Вы тут

Завяршыліся заключныя туры рэспубліканскіх школьных алімпіяд


Больш як 1,5 тысячы навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны прынялі ўдзел у заключным туры рэспубліканскіх школьных алімпіяд па 18 вучэбных прадметах. Раней пералік алімпіядных дысцыплін папоўніла кітайская мова, а сёлета ўпершыню прайшла алімпіяда па прадмеце «Фізічная культура і здароўе».

Інтэлектуальныя спаборніцтвы прымалі на вясенніх школьных канікулах Ліда, Барысаў, Магілёў, Орша, Жлобін, Полацк, Баранавічы, Пінск, Віцебск, Гомель і Маладзечна.


Каму скарыўся п'едэстал?

Прызёры міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы 2018 года Аляксандр Кернажыцкі, Станіслаў Ціцянок, Андрэй Некрашэвіч і Марк Карнейчык

Як адзначыла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла КУДАЯРАВА, ва ўсіх турах прадметных алімпіяд — ад школьнага да рэспубліканскага — свае веды прадэманстравала сёлета каля 600 тысяч юнакоў і дзяўчат. На першым і другім этапах (школьным і раённым) вучням даецца магчымасць выступаць па некалькіх вучэбных прадметах. Але на трэцім (абласным, мінскім гарадскім) і рэспубліканскім этапах навучэнец павінен выбраць адзін вучэбны прадмет.

Пераможцамі заключнага рэспубліканскага тура сталі 688 школьнікаў. У адпаведнасці з Інструкцыяй аб правядзенні рэспубліканскай алімпіяды дыпломамі першай ступені могуць быць узнагароджаны не больш як 20 % удзельнікаў (іх уладальнікамі сталі 132 вучні), другой ступені — не больш як 30 % (210 удзельнікаў) і трэцяй — не больш як 50 % (346 чалавек).

— Нягледзячы на тое што алімпіяда праводзіцца сярод вучняў 9—11 класаў, навучэнцам малодшых класаў таксама не забараняецца выконваць алімпіядныя заданні, напрыклад, за 9 клас. Так, сёлета на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры замахнуліся на заданні за 9 клас чатыры васьмікласнікі і тры з іх атрымалі дыпломы, — расказала Анжэла Кудаярава. — А васьмікласніца Яўгенія Кабяк, навучэнка гімназіі № 1 з Наваполацка, стала абсалютным пераможцам сярод дзевяцікласнікаў. Яна набрала найбольшую колькасць балаў сярод усіх удзельнікаў: яе сума магла быць яшчэ большай, але дзяўчынка «спатыкнулася» на тых заданнях, якія яшчэ не праходзіла па праграме.

Сярод пераможцаў рэспубліканскага тура былі не толькі гімназісты, ліцэісты, але і прадстаўнікі школ з сельскай мясцовасці, прычым у такіх традыцыйна складаных для школьнікаў дысцыплінах, як фізіка і матэматыка.

Плавалі, бегалі і адказвалі на пытанні

Паказальна, што ў заключным туры першай рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры было 12 удзельнікаў з сельскіх устаноў адукацыі, прычым чацвёра з іх сталі пераможцамі. Між іншым, далёка не ва ўсіх сельскіх школах ёсць стандартныя спартыўныя залы, а тым больш басейны.

— Алімпіяда праходзіла ў чатыры туры, — паведаміў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Павел ШАСЦЯРЭНЬ. — Першы складаўся з 50 тэарэтычных пытанняў, заснаваных на вучэбнай праграме, другі быў практычным па плаванні — трэба было пераадолець дыстанцыю ў 50 метраў на час. Падчас трэцяга тура тэсціравалася фізічная падрыхтаванасць школьнікаў — удзельнікі павінны былі выканаць у спартыўнай зале чатыры практыкаванні: чаўночны бег, скачок у даўжыню з месца (даваліся тры спробы), падцягванне на перакладзіне для юнакоў і падыманне-апусканне тулава для дзяўчат, нахіл уперад з зыходнага становішча седзячы. А на чацвёртым этапе неабходна было паказаць сябе ў гульнявых відах спорту: баскетболе, валейболе, гандболе, футболе. Кожны выбіраў адзін від спорту. Самым масавым стаў гандбол — яго выбралі 29 удзельнікаў, 22 школьнікі выбралі валейбол, 12 — баскетбол і 8 — футбол.

Ва ўсіх турах першай алімпіяды па прадмеце «Фізічная культура і здароўе» паўдзельнічалі больш за 33 тысячы школьнікаў. Першае месца па колькасці дыпломаў заваявала Гродзенская вобласць, другое — Магілёўская, а трэцяе — Гомельская.

«Праводзячы рэспубліканскую алімпіяду па фізкультуры, мы імкнуліся зацікавіць гэтым прадметам падлеткаў, каб яны захацелі звязаць сваё жыццё са сферай фізічнай культуры і спорту і сталі ў далейшым паспяховымі настаўнікамі і трэнерамі, — падкрэсліў Павел Шасцярэнь. — 18 пераможцаў з'яўляюцца вучнямі выпускных класаў. Некаторыя з іх ужо выказалі жаданне паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Мы будзем толькі рады бачыць іх сярод нашых студэнтаў».

Аснова піраміды

Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды журы вызначыла кандыдатаў у каманды для ўдзелу ў міжнародных школьных алімпіядах. Ужо ў красавіку для іх распачнуцца вучэбна-трэніровачныя зборы.

— Перамога на любым этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — гэта вынік сістэмнай работы вучня і педагога пры абавязковай падтрымцы бацькоў, — падкрэслівае Анжэла Кудаярава. — Размова ідзе пра мэтанакіраваных дзяцей, якія год за годам рухаюцца да сваёй мэты. І вельмі рэдка ў алімпіядным руху з'яўляюцца навічкі-адзінаццацікласнікі. Як правіла, усіх гэтых дзяцей мы даўно ведаем. Як вядома, перамога на рэспубліканскай алімпіядзе ў выпускным класе дае прывілеі: уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў пры паступленні на адпаведныя спецыяльнасці ў ВНУ залічваюцца без уступных іспытаў. Здараюцца сітуацыі, калі вучань перамагаў на алімпіядзе ў 9 і 10 класах, але ў 11-м яму не пашанцавала. На жаль, льгота для паступлення ў ВНУ дзейнічае толькі адзін год.

У 2018 годзе 58 беларускіх школьнікаў удзельнічалі ў міжнародных алімпіядах, з якіх прывезлі 50 медалёў: 5 залатых, 19 сярэбраных і 26 бронзавых. Вельмі паспяховай стала для беларускіх школьнікаў летась міжнародная алімпіяда па інфарматыцы. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі ў Японіі і сабралі больш як 900 удзельнікаў з 88 краін свету. Беларусам удалося заваяваць дзве залатыя і дзве сярэбраныя ўзнагароды. Гэта найлепшы вынік за ўвесь час выступленняў нашых школьнікаў на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы, што дазволіла ім заняць чацвёртае каманднае месца, падзяліўшы яго са зборнай Расіі.

Паколькі Беларусь славіцца сваімі перамогамі ў міжнародных алімпіядах, некаторыя з іх праводзяцца і ў нашай краіне. Напрыклад, у 2015 годзе ў Мінску прайшла ІV Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат, у 2018-м — адбылася 52-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда па хіміі, якая аб'яднала школьнікаў з 22 краін. А ў 2021 годзе ў Мінску пройдзе Міжнародная фізічная алімпіяда.

Ёсць міжнародныя алімпіяды, дзе навучэнцы павінны прадэманстраваць веды па некалькіх дысцыплінах. Так, у 2017 годзе каманда беларускіх школьнікаў упершыню ўдзельнічала ў міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па фізіцы, хіміі і матэматыцы «Лабараторыя падрыхтоўкі талентаў» у Баку (яна праводзіцца сярод 15-гадовых падлеткаў), з якой нашы прадстаўнікі вярнуліся з узнагародамі, заняўшы другое месца ў камандным заліку.

На некаторых міжнародных алімпіядах для школьнікаў, як, напрыклад, на алімпіядзе па геаграфіі, рабочай мовай з'яўляецца англійская, таму толькі ведання геаграфіі для пападання ў зборную аказваецца недастаткова. Анжэла Кудаярава падкрэслівае: «Рэспубліканскія школьныя алімпіяды — гэта аснова піраміды па выяўленні і рабоце з адоранымі навучэнцамі, а яе вяршыня — удзел нашых школьнікаў у міжнародных школьных алімпіядах».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?