Вы тут

Пяць ключыкаў


Пяць ключыкаў

Федарэнка, А. Сузіральнік: аповесці, апавяданні, эсэ / Андрэй Федарэнка. — Мінск: Кнігазбор, 2018. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Дзеяслоў»; вып. 25).

Зборнік твораў Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік», які пабачыў свет у 2018 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор», змяшчае аповесці «Ксю» і «Сузіральнік», апавяданні «Сахалінка» і «Шчасце», эсэ «Манголія» і «Пташнікаў».

Пачнём з канца — з эсэ «Пташнікаў». Гэта можа здацца дзіўным, але ўсё становіцца на свае месцы, калі ўявіць эсе як звязак ключоў да астатніх твораў. Эсэ, змешчанае ў канцы зборніка, адначасова з’яўляецца і галоўным ў ім — своеасаблівай данінай памяці пісьменніку, да якога Андрэй Федарэнка ставіўся з вялікай прыхільнасцю, павагай і любоўю. Тут можна прыгадаць «сонейка» з разбежнымі прамянямі — мастацкі элемент на франтоне хат на Палессі, які рабіўся напрыканцы будаўніцтва і ахоўваў дом ад бед. Промні–ключы пранікаюць ва ўсе творы зборніка, робячы яго цэласным.

Вось вам першы ключык. Калі мы возьмем аповесць «Ксю», то ўбачым там высокую светлавалосую Светку, старэйшую сястру смуглявай наіўнай гераіні–«азіятачкі», імем якой і названы твор. Пташнікаўская Света — сакурсніца Жэнькі з аповесці «Лонва», бялявая, даступная і маральна няўстойлівая. І калі Федарэнка сказаў Пташнікаву, што малым быў закаханы ў яе, то Іван Мікалаевіч адобрыў і «нібыта ўспомніў пра свавольніцу Светку нешта такое, аб чым не напісаў: — О–о, Светка!..»

Ключык другі. «Сузіральнік» насычаны дэталямі–назіраннямі наваколля. Вось і пра творы Пташнікава Федарэнка згадвае: «Прырода ў яго творах часта не толькі паглынае герояў, а ўвогуле як бы існуе асобна ад іх». Як і ў пташнікаўскіх творах, але з папраўкай на сённяшняга чытача (больш ёмка, скарочана, часам бегла і толькі тое, што можна паспець ахапіць вокам пакуль ідзеш, не спыняючыся, хіба ледзь запаволіўшы хаду) апісваецца ў «Сузіральніку» прырода. Таму і назва аповесці адпаведная. «Пайшоў бы пехам куды вочы глядзяць, па вёсках…» — кажа Іван Мікалаевіч ва ўспамінах свайго малодшага сябра па пяры. Але не толькі за прыродай назіраюць аўтары, але і за людзьмі. Да гэтай аповесці вельмі падыходзяць словы, якія былі напісаны вядомым літаратуразнаўцам Сepaфiмам Андpaюком да вышэйзгаданай «Лонвы»: «Пepaд нaмi пpaxoдзiць звычaйнae жыццё звычaйныx людзeй нa cвaёй зямлi. Жыццё з ягo paдacцямi i тpывoгaмi, …y якiм ёcць тaкcaмa i cмepць, чaлaвeчы бoль, тpывoгa, гpyбacць, xцiвacць. …Здoльнacць [аўтара] бaчыць, aдчyвaць дpaмaтызм i тpaгiзм жыцця — y caмыx звычaйныx, штoдзённыx з’явax i фaктax, y чaлaвeчыx лёcax».

Ключык трэці. «Сахалінка». Галоўны герой Васіль Ропат, нелюдзімы, пануры, дзіклівы, пазірае на новую суседку з–за плота, надзейна схаваны зараснікамі дзікіх сліў. Пра ўсіх людзей, што насяляюць цяпер яго родную вёску, ён думае адно: «Зброд». І пра гаваркую, вясёлую, таварыскую суседку Сахалінку — таксама. Заўсёды адзін, нетаропка перасоўваецца, глядзіць спадылба, і таму, калі ён раптам уяўляе сваё пахаванне, так выбіваюцца яго думкі, непадобныя да ўсіх папярэдніх: «Каб яму давялося выступаць на ўласных памінках — ён не змог бы. Яму, яго целу, семдзясят сем гадоў, а на самой справе — сем, і ўсё жыццё ён адчуваў сябе сямігадовым». Але ж калі мы дабіраемся да апошняга эсэ, то становіцца зразумела, каму адрасавана гэтае прывітанне. Чытаем словы Івана Пташнікава: «Усё жыццё адчуванне, што я падманваю людзей, калі яны называюць мяне на вы і па–бацьку, бо які я Іван Мікалаевіч? Я быў і ёсць шасцігадовы Іванко…»

Апавяданне «Шчасце» — такі ж псіхалагічна заглыблены твор, як і аповесць «Ксю» — спробы аўтара разабрацца ў пытаннях сэнсу жыцця для асобнага чалавека. Галоўны герой Шаўцоў–Бузук (менавіта так, без імя, але ж усё–ткі спыніце свой позірк на прозвішчы: яно гаваркое) глыбока няшчасны, хворы, самотны чалавек, працуе на будоўлі і вельмі пакутуе ад свайго няўдалага жыцця. З адчаю піша раман, але вельмі зайздросціць дворніку. Тут можна прыгадаць кнігу псіхолага С’юзан Кейн «Інтраверты»: аўтарка рэкамендуе, каб лепш зразумець сябе, «звярнуць увагу на тое, чаму вы зайздросціце. Зайздрасць — гэта жахлівае пачуццё, але яно кажа праўду. Як правіла, мы зайздросцім людзям, у якіх ёсць тое, чаго мы хочам самі». Тут Федарэнка выступае як тонкі псіхолаг. Псіхалагічнасць назіраецца і ў творах Пташнікава. Але чацвёрты ключык, як мне падаецца, прыхаваны не ў гэтым, а ў разважаннях пра літаратуру і асобу пісьменніка. Як ставіліся да слова ў часы Пташнікава і як ставяцца цяпер.

Пятым ключыкам у эсэ «Манголія» можна палічыць яго біяграфічнасць. З апошняга твора зборніка мы даведваемся, што напрыканцы жыцця Іван Пташнікаў друкаваў некаторыя дзённікавыя зацемкі, а шэдэўрам аўтабіяграфічнай прозы Андрэй Федарэнка лічыць яго «Ненапісаную аповесць».

На гэтым я завяршаю агляд зборніка Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік», пра які можна казаць яшчэ доўга і з ахвотай. Але кожны чытач знойдзе тут свае ключыкі–промні, бо калі чытаеш яго творы і знаходзіш псіхалагічнасць, трапныя назіранні, шматпластовасць, то хочацца парадавацца таму, што слова «талент» — не проста слова з мінулага, і літаратура па–ранейшаму застаецца Літаратурай, а не «літпраектам».

Ксенія КРЫВЕЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».