Вы тут

Як школа ратавала парк у Дуброўне


Размовы пра тое, што старажытны парк у горадзе Дуброўна трэба ратаваць, вяліся гадамі. Сюды хадзілі адпачываць, некаторы час тут нават працавала танцпляцоўка. Але паступова ён зарастаў і пакрываўся смеццем. І ператварыць парк «Ліпкі» ва ўтульнае месца, нарэшце змагла... школа. Дакладней, дзеці і настаўнікі змаглі запаліць усіх мясцовых жыхароў цудоўнай ідэяй.


— Важна было данесці да людзей, што мы ўсе — жыхары Дуброўна, і парк — наша спадчына, — заўважае каардынатар праекта «Захаваем спадчыну разам», лідар грамадскай ініцыятывы «Дубрава», якая выйграла грант у межах праграмы «ТАНДЭМ ІV», Сяргей Ціцянкоў.

Спачатку некаторыя дубровенцы да праекта ставіліся з недаверам. Знаходзіліся і тыя, хто абураўся: як працаваць, калі за гэта нічога не заплацяць. На першы суботнік выйшла нямнога людзей. Пераважна працавалі школьнікі. Мясцовая газета нават выступіла з гнеўным артыкулам, прысвечаным «ліпкай справе»: маўляў, як можна абыякава ставіцца да такой важнай задачы. Але на работы па добраўпарадкаванні актывісты працягвалі выходзіць, і з кожным суботнікам людзей прырастала. І хутка ў «Ліпках» справа закіпела. Мясцовыя прадпрыемствы дапамаглі з транспартам, рабочыя клалі сцежкі. Быў завезены пясок. З'явіліся валейбольная пляцоўка, альтанка, сцэна, трэнажорны комплекс з навесам, каб трэніравацца можна было ў любое надвор'е. Было пасаджана сто ліпак.

Не дзіва, што многія гарадскія мерапрыемствы зараз «перамясціліся» ў парк. Але не менш важна і тое, што гэты праект змяніў свядомасць людзей. «Чаму ў вас дома ці на ўчастку чыста і прыгожа, а калі ступіць далей, усё дрэнна? Як пашырыць гэтыя межы? — дзеліцца Сяргей Ціцянкоў. — Я працую ў школе і заўважыў, што, калі мы разам саджалі дрэвы, прыбіралі тэрыторыю, у такіх месцах парадак даўжэй захоўваўся. Чалавек, дзе папрацаваў, не смеціць. І адна з мэт нашага праекта — фарміраванне экалагічнай культуры».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Ліпкая справа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?