Вы тут

Чым могуць пахваліцца беларускія геолагі?


Дасягнуты такі ўзровень разведаных запасаў, якога дастаткова, каб кампенсаваць ужо здабытую колькасць сыравіны

Ці ёсць залежы алмазаў у нашай краіне? Гэтае пытанне ўжо некалькі гадоў цікавіць беларусаў. На яго і шэраг іншых пытанняў напярэдадні Дня геолага, які адзначаюць у першую нядзелю красавіка, прадстаўнікі галіны адказалі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.


«У 2018 годзе многія задачы, пастаўленыя перад геолагамі, былі выкананы ў поўным аб'ёме, — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Васіль Колб. — У прыватнасці, адзначу прырост разведаных запасаў вуглевадароднай сыравіны. Для Мінпрыроды ў галіне геалагічнага вывучэння нетраў быў устаноўлены важны паказчык — прырост запасаў нафты на 600 тысяч тон, які толькі РУП «НВЦ па геалогіі» перавыкананы на 106,8 %. «Беларуснафта» ў 2018 годзе забяспечыла прырост запасаў нафты ў аб'ёме 1,67 млн тон. Гэта значыць, што ўдалося дасягнуць такога ўзроўню разведаных запасаў, якіх дастаткова, каб кампенсаваць здабытую колькасць сыравіны».

Таксама ў актыў за мінулы год геолагі могуць запісаць прырост разведаных прэсных падземных водаў у аб'ёме 57,7 тыс. м3/суткі пры плане 45,0 тыс. м3/суткі (128 % ад плана) і мінеральных падземных водаў — 827,6 тыс. м3/суткі пры плане 30,0 тыс. м3/суткі (або больш за 2000 % ад плана).

Летась забяспечаны прырост прамысловых запасаў сыравіны, неабходнай для будаўнічай галіны. Напрыклад, прырост запасаў будаўнічых пяскоў на 152,4 % больш, чым у 2017 годзе, пясчана-гравійнай сумесі — 27 611,2 тыс. м3 (або 138,1 % да 2017 года). У 2018 годзе зацверджаны запасы такога перспектыўнага карыснага выкапня як трэпел. На базе радовішча «Сталёвае» ў Магілёўскай вобласці працуе вытворчасць, цяпер рыхтуецца яшчэ адзін участак для здабычы сыравіны. У наступныя пяць гадоў будзе раскрывацца новае радовішча будаўнічага каменю «Сітніцкае».

Па словах Васіля Колба, разведанае радовішча часцей за ўсё перадаецца ў распрацоўку, гэта значыць, ствараецца новае прадпрыемства. У гэтым зацікаўленыя арганізацыі ўсіх формаў уласнасці. Іх дзейнасць прыносіць добры даход у казну: па выніках 2018 года, фінансавыя сродкі, атрыманыя ад падатку за здабычу карысных выкапняў, склалі больш за 550 млн рублёў.

Прэзідэнт даручыў вывучыць усю тэрыторыю краіны, каб дакладна ведаць, якія карысныя выкапні ў нас ёсць, а якіх — няма. Таксама пастаўлена задача забяспечыць максімальнае скарачэнне імпарту сыравіны, якая ёсць у Беларусі. «Геолагі могуць разведаць радовішча, але трэба пралічваць эканамічную мэтазгоднасць, таму што часам імпартаваць больш выгадна, чым здабываць», — адзначыў прадстаўнік Мінпрыроды.

У той жа час Беларусь сама з'яўляецца экспарцёрам карысных выкапняў. Цяпер вельмі актыўна развіваецца торфаздабыўная галіна. Расце рынак збыту гэтага карыснага выкапня, павялічваюцца разведваемыя плошчы. Торф верхавога тыпу адпраўляецца на экспарт у краіны Еўрасаюза. «Мы маем добрыя паказчыкі як па здабычы, так і па вытворчасці торфу», — сказаў Васіль Колб. Ён падкрэсліў, што ўсім вядомы торф як мясцовы від паліва, аднак ён ужываецца яшчэ ў сельскай і цяплічнай гаспадарках, а таксама прадукты перапрацоўкі торфу выкарыстоўваюцца і ў іншых галінах.

Вядома, што Беларусь будзе паступова адмаўляцца ад пластыкавай тары. Сёння ў нас дастаткова сыравіны — кварцавых пяскоў і магутнасцяў ААТ «Гомельшкло», каб выпускаць неабходную колькасць шкляных бутэлек. Праблема ў іншым: у нас толькі тры прадпрыемствы маюць лініі па разліву пітной і мінеральнай вады ў шкляную тару. Тым не менш пры правільным разліку і мадэрнізацыі прадпрыемстваў пераход на шклатару можна паспяхова ажыццявіць.

З чым не шанцуе Беларусі, дык гэта з каштоўнымі металамі і камянямі. Сціхлі размовы аб рэсурсах золата пад Стоўбцамі, зрэшты, адразу казалі, што на сёння яно занадта глыбока залягае, і здабыча атрымаецца залатой ва ўсіх сэнсах слова.

Нават бурштыну ў нашай краіне здабылі ўсяго толькі 70 тон і прыйшлі да высновы, што гэта эканамічна нявыгадна.

Што датычыцца алмазаў, то, па словах намесніка генеральнага дырэктара РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» Галіны Качанко, сёння дакладна сказаць, ці ёсць яны ў нетрах Беларусі, нельга. Яна нагадала, што некалькі гадоў таму была ўскрытая трубка выбуху Жлобінскага поля і там знайшлі два маленькія алмазы. Тады спрабавалі зразумець: гэта выпадковая знаходка ці не. Між тым у Якуціі на пошук алмазаў выдаткавалі больш за 30 гадоў. Геалогія, на думку спецыяліста, гэта тая галіна, якая працуе на перспектыву. Тое, што сёння не выгадна, заўтра можа быць рэнтабельна. Па практыцы, якая склалася, ад разведкі да стварэння вытворчасці праходзіць мінімум пяць гадоў, а бывае, што і 15. «Імгненнай выгады ад геалогіі не варта чакаць», — рэзюмавала Галіна Качанко. Разам з тым, у мэтах умацавання ўласнай мінеральна-сыравіннай базы, якая з'яўляецца асновай нацыянальнай бяспекі краіны, беларускімі геолагамі на пастаяннай аснове прыкладаюцца ўсе намаганні і веды, каб валодаць поўнай інфармацыяй аб наяўных рэсурсах.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».