Вы тут

Ян Кароль Хадкевіч (1560-1621)


У гісторыю Ян Кароль Хадкевіч увайшоў як выдатны палкаводзец, чые перамогі ўразілі яго сучаснікаў.


Ён быў сынам графа на Шклове, Мышы, Быхаве, маршалка земскага, старосты жамойцкага, адміністратара лівонскага Яна Геранімавіча Хадкевіча і Хрысціны Заборскай. Знатнае паходжанне і сямейнае выхаванне, прыклад бацькі сфарміравалі ў юнака патрыятычныя пачуцці, высакароднае стаўленне да сваіх абавязкаў і шляхетную годнасць. Ян Кароль марыў стаць знакамітым палкаводцам і ўжо з маленства вызначаўся ваяўнічасцю і лідарскімі якасцямі. Вялікі князь Стафан Баторый прароча прадрок: «Ён будзе вялікім воінам». Так і сталася. Амаль усё яго жыццё прайшло ў войнах, дзе ён спазнаў спаўна і радасць перамог, і горыч паражэнняў, цяжкія выпрабаванні і расчараванні. Часам даводзілася пераадольваць сябе — ісці праз немач.

У маладосці Ян Кароль аб'ездзіў палову Еўропы, вучыўся ў Інгальштацкім калегіуме, падарожнічаў па Францыі, служыў у войску іспанскага караля Філіпа ІІ і набіраўся вайсковай дасведчанасці. Пасля вяртання на радзіму Ян Кароль у 1599 годзе атрымаў пасаду жамойцкага старосты. На чале свайго атрада ён ваяваў супраць мяцежных казакаў Севярына Налівайкі і валашскага гаспадара Міхала Храбрага і заслужыў славу мужнага воіна і ўмелага палкаводца. Гэта і вызначыла прызначэнне яго польным гетманам літоўскім.

У гады вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1629) сойм прызначыў Хадкевіча гетманам і адміністратарам Лівоніі, па сутнасці ўсклаў на яго плечы абарону яе ад шведскага войска. Маючы невялічкае войска, Хадкевіч супрацьстаяў усёй ваеннай сіле Швецыі і паказаў, як ваююць вялікія воіны. Супраць шведскага войска, у якім служылі нямецкія, галандскія, французскія, англійскія воіны, Хадкевіч выкарыстоўваў тактыку імклівых паходаў, нечаканых манеўраў, моцных удараў конніцы па пяхоце. У бітве пад Белым Каменем 25 верасня 1604 года Хадкевіч з двухтысячным атрадам разбіў сямітысячны корпус генерала Ліндэрсона, страціўшы ўсяго 81 чалавека.

Яшчэ больш бліскучую перамогу атрымаў Ян Кароль Хадкевіч 27 верасня 1605 года ў бітве каля Кірхгольма над шведскім войскам на чале з самім каралём Карлам Судэрманскім. Шведы мелі 14-тысячнае войска супраць 3-тысячнага войска Яна Караля Хадкевіча. Ён не спужаўся значнай колькаснай перавагі ворага і прыняў бой. У сваім закліку да воінаў гетман казаў: «Бог даў нам ужо на дапамогу зброю і мужнасць! Давайце ж больш на гэта спадзявацца, а рушым наперад, спазнаўшы яго волю! Хай не згаснуць ані добрая надзея, ані ўпэўненасць у сваіх сілах пры святой апецы нашага Бога. Хай будзе ім асвечаны гэты дзень!»

Натхнёныя воіны верылі і падтрымалі свайго правадыра. Шведы так і не змаглі зламаць іх шэрагі, а апынуўшыся пад флангавымі ўдарамі конніцы, ратаваліся ўцёкамі, і першы сам кароль. Шведскае войска было разбіта, загінула дзевяць тысяч чалавек і толькі 100 чалавек у літвінаў. Трыумфальная перамога ўразіла свет. Еўрапейскія манархі, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі, папа рымскі, нават турэцкі султан і персідскі шах віншавалі пераможцу. А ён са скрухай прызнаваўся: «Вельмі шкадую аб пралітай крыві столькіх хрысціянаў, за якіх Сын Божы ахвяраваў дарагую кроў».

Са сваім нешматлікім войскам, але сапраўды вялікім, Хадкевіч граміў шведаў, вызваляў захопленыя імі лівонскія гарады і замкі, абараняў Рыгу. Шведы ўжо добра ведалі яго і пазбягалі бітваў з ім, хаваліся за высокія муры цвержаў. Але і яны не ратавалі. Выратаваў шведаў шляхецкі рокаш у Рэчы Паспалітай. Хадкевіч, заключыўшы перамір'е са шведамі, удзельнічаў у падаўленні мяцежнікаў. Гэтым і скарысталіся шведы і, парушыўшы замірэнне, авалодалі страчанымі землямі ў Лівоніі. Хадкевічу давялося зноў адваёўваць лівонскія гарады і замкі. І цяпер ён дзейнічаў з уласцівай яму рашучасцю, праводзіў імклівыя і патаемныя паходы, нечаканыя манеўры і ўдары. Так нечакана для ворага начным прыступам Хадкевіч узяў Парнаву (сучасны Пярну ў Эстоніі), спаліў два шведскія караблі на рэйдзе, а 27 верасня 1609 года падманным манеўрам завабіў шведскі корпус генерала Мансфельда ў засаду і разбіў яго.

Закончыць пераможна вайну са Швецыяй Хадкевіч не змог. Кароль Жыгімонт Ваза накіраваў яго на падтрымку гарнізона, які ўтрымліваў маскоўскі Крэмль і Кітай-горад да прыезду ў Маскву выбранага Земскім саборам цара — каралевіча Уладзіслава Вазы.

Гэтае прызначэнне Хадкевіч успрыняў як ахвяру сваёй шчырасці і як ваенны павінен быў выконваць каралеўскі загад. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы і цяжкае становішча, малалікасць войска, недахоп прадуктаў і вайсковага рыштунку, бунты жаўнераў, напады партызанаў-шышоў, Хадкевіч амаль год падтрымліваў гарнізоны ў Маскве, пасылаў туды абозы. Не яго віна, што кароль не адпусціў каралевіча ў Маскву сесці на царства. І калі да Масквы падышло земскае войска на чале з Дзмітрыем Пажарскім і Кузьмой Мініным, было ўжо позна. Хадкевіч паспрабаваў увесці ў Крэмль чарговы абоз, але ў рашучай бітве 3 верасня 1612 года быў адбіты апалчэнцамі са значнымі стратамі і адступіў ад Масквы. Пакінутыя без дапамогі, верныя Уладзіславу воіны здаліся.

Вайна для Хадкевіча не закончылася. У 1613—1615 гадах ён бараніў Смаленск ад блакады маскоўскіх войскаў. Даводзілася гетману праяўляць вынаходлівасць для падтрымкі смаленскага гарнізона. Зрэшты пад ударамі яго атрадаў блакада ў 1615 годзе была знята. Няўдалым аказаўся паход войска Рэчы Паспалітай у 1618 годзе на Маскву з мэтай пасадзіць на царства Уладзіслава. Маскавіты засталіся вернымі цару Міхаілу Фёдаравічу і не пераходзілі на бок Уладзіслава. Гарады браліся боем. Хадкевіч, які ўзначаліў войска, сутыкнуўся з адкрытым сабатажам польскіх палкаводцаў, якія не хацелі падначальвацца літвіну. Рашучымі мерамі Хадкевіч навёў дысцыпліну ў войску і павёў яго на Маскву і нават паспрабаваў узяць яе штурмам. Аднак штурм захлынуўся. Тым не менш цар Міхаіл Раманаў запрасіў замірэння, якое было заключана 11 снежня 1618 года. Да Рэчы Паспалітай адыходзілі Смаленская, Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі. Такім быў плён гэтага паходу — без лаўраў пераможцы, але з рэальным вынікам.

Менавіта вопытнаму і выпрабаванаму ў войнах вялікаму гетману літоўскаму Яну Каралю Хадкевічу даверыў сойм Рэчы Паспалітай узначаліць войска супраць арміі турэцкага султана Асмана. Амбіцыёзны султан марыў скарыць не толькі Рэч Паспалітую, але і Еўропу і ў 1620 годзе ён павёў у паход больш за 250 тысяч воінаў. Рэч Паспалітая змагла выставіць каля 34 тысяч воінаў (Хадкевіч за свой кошт наняў 600 жаўнераў) і 30 тысяч запарожскіх казакаў на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным. Воіны верылі ў вайсковы геній свайго правадыра. І калі гетману паведамілі пра незлічоную колькасць ворага, дык ён, выхапіўшы з похваў шаблю, заявіў: «Дык іх палічу». Айчына патрабавала ад яго подзвігу, а ён патрабаваў подзвігу ад сваіх воінаў: «Я ўдзячны лёсу за тое, што сярод бесперапынных бітваў і нястачаў ён захаваў мяне да гэтага дня, калі я чэсна паслужу каралю і Рэчы Паспалітай...»

Сорак дзён доўжылася вайна каля замка Хоцін на тэрыторыі сучаснай Украіны (адсюль і назва Хоцінская вайна). Хадкевіч быў смяротна хворы, але да апошняга кіраваў войскам. Штодня адбываліся крывавыя баі. Воіны Рэчы Паспалітай і запарожскія казакі адбівалі ўсе турэцкія атакі і самі атакавалі ворага. Хадкевіч не дажыў да канца вайны. 24 верасня 1621 года ён памёр у паходным намёце з цвёрдай верай у перамогу. Войска пад яго кіраўніцтвам разбіла галоўныя сілы турак, і знясіленае турэцкае войска ўжо не змагло перамагчы войска Рэчы Паспалітай. Турэцкі султан вымушаны быў заключыць мір і бясслаўна вяртацца назад.

«Гэта быў загартаваны воін, які лёгка пераносіў цяжкасці, спёку, холад і бяссонне: ён быў шчодрым і вопытным у выбары разведчыкаў, а ўменнем уладкаваць войска перад бітвай і выбіраць пазіцыі не саступаў самым знакамітым палкаводцам Старога і Новага часу», — лічылі сучаснікі Яна Караля Хадкевіча. Дык у чым жа была сіла вялікага воіна? Сам ён не хаваў свой сакрэт. «Дзе словам служыць давялося, служыў я прамовай, дзе прамовай, служыў я здароўем, не зважаючы ані на зайздрасць і аблуду, ані на якія ўдары, ані на страты».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».