Вы тут

Во натрэндзілі...


У часы майго юнацтва гэта слова выглядала некалькі інакш... Ну, не зусім дакладна гэта, тады пра такое паняцце ўвогуле большасць не ведала. Скажам так, сугучнае слова... Збіралася моладзь (ды не толькі) і з сур'ёзным выглядам «лухту прыгожую вярзла». («Калі вы нацягваеце адну шкарпэтку на левую нагу, другая аўтаматычна становіцца правай. Прычым, імгненна, незалежна ад адлегласці паміж вашымі нагамі. Гэта і ёсць сутнасць квантавай звязнасці».) Карацей, займалася тым, што і азначае тое самае слова з мінулага. Усё дастаткова бяскрыўдна і лакальна. («Пакуль не з'явілася сусветнае павуцінне, пра тое, што ты — дурненькі, ведалі толькі ў тваёй сям'і».) Зараз жа дзякуючы інтэрнэту гэтыя фантазіі можна матэрыялізаваць і праз флэшмобы трансліраваць вялікай аўдыторыі. Адсюль, дарэчы, і новае паняцце ў нашым жыцці — трэнд. Вось аб апошніх з іх і пагаворым — бязлітасных і... яшчэ раз бязлітасных, улічваючы, што прыйшліся яны на зімовы час.


Памятаеце, як у пачатку года па ініцыятыве 21-гадовай студэнткі Лаўры Джэксан па планеце пракаціўся флэшмоб, які заклікаў жанчын цягам месяца не галіць валасы? Мэтай «акцыі» было змяніць погляд жанчыны на ўласнае цела. Маўляў, маці і бабулі ў гэтым плане не напружваліся і — нічога. Ну, так, час такі быў... («Вось дзяўчынкі, якія ногі не па калена галілі, даўно ўжо замуж павыскоквалі. А ты што? Светленькія, не відаць... Купідону ўсё відаць!») Спытайце тады, дзеля чаго ім зараз «батарэі» бутэлечак і слоічкаў з касметыкай па доглядзе за целам «да» і «пасля»? Ці гатовыя яны ад іх адмовіцца? Ну, сапраўды, мінімум жа напалову «арсенал» трэба будзе скарачаць. («Хачу быць мужчынам: ногі галіць не трэба, пі, куры, ногі галіць не трэба. Карацей кажучы, рабі што хочаш, нават ногі галіць не трэба».) Канешне, калі дзяўчына нечага захоча, яна абавязкова тое паспрабуе. («Сёння мяне нарэшце пастрыглі так, як даўно хацела. Больш так не хачу».) Але калі эксперымент ёй не спадабаецца, яна вернецца да ранейшага, зноў жа ўпэўненая ў сваёй праваце. («Хацела зрабіць сёння прыгожыя вусны, але зірнула ў люстэрка і зразумела, што прыгожых вачэй будзе дастаткова».) Дарэчы, беларусы ў большасці сваёй, мяркуючы па абмеркаванні ў сеціве, негатыўна паставіліся да флэшмобу супраць галення. Проста хто ж пры нашым клімаце гэтым займаецца ў студзені? Цяпер вось можна спрабаваць! Як думаеце, ці многія адважацца? («Такі факт, як няголеныя ногі, неаднаразова выратоўваў мільёны дзяўчат ад неабдуманых учынкаў».)

Яшчэ адзін трэнд, які нарадзіўся гэтай зімой — #snowbіkіnі. Яго сутнасць у тым, каб зрабіць эпічнае фота ў бікіні на фоне снегу. Дзяўчаты з розных краін свету пацягнуліся ў самыя халодныя мясціны планеты (калі не, дык хоць у свае двары) з мэтай прагуляцца там перад аб'ектывам у купальніку. Навошта? Як тлумачылі ўдзельніцы флэшмобу, гэты крок быў абумоўлены стомай... ад халадоў і верхняга адзення. Маўляў, чым не спосаб палепшыць зіму і павесяліцца з ёю. («Калі паглядзець кёрлінг у зваротнай перамотцы, можна ўбачыць, як камень рухаецца на баб, што равуць на ўсё горла».) Я вось так і паверыў, што справа была менавіта ў гэтым — найперш зрабіць зіму лепшай.

Хоць паслядоўнікі іншага флэшмобу ўсімі сіламі спрабуюць даказаць адваротнае: у сеціве пашыраецца кола падарожнікаў, якія выкладваюць фота са... спушчанымі штанамі на фоне сусветных славутасцяў. Іх лозунг: «Зробім свет шчаслівейшым пры дапамозе ягадзіц. Распаўсюджваем любоў!» Не забывайцеся, што ў такіх мясцінах звычайна шмат турыстаў, так што ўявіце сабе тую самую «радасць» апошніх. А ўдзельнікаў трэнду не засмучае нават зіма і цёплая вопратка.

...Калі і быў за зімовы час нейкі трэнд, які можна зразумець і нават ухваліць, дык гэта, мабыць, флэшмоб у падтрымку настаўніцы адной са школ Барнаула Таццяны Куўшыннікавай. Яна мусіла сысці з працы пасля цкавання за тое, што выклала ў сеціве сваё фота ў купальніку. Здымак быццам бы не спадабаўся некаму з бацькоў. І што такога яны на ім убачылі? («— Тата, цябе зноў у школу выклікаюць. — Што ты зноў спаліў? — Хімічку з фізруком у настаўніцкай».) Фатаграфія была зробленая на возеры падчас акцыі, якую барнаульскія «маржы» «Белыя мядзведзі» зладзілі ў падтрымку зімовай Універсіяды. Таццяна мала таго, што настаўніца рускай мовы і літаратуры, дык яшчэ і член федэрацыі зімовага плавання. Ці ж гэта не лепшы прыклад для школьнікаў? А бацькі яго не ацанілі. І, як ужо было ў падобнай сітуацыі з настаўніцай з Омска, якую летась таксама асудзілі за здымак у закрытым купальніку, у падтрымку Таццяны Куўшыннікавай выступілі іншыя расійскія калегі-педагогі, выкладваючы ў сеціве ўласныя фота ў купальных касцюмах. («Запісвайце нумар тэлефона настаўніцы, дыктую: выдатна, добра, выдатна, здавальняюча, здавальняюча, нездавальняюча, выдатна».)

Такімі былі суровыя зімовыя трэнды гэтага сезона. Чакаем новых веснавых — вясёленькіх. Ці як? («Надвор'е зараз падазрона летняе. Як бы ў чэрвені снег не пайшоў».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?