Вы тут

Як знізіць да мінімуму негатыўны ўплыў надвор'я на ўраджай?


На палетках краіны хутка з'явіцца не толькі трыцікале, з якога можна пячы «шэры» хлеб, але і цвёрдазерневыя сарты пшаніцы, прыгодныя для вырабу макароны. Да гэтага імкнуцца супрацоўнікі навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве. Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Дзмітрый ЛУЖЫНСКІ, да новай пасяўной аграрыям прапануецца больш за сорак новых сартоў: азімы рапс, азімая і яравая пшаніца, яравы ячмень — піваварны і кармавы, грэчка, зернебабовыя, шматгадовыя травы.


Акрамя таго, навукоўцы ўдасканальваюць тэхналогію апрацоўкі сельскагаспадарчых культур — перш за ўсё падборам аптымальных доз угнаенняў. Аптымізаваць прымяненне пестыцыдаў дапамагаюць, з аднаго боку, замена іх на біялагічныя, а з другога — дасягненні селекцыі, што забяспечваюць павышаную ўстойлівасць да хвароб і шкоднікаў.

У навукова-практычным цэнтры актывізуюць работу з цеплалюбівымі і засухаўстойлівымі культурамі сорга і просам, аптымізуюць сартавы склад па кукурузе і іншых кармавых культурах. На сельгаспрадпрыемствах вытворчасць уласнага кармавога збожжа дазволіць папоўніць запасы кармоў — залогу поспеху жывёлагадоўлі.

Якасных кармоў без бялку не будзе, падкрэсліў Дзмітрый Лужынскі, і гаспадаркі могуць вырасціць якасныя, збалансаваныя кармы. У Беларусі для атрымання збожжа і зялёнай масы прыгодны шырокі спектр сартоў гароху і лубіну. А вось соя пакуль што не атрымала распаўсюджання.

Беларускія сарты азімага трыцікале ўжо прыдатныя да кандытарскіх вырабаў. Якасць збожжавых будуць павышаць да ўзроўню хлебапячэння. Узоры ўжо маюцца, і можна атрымаць «шэры» хлеб. У Беларусі такі «канкурэнт» пшаніцы быў бы вельмі актуальны, бо для апошняй у нас мала спрыяльных глебаў, і харчовая фракцыя збожжа значна б павысілася.

Стабільнасць і павышэнне прадукцыйнасці агракомплексу залежыць у першую чаргу ад урадлівасці глебы. Дырэктар інстытута глебазнаўства і аграхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Віталь ЛАПА адзначыў, што за апошняе дзесяцігоддзе адпаведныя аграхімічныя паказчыкі значна палепшыліся, упершыню за чатыры гады назіраецца станоўчы баланс гумусу. Высокую ўрадлівасць гарантуе захаванне прадукцыйнасці амаль усіх культур пры неспрыяльных умовах надвор'я.

На сёння галоўныя задачы — своечасова правесці раннюю падкормку азімых і ўнесці неабходныя дозы мінеральных угнаенняў. Ва ўсіх гаспадарках ёсць адпаведныя планы па забеспячэнні збалансаванага мінеральнага харчавання. Віталь Лапа падкрэсліў: эканоміць на фосфары нельга, не атрымаецца замяніць яго нястачу лішкам, напрыклад, калію.

У інстытуце распрацаваны 84 новыя формы комплексных угнаенняў для ўсіх культур, якія вырошчваюцца ў Беларусі. Найбольш запатрабаваныя комплексы вытворчасці Гомельскага хімічнага завода пад лён, азімы рапс і цукровыя буракі.

У навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі распрацаваны неабходныя машыны для ўзворвання і культывацыі, камбінаваныя агрэгаты рознага назначэння.

Распрацаваны 12-корпусны плуг, сеялкі шырынёй дзевяць метраў, павышаецца камбінаванасць машын. Напрыклад, сучасныя глебаапрацоўчыя агрэгаты не толькі сеюць, але і ўносяць стартавыя дозы мінеральных угнаенняў», — паведаміў вучоны сакратар Юрый САЛАПУРА. Распрацаваны ў цэнтры і транспартныя сродкі, прычэпы розных мадэляў. Завяршаецца стварэнне транспартна-тэхналагічнай сістэмы грузападымальнасцю 25 тон для ўнясення мінеральных угнаенняў.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: У дапамогу чалавечаму фактару

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».