Вы тут

У пракаце ідзе яшчэ адзін фільм пра несвабоду 1980-х


Напэўна, калі па сцэнарыі Міхаіла Ідава здымаў Кірыл Сярэбранікаў, было лепш: меланхалічнае і стыльнае «Лета» пра ленінградскую рок-тусоўку 1980-х скарыла сэрцы і фестывалі. У дадатак праз гэту карціну Сярэбранікаў апынуўся сярод лаўрэатаў нядаўна абвешчанай кінапрэміі «Ніка» як найлепшы рэжысёр. Гэтым разам Ідаў сам увасобіў сваю задумку і зрабіў яшчэ адзін фільм пра савецкую творчую несвабоду і несвабоду ў цэлым. Можа быць, больш фармальнага, механічнага і з нацягнута драматычнай канцоўкай, але разумнага «Гумарыста», які зараз ідзе ў мінскім пракаце.


Галоўным героем становіцца эстрадны гумарыст Барыс Аркадзьеў, які калісьці ў мінулым напісаў кнігу, але пасля замест літаратуры стаў займацца выступленнямі і зарабляць грошы. Пакуль Аркадзьеў апраўдвае сваё невысокае рамяство працягам традыцыі Аверчанкі і Тэфі, паклоннікі і паклонніцы яго творчасці прыбываюць, папулярнасць і пазнавальнасць расце, а касманаўты ў космасе хочуць слухаць яго маналогі. Галоўную ролю, дарэчы, выконвае Аляксей Аграновіч.

«Што яму трэба было — у яго ж усё было», — прагучыць у канцы карціны і аголіць гэтае савецкае спажывецкае стаўленне да жыцця, калі ты прымаеш правілы гульні, каб зручней умацавацца ў існуючай іерархіі. Стаўленне, якое і пасля развалу Саюза нікуды не сышло.

Дык вось «Гумарыст» паказвае, што ў мірнай сістэме са зразумелымі прынцыпамі выжывання ёсць нязгодныя. Барыс Аркадзьеў, які ўжо з першых эпізодаў падаецца пакутнікам або прынамсі ў нечым глыбока нешчаслівым чалавекам, церпіць ад пастаянных абмежаванняў і далікатнага прымусу з боку людзей з пагонамі.

А паколькі галоўны герой унутрана нязгодны з існуючым раскладам, фільм паступова прыводзіць нас да выбуху. Па логіцы ён мусіць скончыцца альбо надзвычайнай перамогай, альбо трагедыяй. Чым канчаецца, здагадайцеся самі.

У пэўным сэнсе «Гумарыст» прымярае форму ўсім вядомай антыўтопіі. І сістэма, і прымус, і нязгодны персанаж, і няздольнасць супрацьстаяць вышэйшым сілам, і, нарэшце, пратэст з яго наступствамі — усё ёсць. Толькі мінулае дазваляе пазбавіцца неабходнасці гіпербалізаваць і ўтрыраваць: сюжэты савецкіх часоў правакуюць магутныя літаратурныя формы, але з'яўляюцца, на жаль, рэальнымі.

Аркадзьеў, можна сказаць, больш церпіць ад сваёй папулярнасці, чым ад яе атрымлівае — вось парадокс. Пакуль ён выступае ў Юрмале, сваімі маналогамі прымушае публіку смяяцца ды іскрыць жартамі, становіцца жаданым госцем у дамах розных чыноў. Тут і гумарыстычны маналог пра малпу, які праходзіць лейтматывам праз усю карціну, дарэчы, бо жывёла тут не толькі ў выступленнях — малпай становіцца чалавек, такія часы.

Несвабода — любімы і самы дзейсны папрок савецкаму мінуламу. Міхаіл Ідаў зноў звярнуўся да 80-х, каб жыватворная тэма зайграла новымі фарбамі. Натуральна стылізаваная карціна, што ўпэўнена абапіраецца на ролю Аляксея Аграновіча, лінейна распавядае аб супрацьстаянні чалавека сістэме і паказвае, што ў некаторыя моманты лепш быць нікому не вядомым пісьменнікам, чым папулярным эстрадным выступоўцам. Але вядома ж, не ўмовы павінны выбіраць за нас.

«Гумарыста» можна паглядзець у сетцы кінатэатраў Sіlvеr Sсrееn.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Забіць гумарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».