Вы тут

Калі мы самі сумняваемся, як правільна завёмся, чаго чакаць ад іншых?


Тэлефануе мне нядаўна з самай раніцы баранавіцкі кум і пытае: «Слухай, калі я па пашпарце — Яўген, дык дачка мая — Яўгенаўна?» Крышку ашаломленая такім філалагічным наскокам спрасонку, усё ж даволі ўпэўнена адказала: «Так, канешне». А яно аказалася ўсё так, ды не так. Бо ў малой у пасведчанні аб нараджэнні бацька запісаны Яўген, а яна — Яўгеньеўна (проста скалькавалі рускамоўны варыянт). Шчаслівыя бацькі, калі атрымлівалі дакумент, гэтай памылкі (менавіта памылкі!) не заўважылі, а праз чатыры гады, калі вырашылі зрабіць дачцэ пашпарт і падышлі да справы без эмоцый, згледзелі-такі несастыковачку. Здавалася б, у чым праблема: не Іванаўнай жа малую запісалі, а памылку тую выправіць лёгка, указаўшы на яе супрацоўнікам загса, каб яна не пайшла пасля аўтаматычна па іншых дакументах гуляць...


Што мой кум (заўважу: юрыст па прафесіі) і паспяшаўся зрабіць. Толькі ўсё атрымалася не так проста, як здавалася. У загсе супрацоўніцы вочы вялікія зрабілі: маўляў, а дзе тут памылка (не Іванаўна ж)? Бацька малой працягваў настойваць: імя па бацьку ў беларускай версіі напісана няправільна. Прапаноўваў ім зазірнуць у адпаведныя даведнікі, якія кожная падобная ўстанова павінна мець. Замест даведніка спецыялісты зазірнулі ў агульнарэспубліканскую базу. І выпраўляць штосьці адмовіліся: маўляў, па ўсёй краіне спрэс Яўгеньеўны ды Яўгеньевічы, што вы ад нас хочаце. Кум з «наездам» — да мяне: што ж ты так мяне перад людзьмі збэсціла. Я (ужо, прызнаюся, сумняваючыся) — да слоўніка. Не абы-якога — «Уласных асабовых імён», выдадзенага ў 2011 годзе пад навуковай рэдакцыяй шаноўнага акадэміка Лукашанца. У слоўніку — чорным па белым, без варыянтаў: вытворнае ад Яўген — Яўгенаўна. Карацей, прыедзе на выхадныя кум у госці, узброю яго гэтай важнай кніжкай, няхай ідзе і сваю праўду тым упартым цёткам даказвае. (Што ў яго гэта атрымаецца, я нават не сумняваюся.)

Вось такі лінгвістычны кур'ёз. Зрэшты — ці кур'ёз насамрэч? Пасля гэтага выпадку мы сталі прыгадваць падобныя. Як я адмовілася ў шаснаццаць гадоў забіраць пашпарт, бо прозвішча па-беларуску было напісана ў ім Леўковіч (насуперак ці не галоўнаму ў нашай мове прынцыпу «якання»). Як сястру, калі мяняла прозвішча на мужава, запісалі Стэцко, муж быў па пашпарце Сцецко, а дачку іхнюю (пашанцавала!) запісалі нарэшце правільна — Сцяцко. Не буду нават казаць пра яшчэ адно, здавалася б, простае беларускае прозвішча, якое пляменніца ўзяла ад мужа, — Рабянок. Але паколькі грамацеі, што выпісваюць дакументы, па-ранейшаму бяруць за аснову рускамоўны варыянт (Ребенок), беларускай валодаюць, мякка кажучы, не вельмі, а ў даведніках капацца — каму ахвота, дык Рабянок ператварыўся і ў Рэбенка, і ў Рэбянка, і ў Рабенка... Карацей, колькі людзей у сям'і — столькі варыянтаў. Але з гэтага толькі жартуюць, ніхто нікуды не ідзе выпраўляць: па-руску ж правільна, навошта траціць час і нервы.

І гэта — выпадак толькі адной асобна ўзятай сям'і. Упэўнена — падобныя ляпы ў беларускамоўнай версіі самых важных дакументаў у нашай краіне ёсць праз аднаго. Хтосьці скажа: не бяда — тых жа Рабянкоў не Сідаравымі пазапісвалі. А якая там літара правільная — хто яго знае, мы ж у большасці сваёй мову толькі называем роднай, а ведаем так — «у межах школьнай праграмы» (як і тыя, хто дакументы выпісвае). Тут, канешне, з вамі шаноўны акадэмік Лукашанец паспрачаецца: колькі Аляксандр Аляксандравіч з-за невукаў пашпартыстак даведак пасля ад адмысловай камісіі з Інстытута мовазнаўства павыпісваў: маўляў, Таня ў пашпарце — гэта тое самае, што Таццяна, а Леўковіч і Ляўковіч — адно і тое ж прозвішча... Людзі аж у Акадэмію навук па такія даведкі з усёй краіны прыязджаюць, бо з-за адной літары не могуць спадчыну атрымаць, нерухомасць аформіць. А вы кажаце, нейкая літара...

Гэта калі аб практычным. А калі трошкі вышэй... Падобныя памылкі — не толькі ў асабістых імёнах і прозвішчах, але і ў назвах нашых вёсак — наўпрост на шыльдах, на транспарце (у маіх родных мясцінах, напрыклад, Мянькі «пісары» ахрысцілі Менькамі, а Валмэчку — Волмечкай) — сустракаюцца толькі ў БЕЛАРУСКАМОЎНАЙ версіі. Менавіта ў той, якая адрознівае нас ад іншых, якая робіць нас АДМЕТНЫМ НАРОДАМ. Пра гэта, дарэчы, у кантэксце нядаўна прынятай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі вельмі шмат, добра, у канструктыўным рэчышчы гаворыцца. Дасць бог, на такой канструктыўнай хвалі і на гэту праблему звернем увагу, і перастануць адказныя за афармленне дакументаў людзі калькаваць уласныя назоўнікі з другой дзяржаўнай, а пацікавяцца (а яшчэ лепш — ПАВІННЫ БУДУЦЬ ВЕДАЦЬ), як яно правільна на першай дзяржаўнай гучыць і пішацца. А галоўнае — мы самі нарэшце, перш чым паўтараць, як дзяцел, «так у мяне ў пашпарце запісана», дазнаемся, як яно павінна быць запісана згодна з ПРАВІЛАМІ беларускай, а не іншай мовы.

Калі, вядома, лічым сябе беларусамі і хочам імі заставацца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Ведай імя сваё

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.