Вы тут

Чаму на асушаных землях не падтрымліваецца парадак


Навядзенне парадку на меліяраваных землях — справа не аднаго дня. Між тым некаторыя карыстальнікі гадамі не праводзяць там аніякіх работ альбо робяць іх толькі часткова. Навошта тады была патрэбна тая меліярацыя? — задаюцца пытаннем у КДК Гродзенскай вобласці. І прыводзяць цэлы шэраг фактаў нерацыянальнага выкарыстання каштоўнага зямельнага рэсурсу.


Спецыялісты ведаюць — асушаныя землі даюць добры ўраджай, выкарыстоўваюцца пад сенакосы і пашу. З году ў год на ўтрыманне такіх аб'ектаў выдзяляюцца з абласнога бюджэту значныя сродкі. Гэта робіцца, каб землекарыстальнікі падтрымлівалі землі ў належным стане і дабіваліся эфектыўнага выніку. Як вядома, працяглая эксплуатацыя ўплывае на стан меліярацыйнай сістэмы — адбываецца заглейванне каналаў, размыў, абвальванне адкосаў, зарастанне іх травой і кустарнікамі. А такі стан прыводзіць да парушэння агратэхнічных тэрмінаў сельскагаспадарчых культур, зніжаецца ўраджайнасць.

— Штогод у Гродзенскай вобласці ўкладваецца 12—14 мільёнаў рублёў для правядзення мерапрыемстваў на асушаных землях. Гэта даволі сур'ёзная сума, — кажа старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. — Таму мы абавязаны спытаць з карыстальнікаў, куды ідуць гэтыя сродкі.

Таксама выяўлены факты неналежнай эксплуатацыі асушаных зямель і сістэмы меліярацыі. Адзін з іх звязаны з сельгаспрадпрыемствам «Мастаўчанка» Мастоўскага раёна. Гаспадарка — у ліку неплацежаздольных і знаходзіцца ў стане банкруцтва. Два гады таму на меліярацыю амаль 110 гектараў было выдаткавана каля 300 тысяч рублёў. Але прадпрыемства аказалася няздольным акультурыць гэту плошчу, і зараз трэцяя частка зямель не выкарыстоўваецца — тут проста расце пустазелле. Бюджэтныя сродкі ўкладзены, а парадку няма.

Такая карціна назіраецца не толькі ў адной гаспадарцы. Кантралёры выявілі падобны факт у астравецкім саўгасе «Падольскі». На асушэнне зямель і рэканструкцыю сістэмы меліярацыі раённаму прадпрыемству «Гроднамеліявадгаса» рэгулярна выдзяляюцца сродкі. Напрыклад, летась на гэтыя мэты было накіравана каля 170 тысяч рублёў. Але не ўсе землі «працуюць». Частка зарастае пустазеллем.

— Не ўсе арганізацыі разлічваюць свае сілы пры правядзенні меліярацыі, — лічыць Анатоль Дарожка. — Некаторыя складаюць планы, ім выдзяляюцца сродкі, а потым высвятляецца, што яны не могуць іх паўнавартасна ўтрымліваць. Ёсць заўвагі і па абслугоўванні саміх каналаў.

У асноўным гаворка ідзе аб зарастанні водных артэрый. Не ўсюды вядзецца эфектыўная работа па абкошванні схілаў і тэрыторыі берагоў. Такія факты выяўлены на некалькіх меліярацыйных аб'ектах Іўеўскага і Карэліцкага раёнаў.

У КДК канстатуюць: штогод даныя па асушаных землях розныя, што сведчыць аб іх неналежнай інвентарызацыі. Розніца плошчаў у розных крыніцах даходзіць да 2,5 тысячы гектараў. Недапушчальным, на думку кіраўніцтва абласнога камітэта дзяржкантролю, з'яўляецца і такі падыход, як разлік на маламагутныя механізмы пры распрацоўцы праектаў. І хоць такіх механізмаў там няма, гэта дазваляе атрымаць дадатковыя сродкі з бюджэту.

З парушэннем бюджэтнага заканадаўства вялося добраўпарадкаванне Аўгустоўскага канала. На гісторыка-культурным аб'екце, якім цікавяцца турысты, увесь час вядуцца работы па захаванні яго ў належным стане. Гэта і рамонтныя работы, і пакосы, і прыборка смецця, лісця на прыдатнай тэрыторыі. На гэтыя мэты ўтрымальніку канала — прадпрыемству «Гроднамеліявадгас» — на працягу трох гадоў было выдзелена 570 тысяч рублёў. Але высветлілася, што сродкі атрыманы з парушэннем бюджэтнага каштарысу і фінансы паступалі незаконна. У выніку — фінансаванне па ўтрыманні канала скарацілася на гэтую сумму.

Супраць службовых асоб прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм заведзены і шэраг крымінальных спраў. У Смаргонскім раёне — у адносінах да галоўнага бухгалтара прадпрыемства, у Мастоўскім — супраць былога дырэктара, які незаконна атрымаў прэмію ў памеры 1,8 тысячы рублёў.

Анатоль Дарожка адзначыў, што па выніках праверкі прадпрыемству «Гроднамеліявадгас» «урэзана» фінансаванне на 920 тысяч рублёў. Каля 250 тысяч сэканомлена і накіравана ў бюджэт. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута дзевяць службовых асоб.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?