Вы тут

Як фрыстайлістка Яна Ярмашэвіч вярнулася пасля найцяжэйшай траўмы ў спорт


Два гады таму яна зноў вучылася хадзіць, а сёлета ў красавіку паднялася на п'едэстал чэмпіянату свету

16 сакавіка 2016 года ў аздараўленчым цэнтры «Фрыстайл», развучваючы новы скачок, фрыстайлістка Яна Ярмашэвіч на хуткасці каля 25 км/г вылецела з трасы падвойнага трампліна і з шасці метраў упала ў басейн, які адносіцца да зоны аквапарку. Ад гібелі яе выратавалі лічаныя сантыметры, маладая спартсменка зламала сцягно. Пасля здарэння Яне прыйшлося чатыры месяцы ляжаць на выцяжцы, перанесці тры аперацыі і ў прамым сэнсе слова зноў вучыцца хадзіць. У цэлым рэабілітацыя заняла больш за год, але дзяўчына, яшчэ быўшы прыкаванай да бальнічнага ложка, прыняла рашэнне, што будзе вяртацца ў вялікі спорт. Каб гэта зрабіць, Яне давялося не толькі перацярпець наймацнейшы фізічны боль, але і псіхалагічна пераадолець сябе, каб зноў падняцца на гэты трамплін і зноў узляцець у паветра.


Яна і  Сняжана ДРАБЯНКОВА

Яна змагла. Цяперашні сезон для ўзыходзячай зоркі беларускага фрыстайла стаў самым паспяховым, Яна заваявала бронзавы медаль юніёрскага чэмпіянату свету і стала другой у агульным заліку Кубка Еўропы. Пра тое, як зноў вучылася не толькі лётаць, але і хадзіць, дзяўчына расказала ў сваім інтэрв'ю.

«Буду павышаць складанасць»

— Яна, сезон скончаны, падзяліцеся сваімі ўражаннямі.

— Ён пачаўся ў кастрычніку, для мяне гэта першы настолькі доўгі сезон. Было вельмі складана. У кастрычніку мы пачалі лыжную падрыхтоўку, а ўжо ў лістападзе — скакалі на спаборніцтвах у Фінляндыі. Асноўныя старты і мэты былі пастаўлены на агульны залік Кубка Еўропы і юніёрскі чэмпіянат свету. На дамашніх этапах кантынентальнага кубка заваявала два «серабры» і адну «бронзу», дадала «серабро» ў Маскве і такім чынам набірала ачкі для агульнага заліку. Прыняла ўдзел ва Універсіядзе, гэта быў мой першы настолькі глабальны старт, трохі перанервавалася, калі трапіла ў фінальную васьмёрку, таму там у мяне не ўсё атрымалася. На чэмпіянаце свету падвяло надвор'е, ішоў такі снег, што да канца кантрольнай трэніроўкі мы ўжо не бачылі трампліна. У дзень старту, 5 красавіка, снегу было па калена, што не характэрна для Італіі. Скакаць было цяжка, на размінцы наогул нічога не атрымлівалася, не магла ўстаць (проста падала на прызямленні), пачалася нават невялікая паніка. Але ў выніку атрымалася сабрацца і заняць сваё годнае 3-е месца.

— У агульным заліку Кубка Еўропы вас апярэдзіла яшчэ адна беларуска Сняжана Драбянкова...

— Мы заўсёды ідзём удзвюх. Сняжана больш дасведчаная, скача больш складаныя скачкі, таму пакуль я ёй саступаю. Але наогул мы сяброўкі, падтрымліваем адна адну, калі штосьці не атрымліваецца.

— Планы на наступны сезон ужо намецілі?

— Буду павышаць складанасць, бо пакуль я скачу толькі падвойныя сальта без вінтоў, разумею, што доўга з імі не пратрымаюся. Буду чысціць скачкі, пакуль у мяне шмат памылак, бачу іх сама, казалі пра гэта і трэнеры. Таксама трэба працаваць над прызямленнем, над адыходам. Адным словам, работы шмат.

«Я гугліла: «Як хадзіць?»

— Пасля сур'ёзнай траўмы прайшло тры гады, як адчуваеце сябе цяпер?

— Аднавіцца было складана, таму што здарылася невялікая ўрачэбная памылка, з-за якой я страціла так шмат часу. Паўгода без руху, я была практычна паралізаваная. Год таму зрабілі аперацыю, выцягнулі з нагі ўсе шурупы і перада мной паўстала задача — ісці на падвойныя скачкі. Было вельмі складана пераадолець сябе, свой страх. Дамовіліся з трэнерамі, што пачнём скакаць у Чэхіі, так і зрабілі, а вось калі прыехалі ў Мінск, у тую абстаноўку, дзе ўсё гэта са мной здарылася, пачалася істэрыка, паніка, слёзы. Але я неяк перасіліла сябе, першых трэніровак пяць была толькі адна думка — даехаць да трампліна, а што я буду рабіць у паветры, ужо ўсё роўна. Складана было праехаць гэта месца, дзе я зляцела, а потым прывыкла, асвоілася, стала адчуваць упэўненасць, цяпер усё добра.

— Памятаеце сваю рэакцыю, калі ўпершыню пасля трагедыі ўбачылі месца, адкуль упалі?

— Затрэсліся рукі... Я ж яшчэ неяк выпадкова ўбачыла відэа, як я ўпала, больш яго не глядзела. Ды і міна ў адно месца два разы не падае.

Цяпер магу сказаць, што гэтаму трэба было здарыцца. У мяне адбылося пераасэнсаванне ўсяго, калі была б магчымасць адкруціць час назад і пазбегнуць падзення, я б не стала гэтага рабіць. Пасля я шмат што зразумела. Напрыклад, што трэба слухаць свой арганізм, калі нешта баліць, нельга рабіць праз страшэнны боль. Трэба слухаць сваё сэрца. Ёсць страх, а ёсць адрэналін, і неабходна знайсці паміж імі баланс. Усё, што робіцца, усё да лепшага. Цяпер я стала больш часу аддаваць вучобе, хоць і раней добра вучылася. Стаўлю перад сабой мэты не толькі на спорт, але і на жыццё за яго межамі.

— На той момант былі людзі, якія адгаворвалі вяртацца ў вялікі спорт?

— Гэта былі ўсе акрамя мамы, сястры і бабулі. Мама сказала: «Нічога не ведаю, мы вяртаемся!» Мне ўсе казалі: ды ну, які фрыстайл? Я і сама потым пачала думаць, можа, рэальна не трэба. Але мама сказала, што, калі я скакала, у мяне быў агонь у вачах, а потым ён знік. Падчас рэабілітацыі я стала хадзіць у цэнтр «Фрыстайл», яго кіраўніцтва і федэрацыя вельмі дапамаглі, сказалі, маўляў, называеш сваё прозвішча і цябе пускаюць усюды — трэнажорная зала, басейн, лазні. Мама сядзела, а я плавала гадзіну, паўтары. Памятаю, кажу ёй, нага баліць, а яна: «Я сказала плаваць! Не дрыгай ёй, рукамі плыві». Аднаўленне ў мяне было па сем гадзін у дзень, спачатку ў дыспансеры, потым у «Фрыстайле».

Я сур'ёзна гугліла: «Як хадзіць?». Вось ты сядзіш, бачыш збоку, як людзі ходзяць, разумееш, як гэта, што ты павінен зрабіць, але не можаш. Першыя некалькі месяцаў мне трэба было думаць: так, пятка, насок, сагнуць калена, падняць. У дзяцінстве ўсё гэта мы робім інстынктыўна, а тады мне трэба было спачатку зрокава ўбачыць, пасля падумаць. Пазней я доўга не магла хадзіць не кульгаючы, хоць у мяне ўжо нічога не балела, ужо на батуце нават скакала. Мне трэнеры казалі: «Яна, ідзі, нармальна вучыся хадзіць». А я псіхалагічна забылася, як гэта рабіць, таму не магла. Ды і цяпер, устаючы раніцай, магу адзін крок пракульгаць, а потым ужо нармальна пайсці.

— Вы казалі, што сагнуць нагу было нерэальна балюча, які боль усё ж мацнейшы — фізічны або маральны?

— Другі адназначна. Я разумела, што трэба распрацоўваць гэтую нагу, інакш я не змагу хадзіць, буду адчуваць дыскамфорт. А вось маральна заўсёды можна было здацца і адмовіцца ад фрыстайла. Але калі ёсць мэта, жаданне, усё магчыма.

— Якая была галоўная матывацыя?

— Па-першае, даказаць сабе, што магу вярнуцца, а па-другое, калі б сышла, магла б пашкадаваць, а я вырашыла паспрабаваць, каб потым не грызці сябе.

— Напэўна, быў момант, калі хацелі здацца...

— Да гэтага часу бывае. Напэўна, такія моманты ёсць у жыцці кожнага спартсмена. Потым мама прызналася: калі я плакала і казала, што больш не магу, ёй таксама хацелася плакаць. Але ў яе была такая тактыка: яна пачынала на мяне крычаць, а я ненавіджу, калі на мяне крычаць, і пачынаю крычаць у адказ. Так мы крычалі адна на адну, і я пераставала плакаць. Напэўна, калі б яна таксама заплакала, размякла, нічога б не атрымалася.

— Вы казалі, што ў перыяд рэабілітацыі працавалі з пяццю псіхолагамі...

— Так, псіхолагі былі розныя. Некаторыя казалі: «Табе гэта не трэба, гэта не тваё, дзе твой жаночы пачатак? Ты павінна на абцасах хадзіць». На самай справе цяпер я паспяваю ўсюды: прыйсці на трэніроўку на дзесяцісантыметровых абцасах, зняць іх, надзець шлем, лыжы, пайсці паскакаць, прыйсці назад, надзець туфлі і пайсці ва ўніверсітэт. Цяпер мой псіхолаг гэта толькі мама, хоць па адукацыі яна настаўніца матэматыкі, а працуе дырэктарам фірмы.

— Як цяпер маці рэагуе на вашы поспехі?

— Кажа, што бачыць мяне часцей па тэлевізары, чым ужывую, а так, заўсёды падтрымлівае і ганарыцца. Вельмі хвалюецца, калі ў мяне спаборніцтвы, падчас чэмпіянату свету казала, што рукі
трэсліся.

«Пачала скакаць падвойныя. Гэта было такое шчасце...»

— Памятаеце свой першы турнір пасля аднаўлення?

— Гэта было два гады таму, летам у нас праводзяцца такія спаборніцтвы, дзе мы здаём агульнафізічную падрыхтоўку, скачкі на батуце, дарожку. У выніку падзення ў мяне пацярпела сцегнавая косць, яе верхняя частка, але сама яна досыць доўгая — ідзе да калена. Унутры нагі ў той момант у мяне стаяла металічная канструкцыя, косць, можна сказаць, была насаджаная на яе, гэта палка мацавалася на балты — адзін уверсе і два каля калена. Калі я прыйшла да доктара і сказала, што хачу скакаць, ён растлумачыў, што балты ўжо расхісталіся і трэба іх даставаць. Зрабілі аперацыю, а праз тры тыдні я ўжо змагла выступаць на гэтым турніры і стала другой, радасці было вельмі шмат.

— Перад ракавым падзеннем у 2016-м трэнеры казалі аб вашай вялікай перспектыве і бачылі вас у складзе нацыянальнай зборнай...

— Я зразумела, што магу вярнуць складанасць скачкоў, толькі летам 2018-га, калі пачала скакаць падвойныя, перасіліла сябе. Гэта было такое шчасце, тады я зразумела, што, напэўна, змагу нешта паказаць. Зараз не стаўлю перад сабой глабальных мэт, выконваю задачы паступова, так, спадзяюся, дабяруся і да Алімпіяды.

— Як адчуваеце сябе ў адной кампаніі з алімпійскай чэмпіёнкай Ганнай Гуськовай і чэмпіёнкай свету Аляксандрай Раманоўскай?

— Мы ўсе сябруем. З Сашай разам выступалі на Універсіядзе, з Аняй зараз былі на зборах у Швейцарыі. У нас вельмі дружная каманда. Калі Аня выйграла Алімпіяду, мы якраз былі на зборах у Раўбічах, было адчуванне, што перамог кожны з нас, хтосьці нават плакаў.

— Ганна аднаўляецца пасля траўмы, як у яе справы?

— Кажа, што гатовая ўсіх ірваць. (Усміхаецца.)

— У камандзе ў нас вельмі творчыя дзяўчаты: Аня неяк збіралася шыць адзенне, Саша вяжа. А вы?

— Я ўвогуле не ўмею рукадзельнічаць, ні маляваць, ні спяваць, нічога, акрамя як скакаць. Напэўна, у мяне больш аналітычны мозг ад мамы.

— А вось любоўю да татуіровак вы з дзяўчатамі падобныя...

— Так, у мяне ўжо ёсць дзве. Першая татуіроўка з'явілася ў 15 гадоў, яна прысвечана бацьку, а другая — гэта малюнак фенікса на ўсю правую лапатку, як знак аднаўлення, адраджэння з попелу, знак таго, наколькі шмат я прайшла, каб вярнуцца ў сваю любімую справу. Планую яшчэ закрыць шрамы ад аперацый, ідэі ўжо ёсць, але пакуль думаю.

— Наперадзе месяц адпачынку, як плануеце яго правесці?

— У мяне ёсць дзесяць дзён на тое, каб здаць зімовую сесію, а потым хачу з'ездзіць у Львоў, кажуць, там шмат тэматычных кафэ, хацелася б пабываць. І яшчэ хачу з'ездзіць у Маскву, наведаць акіянарыум — мая дзіцячая мара.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Як птушка фенікс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Калейдаскоп

«Звязда» пабывала на здымках «Талента краіны»

«Звязда» пабывала на здымках «Талента краіны»

Ужо ў гэту суботу на АНТ вялікая прэм'ера.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.