Вы тут

Краіна, што паўстала з мары


Тое, што стагоддзямі выношвалася ў марах і выспявала — ад Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага да ўсведамлення патрэбы быць гаспадарамі на ўласнай тэрыторыі з усімі атрыбутамі незалежнасці, — не магло знікнуць у нікуды. Кожны кавалачак гэтай шматпакутнай зямлі і само паветра над ёю насычана памкненнямі да волі. Таму і знаходзіць ідэя незалежнасці тых людзей, праз якіх можа стаць рэчаіснасцю...


100 гадоў таму Беларусь аформіла сваю незалежнасць... Насуперак абставінам і дзякуючы ўсім, хто працаваў на карысць ідэі, аддаючы ўсе сілы. Хто заплаціў за яе жыццём... Пра іх найперш — выстаўка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Бальнічная кашуля Цішкі Гартнага, верагодна, з кроплямі яго крыві на рукаве, фірмовы кішэнны гадзіннік Язэпа Адамовіча, складзеная да кішэннага фармату карта Беларусі, якой карыстаўся адзін з удзельнікаў Слуцкага паўстання, асабістыя пасведчанні Усевалада Ігнатоўскага, а таксама іншыя дакументы, датычныя дзяржаватворчасці Беларусі, можна пабачыць на выстаўцы «1919. Беларуская рэспубліка» (да 100-годдзя абвяшчэння БССР і 95-годдзя беларусізацыі) у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

«Нас косяць, а мы ўсё мацнеем» — словы Ігара Марзалюка падчас адкрыцця выстаўкі прагучалі як вызначэнне квінтэсэнцыі гісторыі існавання беларускай нацыі. Язэп Лёсік, Аляксандр Чарвякоў, Дзмітрый Прышчэпаў, Аркадзь Смоліч, Вацлаў Ластоўскі і шмат, шмат іншых значных дзеячаў, якія паклалі жыццё на алтар служэння Айчыне, глядзіць з фотакартак, злучаных паміж сабой чырвонымі лініямі як кроўнымі артэрыямі. Гэтыя асобы маглі належаць да той ці іншай палітычнай арыентацыі, але сэрцы іх належалі Беларусі — яна была ў іх генах, іх крыві... Пад здымкамі — гады жыцця і смерці. Пад большасцю фотакартак год смерці пазначаны чырвоным: гэта значыць, што чалавек быў альбо расстраляны ў турэмных казематах, альбо скончыў жыццё самагубствам, не вытрымаўшы неверагоднага ціску следчых органаў...

На чырвоным сэрцы — словы Купалы. Фрагмент экспазіцыі

На іншым, групавым здымку некаторыя твары заштрыхаваны сінімі чарніламі. Так імкнуліся павыкасоўваць памяць пра іх. Былі захады знішчыць увесь архіў Усевалада Ігнатоўскага: у пакой, дзе ён застрэліўся, не пускалі ўрачоў, пакуль не вынеслі ўсе яго дакументы, паперы з запісамі. Не атрымалася: пасля частку архіва дачцэ Ігнатоўскага перадалі інкогніта.

Праз персаналіі, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё беларускай дзяржаўнасці, праз рэчы і дакументы пададзена гісторыя набыцця незалежнасці нашай краінай на кожным з яе этапаў. Адметнасцю выстаўкі з’яўляюцца чорна-белыя коміксы, якія раскрываюць сутнасць падзей тых часоў, а таксама інтэрактыўныя раздзелы экспазіцыі, у якіх можна зрабіць фотаздымкі ў гістарычных фотазонах. Напрыклад, адна з такіх зон уяўляе сабой частку памяшкання, дзе нібыта толькі што адбыўся пагром: крэслы перакулены дагары нагамі, некаторыя з іх — на пісьмовым стале. Побач — таксама перакуленая лаўка... Над сталом — плакат, дзе чырвоным па белым значыцца: «Нехай жыве вольная Беларусь» (правапіс захаваны. — Аўтар)... Такім чынам стваральнікі выстаўкі аднавілі атмасферу, у якой завяршыўся І Усебеларускі з’езд у 1917-м... У другой інтэрактыўнай зоне — павозка, багата гружаная мяшкамі са збожжам. У ёй жа — стрэльба і вайсковая скрыня, магчыма, з патронамі... Слуцкія паўстанцы адбілі здабытае харчразвёрсткай і вярнулі мясцовым сялянам. Частку пакінулі і сабе...

Але не толькі трагічныя моманты зафіксаваны ў экспазіцыі музея. 1920-я гады — час усеагульнай беларусізацыі. Канстытуцыя БССР 1927 года, калі на дзяржаўным узроўні шырока адзначалася 400-годдзе беларускага кнігадрукавання, аформлена шрыфтам, стылізаваным пад скарынаўскі. Ішло не толькі культурнае будаўніцтва, значных поспехаў дасягнуў і прамысловы, і сельскагаспадарчы сектар. Актыўна ствараўся беларускі тэатр і кінематограф. Адну з вітрын упрыгожваюць «Ваенны руска-беларускі слоўнік», на вокладцы якога пазначана: Выдавецтва Беларускай акадэміі навук, Менск — 1933, а таксама кніга-падручнік на беларускай мове «Баявы статут пяхоты РСЧА» (БССР, Менск, 1934).

Канстытуцыя БССР 1927 года і пячаткі БССР 1920—1930 гадоў. Фрагмент экспазіцыі

Адным з найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі было і развіццё літаратуры. Новае пакаленне сялянскіх юнакоў з самых розных куткоў краіны імкнулася ствараць на сваёй мове. Іх смеласць і наватарства спрыялі таму, што з’явілася новая беларуская літаратура, у новых формах і на новыя тэмы...

Па словах куратара часовай экспазіцыі Аляксандра Зімніцкага, гэта выстаўка не пра тое, як добра жылося ў БССР, і не пра рэспубліку мары. А пра тое, якой магла б быць і павінна была быць наша краіна, калі б яе будаўніцтвам займаліся беларусы...

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.