Вы тут

Храналогія


Алеся Лапіцкая

нарадзілася 29 лістапада 1987 года ў Мінску. Літаратар, журналіст, літаратуразнаўца. У 2012 годзе скончыла БДУ. Марыць надрукаваць у «Маладосці» невялікую фантастычную аповесць. Дапісвае. Лічыць, што галоўнае ў вершах — гэта думка.



ХРАНАЛОГІЯ

Народзіны

PS

Нехта будуе дом,

Нехта гуляе ў комп,

Нехта даўно памёр,

П’яны і за стырном.

Нехта глядзіць хакей,

Нехта ўжывае спайс,

Нехта гадуе дзяцей,

Марыць пра «Galaxy Nice».

Нехта на ОНТ,

Нехта ў ЕДУ.

Добра сядзець у кафэ,

А нараджаць — каму?

Цяжка любіць жыццё

З заробкам 300 у. е.

Гэта як адкрыццё.

Няня з гора налье…

Чорная, белая паласа,

Розныя жыццёвыя фазы.

Мы нарадзіліся ў год труса,

Нам дваццаць пяць — разам.

 

Будзённае

У сына зноўку ОРВІ,

А я пішу агляд.

Свякроў гатуе кабачкі:

Прыйшоў да мужа брат.

 

Глядзіць пляменніца кіно,

Гуляе ў планшэт

У маім пакоі. Усё адно…

Гасціннасць — запавет!

 

Брат мужа каву ў зале п’е,

Уключае «Еўраспорт».

Застаўся вольны для мяне

Хіба што калідор.

 

А колькі трэба напісаць,

Каб мець сваё жытло?

За год рэцэнзій сорак пяць,

Артыкулаў пад сто.

 

І тое, банк не дасць крэдыт,

Бо нізкі ганарар.

Іспанія і выспа Крыт —

Не з нашых сціплых мар.

 

Але ж мы вольны выбіраць

Напрамак, тэму, стыль,

І не павінны апяваць

Будоўлю ці тэкстыль.

 

Схіляць не трэба галаву,

Прыкусваць свой язык:

Пішы пра жарсці рандэву,

Ці з крыўды рвіся ў крык,

 

Альбо з натхнення наладкуй

Вянок вянкоў санетаў —

Ды толькі часам памяркуй,

Ці ёсць чытач на гэта…

 

Не мусім мы ўступаць у саюз

Па прэмію ці дачу,

І ў спіну не скажуць «хлус» —

Па клетцы птах не плача.

 

Дык лепш пісаць пад «Еўраспорт»,

Чым з гора сёрбаць брагу.

І, зрэшты, цесны калідор —

То не барак ГУЛАГУ.

 

…Натую гэтыя радкі,

А за сцяной — хакей.

І смачна пахнуць кабачкі —

Пішы ж агляд хутчэй!

 

Вясна 2014

Сын засынае каля мяне.

Ён прыціскае маю далонь да сваёй шчакі,

Напэўна, так яму ўтульней, і нават цяплей.

А нехта бярэ ў рукі зброю.

Спачатку яму непамысна і страшнавата.

Яна прахалодная і цяжкая,

З яе можна забіць —

Чалавека, воўка, бусла або шчанюка.

Нехта вучыў: «Не забі».

Але ў нашых варунках гэта не актуальна.

Са зброяй чалавек адчувае сябе моцным,

І яму часам робіцца весела.

Калі хочаш забіць іншага,

Галоўнае — добра схавацца.

За дом, за дрэва або за словы.

Яны таксама ўмеюць хаваць.

Ні з таго, ні з гэтага боку

Амаль ніхто не крычыць: «Спыніся».

І ты ідзеш са зброяй наперад,

Чалавек — гэта кроў, вантробы і куча гною.

Сын засынае каля мяне.

Яго кудзеркі светлыя, пухкія,

І ў свеце няма нічога

Мягчэйшага за дзіцячыя валасы.

 

***

На дахах нашых хат растуць дрэвы,

На комінах — ладзяць гнёзды буслы,

У прыпечках вядуцца вужы і розная нежыць.

Сын з’едзе і не пасадзіць дрэва

Ля хаты свайго дзеда.

Дачка не будзе вянчацца ў царкве,

Дзе малілася ейная бабуля.

Ці паглядзіць унук на сонца

З таго адзінага пункту сусвету,

Дзе сустракаў світанак яго прапрадзед,

І далей — увесь наш род?

 

Каму мы пакінем сваю зямлю,

Калі нашым дзецям яна не патрэбна?

 

***

Чалавек, які не мае хрыбта,

Не можа ісці, ці стаяць.

Як паўзун, як найгоршая ў свеце брыда,

Можа толькі ўсім целам віхляць.

 

Можа грозна сыкаць, ці віцца вужом,

Ці хавацца між камянёў,

І з усім паганым сваім кублом

Цараваць між пагнілых пнёў.

 

Бесхрыбетны, знявечаны чалавек —

Колькі б грошай, пасад ні было —

То найгоршы прыклад з усіх калек,

Бо дагодна прымае зло.

 

Ён не можа роўна трымаць галаву

І паважна глядзець на свет.

А таму не трывайце, людцы, ману,

Каб сабе не зламаць хрыбет.

 

***

Светлы ранак, росныя травы,

Водар свежы хваёвы ў лясах.

Позірк Ваш вясёлы й ласкавы,

Сонца блытаецца ў валасах.

 

Мы ідзём па шляху адвечным —

Усцяж лясы, сады і палі —

І з усмешкаю людзям стрэчным

Лёгка крочыць па роднай зямлі.

 

На ўзгорках бялеюць храмы,

Зіхацяць крыжы ля дарог.

У вялікіх і дробных справах —

З намі Бог.

 

Ён усцешыць думкаю слушнай,

Каб святлей на душы было,

І у час самотны ды скрушны

Хай кране Вас пяшчоты крыло.

Фота: Марына ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.