Вы тут

Цікавыя навіны замежжа


Прачытала дробны шрыфт — выйграла 10 тысяч

Настаўніца з амерыканскага штата Джорджыя атрымала 10 тысяч долараў пасля таго, як уважліва прачытала дробны шрыфт, паведамляе Tаmра Bау Tіmеs.

Страхавая кампанія, якая базіруецца ў горадзе Сэнт-Пітэрсберг, штат Фларыда, наладзіла таемны конкурс, умовы якога размясціла дробным шрыфтам у дакументах, што набываюць для афармлення страхоўкі для выезду ў іншыя краіны. Першай гэтую дэталь заўважыла 59-гадовая настаўніца сярэдняй школы Данелан Эндрус: у працэсе купляння страхоўкі за 400 долараў яна ўважліва прачытала юрыдычныя паперы, якія наўмысна былі напісаныя складанай мовай з выкарыстаннем спецыфічных тэрмінаў. Схаванае пасланне аказалася на сёмай старонцы. Пераможца з'явілася праз 23 гадзіны пасля запуску конкурсу. «Каб падкрэсліць важнасць вывучэння дакументаў на подпіс, мы запусцілі конкурс «Плацім за чытанне», у якім заахвоцім чалавека, які чытае інфармацыю ў пагадненнях ад пачатку да канца. Калі вы чытаеце гэта ў перыяд правядзення конкурсу і паспееце звярнуцца да нас першым, вам будзе ўручаны галоўны прыз у памеры 10 тысяч долараў», — гаварылася ў паперах.

Эндрус запэўнівае, што заўсёды чытае падобныя дакументы, у тым ліку пагадненні аб выкарыстанні лічбавага праграмнага забеспячэння, якія практычна ўсе прагортваюць. Яна прызналася, што сама выкарыстоўвае гэты трук у навучанні. Жанчына плануе выдаткаваць прыз на паездку ў Шатландыю ў гонар 35-й гадавіны вяселля.

Першапачаткова ў кампаніі разлічвалі размяшчаць непрыкметны надпіс на працягу года і былі ўпэўненыя, што ніхто яго не заўважыць. Грошы планавалася накіраваць на дабрачыннасць. Нягледзячы на выплату Эндрус, фірма ўсё роўна накіруе яшчэ 10 тысяч на развіццё праектаў па павышэнні пісьменнасці сярод дзяцей і яшчэ па 5 тысяч — на развіццё дзвюх школ, у якіх працуе настаўніца.


Мільянер хоча зладзіць гульні на выжыванне

Але ці не стане забаўка правобразам рэальных «Галодных гульняў»?

Невядомы мільянер плануе арганізаваць паядынкі на выжыванне па матывах знакамітага фантастычнага фільма «Галодныя гульні», паведамляе інфармацыйны партал ІGN.

Мужчына, які пажадаў захаваць ананімнасць, шукае на платформе HushHush памочніка, які зможа прадумаць дызайн арэны для бою. Вядома ж, гаворка не ідзе пра вайну не на жыццё а на смерць, але тэматыка ў прынцыпе тая ж — у канцы павінен застацца толькі адзін. Як мяркуецца, бітва будзе праходзіць на прыватным востраве, у ёй прымуць удзел 100 гульцоў. Кожнаму з іх выдадуць зброю для страйкбола і бронекамізэльку, абсталяваную сэнсарным экранам. Апошні «выжылы» атрымае прыз у памеры 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Згодна з правіламі гульні, паядынак будзе доўжыцца тры дні, аднак «змагацца» ўдзельнікі будуць толькі ў светлы час сутак. Уначы яны змогуць размясціцца ў лагеры, дзе ім пададуць неабходную правізію. «За апошнія некалькі гадоў гульні накшталт «каралеўскай бітвы» здабылі неверагодную папулярнасць, і наш кліент — іх гарачы прыхільнік. Ён хоча правесці гульню ў рэжыме рэальнага часу, не прычыніўшы нікому шкоды», — адзначыў уладальнік платформы HushHush.

Цяпер праект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі, мільянер шукае арганізатара паядынку. Патэнцыйнаму кандыдату абяцаюць плаціць 1,5 тысячы фунтаў стэрлінгаў у дзень. Па папярэдніх падліках, работа зойме паўтара месяца.

Цікава, ці будзе гэты праект ажыццёўлены? У сусветным кінематографе шмат фільмаў пра тое, як групу людзей (а часам і дзяцей) прымушаюць знішчаць адно аднаго ў надзеі на неймаверны выйгрыш або проста выратаванне жыцця пераможцы або яго блізкіх. Але пакуль усё гэта было менавіта ў кіно, а зараз набывае цалкам рэальныя рысы. І няхай гэта толькі гульня, але што будзе далей, калі гульня рана ці позна скончыцца?..


У радзільным аддзяленні зацяжаралі 15 супрацоўніц

У амерыканскім штаце Нью-Ёрк цяжарнымі аказаліся адразу 15 супрацоўніц адной з бальніц, паведамляе Іnsіdе Еdіtіоn.

Самае цікавае, што ўсе яны працуюць медсёстрамі і асістэнтамі ўрача ў радзільным аддзяленні і рэанімацыі для нованароджаных. Мяркуецца, што першая з іх народзіць ужо ў красавіку. «Бясспрэчна, пачынаеш задумвацца аб нечым такім, — кажа адна з жанчын, якія чакаюць дзіця ў чэрвені. — Можа, мы нешта п'ём? Або аб нешта тромся жыватамі? Нам усім вельмі пашанцавала». Адна з цяжарных супрацоўніц мае намер нараджаць на рабоце і лічыць, што лепшага месца для гэтага не знайсці. «Калі адыдуць воды і пачнуцца схваткі, дастаткова прайсці па калідоры — і атрымлівай дзіця», — кажа яна.

Раней паведамлялася, што ў амерыканскай пачатковай школе Оаk Strееt Еlеmеntаrу Sсhооl, размешчанай у горадзе Годард, штат Канзас, зацяжаралі адразу сем настаўніц. Дырэктар жартаваў, што цяпер да школы варта прыбудаваць яшчэ і дзіцячы сад.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».