Вы тут

Лукашэнка запатрабаваў павысіць дысцыпліну ў сельскай гаспадарцы


У аўторак Аляксандр Лукашэнка наведаў тры гаспадаркі ў Лагойскім раёне, якія калісьці перадалі пад шэфства прамысловым прадпрыемствам. Першым пунктам на карце Лагойшчыны, куды накіраваўся Прэзідэнт, — поле яравога ячменю ва ўрочышчы «Сілічы». Яно належыць сельскагаспадарчаму комплексу «Лагойскі» філіяла РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт». Там кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці аграпрамысловага комплексу ў Лагойскім раёне і Мінскай вобласці.


Асноўны тэзіс, з якім падчас рабочай паездкі Прэзідэнт звярнуўся да працаўнікоў сельскай гаспадаркі,— прытрымлівацца дысцыпліны і больш разлічваць на свае сілы.

«Наша бяда — псіхалогія, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.— Мы, аграрыі, пачынаем ныць: а вось цяжка. Дворнік (віцэ-прэм’ер. — Звязда) ходзіць, думае: так, сапраўды. Увайшоў у становішча, цяжка. Трэба ім дапамагаць. Бяжыць да мяне, мяне пераконвае. Я таксама думаю: так, трэба дапамагаць. А ён сядзіць і рукі пацірае, дзесьці нават пасмейваецца: вось я напружыў — мне далі. — Паглядзеў, усё добра, дапамаглі. Давай напружвайся, напружвай людзей».

Прэзідэнт заўважыў, што разумее аграрыяў, бо мінулы год быў цяжкім з пункту гледжання наяўнасці канцэнтратаў (корм для жывёлы з высокім узроўнем пажыўных рэчываў). Крыху падводзіць і надвор’е: «Няма дажджоў, але я спадзяюся, што гэта не катастрофа. Збожжа пачакае крыху. Мы рана пачалі сеяць, гэта пераадолеем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сёлета палепшылася сітуацыя з забеспячэннем гаспадарак угнаеннямі — плюс 17 % (да ўзроўню 2018 года). Задача для аграрыяў — захаваць станоўчую дынаміку і ў будучым.
«Ні ў якім выпадку нельга падаць. Трэба хоць патроху дадаваць, каб дынаміка была станоўчая. Зараз 117 %, у наступным годзе трэба 125 % у параўнанні з 2018 годам. А да гэтага года, трэба пастарацца дабавіць прыкладна 10 %», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўвагу трэба аддаваць рабоце з зямлёй, і з восені імкнуцца ўсё пераараць.

«Нельга вясной араць. З пункту гледжання тэхналогіі я правяраў гэта. Узаралі, апрацавалі, пасеялі, усходы пайшлі — зямля садзіцца, карані абрываюцца ў раслін. І прадукцыйнасць ужо не тая, ці наогул гінуць расліны. Таму трэба, каб з восені ўсё было пераарана. Гэта вопыт мінулых гадоў. І ніякіх навацый няма, а мы гэта пачынаем забываць. У гаспадарках, дзе гэта не забываюць, там ёсць і ўраждай», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку віцэ-прэм’ера Уладзіміра Дворніка, трэба навучыцца атрымліваць выручку ад продажу збожжа, а не толькі працаваць з раслінамі для забеспячэння жывёлаводства кормам.

Паводле слоў Прэзідэнта, на Лагойшчыне яго асабліва хвалюе стан зямель, якія перададзены прамыслоўцам. «Хачу паглядзець, як гэтыя падшэфныя, кажучы па-старому, гаспадаркі працуюць. Думаю, трэба кагосьці яшчэ дагрузіць дадаткова калгасамі, саўгасамі. Дапусцім, Мінскі трактарны завод ці «Беларуснафту», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, прадпрыемствы могуць не згадзіцца ўзяць на сабе дадатковую ношу. Але менавіта такія комплексы маюць працоўныя, матэрыяльныя рэсурсы, валодаюць культурай працы на зямлі. Яны хутчэй падцягнуць да неабходнага ўзроўню гаспадаркі, што адстаюць.

Нядрэнныя вынікі ў аграрным сектары Лагойшчыны дэманструюць комплексы «Лагойскі» філіял РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт», «Гайна» ААТ «Мінскі трактарны завод» і «Астрошыцы» ААТ «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў». Наведванне ўсіх гэтых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў было ў парадку дня паездкі кіраўніка дзяржавы.
Не адстае ад іх і гаспадарка прыватнай кампаніі «Трайпл». «Я не супраць, каб прыватнік узяў (праблемныя прадпрыемствы. — Звязда), але не ва ўласнасць. Пакуль пакажы, як ты працуеш, а потым мы перададзім. Хоць я не выключаю, штосьці можна і ва ўласнасць аддаваць. У прыватную ўласнасць зямлю мы не перадаём, у нас гэта немагчыма. Але „Трайпл“ працуе, гэта прыватная гаспадарка і арандуе зямлю. І нармальна працуе. Прынамсі не горш за іншых», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Падчас паездкі Прэзідэнту прадэманстравалі новыя мадэлі сельскагаспадарчай тэхнікі. Асабліва выдзяляўся гібрыдны трактар МТЗ на электрацязе. Ён абсталяваны традыцыйным дызельным рухавіком і электратрансмісіяй, якая дазваляе эканоміць паліва. Кіраўнік краіны даручыў вывучыць магчымасці выкарыстання новага трактара.
Таксама ўчора Прэзідэнт наведаў жывёлагадоўчы комплекс сельскагаспадарчага цэха «Гайна» Мінскага трактарнага завода і машынны двор сельскагаспадарчага комплексу «Астрошыцы», які адносіцца да Мінскага камбіната хлебапрадуктаў.


Падчас візіту ў Лагойскі раён Прэзідэнт пракаментаваў рэакцыю на яго адказы наконт выбараў ва Украіне. Сваё стаўленне да сітуацыі ў панядзелак Аляксандр Лукашэнка расказаў у інтэрв’ю турэцкаму агенцтву «Анадолу».

«Не, ён кажуць Парашэнку падтрымлівае. Як быццам Парашэнка ў мяне сябар, а Зяленскі вораг, — сказаў Аляксандр Лукашэнка і задаў пытанне: «А што, акцёр не можа быць прэзідэнтам?»

Беларускі лідар адзначыў, што прэзідэнт у Украіне не можа вырашыць важныя пытанні без парламента.

«Усё вырашыцца на парламенцкіх выбарах. А там будзе роскід вялікі», — заключыў Прэзідэнт.

У тэму

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам на пытанні журналістаў адказаў Дзмітрый Сідар, дырэктар СК «Астрошыцы» філіяла ААТ «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў».
«Гаспадарка мае дзве малочнатаварныя фермы і 2500 гектараў сельгасугоддзяў з іх 2000 гектараў раллі. Займаемся малочнай жывёлагадоўляй і вырошчваннем збожжавых культур, — расказаў пра сваю гаспадарку кіраўнік. — Па выніках паездкі прыйшлі да рашэння, што трэба мадэрнізаваць тэрыторыю майстэрняў, зрабіць усё больш кампактна, стварыць лепшыя ўмовы для людзей».

Нягледзячы на невялікія памеры ў параўнанні з астатнімі гаспадаркамі раёна, «Астрошыцы» імкнуцца быць у лідарах вытворчасці. Па удою на карову займаюць трэцяе месца ў раёне за 2018 год, па ўраджайнасці збожжа — чацвёртае.

«У першую чаргу, як сказаў Прэзідэнт, трэба будаваць малочнатаварны комплекс. Гэта правільнае рашэнне, і яно нас выратуе», — лічыць Дзмітрый Сідар.

Марыя ДАДАЛКА

Лагойскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».