Вы тут

Дэпутат аб тым, як развіваецца Палессе


Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Ірына КРАЛЕВІЧ, дэпутат Жыткавіцкай акругі № 39:

— Да Палесся ў Прэзідэнта нашай краіны асаблівае стаўленне. Ён неаднаразова справядліва адзначаў, што на Палессі жывуць працавітыя, надзейныя людзі, што тут надзвычай багатая і прыгожая прырода. Можа быць, таму палескаму рэгіёну кіраўнік дзяржавы аддае асаблівую ўвагу.

Перш за ўсё трэба ўдакладніць, што ў Гомельскай вобласці назвай Прыпяцкае Палессе аб'яднаны чатыры раёны: Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, Мазырскі. Раскрыць патэнцыял гэтай зямлі і павысіць якасць жыцця людзей была закліканая дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыпяцкага Палесся. За перыяд дзеяння праграмы ўвасоблены ў жыццё дзясяткі канкрэтных праектаў у самых розных сферах і галінах.

Працуючы ў Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах, магу з упэўненасцю сказаць, што мэта праграмы — комплекснае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, прыцягненне інвестыцый, павелічэнне экспарту прадукцыі і ўзнаўленне прыродна-рэсурснага патэнцыялу, стварэнне спрыяльных умоў для жыцця людзей, у большасці сваёй дасягнутая.

Адным з яркіх прыкладаў рэалізацыі дзяржпраграмы з'яўляецца будаўніцтва Тураўскага малочнага камбіната, які сёння з'яўляецца адным з горадаўтваральных прадпрыемстваў горада Турава і Жыткавіцкага раёна. Непасрэдна на камбінаце створана больш за 350 новых рабочых месцаў. Акрамя ўнікальнай вытворчасці, Тураўскі малочны камбінат мае развітую ўласную інфраструктуру: на тэрыторыі прадпрыемства размяшчаюцца адміністрацыйныя памяшканні, фірменная крама і ўласнае кафэ. Высакаякасныя сыры, прыгатаваныя па італьянскіх тэхналогіях на тураўскім камбінаце, палюбілі не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Актыўна рэалізуе прадукцыю на экспарт і створаная ў Жыткавіцкім раёне ў рамках дзяржпраграмы вытворчасць па вырабе паліўных брыкетаў з адходаў дрэваапрацоўкі, аб'ём вытворчасці якіх за пяць гадоў склаў 15,6 тысячы тон.

У працэсе рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы ў раёнах пабудаваны малочнатаварныя фермы, зернесушыльныя комплексы і агароднінасадавінасховішчы, закладзены сад на прамысловай аснове на плошчы 120 гектараў у ААТ «Тураўшчына», праведзена мадэрнізацыя кацельняў з пераводам работы на мясцовыя віды паліва і іншае. Развіваецца прамысловасць, ствараюцца рабочыя месцы, замацоўваюцца маладыя сем'і, а значыць, у раёнаў ёсць будучыня.

Адна са значных праблем палескага рэгіёна — чыстая вада (з-за высокай колькасці жалеза ў пітной вадзе). Мерапрыемствамі дзяржпраграмы сталі будаўніцтва і рэканструкцыя станцый абезжалезвання вады, рамонтна-эксплуатацыйныя работы на меліярацыйных і водагаспадарчых сістэмах, а таксама рэканструкцыя каналізацыйных і водаправодных сетак. Праведзены мерапрыемствы па мінімізацыі наступстваў надзвычайных сітуацый — пабудаваны першачарговыя аб'екты абароны ад паводак.

Сацыяльная сфера таксама стала неад'емнай часткай дзяржпраграмы. Гэта капітальны рамонт і аснашчэнне ўстаноў адукацыі і аховы здароўя (Хваенскай сельскай урачэбнай амбулаторыі, Баркоўскага і Запясоцкага ФАПаў, Тураўскай гарадской бальніцы, паліклінікі ў горадзе Жыткавічы, стаматалагічнай паліклінікі, Чырвоненскай сярэдняй адукацыйнай школы, а таксама рэканструкцыя кінатэатра «Усход» у горадзе Жыткавічы ды іншыя аб'екты), будаўніцтва дзіцячага сада на 24 месцы, агульнаадукацыйнай школы на 144 месцы ў населеным пункце Хільчыцы. Праведзена рэканструкцыя гарадскога Дома культуры ў горадзе Тураве пад культурна-адукацыйны цэнтр і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Напэўна, толькі на Прыпяцкім Палессі вы сустрэнеце такое ўнікальнае спалучэнне прыроднай, культурнай і гістарычнай спадчыны, разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету, такую надзвычайную прыгажосць некранутай прыроды. У нацыянальным парку «Прыпяцкі» флора прадстаўлена 1073 відамі раслін, сярод якіх — дрэвы і хмызнякі, імхі, лішайнікі і водарасці, больш за 50 відаў раслін занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сфарміраваныя папуляцыі аленя высакароднага (да 900—1100 асобін), казулі (да 500—600 асобін), еўрапейскага зубра (94 асобіны) і іншых жывёл. У эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадарцы «Ляскавічы» створаны і паспяхова функцыянуе сафары-парк.

Менавіта таму шэраг мерапрыемстваў праграмы Прыпяцкага Палесся рэалізаваны ў напрамку развіцця турызму — будаўніцтва гасцінічных, турыстычных і культурна-гістарычных комплексаў, стварэнне экалагічных сцежак на тэрыторыі Жыткавіцкага і Петрыкаўскага лясгасаў, адкрыццё аграсядзіб.

У 2010 годзе, наведваючы Гомельшчыну, кіраўнік дзяржавы сказаў: «...Знойдзем мы гэтыя 500 мільярдаў, можа, адзін трыльён рублёў, для таго, каб дапамагчы тут людзям, прафінансаваць праграму. Мы яе рэалізуем. Незатратных праектаў не бывае. Але гэтыя грошы пойдуць на карысць людзям». І час пацвердзіў справядлівасць сказанага. Сёння мы шчыра гаворым словы ўдзячнасці Прэзідэнту нашай краіны за прынятае няпростае рашэнне. Несумненна, рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся паспрыяла развіццю палескага рэгіёна, таму, што прыродныя рэсурсы з максімальным эфектам запрацавалі на эканоміку краіны, на карысць людзей.

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Загаловак у газеце: Умовы для росквіту

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.