Вы тут

Прэзідэнт наведаў ПВТ


Сёння кіраўнік дзяржавы наведаў Парк высокіх тэхналогій. Беларускі лідар азнаёміўся з вынікамі работы рэзідэнтаў Парку па развіцці лічбавых тэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, фінансаў, транспарту, гандлю, экалогіі, робататэхнікі, оптыкі, лазераў і мікраэлектронікі.


Далей адбылася нефармальная сустрэча з прадстаўнікамі ІТ-супольнасці. Аб выніках і перспектывах ПВТ далажыў яго кіраўнік Усевалад Янчэўскі.

Ён распавёў, што Парк дзякуючы прынятаму Дэкрэту № 8 расце не па днях, а па гадзінах. У яго склад уваходзіць больш за 500 кампаній, працуе ўжо пад 50 тысяч праграмістаў. Тут прадстаўлены розныя кампаніі — вялікія і малыя, прадстаўнікі сусветных карпарацый і перспектыўныя арганізацыі.

Гаворачы аб выніках працы ПВТ, Усевалад Янчэўскі прывёў цікавы прыклад: ён распавёў, што літаральна некалькі тыдняў заснавальнік і ўладальнік адной амерыканскай кампаніі (яна працуе ў ПВТ нядаўна, працуе паспяхова), у сябе ў акаўнце ў сацыяльнай сетцы Твітэр напісаў: «Мінск — рай для праграмістаў ». «Лепш не скажаш», — падкрэсліў ён.

Ужо год мінуў з моманту падпісання Дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Што даў гэты дакумент? Лічбы і факты: за мінулы год экспарт ПВТ склаў 1 млрд 415,8 млн долараў. Рост экспарту склаў 138 %. Кіраўнік ПВТ звярнуў увагу, што да 2017–2018 гг. тэмпы росту экспарту некалькі згасалі, а потым пачалі хутка расці, хоць значных змен на рынку не адбылося. Чаму адбыўся гэты рост? «Прэзідэнт абвясціў курс на ІТ-краіну», — нагадаў спецыяліст.

Тады, у пачатку 2017 года, адбылася нарада ў адной з вядомых ІТ-кампаній, на якой Аляксандр Лукашэнка аб’явіў такі курс. У тым жа годзе працавалі над Дэкрэтам № 8. «Ён яшчэ не быў падпісаны, а ўжо пайшоў добры эфект», — сказаў Усевалад Янчэўскі.

Ён таксама патлумачыў матывацыю заказчыкаў: людзі бачылі стаўленне ўлады да гэтай сферы, сачылі за навінамі, пасля чаго рэагавалі.

Яшчэ адна лічба, якую прывёў кіраўнік ПВТ: агульная выручка — 3,2 мільярда рублёў, рост — 147 %. Ён адзначыў, што рост працягваецца.

Усевалад Янчэўскі патлумачыў рэцэпт поспеху: Прэзідэнт даў другое дыханне гэтай сферы, што адбілася на выніках.

Дарэчы, чысты прыток валюты ў краіну па лініі Парку — 1 млрд 385 млн долараў.

Спецыяліст таксама адзначыў, што ПВТ даўно выйшаў з тэрыторыі на вуліцы Акадэміка Купрэвіча. Больш за тое, арганізацыя падтрымлівае сваіх удзельнікаў, калі яны размяшчаюцца ў рэгіёнах. На думку Усевалада Янчэўскага, у будучыні ў рэгіёнах будзе стварацца ўсё больш і больш кампаній. Тым больш, што ў гэтай сферы зусім не абавязкова прыязджаць у офіс — можна працаваць са свайго горада на адлегласці.

Далей ён закрануў тэму адукацыі. Паводле слоў спецыяліста, Парк забірае з рынку абсалютна ўсіх выпускнікоў і хоча яшчэ. Акрамя таго, працаўладкоўваюцца і студэнты. Вяртаюцца і тыя айчынныя спецыялісты, якія ў свой час ўладкаваліся ў лепшыя замежныя кампаніі.

Што тычыцца колькасці супрацоўнікаў, то за два гады штат ПВТ павялічыўся на 18 392 чалавекі. Фактычна, за два гады Парк вырас у два разы. Дарэчы, пра заробкі — высокія зарплаты супрацоўнікаў ПВТ — гэта добра для краіны, паколькі супрацоўнік Парку плаціць падаходны падатак у 3–3,5 раза большы, чым сярэдні па краіне.

Усевалад Янчэўскі падкрэсліў: сёння Беларусь паступова ператвараецца ў цэнтр кампетэнцый ўсяго Усходне-Еўрапейскага рэгіёна ў сферы штучнага інтэлекту. А гэта — адзін з прарыўных напрамкаў у сферы ІТ.

Больш за тое, у ПВТ прадстаўлены кампаніі самых розных кампетэнцый, таму, упэўнены ён, для лічбавізацыі краіны ёсць усе магчымасці.

На сустрэчы гаварылі аб праблемах у ІТ-сферы, у першую чаргу – аб адукацыі. Свет мяняецца з неверагоднай хуткасцю, тэхналогіі развіваюцца шалёнымі тэмпамі. На сустрэчы прагучала меркаванне, што неабходна вельмі моцна змяніць сістэму адукацыі сёння, каб праз 20 гадоў у Беларусі не было татальнага беспрацоўя.

«ІТ сёння нават больш, чым нафта. У 2018 годзе колькасць грошай, якія выдаткавала сусветная супольнасць на ІТ, на 60 % больш, чым грошай на нафту. І гэты паказчык будзе толькі расці», – сказаў адзін з удзельнікаў сустрэчы.

У перспектыве многія прафесіі і індустрыі будуць змяняцца і, што важна, будуць знікаць. Напрыклад, дастаўка тавараў – у ЗША іх ужо пачынаюць дастаўляць дроны. Аднак на кожнае працоўнае месца, якое зойме машына, будуць створаны іншыя працоўныя месцы – для людзей, якія будуць іх абслугоўваць.

Такім чынам, эканоміцы трэба больш адукаваных людзей. Адзін з удзельнікаў сустрэчы распавёў, што не так даўно даваў інтэрв'ю і ў ім адзначыў, што хутка прыме ўдзел у сустрэчы з Прэзідэнтам. У сувязі з гэтым ён заклікаў чытачоў напісаць яму, што неабходна зрабіць у адукацыі, – і атрымаў велізарную колькасць лістоў. Што пісалі людзі? Напрыклад тое, што наша сістэма раней была добрая, але сёння яе трэба мяняць. Таксама прасілі прыняць Дэкрэт аб адукацыі – прарыўны, падобны на Дэкрэт №8.

На сустрэчы заклікалі скараціць колькасць папяровай працы ў настаўнікаў і перайсці на электронны фармат. Таксама было адзначана, што папяровая валакіта адсоўвае на другі план галоўнае – якасць адукацыі. Гэта ж тычыцца і дзённікаў – усё павінна быць у камп’ютары. Патрэбныя віртуальныя класы – вывучаць у іх прадметы, шукаць інфармацыю анлайн. Пры гэтым прагучала меркаванне, што кожнае дзіця павінна вучыцца ў сваім тэмпе.

Вялікую ўвагу надалі прафарыентацыі – трэба зразумець, што трэба дзіцяці, паколькі гэта наўпрост паўплывае на яго будучыню. Ёсць тэсты, сістэмы, методыкі – такім чынам, да канца школы выпускнік павінен ведаць, што ён хоча рабіць. Калі будзе разуменне, навошта вучыцца, то і вынікі будуць іншыя.

Таксама на сустрэчы было адзначана, што падручнікі не павінны быць адарваныя ад рэальнасці, а павінны ўтрымліваць рэальныя праблемы, з якімі чалавек сутыкнецца ў жыцці.

Вядома, казалі аб вывучэнні англійскай мовы – базавай для ІТ-сферы. Колькасць урокаў трэба павялічыць значна, а вывучэнне пачынаць з першага класа.

Яшчэ на сустрэчы было сказана, што ПВТ хоча больш дапамагаць адукацыі, але пакуль гэта не атрымліваецца рабіць у належнай меры з-за статусу ўстановы. Гаварылі і аб стварэнні Міністэрства лічбавай эканомікі, якое можа стаць штабам, каб кіраваць інфарматызацыяй.

Прэзідэнт, узяўшы слова, адзначыў: асабліва важна для яго пакінуць Парк высокіх тэхналогій з даручэннем, якоя прасуне ІТ-сектар наперад. Аляксандр Лукашэнка запрасіў прысутных да шчырага дыялогу, падчас якога спецыялісты скажуць, што неабходна зрабіць, каб рухацца з тымі тэмпамі, як апошнія некалькі год.

«Вы тут шмат пра Дэкрэт [№ 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі“- Звязда] гаварылі, дзякавалі мне шмат. Я не вельмі люблю, калі мне дзякуюць за маю працу. Мне за гэта хоць невялікія (значна меншыя, чым вы атрымліваеце) грошы дзяржава плаціць. Я не крыўджуся: як працую, так і плацяць, — пажартаваў кіраўнік краіны. — Дэкрэт — гэта не столькі я, колькі вы. Мы ў свой час рызыкнулі і пачалі ствараць гэты парк. І тады быў больш гераічны крок, чым той Дэкрэт, пра які вы сёння казалі». 

Беларусі, краіне небагатай вуглевадародамі, прыйшлося шукаць свой шлях для развіцця эканомікі і забеспячэння незалежнасці. Па словах Прэзідэнта, асаблівай вастрыні гэтай неабходнасці дадало і геапалітычнае становішча дзяржавы. Яно адначасова і наканаванне, і перавага.

«Вялікая перавага, калі ты на скрыжаванні ўсіх шляхоў, калі ты знаходзішся ў эпіцэнтры не толькі падзей, але і развіцця. Але вельмі небяспечна, таму што ты ў гэтым эпіцэнтры: адзіны памылковы рух — і можа быць дрэнна. Прыклад таму, на жаль, наша родная Украіна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Развіццё IT-сектара ў тыя няпростыя часы, паводле Аляксандра Лукашэнкі, стала адным са шляхоў забеспячэння незалежнасці. Вывучаліся многія варыянты, але асабліва на Прэзідэнта паўздзейнічала адна сустрэча, пра якую ён расказаў прысутным.

Аднойчы да Аляксандра Лукашэнкі на прыём трапілі кіраўнікі амерыканскіх кампаній, якія заказвалі ў нас пэўныя працы. Адзін з гасцей паведаміў, што сярод амерыканскіх айцішнікаў кажуць: «Калі хочаш нешта зрабіць, едзь у Еўропу. Калі ты хочаш нешта зрабіць вельмі складанае ў сферы ІТ, едзь у Індыю. Калі ты хочаш зрабіць нешта неверагоднае, едзь у Беларусь. Там ёсць людзі, якія могуць стварыць гэта неверагоднае».

З цягам часу самі ІТ-спецыялісты ўсвядомілі неабходнасць змен і сталі патрабаваць ад дзяржавы крокаў па развіццю Парка высокіх тэхналогій і ўсёй сферы. Прэзідэнт падзякаваў праграмістам за тое, што падштурхнулі да прыняцця рашэнняў. 

Як заўсёды бывае на практыцы, не адразу ўсё пайшло гладка. Не хапала кампетэнцый, але Беларусь багатая на таленты. Значную ролю ў ажыццяўленні змен сыграў ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня, якога Прэзідэнт назваў «правадніком» ідэй, і сённяшні першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын, старшыня Савета па развіццю прадпрымальніцтва. 

«Як толькі вы ўнеслі гэтыя прапановы, я, канешне, іх перачытаў, не ўсё зразумей, але падпісаў адразу. Думаю, мы нічога не страцім, ну праляцім дзесьці, не атрымаецца — нічога не атрымаем. Для іміджу дзяржавы не вельмі, але перажывём. І не такое перажывалі, а калі атрымаецца, будзем нешта мець. Вось такая логіка была», — расказаў беларускі лідар.

І логіка досыць правільная, бо як вядома, хто не рызыкуе... не становіцца ІТ-дзяржавай. Але Прэзідэнт засцярог спецыялістаў ад паскоранага развіцця штучнага інтэлекту, каб людзі не засталіся лішнімі на свеце.

У адказ на прапановы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе рэчы, пра якія было сказана, - гэта для яго не навіны.

Аб Міністэрстве лічбавай эканомікі

Што тычыцца Міністэрства лічбавай эканомікі, кіраўнік дзяржавы заклікаў паглядзець на структуру ўрада, таму што існуе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. "Калі атрымаецца, не ламаючы структуру ўрада, умантаваць лічбавую эканоміку як пласт для развіцця нашай дзяржавы, мы гэта зробім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, калі стане ясна, што гэта рабіць не трэба або зрабіць немагчыма, то разгледзяць іншыя варыянты: можа, зробяць асобнае міністэрства са сваімі функцыямі, а можа, перададуць функцыі іншых ведамстваў. Ён даручыў першаму віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчыну не зацягваць вырашэнне гэтага пытання. «У другім квартале мы гэтую працу скончым», - сказаў беларускі лідар.

Аб ІТ-сектары і людзях

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння многія зразумелі, наколькі перспектыўная гэта сфера, таму імкнуцца ў яе патрапіць. І тут ёсць негатыўны фактар, адзначыў кіраўнік дзяржавы: людзі напалоханы размовамі на гэтую тэму, у меншай ступені - 30 і 40-гадовыя, у большай - ад 50 да 60 гадоў, старэйшыя. Таму ён заклікаў некалькі «астудзіць» грамадскасць.

Пра сітуацыю ў школах

Беларускі лідар адзначыў, што акрамя настаўнікаў, значны ўдзел у навучальным працэсе павінны прымаць і бацькі. Матывацыя вучыцца павінна быць у тым ліку ад сям'і, упэўнены ён.

У цэлым у адказ на ўсе прапановы Прэзідэнт адказаў ёміста: трэба зыходзіць з рэальнага. Адразу зрабіць усё немагчыма - і гэта тычыцца не столькі грашовага пытання, колькі кадравага.

Акрамя стратэгічных пытанняў па адукацыі, закранулі і звычайныя:

“Сёння цуды чытаю ў нейкім СМІ (я разбіраўся з урадам): міністр адукацыі нейкія распараджэнні выдаў, што настаўнік павінен прыходзіць у школу не раней чым за 30 хвілін да пачатку урокаў і сыходзіць не пазней чым праз 30 хвілін пасля заканчэння, увесці намесніка дырэктара па бяспецы і кучу ахоўнікаў у школе. Паўстае пытанне, хто самыя галоўныя ахоўнікі ў школе? Настаўнікі. Так было ў нас заўсёды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, многія настаўнікі нават не выходзяць з сваіх кабінетаў. "Акрамя адукацыі, яшчэ і выхоўваць трэба. Выхаванне і адукацыя - адзіныя працэсы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прагнасць на таленавітых людзей

Сённяшняя сустрэча падкрэслівае, што інавацыі праграмістаў неабходны ва ўсіх сферах эканомікі — аграпрамысловым комплексе, адукацыі, ахове здароўя, машынабудоўлі. «Вы ўсюды патрэбны са сваім прадуктам. Прадуктам, які на дадзеным этапе рабіць працу чалавека больш складанай і самога чалавека ваш прадукт робіць больш прасунутым. Таму спыняцца не будзем», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ён чалавек, прагны да таленавітых людзей, бо гэта самы галоўны капітал.

«Калі я стаў Прэзідэнтам, мабыць, гэта прагнасць, калі так па-чалавечы можна назваць, яна ў нейкай ступені выратавала нашу адукацыю і навуку. Бо тады былі прапановы ўсё на кавалкі парэзаць, прыватызаваць», — падкрэсліў лідар краіны.

Сёння, дзякуючы выдатнай школе, беларускі вопыт запатрабаваны ва ўсіх кутках свету. Як прыклад Прэзідэнт прывёў Сахалін, у якім нашы спецыялісты стварылі замкнуты цыкл вытворчасці і пераапрацоўкі мяса, малака. Каштоўныя ідэі канструктараў велізарных самазвалаў «БелАЗ». Прадпрыемства сёння трымае амаль 30 % сусветнага рынку.

Сумленнасць і прыстойнасць як аснова

Закранаючы тэму прыватызацыі, Прэзідэнт прывёў прыклад з аграрнай сферы. Некаторыя прадстаўнікі ўлады выказваюцца за перадачу гаспадарак і зямель у прыватную ўласнасць.

“Пракапеня хоча ўзяць калгас стратны? Не. Яшчэ хтосьці хоча? Дык Пракапені аддай, ён выкруціцца. Ён знойдзе кагосьці, як-небудзь будзе працаваць у калгасе, — упэўнены  кіраўнік дзяржавы. — Сёння фермерам, калі раздаць усё гэта, можа быць толькі кіраўнік гаспадаркі. Дык у нас з гэтых кіраўнікоў гаспадарак яйкагаловых палова, а палова тых, каго трэба за руку вадзіць. Каму гэту зямлю раздаць?”

У працяг тэмы Аляксандр Лукашэнка расказаў і пра негатыўны вопыт суседніх краін. Яны, маючы значна большыя надзелы зямлі, не могуць цалкам забяспечыць сябе прадукцыяй сельскай гаспадаркі.

Адказваючы на пытанне пра бюракратыю ў адукацыйным працэсе, Прэзідэнт адзначыў, што сёння гэта не такая вострая праблема. Ды і настаўнікі ўжо не такія, як былі раней. Шматлікія праблемы залежаць ад настаўнікаў, і менавіта яны павінны іх вырашаць.

Па меркаванні Прэзідэнта, тое добрае, чаму вучылі ў савецкай школе, забылася. “Патрабаванні былі жалезныя, былі паказчыкі і крытэрыі якасці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сёння інспектары са сферы адукацыі зашмат працуюць з дакументацыяй.

Падводзячы вынік сустрэчы, кіраўнік дзяржавы запэўніў, што будзе і далей падтрымліваць ІТ-спецыялістаў. Нездарма да лічбавай эканомікі пераадолены складаны шлях. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў, а потым вы выраслі, пачалі прапаноўваць, як ісці. І я з вамі ішоў. Мы будзем рухацца ў гэтым кірунку настолькі эфектыўна, наколькі вы гэтага пажадаеце”.

Але кіраўнік дзяржавы напрыканцы яшчэ раз звярнуў увагу, што ў аснове ўсяго павінна быць сумленнасць і прыстойнасць.

Марыя ДАДАЛКА

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».