Вы тут

Паром на Сярэдняй Прыпяці


Вытворчыя аб'екты, навучальныя ўстановы, інжынерныя сеткі — усё для паляпшэння якасці жыцця палешукоў.

Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады была прынятая Указам Прэзідэнта № 161. Праграма датычылася сямі раёнаў з Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Карэспандэнт «Звязды» наведала шэраг аб'ектаў у Лунінецкім раёне, якія з'явіліся менавіта па гэтай праграме.


Па­са­жыр на па­ро­ме.

Пераправа

Выпраўляючыся на Лунінеччыну, перагартала «Зямлю пад белымі крыламі» Караткевіча. Там наш пісьменнік хораша апісаў ваколіцы Прыпяці, там жа пакінуў спадзяванні, што некалі гэтыя мясціны зробяцца квітнеючым краем ды турыстычнай Меккай. Прыемна ўсведамляць, што на гэтым шляху сучаснікамі зроблены значныя крокі.

Цяпер і ўявіць цяжка, што ўсяго некалькі гадоў таму суседнія райцэнтры Столін і Лунінец раздзялялі 120 кіламетраў. Цяпер шлях паміж імі скараціўся да 50 кіламетраў. Скажаце, так не бывае? Так ёсць, менавіта дзякуючы парому, які стаў курсіраваць па Прыпяці. Яго ўзвялі па праграме ў 2011—2012 гадах. І цяпер з пачаткам сезона паром адпраўляецца ад прычала кожную гадзіну.

Спачатку Лунінецкім ДРБУ-101 быў праведзены капітальны рамонт дарогі Н-37 Лунінец—Прыпяць. Паром жа фактычна з'яўляецца працягам гэтай дарогі, таму пераправа таксама на балансе памянёнай дарожнай арганізацыі. Побач з прычалам узведзены невялікі домік-офіс для каманды, якая абслугоўвае паром. Капітан-механік Яўген РАФАЛОВІЧ, які з'яўляецца начальнікам гэтай пераправы, узгадняе і складае графікі руху, рэгулюе работу двух матарыстаў і шасці матросаў. Яўген Віктаравіч расказаў, што першы рэйс на Століншчыну выконваецца ў сем раніцы, апошні — у 20.30.

Паром забірае на борт пешаходаў і веласіпедыстаў, легкавыя машыны, грузавікі вагой да 12 тон. Цяжкія фуры не перавозяцца, на іх не разлічаны магутнасці плаўсродку. А вось летам, калі ўзровень вады ў Прыпяці значна памяншаецца, даводзіцца абмяжоўваць перавозкі і перапраўляць толькі машыны, якія важаць не больш за дзве тоны. Гэта, дарэчы, праблема. Работнікі пераправы лічаць, што трэба дзе-небудзь у раёне Мікашэвіч узводзіць дамбу альбо плаціну, каб стрымліваць ваду, а то яна транзітам пралятае ў Дняпро ды папаўняе Чорнае мора. А нашы людзі церпяць нязручнасці.

Летам рух вельмі інтэнсіўны, — расказваюць работнікі пераправы. — Праязджае шмат турыстаў, у тым ліку з Расіі, Украіны. Мясціны тут сапраўды вельмі цікавыя, маляўнічыя, тэрыторыя заказніка «Сярэдняя Прыпяць».

Гэта найбуйнейшы ў Еўропе ўчастак рачной поймы, які захаваўся ў натуральным стане. Тут ёсць нізінныя балоты, пойменныя азёры, падчас паводкі ў снежныя гады ўтвараюцца часовыя вадаёмы. Можна сустрэць пясчаныя дзюны і забалочаныя пойменныя лугі і лясы. Названыя ўнікальныя біятопы паспрыялі захаванню шэрагу рэдкіх відаў флоры і фаўны. Тут цэлая процьма чырванакніжнікаў: і птушак, і раслін. Адным словам, рай для турыстаў, якія цікавяцца жывой прыродай.

На гэтым участку Прыпяці заўсёды шмат лодак, катараў. Цяпер не плаваюць, бо забаранілі гэта рабіць на перыяд нерасту рыбы, — расказваюць супрацоўнікі парома.

Разнастайнасць тутэйшай жывой прыроды каманда Рафаловіча адчула гэтай зімой. Яны мянялі падлогу на пароме, займаліся іншымі рамонтнымі работамі, дык не раз назіралі, як прабягалі ваўкі. На жаль, не абышлося без ахвяр. Іх улюбёнец-ахоўнік аўчарка па мянушцы Боцман напрадвесні стаў адлучацца ад базы, відаць, у пошуках сяброўкі. У адну з такіх прагулак яго разарвалі драпежнікі. Потым паляўнічыя падстрэлілі шэрага, зацягнуў ажно 60 кілаграмаў.

Зараз работнікі пераправы ўзялі гадаваць маленькага шчанюка аўчаркі, каб весялей было начному вартаўніку на базе. Рыхтуюцца да напружанага летняга сезона. Тады даводзіцца перавозіць і транспарт, і людзей, і розныя грузы, напрыклад, сельгаспрадукцыю. Столінскія цяплічнікі возяць ураджай на рынак у Лунінец, а то і далей, па чыгунцы на Баранавічы.

— У асноўным паром ходзіць па графіку, вытрымлівае інтэрвал часу, — расказвае Яўген Рафаловіч. — Але бываюць экстранныя сітуацыі. Напрыклад, на прычал прыходзіць машына хуткай дапамогі, якая вязе кроў у Столінскую бальніцу. Тады мы не марудзім ні хвіліны, адразу адчальваем. А што можа выклікаць затрымку? Ды розныя жыццёвыя акалічнасці. Скажам, вяселле перавозілі. Дык яны доўга збіраліся. Пакуль адны вясёлыя госці зойдуць на борт, другія ўжо выходзяць ды ідуць прагульвацца ўздоўж берага. Але ж астатнія пасажыры паставіліся з разуменнем да кампаніі, цярпліва чакалі, затое потым ехалі весела пад песні і гармонік.

А яшчэ гэты паром літаральна ўдыхнуў новае жыццё ў навакольныя населеныя пункты. Напрыклад, у прыбярэжнай столінскай вёсцы Кораб'е да пачатку дзясятых гадоў пустыя дамы аддавалі літаральна за сто долараў. Цяпер кошт павялічыўся ў шмат разоў. Нядаўна хату прадалі за 5000 умоўных адзінак. У ваколіцах з'яўляюцца аграсядзібы, людзі наводзяць парадак у былых бацькоўскіх, дзедаўскіх сядзібах. У аграсядзібы ахвотна прыязджаюць госці з Мінска, іншых вялікіх гарадоў, блізкага замежжа.

Вольга Бурдыка, супрацоўніца столінскага прадпрыемства «НП Сервіс», якая чакала парома, сказала літаральна наступнае: «Мне па рабоце амаль кожны дзень даводзіцца ездзіць са Століна ў Лунінец і назад, уяўляеце колькі часу і грошай на паліва эканоміцца гэтым паромам! Пераправа ж бясплатная для ўсіх удзельнікаў руху».

Але зноў звернемся да Караткевіча, вось цытата: « ...у 1969 годзе бачыў я на Прыпяці такое: плывуць дзве вялізныя лайбы, а ў іх стаіць грузавік. Правыя колы ў адной, левыя ў другой. Дзядзька вычэрпвае з чаўноў цёмную і празрыстую прыпяцкую ваду. Значыць, пераганяюць кудысь. Ёсць два пункты, а дарогі паміж імі няма.» А цяпер вось ёсць дарога. І на ёй — пераправа.

Трак­та­рыст Мі­ха­іл Зо­січ і кла­даў­шчык Та­ма­ра Ку­ней  ка­ля комп­лек­су ў «Га­ра­доц­кім».

Пятая лінія на «Граніце»

Сацыяльна-эканамічнае развіццё любога рэгіёна вызначае найперш дзейнасць вытворчых аб'ектаў. А калі гаварыць пра Лунінеччыну, то ніяк не атрымаецца не сказаць хоць слова пра «Граніт», найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы граніту на шчэбень і пяску для будаўнічых работ. Вытворца пастаўляе прадукцыю на экспарт у Расію, Польшчу, Германію, краіны Балтыі. Прадпрыемства працуе з 1975 года. І рашэнне аб нарошчванні яго магутнасцяў было прынятае яшчэ Саўмінам БССР у 1991 годзе. Работы пакрысе вяліся ў пачатку дзевяностых, але да дваццацігоддзя камбіната ўзвядзенне пятай тэхналагічнай лініі наогул было замарожана. І вось тая самая пятая лінія ўвайшла ў праграму развіцця Прыпяцкага Палесся. Ужо ў 2011 годзе пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва. Пра запуск новай лініі на «Граніце» магутнасцю тры мільёны тон шчэбню ў год паведамілі тады нават некаторыя сусветныя інфармацыйныя агенцтвы. Гэта стала падзеяй. Новая вытворчасць азначала новыя рабочыя месцы, палепшаную інфраструктуру Мікашэвіч і задзел на далейшае развіццё вытворчасці, якое, дарэчы, паспяхова працягваецца.

Сучасная ферма

У сельгаспрадпрыемстве «Гарадоцкі», якое знаходзіцца ў Кажан-Гарадку, па праграме ўзвялі новы жывёлагадоўчы комплекс на 600 галоў. Такая вось фабрыка малака, яна штодня цяпер выпрацоўвае сем з паловай тысяч літраў прадукцыі. На ферму зазіраем з намеснікам дырэктара гаспадаркі Анатолем БОГДАНАМ і галоўным заатэхнікам Людмілай АПАНОВІЧ.

Людміла Міхайлаўна выступае экскурсаводам, паказвае спачатку цэх па вытворчасці малака, дзе ўтрымліваецца 400 кароў. У кароўніку чыста і суха. Даглядчык Сцяпан Альцывановіч праходзіць па радах і падграбае сілас, які раскідаўся на праход. Пераходзім у даільную залу, якой асабліва ганарацца на комплексе. Усе працэсы механізаваныя, за ходам работы сочыць электроніка. Але жывёлаводы заўважаюць, што па-ранейшаму, вельмі многа вырашае славуты чалавечы фактар. Як дагледзіць аператар машыннага даення карову перад дойкай, такая і будзе якасць малака. Ад гэтага залежыць зарплата, таму людзі стараюцца. Апошнім часам 86,8 працэнта малака здаецца экстра-класам.

Увесь працоўны калектыў комплексу разам з вартаўнікамі складае 23 чалавекі. У савецкі час на абслугоўванне такога вытворчага аб'екта спатрэбілася б больш за паўсотні работнікаў — падкрэслілі мае праважатыя. А цяпер адзін толькі агрэгат РЗК-12 замяніў цэлую брыгаду даглядчыкаў. Машына набірае, здрабняе корм і раздае яго. Каля свайго камбайна-раздатчыка ўжо завіхаўся трактарыст Мікалай Зосіч, кладаўшчык-фуражыр Тамара Куней аддавала апошнія інструкцыі наконт таго, з якога бурта якую кормасумесь набіраць. Рацыён на дзень складаюць спецыялісты, трэба захоўваць усе прапорцыі.

Каровы тут на бяспрывязным утрыманні. Яны свабодна выходзяць на двор, пацяплела, і жывёла імкнецца на вуліцу. «Няхай стаяць, атрымліваюць вітамін Д, — кажа заатэхнік-селекцыянер Людміла Яраховіч. — Карова ў нас — на волі захоча прыйдзе паесць, пап'е, не хоча, пайшла на сонейка грэцца.

Новая школа

Да гэтай пары ў Вульцы 2 памятаюць урачыстае адкрыццё новай школы, хоць прайшло ўжо амаль сем гадоў. Сучасная ўстанова адукацыі стала ці не самым жаданым аб'ектам праграмы для ўсіх пакаленняў вяскоўцаў. На адкрыццё тады прыехала шмат гасцей. А кіраўнік вобласці падарыў новы аўтобус, якім і цяпер падвозяць вучняў з навакольных вёсак. У школе для добрай вучобы і развіцця ёсць усё: 14 вучэбных кабінетаў, камп'ютарны клас, тры спецыялізаваныя майстэрні для ўрокаў працы. Ёсць спартыўная зала, стадыён, спартыўныя пляцоўкі, сучасная сталоўка і добрая бібліятэка.

— Менавіта ў чытальнай зале нядаўна прайшло свята роднай мовы, — расказвае Вольга ЯРАХОВІЧ, якая часова выконвае абавязкі дырэктара школы. — Асабліва актыўнымі былі вучні сярэдніх класаў.

У школе, дарэчы, арганізавана профільнае навучанне. І хоць групы зусім маленькія, хімію і біялогію паглыблена вывучаюць чатыры вучні, матэматыку і беларускую мову — тры вучні, ёсць магчымасць грунтоўна займацца тым, хто мэтанакіравана рыхтуецца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Класы ж невялікія па 12—15 чалавек, усяго ў школе навучаецца 137 вучняў. У 10-м класе дзеці па праграме прафесійнай падрыхтоўкі атрымліваюць спецыяльнасці «Швачка» і аператар персанальных ЭВМ.

Вада і якасць жыцця

Была нагода наведаць надзвычай цікавы населены пункт, 525-гадовы Кажан-Гарадок. Мястэчка знакамітае найперш драўлянай царквою, помнікам мясцовага драўлянага дойлідства пад уплывам стылю барока. Царква мае 200-гадовую гісторыю. Для любога падарожніка стануць цікавымі векавыя дубы, сакральная Відуш-гара, дзе рака Цна ўпадае ў Прыпяць. Пра гару складзена процьма легендаў. Адна з іх сцвярджае, што побач быў пахаваны рымскі выгнаннік, паэт Авідзій, які загінуў недзе на Палессі. Зразумела, што Кажан-Гарадок варты добраўпарадкавання і паляпшэння інфраструктуры.

Дык вось, за двума радкамі праграмы, якія адлюстроўваюць неабходнасць пракладкі водаправодных і каналізацыйных сетак у Кажан-Гарадку, хаваецца значны крок да павелічэння якасці жыцця.

— Раней невялікая нітка водаправода была толькі каля былой птушкафабрыкі. А ў пачатку 10-х гадоў, — расказвае кіраўнік спраў Гарадоцкага сельскага Савета Галіна МАЛАФЕЙЧЫК, — ваду працягнулі па вуліцах Савецкай, Пятра Янкевіча, Будаўнікоў, Цнянскай, Гімбатава, Рачной, Прыпяцкай, у завулках Маставым і Ліпавым. Уздоўж вуліцы інжынерныя сеткі пракладваліся за дзяржаўны кошт, ну а падключэнне да домаўладання вялося за сродкі гаспадара. Потым узвялі станцыю абезжалезвання, вада стала чысцейшая.

Каля будынка гэтай самай станцыі сустракаем пенсіянера Фёдара Дзмітровіча. Мужчына кажа, што даўно прывык да выгод, сёння і ён, і яго суседзі не ўяўляюць сабе жыццё без душа, скажам, пасля работы ў агародзе. У вёсцы налічваецца больш за 240 абанентаў Водаканала. Але апошняе не азначае, што ўсе яны атрымалі цэнтралізаванае водазабеспячэнне тады, гадоў восем таму. Людзі ўкладваюць і свае сродкі ў паляпшэнне якасці жыцця. Асабліва гэта датычыцца навасёлаў. Скажам, на вуліцы Майдан 15 гаспадароў аб'ядналіся ў кааператыў і праклалі ваду. Дарэчы, назвы новыя вуліцы атрымліваюць ад назваў мясцовасці, дзе пачынаецца забудова новых кварталаў. Так, у аграгарадку з'явіліся вуліцы Праход, Пяскі, Чабатарка. І гэта адна з цікавінак старажытнага Кажан-Гарадка.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Лунінецкі раён

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.