Вы тут

Як грамадская ініцыятыва спрыяе навядзенню прыгажосці на зямлі


У Міжлессі, што ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, пабудавана нямала новых дамоў. А паміж кварталамі забудоў па вуліцах Палявой і Маладзёжнай утварыўся пусты ўчастак зямлі. Ён не падыходзіць пад забудову, яго не адвядзеш пад поле альбо агарод, бо не засееш жа лапік зямлі ледзь не ў цэнтры вёскі. Пэўны час гэты ўчастак проста абкошвалі, але ён паступова дзічэў, з'яўлялася ўсё болей рознага пустазелля. Асабліва непрывабна гэта выглядала пад восень, калі трава пачынае вянуць альбо чэзнуць з першымі замаразкамі.


На суботніку

тар­шы­ня Між­лес­ка­га сель­ска­га Са­ве­та Юрый Каш­тА­лян  і трак­та­рыст Анд­рэй Га­луц.

— Неяк на сельскім сходзе прагучала выказванне, што гэты кавалак зямлі даўно просіцца, каб яго акультурылі, — кажа старшыня Міжлескага сельскага Савета Юрый КАШТАЛЯН. — Сказана — зроблена. Пачалі з суботніка. Побач спрэс дамы, у якіх выхоўваюцца дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту, патэнцыйныя кліенты пляцоўкі. На суботнік выйшлі бацькі сямействаў, мамы ў дэкрэце, спецыялісты сельгаспрадпрыемства і сельвыканкама. Працавалі як тыя пчолкі, лічы, за дзень тэрыторыю прывялі ў парадак.

Ідэяй загарэўся і кіраўнік ААТ «Міжлессе» Вячаслаў Ярошчык. За кошт гаспадаркі было набыта абсталяванне для дзіцячай пляцоўкі. Потым зрабілі драўляныя лаўкі са сталамі для адпачынку. Прывезлі дошкі і ўсталявалі пясочніцу для самых маленькіх. Цяпер з цяплом у выхадныя дні тут весела і ажыўлена. Школьнікі прыбягаюць паганяць мяч, павісець на турніку. Маці прыходзяць з дзецьмі. Скажам, жанчына прысела адпачыць на лаўцы, назірае за малым, які дрэмле ў калясцы, а старэйшы будуе ў пясочніцы палацы альбо гуляе побач. Паступова пляцоўка становіцца месцам, дзе сустракаюцца суседзі з дзвюх вуліц. Цяпер і ў вёсцы, асабліва маладзейшае пакаленне, не вельмі камунікуюць паміж сабой, бо шмат часу забіраюць інтэрнэтныя стасункі. А тут ёсць магчымасць пагаварыць, абмяняцца думкамі і навінамі, пакуль дзеці гуляюць.

Што важна, самі зрабілі, самі і даглядаюць агульную пляцоўку, — заўважае старшыня сельвыканкама. — Вясной нікога не трэба два разы прасіць, каб выйшлі падфарбаваць альбо прыбраць нешта. Наадварот, людзі праяўляюць творчасць ды ўласную ініцыятыву, каб зрабіць пляцоўку больш прывабнай і цікавай. Скажам, трактарыст Андрэй Галуц знайшоў у полі вялізны валун і даставіў яго сюды. Нехта нават прапанаваў з часам якую-небудзь памятную шыльду на камень прымацаваць. А суседнія гаспадыні раяцца паміж сабой, якія кветкі лепш пасадзіць вясной, каб летам месца адпачынку выглядала яшчэ прыгажэйшым.

Талакой

І калі ў Міжлессі Бярозаўскага раёна былая пустка стала адмысловай дзіцячай пляцоўкай, то ў Стайках Івацэвіцкага зарослы кустоўем непрывабны куток, які быў цікавы хіба аматарам выпіць далей ад чужых вачэй, стаў скверам.

Старшыня Стайкаўскага сельскага Савета Мікалай БАСАЛАЙ расказвае, што тут таксама пачыналі з суботніка. Спачатку расчышчалі тэрыторыю ад лішняй расліннасці, пакідалі толькі сталыя ўстойлівыя дрэвы. З тэхнікай дапамагло мясцовае сельгаспрадпрыемства. Астатняе зрабілі рукі і грамадская ініцыятыва.

Такім чынам, маем прыклад, як амаль без сродкаў можна зрабіць добрую справу талакой. Расчыстка сквера стала першай задачай, з якой жыхары Стаек справіліся.
А вось ператварыць памаладзелы сквер у месца адпачынку можна было хоць бы паставіўшы лаўкі. Яны ж, як вядома, каштуюць грошай. Тады дамовіліся з суседнім лясніцтвам. Леснікі далі бярвенні як спонсарскую дапамогу. Круглыя дзеравіны распілавалі на дзве часткі, атрымалі лаўкі, у нечым нават эксклюзіўныя.

А галоўным завадатарам добраўпарадкавання сквера стаў стараста вёскі Анатоль Трафімчык. Ён знаходзіў умельцаў, якія аздобілі пляцоўку сваімі рукамі і грошай за гэта не папрасілі. Паступова побач з лаўкай з'явіліся драўляныя жырафы і нават скульптуры казачных дзеда з бабай. Некаторым лаўкам для сядзення з дапамогай сякеры прыдалі выгляд самалётаў на радасць дзятве. Далей расфарбавалі старыя бочкі і шыны, з якіх зрабілі новыя кампазіцыі, пайшлі ў справу і розныя закручастыя дрэвы, якія знаходзілі ў лесе. Словам, тыя, хто прыклаў рукі да агульнакарыснага праекта, праявілі фантазію і творчы падыход. Сельвыканкам паклапаціўся пра пясочніцы на новай пляцоўцы. Цяпер сквер стаў месцам адпачынку для вяскоўцаў усіх пакаленняў.

* * *

У дзвюх прыведзеных вясковых гісторыях згадана, як акультурылі былыя пусткі толькі дзякуючы грамадскай ініцыятыве і невялікай спонсарскай дапамозе арганізацый і прадпрыемстваў, якія працуюць на тэрыторыі. У Кобрынскім раёне жыхары пасёлка Птушкафабрыка пры падтрымцы мясцовай улады і грамадскай арганізацыі змаглі атрымаць грант, за сродкі якога купілі арэлі, каруселі, нават невялікі батут, некалькі лавак. Паступова сталі з'яўляцца малыя архітэктурныя формы, арыгінальныя ўпрыгажэнні, а потым адзін прадпрымальнік узвёў збудаванне, якое нагадвае карабель. Пазней разбілі футбольнае поле, расчысцілі месца для валейбольнай пляцоўкі. І з часам на полі, дзе раней пасвіліся козы, з'явіўся грамадскі цэнтр адпачынку.

У Яглевіцкім сельсавеце Івацэвіцкага раёна ініцыятарам добрай справы стаў святар мясцовай царквы. Пад яго кіраўніцтвам прыхаджане зрабілі побач з царквой у Яглевічах дзіцячы гарадок, які абрысамі нагадвае старажытную крэпасць. На шчасце, пералік падобных акцый можна доўжыць. Для добрай справы патрэбна, па-першае, ініцыятыва, па-другое, арганізатар, які зможа павесці людзей. І калі ўдзельнікі талакі ўбачаць першыя вынікі, яны, як правіла, на гэтым не спыняюцца. Добры пачатак становіцца асновай для працягу і развіцця грамадскай справы. І тады не заўважыш, як нейкая пустка, зарослы бур'яном участак альбо казіная паша ператворацца ў прывабны куток.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.