Вы тут

На Магілёўшчыне вызначаны найлепшыя маладыя прадпрымальнікі


Пачаць сямейную справу на пустынным яры рызыкнулі Артур і Таццяна ШАПЯЦЬКО з Чавусаў. І не памыліліся. Зрабілі сажалку і заняліся развядзеннем рыбы. Карп, амур, таўсталобік, карась, шчупак з іх фермерскай гаспадаркі сталі карыстацца вялікім попытам на рынку, а мясцовыя рыбакі абралі новы вадаём для ўлюбёнай справы.


На хвалі поспеху сужэнцы пачалі працаваць без выхадных, шукаць новыя магчымасці для пашырэння справы. Але хутка зразумелі: аднаго жадання замала, патрэбныя яшчэ і спецыяльныя веды.

Іх і атрымалі на бясплатным навучанні ў чавускім цэнтры падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва, куды запрасілі бізнесменаў-пачаткоўцаў з саміх Чавусаў, Крычава, Краснаполля, Чэрыкава. Прафесійныя трэнеры з Магілёва і Мінска выклалі ўдзельнікам усе асновы вядзення справы.

«Падчас вучобы зразумеў, што трэба скараціць выдаткі і павысіць аб'ём вытворчасці. Для гэтага патрэбна адмысловая ёмістасць, якая дапаможа прывозіць на продаж больш рыбы і пазбегнуць страт: жывую рыбу, што не прадалася, можна выпусціць», — тлумачыць Артур.

Выкладчыкі растлумачылі, што ў малым бізнесе асабліва важную ролю іграе аптымізацыя выдаткаў, — кантэйнер дапаможа вырашыць гэтую праблему. Набыць патрэбнае абсталяванне магчымасці ў сям'і не было — а тут перамога ў конкурсе бізнес-праектаў сярод маладых бізнесменаў, якім завяршылася навучанне ў Чавусах.

Аўтары найлепшых бізнес-ідэй атрымалі фінансаванне на закупку неабходных інструментаў ці абсталявання. Доўгачаканую ёмістасць для перавозкі рыбы Шапяцько атрымаюць цягам двух месяцаў — новы сезон пачнецца ўжо з іншымі маштабамі.

Як і для яшчэ адной пераможцы — Аксаны ЗАВАДСКАЙ, уладальніцы першага ў Чавусах дзіцячага цэнтра развіцця. Цэнтр і сам яшчэ ва ўзросце немаўляці — восем месяцаў, але хутка стаў папулярным у маладых бацькоў.

Пачаўся бізнес, калі дзяўчына засталася без працы педагога дашкольнай адукацыі. А маладой маці не хацелася адмаўляцца ад любімай справы. «У маленькім горадзе ўсе адно аднаго ведаюць, да любога пачынання ставяцца з падазронасцю. Адкрываць свой цэнтр вельмі страшна, але жаданне было мацнейшае», — дзеліцца Аксана.

У яе не было эканамічнай адукацыі і досведу ў бізнесе, таму знаёмства з дырэктарам Чавускага бізнес-цэнтра Сяргеем Клімянковым стала падарункам лёсу. Будучай прадпрымальніцы параілі звярнуцца ў цэнтр занятасці, каб пазней атрымаць субсідыю на адкрыццё сваёй справы. Дзякуючы тым сродкам, сямейным зберажэнням і невялікаму крэдыту праз колькі месяцаў дзяўчына адчыніла дзверы новага цэнтра для першых вучняў.

Сёння Аксана плануе пашырыць спіс паслуг і ўвесці групы па фітнесе і ёзе. Канкурэнтаў у горадзе пакуль няма, а набыць
спартінвентар і тое, што неабходна для заняткаў, дапаможа грашовы прыз, заваяваны на конкурсе бізнес-ідэй.

Акрамя Артура і Аксаны фінансаванне праектаў атрымалі яшчэ тры ўдзельнікі конкурсу. Гэтае мерапрыемства стала адной з першых ініцыятыў Чавускага бізнес-цэнтра, што быў адкрыты нядаўна ў рамках праекта ПРААН і Міністэрства эканомікі «Малыя гарады» пры падтрымцы Расійскай Федэрацыі. Аналагічныя арганізацыі створаны ў Крычаве, Горках і Мсціславе (Магілёўская вобласць), Барані і Глыбокім (Віцебская вобласць).

«Да канца года ў рамках праекта навучанне і прафесійныя кансультацыі ў новых цэнтрах падтрымкі можна атрымаць бясплатна. Потым бізнес-інкубатары павінны выйсці на самаакупнасць і прапаноўваць паслугі, якія будуць запатрабаваны ў мясцовых прадпрымальнікаў», — падкрэслівае кіраўнік праекта «Малыя гарады» Марына КАЛІНОЎСКАЯ.

Варвара МАРОЗАВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Відаць бізнесмена па ўлове

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.