Вы тут

Вялікая сіла глупства


Згадзіцеся, з рознымі відамі глупства мы сустракаемся на кожным кроку. Нямала яго робім самі, часам нават падсвядома, у спешцы. Ну напрыклад, закінула чырвоную блузку разам са светлым касцюмам у машыну — і няма больш касцюма. Правільней сказаць, ён ёсць, але з такімі разводамі і абстракцыянісцкімі плямамі ў ім хіба толькі грады палоць на дачы. І то, калі сусед не бачыць. Здавалася б, ведаеш, што новую рэч трэба праверыць, як яна сябе паводзіць у цёплым растворы мыйных сродкаў, але... Іншы ўзяўся вешаць карціну, сем разоў не адмераў, як той казаў, прымацаваў надта нізка, а цяпер яна не радуе вока, а яго мазоліць. Успомніш тут, што вопыт — сын памылак цяжкіх. Але ж іншую памылку інакш як глупствам не назавеш.


Бываюць глупствы вясёлыя і сумныя, а бываюць і лёсавызначальныя. Яшчэ ў школьныя ці, можа, студэнцкія гады давялося трымаць у руках кніжку савецкага паэта, па-мойму, гэта быў Жалязноў. Запомніўся кароткі верш:

Жениться не хотел он долго,

Смеялся: «Я себе не враг».

Вдруг сел с какой-то дамой

в «Волгу»,

Поехал в ЗАГС, оформил брак.

Когда его спросили: «Что ты

Вдруг в ней нашел,

чем был пленен?

Брак по любви иль по расчету?»

«По глупости», — ответил он.

І шлюбы здараюцца, і шматмільённыя кантракты заключаюцца, і дамовы падпісваюцца на такіх жа падставах.

Ды найбольш пацяшаюць глупствы, якія робяцца з разумным выглядам. А бывае і з надта разумным. Такіх глупстваў поўныя вуліцы, дамы, гарады. Варта прыгледзецца. Летась вось Брэст самазабыўна сустракаў Марадону. Легенда сусветнага футбола раптам стаў ганаровым прэзідэнтам «Дынама-Брэст» і наведаў далёкі і незразумелы горад на краі былога Савецкага Саюза. Вялікага ў мінулым футбаліста вазілі па абласным цэнтры на браневіку нібы маршала Перамогі. А для журналістаў у зале самага элегантнага атэля «Эрмітаж» не хапіла месца. Бо іх наехала столькі, што многім давялося падчас прэс-канферэнцыі бадзяцца па холе і глядзець трансляцыю з экрана. Што рабілася, вам не перадаць, нібы архангел сышоў з нябёсаў у грэшны горад! Колькі было спадзяванняў, абяцанняў. Нават дом шукалі для пражывання зоркі на час яго абяцаных камандзіровак-наведванняў. Добра, што не пабудавалі новы. Праўда, тады міністр спорту, аддаю яму належнае, выказаўся на тэлебачанні стрымана-скептычна пра гэты прыезд. Усе астатнія каментарыі былі ўзнёслыя і вельмі ўзнёслыя.

І што? Дзе той ваш Марадона? Ён, ужо відаць, і забыўся. Яму што Брэст беларускі, што французскі — далёкія гарады. Праўда, нашы нядаўна напомнілі, паслалі яму матацыкл, выраблены па спецзаказе. Назвалі «Я Дыега». А гаспадар майстэрні, дзе быў выраблены байк, вельмі вобразна сказаў: «Калі б Дыега быў матацыклам, ён выглядаў бы, мусіць, так». Тады варта было б напісаць як у Маякоўскага: «Таварышу Дыега — чалавеку і матацыклу»...

Я нічога не цямлю ў спорце, таму загадзя прашу прабачэння ў аматараў футбола і асабіста таварыша Марадоны, але лічу, што брэсцкія футбалісты паправіць свае вынікі і заняць прызавыя месцы могуць толькі з дапамогай талента, майстэрства і працы. А тое, што Дыега пасля выхаду з самалёта карцінна пацалаваў брэсцкую зямлю, хоць і мае нейкі сакральны сэнс, наўрад ці дапаможа ў забіванні галоў брастаўчанам.

Добра яшчэ што не дайшло да ініцыятывы вуліцу альбо цэлы населены пункт назваць імем праслаўленага майстра мяча. Марадона, вядома, герой, але, згадзіцеся, крыху не нашага рамана.

З назвамі ж у нас таксама могуць намудрыць. Напрыклад, як у савецкія часы лёгка змянялі назвы вёсак, назаўсёды хаваючы іх гістарычную адметнасць. Трэба прызнаць, у тапаніміцы тады глупства атрымала магутнае развіццё. Яшчэ можна зразумець, калі ў Мінскай вобласці Хрэнава стала Веткай, Гадзень Зялёным Борам, а Пукава Камсамольскай. Але спытаць бы ў тых «мудрацоў», чым ім перашкодзіў такі прыгожы Каралёў Стан, цэнтр Белавежскай пушчы, які цяпер завецца Камянюкамі? А Калонія Бялін у Драгічынскім раёне каму абавязана цяперашняй назвай? Малінаўка, вядома, прыгожа, але ж не свая тут, чужая Малінаўка. А нядаўна давялося пачуць, што адну вёску ў Кобрынскім раёне наогул пазбавілі назвы. Прыгожа так называецца Падбярэззе, шыльда вісіць, людзі там жывуць. А ў дакументах вёскі няма. Усе яе жыхары, паводле пашпартоў, маюць рэгістрацыю ў Бельску, вёсцы за тры кіламетры. І бацькі іх мелі такую прапіску. Даўно, яшчэ калі быў Дзівінскі раён, нейкі местачковы пісар нешта пераблытаў. Яго глупства набыло сілу закона і цягнецца ўжо многія дзесяцігоддзі.

Спытаеце, чаму я пра глупствы пішу? Гэта я так адзначаю круглую гадавіну «Пахвальнага слова Глупству» Эразма Ратэрдамскага. Роўна 510 гадоў трактату. Будзе нагода, пачытайце. Многія месцы нібы з сённяшняга жыцця спісаны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.