Вы тут

Музей гісторыі беларускага кіно запрашае на закадравую экскурсію


Днямі ў сталічным музеі кіно пачала работу фотавыстава "У кадры і за кадрам" – праект унікальны для музейных супрацоўнікаў, мастацтвазнаўцаў і аматараў кіно. Бо, па-першае, тут упершыню наглядна прадстаўлена такая прафесія, як фатограф у кіно, а па-другое, прадстаўленыя кадры раней нідзе і ніколі не экспанаваліся.


Мінчанін Уладзімір Жыгуноў ужо амаль 30 гадоў працуе ў інстытуце "Мінскграмадзянпраект", і многія яго калегі і сябры нават не ведаюць пра неверагодна цікавае мінулае гэтага сціплага чалавека. А ў мінулым Уладзімір Іванавіч працаваў штатным фатографам на Адэскай кінастудыі і "Беларусьфільме". А гэта значыць – суправаджаў фотаздымкай стварэнне фільмаў "Белыя Росы", "Філіял", "Бацькі і дзеці", "Чалавек, які браў інтэрв'ю", "Апошні крок", "На сваёй зямлі", "З юбілеем пачакаем", "Пітэр Пэн" і іншыя, ад пачатку фотапробаў да стварэння рэкламных афіш. Потым 500 найбольш удалых негатываў – заўважым, гаворка не пра які-небудзь Polaroid, а пра айчынную "Свему", у якой кульгала перадача колераў, і знаўцы зразумеюць, колькі намаганняў трэба было прыкласці, каб атрымаць удалы кадр, – перадаваліся кінастудыі, а ў фатографа заставаліся толькі "адходы" – здымкі, якія падаліся кіраўніцтву нецікавымі і непатрэбнымі. А сёння многія "адбракаваныя" кадры, якія перадаюць атмасферу на здымачнай пляцоўцы і па-новаму паказваюць, здавалася б, добра вядомыя фільмы і акцёраў, тое, што зараз называецца бэкстэйджам – на вагу золата.

Праўда, гэтай выставы наогул магло б не быць, каб не сын Дзяніс – захоплены працай бацькі і ўлюбёны ў кіно, малады рэжысёр прыдумаў зрабіць такі незвычайны падарунак. Ад ідэі да канчатковай рэалізацыі спатрэбілася два гады працы, сканіраванне каля 300 фотаздымкаў і выбар самых цікавых і каштоўных. "Архіў таты нашмат большы, але частка здымкаў дублюецца з ужо вядомымі кадрамі, у некаторых мы не ўпэўнены наконт аўтарства, і тата забараніў іх выкарыстоўваць, – расказвае Дзяніс. – А яшчэ ёсць каля 70 цікавых здымкаў, на якіх – Мінск 70-80-х гадоў. Я цяпер спецыяльна хаджу па тых самых месцах і фатаграфую іх сучасны выгляд – і, магчыма, гэта стане ідэяй наступнай выставы".

"Канец 80-х гадоў, крызіс, грошай на фільмы не даюць, заробкі, натуральна, затрымліваюць, а сям'ю трэба ўтрымліваць, таму спатрэбілася памяняць работу, – з крыху гаркаватай настальгіяй успамінае Уладзімір Жыгуноў, чаму вымушаны быў пакінуць працу ў кіно. Але тут жа дадае, што цэніць кожны дзень, праведзены на натуры або ў павільёнах, знаёмства з рознымі рэжысёрамі і папулярнымі акцёрамі, бо гэта была неверагодная магчымасць паўдзельнічаць у стварэнні кіно. – Мая галоўная задача была – не замінаць на пляцоўцы акцёрам, рэжысёру, аператарам, але разам з тым знайсці з імі ўсімі паразуменне, стаць часткай творчай групы, каб атрымаць сапраўды ўдалыя кадры і партрэты. Скажам, на здымках фільма "З юбілеем пачакаем" я пазнаёміўся бліжэй з Кірылам Лаўровым. Здавалася: гэта ж народны артыст СССР, герой сацыялістычнай працы, такая велічыня, ну як да яго падысці і папрасіць пазіраваць? А ён аказаўся вельмі простым, кантактным і прыемным у стасунках чалавекам, які заўжды вітаўся з намі ўсімі за руку... Альбо ўзяць кадр, дзе Карачанцаў сядзіць на таку – ён проста адпачываў у перапынку паміж дублямі і без ніякай "зорнасці" паглядзеў у аб'ектыў, не прымусіўшы сябе ўпрошваць, як некаторыя сучасныя артысты. Дарэчы, найцікавейшай і самай памятнай для мяне стала работа ў экспедыцыі на "Белых росах" – там быў падабраны такі бліскучы акцёрскі ансамбль, за якім было адно задавальненне назіраць. Магчыма, гэта мне так пашанцавала, але не магу прыпомніць ніводнага канфлікту з акцёрамі або рэжысёрамі, было адчуванне, што мы адна каманда".

Каларытныя рэпартажныя здымкі, рабочыя моманты, пранікнёныя фотапартрэты: стрыманая прыгажуня Галіна Польскіх, сумнаватая мудрасць Стэфаніі Станюты, мяккая ўсмешка Мікалая Карачанцава, працоўная засяроджанасць рэжысёра Дабралюбава... У 50 чорна-белых кадрах ёсць сваё непаўторнае хараство, ёсць нетаропкасць і спакой, але няма музейнай "застыласці" – гэта, калі хочаце, такі своеасаблівы фотатрэйлер, які раней быў даступны толькі малой творчай суполцы, а сёння стаў неад'емнай часткай кінамаркетынгу. Уражанне ўзмацняецца тым, што выстава інтэрактыўная: побач на экране дэманструецца нарэзка з тых самых эпізодаў, што трапілі ў аб'ектыў фатографа. Словам, па настальгію і згадкі пра "Беларусьфільм", якім вы, магчыма, яго ніколі не бачылі – ісці сюды.

Як плануецца, выстава "У кадры і за кадрам", якая будзе экспанавацца да 28 красавіка, надалей застанецца ў фондзе Музея гісторыі беларускага кіно і яшчэ будзе паказаная не толькі ў Мінску, але і ў Маскве.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».