Вы тут

Я не адна! На якую дапамогу можа разлічваць цяжарная жанчына


Інтэрактыўная карта з бясплатнымі паслугамі для цяжарных жанчын, 500 захаваных жыццяў і інфармацыя медыкам для разваг наконт таго, што чакае ад іх жанчына, — такія вынікі праекта «Ты не адна». Ён рэалізоўваўся ў Мінску, Магілёве і Магілёўскай вобласці летась і ў пачатку гэтага года.


Удзельнікі праекта падчас падвядзення вынікаў.

— Крызіс можа прыйсці ў кожную сям'ю. Асабліва цяжка справіцца з ім цяжарнай жанчыне. Але якая б складаная ні была сітуацыя, шукаць дапамогу варта, — кажа Ірына ШМАК, аўтар праекта, практычны псіхолаг, кіраўнік сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малы» SOS — дзіцячай вёскі Бараўляны. — Кіруючы на працягу пяці гадоў цэнтрам, я зразумела, што існуе шмат грамадскіх арганізацый, клубаў узаемадапамогі, але яны дзейнічаюць адасоблена і іх складана шукаць, асабліва калі жанчына ў крызісе. Так узнікла ідэя кансалідаваць усе віды дапамогі цяжарным жанчынам і іх сем'ям.

Інтэрактыўная карта аб'ядноўвае тыя месцы, дзе жанчына можа атрымаць дапамогу медыка, сацыяльнага работніка, юрыста, псіхолага. Да рэалізацыі праекта далучыліся камітэт па ахове здароўя і камітэт па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама, а таксама Магілёўскі аблвыканкам і Магілёўская цэнтральная паліклініка. Карта мае і чырвоную кнопку, якая азначае, што жанчыне неабходна дапамога тут і цяпер. Але карыстацца сэрвісам можна не толькі ў крытычнай сітуацыі. На карце пазначаны месцы, дзе цяжарная жанчына можа бясплатна патрапіць на фітнес, наведаць музей ці, скажам, паспяваць у хоры.

У межах праекта прайшло шмат сустрэч, дзе спецыялісты дапамаглі будучым мамам, а таксама даведаліся, чаго пацыенткі чакаюць ад іх у першую чаргу.

— Летам мінулага года прайшла акцыя «Гарадскі радзільны дом, добразычлівы да сям'і», якую падтрымала кіраўніцтва Мінгарвыканкама, — расказала галоўны акушэр-гінеколаг Мінска Ірына ІКАНАСТАСАВА. — Усе сталічныя радзільныя дамы прынялі ў ёй удзел: у кожным прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй для цяжарных жанчын і іх сем'яў. У ім узялі ўдзел 840 будучых мам. У кожным радзільным доме адбыўся адкрыты дыялог: акушэры-гінеколагі, неанатолагі, анестэзіёлагі, псіхолагі расказалі пра мацярынства і адказалі на пытанні будучых пацыентак. Для медыкаў гэта таксама было карысна. Я асабіста чула выказванні, як такія мерапрыемствы мяняюць свядомасць урача і паказваюць, над чым нам трэба працаваць.

Сёлета ў студзені падчас «Калядных сустрэч» урачы расказалі цяжарным пра заўчасныя роды, аказанне педыятрычнай дапамогі, у прыватнасці пра вакцынацыю нованароджаных і прымяненне антыбіётыкаў, пра рэзус-адмоўную і пупавінную кроў, ствалавыя клеткі, а пластычны хірург нават бясплатна дапамог адной з пацыентак у пасляродавым перыядзе. Гасцям прапанавалі паўдзельнічаць у даследаванні і запоўніць анкеты, каб высветліць, якія якасці ў медработніках яны больш за ўсё цэняць. На пытанні адказалі 1118 жанчын. Амаль 600 з іх найважнейшай якасцю ўрача назвалі камунікабельнасць. Наступнымі па важнасці якасцямі сталі кампетэнтнасць (264), а таксама ўважлівасць і ўменне суперажываць (203).

— Пазалетась у Мінску пачалі адкрывацца кабінеты псіхалагічнай дапамогі «За жыццё», куды звяртаюцца жанчыны, якія вырашылі перарваць цяжарнасць. Эфект перадабортнага кансультавання — 17 %, а гэта між іншым 500 захаваных цяжарнасцяў, — працягвае Ірына Іканастасава. — Такія кабінеты мы захаваем, але, магчыма, крыху зменім іх назву. Акрамя медыка і псіхолага, двойчы ў месяц з жанчынамі будзе сустракацца спецыяліст з раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, які раскажа пра выплаты і дапамогі для цяжарных і жанчын з дзецьмі. Дарэчы, у апошнія 5—10 гадоў назіраецца добрая дынаміка скарачэння перарывання цяжарнасцяў.

Ірына ІКАНАСТАСАВА.

— Як паказвае практыка, не заўсёды жанчыны ведаюць пра тую дапамогу, якую дзяржава аказвае сем'ям, пра меры сацыяльнай падтрымкі, — дадае намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына ДУДКА. — Штогод Мінск прырастае на адну тысячу шматдзетных сем'яў, але ў той жа час нараджаць другое дзіця многія сем'і не жадаюць. Таму гэты праект для нас цікавы і важны. Дзякуючы яму мы даведваемся пра сем'і, у якіх выхоўваюцца хворыя дзеткі. У 80 % такіх выпадкаў мама застаецца адна, а бацька сыходзіць. Такія сем'і неабходна суправаджаць і псіхолагам, і сацыяльным работнікам.

Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Юлія САВАЧКІНА, здароўе маці і дзіцяці — прыярытэтная задача для дзяржавы.

— За кожнай цяжарнай жанчынай стаіць жыццё. І медыкам важна навучыцца кантактаваць з ёй не жорстка і казённай мовай, а так, каб жанчына адчувала сябе камфортна. Мы і далей будзем падтрымліваць такія праекты, якія пазітыўна ўплываюць на імідж урача.

У Мінску ўзрост, у якім жанчына нараджае першае дзіця, павялічваецца. Першы раз жанчыны нараджаюць у 27—29 гадоў, другі — пасля 30. Зрэшты, такая тэндэнцыя характэрная для многіх краін Еўропы і ЗША. Колькасць родаў у непаўналетніх у сталіцы невялікая — каля 15—20 у год. Парадзіх старэйшых за 45 гадоў таксама няшмат — каля паўсотні за год. Ва ўзросце 40—45 гадоў штогод нараджае каля 500 мінчанак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.