Вы тут

Як правільна замочваць насенне перад пасадкай


Працэдура замочвання насення ў вадзе, стымулятары росту (прыродным або з крамы) дазваляе нашмат раней атрымаць усходы. Асабліва радуе тое, што замочанае насенне, як правіла, узыходзіць усё разам, дружна, і не трэба гадаць, час выстаўляць скрыні на падваконнік або чакаць, калі адсталае падцягнецца.


Фота: dacha-svoimi-rukami.com

Якое насенне замочваць абавязкова?

Ёсць насенне, якое без замочвання прарастае цяжка і доўга. Варта запомніць правіла — замочванне абавязковае для:

  • l насення, якое змяшчае ахоўныя эфірныя алеі, якія запавольваюць прарастанне. Да такога адносяцца морква, пятрушка, сельдэрэй, пастарнак, кроп, фенхель і іншае. З замочанага па пэўнай тэхналогіі насення эфірныя алеі вымываюцца і парасткі з'яўляюцца значна хутчэй.
  • l насення пакрытага тоўстай абалонкай, якая абараняе семачку, але ў той жа час запавольвае працэс прарастання. Пры замочванні верхні шчыльны пласт у насення становіцца мякчэйшым і парастак хутчэй «выбіраецца на паверхню». У гэтую групу ўваходзяць гарох, фасоля, гарбуз, кабачкі, патысоны, агуркі, кавун, перац і іншыя.

Асноўныя правілы

  • Па-першае, не трэба замочваць насенне, апрацаванае вытворцам. Усё зялёнае, чырвонае, сіняе, плазменнае або грануляванае насенне ў замочванні не мае патрэбы.
  • Па-другое, адны культуры зручна замочваць у шклянцы (напрыклад, гарох, фасоль або буракі). Пры гэтым аб'ём вады павінен быць роўны аб'ёму насення. Іншыя (кавун, гарбуз, агуркі, перац) лепш за ўсё замочваць паміж двума ватнымі дыскамі або двума пластамі марлі, тонкай тканіны. У шырокай плоскай ёмістасці выкладваюць адзін кавалак марлі, увільгатняюць яго вадой ці пажыўным растворам, раскладваюць насенне і накрываюць другім кавалкам вільготнай тканіны. Аб'ём вады ў ёмістасці павінен быць напалову меншы, чым аб'ём насення.
  • Па-трэцяе, аптымальная тэмпература вады для замочвання насення складае 26—28 °С. Ваду давядзецца перыядычна мяняць і падліваць: ацяпленне ў нашых кватэрах здольнае высушыць што заўгодна, а намочанаму насенню высыхаць нельга. Вільготнасць у ёмістасці з насеннем добра ўтрымлівае звычайны поліэтыленавы пакет, надзеты зверху. Такі «парнічок» дастаткова паставіць у цёмнае месца і раз на чатыры гадзіны пазіраць, як справы «ўнутры».
  • Па-чацвёртае, мабыць, самае важнае правіла: для кожнай культуры існуе свой час на замочванне. Даўжэй трымаць насенне ў вадзе нельга, яно можа сапсавацца. Працягласць замочвання для насення кропу, цыбулі, пятрушкі і морквы — 48 гадзін; для насення кабачкоў, буракоў, агуркоў, кавуноў, капусты, таматаў — 17—18 гадзін; для насення гароху, фасолі — 12—15 гадзін.

У ідэале вада для замочвання павінна быць крынічнай, адталай ці хаця б бутэляванай. Гэта для фанатаў. Па вялікім рахунку і водаправодная вада падыходзіць. Асабліва калі даць ёй адстаяцца мінімум суткі.

Для замочвання насення можна выкарыстоўваць не проста ваду, а раствор якога-небудзь стымулятара росту.

Як праводзіць замочванне

Перш чым замочваць насенне агуркоў (а таксама гарбузоў, кабачкоў або патысонаў), раяць іх прагрэць. Прыкладна за месяц да пасадкі насенне складаюць у палатняны мяшочак і змяшчаюць побач з батарэяй прыкладна на суткі. Для чаго гэта трэба? У гарбузовых культур ёсць такая асаблівасць: расліны, выгадаваныя са старога насення, па максімуме выкарыстоўваюць свой шанц на «працяг роду» і даюць большы ўраджай. Праграваючы насенне, мы штучна састарваем яго, каб павялічыць ураджайнасць з кожнага куста.
За 15—17 гадзін да пасадкі насенне замочваецца ў вадзе або біярастворы. Звычайна насенне заварочваюць у вільготную тканіну, кладуць у шкляны слоік, накрываюць вечкам і пакідаюць у цёплым месцы.

Працэдура замочвання насення морквы, кропу і пятрушкі мае істотныя адрозненні. Усяму віной эфірныя алеі, якія засцерагаюць семачку ад абуджэння ў неспрыяльны перыяд. Каб усходы былі дружнымі і хуткімі, гэтыя эфірныя алеі трэба папярэдне з насення вымыць. Можна, вядома, пратрымаць насенне ў вадзе 48 гадзін. А можна паскорыць працэс. Для гэтага насенне змяшчаюць у марлевы або тканінавы мяшочак, які добра палошчуць у ёмістасці з гарачай вадой (45—50 °С). Затым пакідаюць у вадзе да яе поўнага астывання. Пасля гэтага насенне прамываюць чыстай халоднай вадой і высушваюць на кавалачку тканіны. Цяпер насенне не будзе доўга ляжаць у зямлі, а дасць усходы на чацвёрты-пяты дзень пасля пасеву.

Насенне гароху заліваюць вадой пакаёвай тэмпературы, каб яна пакрывала яго цалкам. Кожныя тры гадзіны ваду мяняюць (усяго гарох замочваецца 12—15 гадзін). Стымулятары росту дастаткова дадаць толькі адзін раз у першую ваду (гэта значыць на першыя тры гадзіны), а затым выкарыстоўваць звычайную ваду. Па заканчэнні часу ваду зліваюць, а насенне падсушваюць да сыпкага стану.

Правільнае замочванне — гэта выдатны метад падрыхтоўкі насення да пасеву. Аднак не варта забываць, што пасадка замочанага насення не заўсёды з'яўляецца аптымальным варыянтам. Калі замочанае насенне высейваецца адразу ў грунт, неабходна падтрымліваць яго ў вільготным стане. Нельга пасадзіць замочанае насенне агуркоў або гароху ў градку, а потым на тыдзень з'ехаць з дачы. Без вільгаці яно проста загіне. У такім выпадку лепш высадзіць сухое насенне: яно праляжыць у зямлі і дачакаецца спрыяльных умоў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».