Вы тут

Якія таямніцы хаваюць беларускія экасцежкі?


За мяжой народ без ваганняў адмаўляецца ад водпуску аll іnсlusіvе (англ. «усё ўключана») дзеля яднання з некранутай прыродай. Стомленыя ад гарадскога камфорту людзі едуць туды, дзе можна паназіраць за рэдкімі відамі птушак і жывёл, удыхнуць водар лясных першацветаў, прайсціся па мяккім моху і глытнуць крынічнай вады. Беларусам у гэтым плане пашанцавала: у які раён ні паедзь — знойдзеш як мінімум ландшафтны заказнік, а ў лепшым выпадку і цэлы нацыянальны парк. Чаму прагулкі па экасцежках — той самы від турызму, які падыдзе ўсім, разбіралася карэспандэнт «Звязды».


Спытай любога беларуса, чым славіцца наша краіна, дык ён абавязкова адкажа: «Лясамі ды балотамі». Магчыма, прыгадае Белавежскую і Налібоцкую пушчы, нават калі сам там ніколі не быў (а такіх, на жаль, хапае). Затое гаворку пра марскія берагі Турцыі ці Егіпта ў нас кожны другі падтрымае. Сумна. У такія моманты прыгадваюцца радкі Паэта пра родную краіну:

Я скалясіў і змераў пешкі

Твае прасторы ўдоўж і ўшыр —

І ўсе шляхі, дарогі, сцежкі

Пакрыжаваліся ў душы.

Хочацца зачытаць гэты верш уголас і паклікаць беларусаў шукаць тыя самыя шляхі-дарогі, каб яны і ў нашых душах пакрыжаваліся. Тым больш што экасцежак у нас цяпер на любы густ — трэба толькі абраць найбольш прыдатную.

Для авантурыстаў

Віцебскія «Бермуды», беларуская тундра, лёгкія Еўропы — як толькі не называюць Ельню. Самае вялікае верхавое балота Беларусі раскінулася на поўначы краіны — у Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах. Навукоўцы падлічылі, што гэтай дрыгве не менш за дзевяць тысяч гадоў. Мясціны сапраўды ўнікальныя: тут знаходзіцца больш за сотню азёр, а флора характэрная хутчэй для тундры, чым для Сінявокай. Штогод тутэйшыя жыхары выходзяць на «журавінавае паляванне», паколькі на балоце — самыя вялікія запасы гэтых ягад у краіне. Водары багульніку і верасу дурманяць галаву. А дзе-нідзе абавязкова чуецца покліч дзікай птушкі: тут жывуць каля 130 іх відаў, сярод якіх ёсць і «чырванакніжнікі» — чарнаваллёвая гагара і белая курапатка.

Дрыгва-ўзвышша — чулі пра такое? Асаблівасць Ельні яшчэ і ў тым, што цэнтральная частка балотнага масіву вышэй за краі на сем метраў. Во дзе сапраўднае дзіва!

Прыцягвае Ельня не толькі цікаўных турыстаў, але і тысячы жураўлёў падчас вясенніх і восеньскіх пералётаў. Ніхто не ведае дакладна, калі шызакрылыя птушкі аблюбавалі балота ў якасці перавалачнага пункта: можа, трыста гадоў таму, а можа, і тысячу.

І ўсё гэта можна ўбачыць, пачуць, пакаштаваць (я пра ягады, а не пра птушак!), трапіўшы на адмысловую экасцежку. Яна лічыцца самай працяглай і шырокай у Еўропе і ўяўляе сабой драўляны насціл праз самыя маляўнічыя месцы Ельні. Суправаджэнне не патрабуецца, пачатак — каля вёскі Канахі. Хаця можна заказаць экскурсію непасрэдна па багне. У гумавых ботах ці так званых балотаступах (маюцца і такія) пойдзеце, хлюпаючы па сфагнумавым моху. Тым, хто шукае новых адчуванняў, у Ельні прапаноўваюць маршруты на балотаходах (спецмашыны для паездак па багне).

Даведка

Экалагічны турызм — вандроўкі ў мясціны з адносна некранутай прыродай, падчас якіх адбываецца знаёмства з біялагічнай разнастайнасцю. Абавязковыя ўмовы для такіх падарожжаў — звядзенне да мінімуму адмоўных наступстваў наведвання запаведных мясцін.

Экасцежка — спецыяльна абсталяваны і асабліва ахоўны прагулачна-пазнавальны маршрут. Мэта — даць поўнае ўяўленне аб наваколлі, але зрабіць гэта на адносна невялікай па працягласці тэрыторыі. Таму экасцежкі досыць кароткія і пралягаюць праз самыя маляўнічыя і цікавыя мясціны заказніка ці парку.

Для ўсёй сям'і

Першая і пакуль адзіная інклюзіўная экасцежка ў Беларусі знаходзіцца ў Валожынскім раёне на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Ацаніць прыродныя багацці старажытнага лесу, зазірнуць у люстэрка хуткаплыннай Іслачы і пранікнуцца таямнічымі легендамі цяпер могуць і інваліды, і людзі сталага веку, і цяжарныя жанчыны на маршруце «Белакорац», не хвалюючыся за бяспеку. Уздоўж яго ёсць лаўкі, альтанкі і прыбіральні з безбар'ерным уваходам.

Адметнасць гэтай сцежкі ў стэндах, картах і макетах, якія яе суправаджаюць. Яны зробленыя такім чынам, што атрымаць поўнае ўяўленне аб унікальнасці хараства Налібоцкай пушчы можна і... далонямі. Інфармацыя падаецца яснай мовай і дублюецца шрыфтам Брайля. Па тактыльных картах невідушчыя могуць зразумець, куды ім рухацца, а макеты з дрэва дазваляюць навобмацак даведацца пра жывёл, птушак і раслінны свет гэтых мясцін. Летась непадалёк прайшоў першы «ІнФэст», пасля якога «Белакорац» папоўніўся новымі аб'ектамі — сэнсарнай сцежкай (па ёй трэба прайсціся басанож, каб «адчуць лес»), скульптурамі з лазы і хаткамі для дзікіх пчол і птушак.

Ноу-хау беларускай інклюзіўнай экасцежкі — пакрыццё з гранітнай крошкі (экалагічна чыстай, дарэчы), якое не дазваляе каляскам загрузнуць нават у непагоду. Таму і матулям з немаўляткамі ў гэтым лесе будуць радыя.

Майце на ўвазе, што побач з «Белакорцам» знаходзіцца некалькі аграсядзіб, якія таксама адносяцца да ліку безбар'ерных турыстычных аб'ектаў. Пракаціцца ў павозцы ці палюбавацца на маляўнічы бераг з сярэдзіны возера чалавеку, які даўно страціў магчымасць хадзіць? Калі ласка! Спякчы хлеб па старадаўніх рэцэптах і выведаць усе сакрэты пчаляроў, нават калі зроду не падыходзіў да пліты і ніколі не бываў на пчальніку? Можна!

Лепшы час для наведвання Ельні – з мая па верасень.

Для лянівых

Недарма Мінск называюць надзвычай зялёным мегаполісам. У сталіцы, акрамя шматлікіх паркаў і сквераў, ёсць дзесяць (!) экасцежак. У Ленінскім раёне — гэта «Сярэбраны Лог» і «Горад птушак». З першай аглядальнай пляцоўкі адкрываецца неблагі від на аднайменнае ўрочышча, а другая ідэальна падыходзіць для бёрдвотчынгу (англ. «назіранне за птушкамі»). Калі будзеце ў Чыжоўцы, то можна прайсціся па экасцежцы паміж вуліцай Убарэвіча і Свіслаччу. І абавязкова захапіце з сабой смартфон: тамтэйшыя стэнды з інфармацыяй маюць шматлікія QR-коды. Калі ў рэальнасці не пашанцуе ўбачыць зімародкаў, хоць на тэлефоне паглядзіце. Маршрут на Цнянскім вадасховішчы спадабаецца юным натуралістам і іх бабулям: тут і пра расліннасць берагавой лініі, і пра лекавыя травы расказваюць. У парку «Курасоўшчына» растуць дубы-волаты — помнік прыроды, ад якога, кажуць, можна насыціцца энергіяй. Маецца экасцежка і ўздоўж вадасховішча «Лебядзіны», дзе з драўляных насцілаў назіраюць за воднымі беспазваночнымі. А вось у жыхароў Каменнай Горкі ёсць магчымасць пакарміць курапатак у халоднае надвор'е. Калі назіраць за Свіслачу на ўскраінах горада, то ёсць шанц пазнаёміцца з бабрамі, жукамі-плывунцамі і вадзянымі скарпіёнамі.

Для рамантыкаў

Гатовыя адправіцца на край зямлі беларускай у пошуках папараць-кветкі? Бярыце білет да Брэста, а адтуль — да вёскі Ляплёўка. У самым паўднёва-заходнім куточку краіны знаходзіцца адзінае месца на тэрыторыі Усходняй Еўропы, дзе расце чыставуст каралеўскі, які і з'яўляецца правобразам таямнічай папараць-кветкі. Знайсці яе не так проста, але калі пойдзеце экасцежкай «Лясная рэчка», то абавязкова ўбачыце.

Біясферны рэзерват «Прыбужскае Палессе» — месца цікавае і ў тым плане, што турысты не едуць сюды натоўпамі. Можна насамрэч дасягнуць «ляснога дзэну». Дарэчы, тутэйшая фаўна прызнаная самай багатай сярод усіх ахоўных тэрыторый Беларусі. На пясчаных дзюнах у глыбінях рэзервата адкладваюць яйкі чырванакніжныя балотныя чарапахі — равесніцы дыназаўраў.

Прыбужскае Палессе — гэта яшчэ і перакрыжаванне адразу трох культур, бо знаходзіцца каля самай мяжы. Да Украіны і Польшчы — літаральна крок ступіць. Падыходзіць для сустрэч з замежнымі сябрамі: візы непатрэбныя, бо гэта Брэсцкі раён.

Ганна КУРАК

 Фота аўтара і Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Пехам па ўражанні

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.