таму патрэбна была сапраўды моцная прэзідэнцкая ўлада. І тады, і ў 1996 годзе, і ў 2004 годзе па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь — рашэнні прымаў беларускі народ. Прайшло 25 гадоў. Гэта няшмат, але вынік бачны — мы на правільным шляху.

Наконт змен у Канстытуцыю. Я цалкам згодная з тым, што любы заканадаўчы акт, нарматыўна-прававы акт павінен удасканальвацца з улікам патрабаванняў часу. Сёння патрабаванні часу такія, што неабходна ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю як у частцы выбарчай сістэмы, так, напрыклад, і ў тым, што ў нас даўно ўжо няма Гаспадарчага суда, а ў Канстытуцыі такі орган існуе.

Вадзім ГІГІН: Звярніце ўвагу, калі Вярхоўны Савет валодаў усёй паўнатой улады (гэта норма, дарэчы, нам дасталася ад Савецкага Саюза, дзе функцыю кіраўніка дзяржавы выконваў калектыўны орган — Прэзідыум Вярхоўнага Савета), ён не ўвёў прапарцыянальную сістэму галасавання, і ў 1994 годзе была прапісаная мажарытарная сістэма выбараў Вярхоўнага Савета. Тут пэўная пераемнасць, гэта не нейкая норма, прынесеная падчас жорсткай палітычнай барацьбы. Такі настрой быў першапачаткова. Я да таго, каб мы не толькі пра інстытут прэзідэнцтва казалі, але і пра іншыя галіны ўлады, якія выконваюць вялікую ролю ў дзяржаве. Бо нават у моцных прэзідэнцкіх мадэлях іншыя інстытуты выконваюць вялікую ролю, і як правіла, у такіх грамадствах функцыі прамой дэмакратыі (ці то звароты грамадзян, ці то рэферэндумы), нават больш інстытуцыйна значныя, чым у грамадствах з традыцыйнай заходнееўрапейскай дэмакратыяй. Гэта лішні раз сведчыць пра дастаткова складаны палітыка-прававы працэс, у якім знаходзіцца любая дзяржава, а ў нас часта публіцысты імкнуцца неяк спрасціць гэты працэс, падаць яго стэрэатыпна, шаблонна.

Леанід ЦУПРЫК: Сёння ўжо ўступіла ў актыўнае, стваральнае жыццё маладое пакаленне, якое патрабуе разумення вектара руху: адкуль мы выйшлі і куды рухаемся далей. Маладыя людзі павінны разумець, што інстытут прэзідэнцтва ў многім быў прадвызначаны, бо так жадалі людзі. Грамадства мела патрэбу ў цвёрдай уладзе, якая, з аднаго боку, магла навесці парадак, а з іншага — забяспечыць эканамічны дабрабыт і вывесці краіну з эканамічнага піке. Сёння мала хто памятае і разумее, што заробкі былі пяць долараў у пераліку. Але я хацеў сказаць пра іншае.

На мой погляд, беларуская нацыянальная ідэя адлюстравана ў нашай Канстытуцыі. Памятаеце, у «Новай зямлі» мары былі: «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут // Каб з панскіх выпутацца пут...»? Зямля — гэта тэрыторыя, на якой мы жывём, кут — уласнасць як аснова дабрабыту, правы чалавека. Выпутацца з пут — набыць свабоду і незалежнасць. Усё гэта ярка праходзіць праз нашу Канстытуцыю, якая ўпершыню замацавала першынство інтарэсаў беларускага народа.

Хачу звярнуць увагу, што ў нашай Канстытуцыі зроблены акцэнт на забеспячэнні правоў і свабоды чалавека.

Рыгор ВАСІЛЕВІЧ: Праект Канстытуцыі быў гатовы да канца 1991 года. Ужо восенню з 18 дэпутатаў, якія выступілі пры першым абмеркаванні праекта, станоўча выказаліся 17. Але палітычная эліта таго часу не рашалася выйсці на прэзідэнцкія выбары. Інстытут прэзідэнцтва ў праекце першапачаткова быў. Пытанне — у паўнамоцтвах прэзідэнта. Тэкст, які прапанавала рабочая група на чале з Васілём Іванавічам Шаладонавым, намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета, і быў прыняты галасаваннем 15 сакавіка 1994 года.

Спрэчкі былі пра тое, як працуюць дэпутаты ў Вярхоўным Савеце (на вызваленай аснове або сумяшчаюць свае абавязкі)... Пытанне пра статус прэзідэнта не было самым спрэчным, бо сыходзілі з таго, што ён павінен валодаць важкімі паўнамоцтвамі, быць кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Цяжкая доля — сумяшчаць такія абавязкі. Безумоўна, больш прыемна толькі некага ўзнагароджваць і пасля піць шампанскае, больш складана — адказваць за эканамічную сферу.

Цікава, што да апошняга ішла спрэчка пра змест іншых артыкулаў. Напрыклад, аб праве на бясплатную адукацыю. У аснову была пакладзена сацыяльна-эканамічная сфера. Трэба аддаць належнае дэпутатам, у тым ліку тым, якія былі абраны ад грамадскіх арганізацый і прадстаўлялі інтарэсы ветэранаў, інвалідаў. Яны стрымлівалі радыкальныя настроі.

Увогуле, Вярхоўны Савет 12-га склікання прыняў 500 заканадаўчых актаў — столькі было прынята за 50 папярэдніх гадоў. Ішла інтэнсіўная, творчая, адказная работа... Я часта ўспамінаю Івана Мікалаевіча Смоляра, ён рыхтаваў «чарнобыльскія» законы, Аляксандра Мікалаевіча Кулічкова, які вёў пытанні прамысловасці, Івана Міхайлавіча Каратчэню, які рыхтаваў законы, прысвечаныя развіццю дэмакратыі, рэферэндумам, народнаму галасаванню. Пастаянна ішлі дыскусіі пра ўласнасць на зямлю: ці могуць землі сельгаспрызначэння быць прыватнай уласнасцю.

Цяпер падрыхтаваць змены ў Канстытуцыю лягчэй, чым раней. Крыніц інфармацыі было няшмат. З амерыканскай канстытуцыі можна ўзяць толькі саму ідэю падзелу ўлады. Былі прынятыя канстытуцыі прыбалтыйскіх дзяржаў, Румыніі, Казахстана. Падсілкоўваліся фармулёўкамі адтуль.

Наша Канстытуцыя па змесце мае ўласную рэдакцыю. Пры гэтым пераняла найлепшыя сусветныя прынцыпы і стандарты. Напрыклад, прынцып падзелу ўлады, сістэму стрымлівання і супрацьвагі, якая арыентаваная на ўзаемадзеянне ўлады.

Вярхоўны Савет 12-га склікання ўнёс вялізны ўклад ва ўсталяванне беларускай дзяржаўнасці, але на жаль, і гэта адзін з недахопаў, пасля прыняцця Канстытуцыі не былі праведзены адразу выбары ў парламент. Тым больш ён змяніўся колькасна і па паўнамоцтвах. Заўсёды так адбываецца, нехта прывыкае да пэўных стэрэатыпаў дзеянняў у рамках папярэдняй Канстытуцыі, пераарыентавацца не атрымалася. 1994—1996 гады былі складаныя ў сілу гэтых нюансаў. Тым больш што 29 кастрычніка 1992 года была прынятая Пастанова Вярхоўнага Савета пра тое, што на прыняцце Канстытуцыі выходзім да канца 1993 года, а вясной 1994-га праводзяцца перавыбары. А яны адбыліся толькі ў канцы 1995 года, па сутнасці, сам парламент, на жаль, парушыў уласную Пастанову і свае паўнамоцтвы перавысіў. Што давала нагоду для крытыкі ў яго адрас.

«Каб патэнцыял Канстытуцыі больш выкарыстоўваўся»

Вадзім ГІГІН: Рыгор Аляксеевіч, на ваш погляд, ці магчыма далейшае ўдасканаленне Канстытуцыі? Мы казалі тут пра тое, што ўжо няма Вышэйшага гаспадарчага суда, фармулёўка пра які застаецца прапісаная ў Канстытуцыі. Але не толькі гэта. Абмяркоўваюцца і парадак абрання парламента, і паўнамоцтвы асобных галін улады.

Рыгор ВАСІЛЕВІЧ: Калі перафразаваць вядомае выказванне Архімеда, я адкажу так: скажыце мне, якая ёсць праблема, і я знайду яе рашэнне на падставе Канстытуцыі. ...Калі была неабходнасць аб'яднаць суды, то можна было б эканамічную калегію Вярхоўнага суда назваць Вышэйшы гаспадарчы суд. Гэтак жа паступілі па землях сельгаспрызначэння: згодна з артыкулам 13 Канстытуцыі такія землі могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, да гэтай катэгорыі адносіліся землі садовых таварыстваў — іх вывелі. Гэтак жа паступілі з мясцовымі адміністрацыямі. Такія падыходы прымальныя. Гэта не жангліраванне варыянтамі. Ёсць межы, за якія нельга пераступіць.

Прапарцыянальная і змешана-прапарцыянальная сістэма выбараў таксама можа быць на падставе Канстытуцыі. Я нават прапаноўваў апрабаваць ужо зараз выбары па змешанай сістэме, напрыклад у абласныя Саветы дэпутатаў. Няхай партыі абкатаюць там, мы паглядзім. Увогуле, у нас не практыкуецца прыняцце актаў у выглядзе эксперымента. Давайце на ўзроўні раёна нейкія СВК аддадзім прыватнікам і паглядзім.

У нас з 1997 года быў толькі адзін закон аб тлумачэнні Канстытуцыі. Калі праблема ёсць, яе можна рашаць праз тлумачэнне.

Мяркую, што, канешне, карэктывы могуць быць, і, калі кіраўнік дзяржавы пра гэта заявіў, яны, відавочна, будуць. Але ўжо зараз парламент можа актыўна ажыццяўляць кантроль. Кантрольныя паўнамоцтвы прапісаны ў Канстытуцыі. Гэта не значыць, што трэба здымаць з пасады міністра, але можна паслухаць яго, як рэалізуецца закон, і потым прапанаваць Прэзідэнту вызваліць ад пасады. Паўнамоцтваў дастаткова шмат.

Магчыма, наданне дадатковых правоў парламента, пераразмеркаванне [паўнамоцтваў] — гэта ўжо як вырашыць кіраўнік дзяржавы. Але і тая сістэма, якая зараз прадугледжана Канстытуцыяй, мае на ўвазе падзел і ўзаемадзеянне ўладаў.

Калі ўнікнуць у тэкст Канстытуцыі, дзеючая рэдакцыя мае на ўвазе моцны парламент і моцнага кіраўніка дзяржавы. Цэнтральнае пытанне — як ажыццяўляюцца выбары, наколькі дэпутаты актыўныя. Мясцовыя рэферэндумы трэба праводзіць — няхай народ вучыцца адказваць за прынятыя рашэнні. Я за тое, аб патэнцыял Канстытуцыі больш выкарыстоўваўся.

Чым старэйшая Канстытуцыя, тым больш да яе павагі. Мадыфікацыя не выключаецца. Больш павагі, бо зразумела, якія ёсць нюансы, што трэба скарэктаваць. Калі з'яўляецца нешта новае, яно зноў дае нагоду для рэарганізацыі, карэктываў.

Вадзім ГІГІН: Мы сапраўды не ў поўнай меры выкарыстоўваем тыя правы, магчымасці і паўнамоцтвы, якія прапісаныя ў Канстытуцыі. Я прыхільнік змешанай мажарытарна-прапарцыянальнай сістэмы выбараў, але ў нашай Канстытуцыі, і з улікам той лібералізацыі выбарчага заканадаўства, якая адбылася ў 2005, 2011 гадах, партыі маюць вялікія магчымасці, бо там прапісаны тры шляхі вылучэння кандыдатаў: ад працоўных калектываў, шляхам збору подпісаў і непасрэдна ад партыі. У апошнім выпадку па заканадаўстве нават неабавязкова мець у акрузе структуры партыі: збіраецца з'езд, кіраўнічы орган, які вылучае кандыдата, і гэта — магчымасць для партыйных лідараў. Але ці заўсёды ёй карыстаюцца?

Спачатку — на ўзроўні рэгіёнаў і ў парадку эксперымента

Ірына ЖЫЛІНСКАЯ: Я ў 1994 годзе заканчвала школу. Дарэчы, сістэма адукацыі вельмі ярка адлюстроўвае працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Памятаю супрацьлеглыя пазіцыі настаўнікаў і няўпэўненасць у тым, што вучыць для паступлення на гістарычны факультэт.

Працэсы самавызначэння вельмі балючыя, доўгія, і калі аналізаваць гістарычны вопыт замежных краін, то ў гэтыя пераходныя перыяды часта адмаўляюцца ад калегіяльных формаў кіравання. Ну неэфектыўна яны працуюць. Тая ж Рымская рэспубліка пад ціскам крызісу пала, са сваімі дэмакратычнымі, здавалася б, формамі.

Разам з тым, ХХ стагоддзе паказвае, што адбываецца агульная тэндэнцыя ўзмацнення прэзідэнцкай улады, улады прэм'ер-міністра, канцлера... але не на шкоду дэмакратызацыі. Бо ствараюцца новыя механізмы, якія раней тэарэтыкі не ўлічвалі... Парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая, змешаная форма — гэта чыста тэарэтычныя мадэлі, агульныя, пэўны кірунак. Але ўзяць нейкую тэарэтычную мадэль і пасадзіць на канкрэтную дзяржаву, грамадства немагчыма.

І тут роля традыцыі, якая склалася, вельмі значная. Боязь прапарцыянальнай сістэмы [галасавання] звязаная з тым, наколькі сфарміраваныя традыцыі для таго, каб увядзенне элементаў прапарцыянальнай сістэмы не паўплывала на механізм фарміравання органаў улады і кіравальнасць дзяржавай.

У гэтым плане вельмі цікавы вопыт Кітая — калі яны прымаюць кодэксы менавіта ў эксперыментальным парадку. У аснове гэтай традыцыі ляжыць кітайская прымаўка: калі пераходзіш раку, намацвай камяні. Яны лічаць, што кодэкс — гэта дакумент, якія цяжка мяняць. Адпаведна, трэба ўсё добра апрабаваць. Яны апрабуюць эканамічныя мадэлі: бяруць рэгіён, праводзяць там, спрацавала — распаўсюджваюць на ўвесь Кітай....

Калі мы бачым, што яшчэ недастаткова сфарміравалася традыцыя, партыйная сістэма, цалкам магчымы вопытны парадак на ўзроўні рэгіёна, які дазволіць нам прааналізаваць, як сістэма працуе. Пытанне не толькі ў партыях, а ў самім грамадстве — наколькі яно гатова выбіраць праграму, а не персону. З іншага боку, мы можам падштурхоўваць да фарміравання гэтых традыцый. Хоць бы на ўзроўні мясцовых Саветаў. Ствараць умовы для іх фарміравання.

Наша Канстытуцыя настолькі шырокая пры канкрэтных фармулёўках, што вопытныя мадэлі мы можам спакойна ўводзіць, не змяняючы аснову, дух і нават фармулёўкі ў ёй. Пры тым, што Канстытуцыя стваралася ў цяжкіх умовах барацьбы палітычных уплываў, сацыяльна-эканамічных...

Што датычыцца сучаснай тэндэнцыі ўзмацнення выканаўчай улады, у Брытаніі, напрыклад, штогод прымаюць больш за дзве тысячы актаў дэлегаванага заканадаўства, якія даюць заканадаўчыя паўнамоцтвы прэм'ер-міністру.

Вадзім ГІГІН: Тэндэнцыі, якія адзначаюць палітолагі. Пра тое, як гэта адбываецца, напісана ў кнізе польскага калегі «Новы аўтарытарызм», якая выйшла нядаўна, і не толькі ў ёй. Калі пасада прэм'ер-міністра або канцлера ў парламенцкіх рэспубліках дэ-факта набывае прэзідэнцкія рысы. Вазьміце Федэратыўную Рэспубліку Германію і перыяд знаходжання на пасту канцлера Конрада Адэнаўэра, Гельмута Коля або цяперашняга канцлера — улада вялізная, якая распаўсюджваецца не толькі на саму Германію, але ў цэлым на Еўрапейскі саюз.

Што датычыцца тэарэтычных мадэляў, памятаю спрэчку з нашымі заходнімі калегамі, дастаткова бурную, калі яны нам казалі: вы павінны прыняць мадэль дэмакратыі. Мы пытаемся: якую? Кажуць: яна ёсць адна — заходняя. Добра, але французскую або амерыканскую? Там ёсць прэм'ер-міністр, тут няма, там федэральны ўрад, тут унітарная рэспубліка, там ёсць смяротнае пакаранне, тут няма... Не толькі д'ябал, любая справа хаваецца ў дэталях. Бо любая тэарэтычная мадэль толькі прыблізная.

Улада па факце

Сяргей ТРАЦЦЯК: Як гісторык не буду залазіць далёка, у часы Вялікага Княства Літоўскага, бо сучасная Рэспубліка Беларусь — спадкаемніца не той традыцыі, а традыцыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. І калі звяртацца да гісторыі Канстытуцыі, то гэты год — не толькі год 25-годдзя дзеючай Канстытуцыі, але і год 100-годдзя першай беларускай савецкай Канстытуцыі, той, па якой савецкая Беларусь жыла з 1919 да 1927 года.

Што цікава, Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі 1919 года была тыповая савецкая Канстытуцыя, таму што яна адмаўляла персаніфікацыю кіраўніка дзяржавы. Як вы помніце, першая Канстытуцыя рабіла кіраўніком дзяржавы вялікі і малы Прэзідыумы Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта.

У 1920—1924 гадах адбылося сумяшчэнне пасад і паўнамоцтваў старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР і старшыні Савета Народных Камісараў БССР, кіраўніком і заканадаўчай, і выканаўчай улады быў адзін чалавек — Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў. Можна сказаць, адбылася персаніфікацыя ўлады і яна набыла квазіпрэзідэнцкі характар, блізкі ў нечым да амерыканскага. Пасля 1924 года такога сумяшчэння ўладных паўнамоцтваў паміж старшынёй прадстаўнічага і выканаўчага органаў улады больш не было.

Аднак калі звярнуцца да гісторыі, то нават у савецкай краіне, якая адмаўляла персаніфікацыю вышэйшай дзяржаўнай улады, такая персаніфікацыя мела месца быць, але заўсёды мела характар нефармалізаваны, характар асабістай улады кіраўніка дзяржавы па факце, якую б ён пасаду ні займаў.

Урэшце, упершыню аб тым, што пасаду кіраўніка дзяржавы ў Беларусі трэба персаніфікаваць, у Вярхоўным Савеце БССР 12-га склікання гаварылі яшчэ ў 1990 годзе, пасля таго як была ўведзена пасада прэзідэнта Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Той факт, што пасада прэзідэнта як кіраўніка дзяржавы і як кіраўніка выканаўчай улады была заканадаўча замацавана ў Канстытуцыі 1994 года — гэта прамы працяг тых дыскусій, якія пачаліся яшчэ на зыходзе савецкай Беларусі, яшчэ ў апошні год яе існавання.

Іншая справа, што першапачаткова закладзеныя ў Канстытуцыю моцныя паўнамоцтвы прэзідэнта і моцныя паўнамоцтвы парламента спарадзілі канстытуцыйны крызіс 1994—1996 гадоў, выйсце з якога было знойдзена ў тым, каб, па сутнасці, вывесці прэзідэнта па-над уладамі, даць яму распарадчыя паўнамоцтвы, як гэта было зроблена ў канстытуцыі Пятай Рэспублікі ў Францыі.

Калі глядзець, наколькі паспяхова функцыянуе інстытут прэзідэнцкай ўлады ў варыянце 1996 года ў Рэспубліцы Беларусь у параўнанні з суседзямі, а таксама з краінамі далёкага замежжа, можна сказаць, што гэта вельмі паспяховы інстытут. Абранне часткай краін з былога Савецкага Саюза парламенцкай формы кіравання не дазволіла сфарміравацца там моцным дзяржаўным структурам. Парламенты і падкантрольныя ім урады пераўтварыліся ў поле міжпартыйных і міжфракцыйных спрэчак. Можна глянуць, што робіцца ў такой краіне, як Малдова, якая перманентна ў стане парламенцкага і прэзідэнцкага крызісу: калі ўзаемадзеянне паміж уладнымі галінамі не адбываецца, калі пасаду прэзідэнта і пасаду старшыні парламента займаюць людзі процілеглых палітычных лагераў.

Ніякая Канстытуцыя не ёсць нешта зададзенае на вякі, таму што жыццё куды шырэйшае і куды складанейшае за любыя схемы. Таму ўсякі заканадаўчы акт падлягае і карэкціроўцы, і перагляду. Іншая справа, як гэта рабіць. Ці ўсякі раз прымаць новую Канстытуцыю, абвяргаючы ўсё тое, што было, а потым вяртацца да таго, што абверглі, бо тое, што прынялі, не працуе. Ці ўносіць паступовыя карэктывы ў адпаведнасці з тым, што дыктуе жыццё. Думаю, у нашых заканадаўцаў і ў беларускага народа хапае дзяржаўнай мудрасці, каб ісці другім шляхам.

Вадзім ГІГІН: Асаблівая, самабытная палітычная традыцыя савецкай Беларусі, на аснове якой стаіць сучасная Рэспубліка Беларусь, мае вялізную ролю, недарэмна без рэвалюцый, без датэрміновых выбараў той Вярхоўны Савет, які быў абраны ў савецкі час у 1990 годзе, прымаў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і ўводзіў інстытут прэзідэнцтва. Пра гэтую пераемнасць мы не павінны забываць.

Павел СУХАРУКАЎ: Уласны жыццёвы вопыт накладае вельмі моцны адбітак на светапогляд. Добра памятаю першыя прэзідэнцкія выбары, калі я, студэнт 3-га курса гістарычнага факультэта, знаходзіўся на педагагічнай практыцы і вельмі катэгарычна патрабаваў, каб мяне дапусцілі да галасавання. Грамадства, чалавек вельмі тонка адчувае жыццёва важныя і вызначальныя для гістарычнага працэсу моманты. Думаю, канстытуцыя, якая паклала пачатак інстытуту прэзідэнцтва ў нас, і потым — выбарам прэзідэнта, з'явілася рубіконам і адпраўным пунктам рэальнага станаўлення беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці.

Запісала Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Таццяны Ткачовай

Загаловак у газеце: Інстытут прэзідэнцтва ў кантэксце 25-годдзя беларускай Канстытуцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.