Вы тут

Інклюзіўны спектакль «Маленькі прынц» пакажуць у Тэатры-студыі Кінаакцёра


Відушчае толькі сэрца... Гэтыя словы з казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы ўвасабляюць ідэю і дух пастаноўкі інклюзіўнага тэатра «Радасць». Яго мастацкі кіраўнік — акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. М. Горкага Аляксандр Ждановіч, але больш вядомы ён дарослым і дзецям пад мянушкай «Маляваныч». Дарэчы, ён выступае і рэжысёрам спектакля «Маленькі прынц». 


Фота nashideti.by

Казка ва ўвасабленні «асаблівых» акцёраў мае ўжо 7-гадовую гісторыю. За гэты час «Маленькага прынца» тэатр «Радасць» іграў на розных сцэнах не толькі Мінска, але і Расіі, Германіі. У ролі галоўных герояў пастаноўкі — восем выхаванцаў псіханеўралагічнага дыспансера. 

Тэатральным мастацтвам з «сонечнымі людзьмі» Аляксандр Ждановіч займаецца ўжо 15 гадоў. Таленавітыя, незвычайныя акцёры з вялікай радасцю ўдзельнічаюць у спектаклях, а некаторыя нават жывуць тэатрам. 

Па словах Аляксандра Ждановіча, спектакль тэатра «Радасць» — не чарговая інтэрпрэтацыя вядомай казкі, а магчымасць паглядзець на свет іначай. «Маленькі прынц» — кранальная, пранікнёная гісторыя, не пазбаўленая самаіроніі і тонкіх сэнсаў.

— Часам «Маленькага прынца» прадстаўляюць дзіцем. А ў нашым спектаклі абсалютна іншая ідэя, блізкая да задумы Экзюперы: «Маленькі прынц» — гэта нейкая блажэнная істота, якая назаўсёды захоўвае ў сабе рысы дзіцяці. Гэта можна прымяніць і да нашых акцёраў — яны ніколі сталеюць, а зберагаюць у сабе такія рысы, як незласлівасць, прастата, дабрыня.

Менавіта таму на нашай афішы напісана «Дзеці, якія ніколі не стануць дарослымі іграюць спектакль для дарослых, якія калісьці былі дзецьмі», — расказаў Аляксандр Ждановіч.
Спектакль «Маленькі прынц» 7 красавіка 2019 года прымае сцэна Тэатра-студыі Кінаакцёра. Дарэчы, усе сродкі ад паказу пойдуць на падтрымку падапечных Дабрачыннага фонду ў гонар св. Іаана Рускага. Аб’яднанне створана для падтрымкі дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў інтэрнатах. 

— На мой погляд, наша грамадства не дастаткова ведае аб такіх людзях. А на сам рэч, яны асобы са сваімі талентамі (у тым ліку і тэатральнымі, акцёрскімі). Мастацтва мае вялікае значэнне для іх. Нашы артысты пражываюць у інтэрнаце і вельмі каштоўная для іх магчымасць кудысьці выехаць, паказаць сябе, паразмаўляць, — падкрэсліў акцёр.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?