Вы тут

Выдадзена новая кніга пра Хатынь


«Два годзікі было Мішу Навіцкаму, Юзіку Іотку, Леначцы Мірановіч, Мішу Яскевічу, Валодзі Карабану. Тры гады споўнілася Хрысціне Рудак, Ганначцы Федаровіч, Раі Жалабковіч, Васі Мірановічу... Самы маленькі, сямітыднёвы Толік, апынуўся там разам са сваёй маці, 19-гадовай Верай Яскевіч»... Гэта толькі асобныя імёны малых, якія загінулі 22 сакавіка 1943 года ў Хатыні. Усяго ж у той дзень сярод спаленых і расстраляных жыхароў вёскі было 75 дзяцей.


Пра тыя жудасныя падзеі расказвае новая кніга «Хатынь. Трагедыя беларускіх вёсак», аўтарам якой з'яўляецца гісторык, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур Зельскі. «Навуковы пошук бясконцы. Заўсёды адкрываюцца нейкія новыя факты, — якія, што называецца, нажом рэжуць па сэрцы, — дзеліцца Артур Гарыевіч. — Гэту кнігу было цяжка пісаць. Чытаеш дакументы, а там расказваецца, як на вачах у маці забіваюць яе старэйшую дачку, пасля малодшага сына... А як уявіць трагедыю маленькага хлопчыка ці дзяўчынкі, калі ў іх яшчэ ўчора быў утульны дом, бацькі, і раптам нешта здарылася — і гэтага нічога няма, а побач невядомыя, злыя, абыякавыя людзі».

Кніга расказвае пра знішчэнне Хатыні карнікамі і гісторыю стварэння мемарыяльнага комплексу. Таксама ў ёй змешчаны звесткі пра вёску пачынаючы з ХVІ стагоддзя. «Мы хацелі зрабіць кнігу пра Хатынь, якая будзе вылучацца і мастацкім афармленнем, і новым падыходам. Важна было паказаць, якое жыццё тут было раней і як яго абарвала вайна», — адзначыла галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Ларыса Языковіч.

Такі падыход, калі распавядаецца пра папярэднюю гісторыю канкрэтнага населенага пункта, быў выкарыстаны і пры рабоце над іншымі кнігамі серыі «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці», якую выдавецтва распачало летась. Навукова-папулярная літаратура, падрыхтаваная беларускімі гісторыкамі, работнікамі архіваў і музеяў, раскажа пра месцы масавага знішчэння ваеннапалонных, партызанаў, падпольшчыкаў і мірных грамадзян.

У межах серыі ўжо выйшлі кнігі, прысвечаныя Трасцянцу і Навагрудскаму гета. Дарэчы, апошняя расказвае не толькі пра расстрэлы яўрэяў, але і пра супраціўленне — змешчаныя за калючым дротам, пад пільным надзорам аховы людзі змаглі патаемна выкапаць тунэль даўжынёй больш за 200 метраў і арганізаваць масавыя ўцёкі вязняў, а пасля стварылі партызанскі атрад Т. Бельскага.

Паступова серыя будзе дапаўняцца новымі «квадратамі памяці» (так падчас прэзентацыі назвала кнігі архітэктар Галіна Левіна, адзін з аўтараў Трасцянецкага мемарыяла). Зараз рыхтуецца выданне, якое раскажа пра лагер смерці ў Масюкоўшчыне. У планах аповеды пра Слонім, Бабруйск, Азарычы, Красны Бераг. Новым праектам зацікавіліся рэгіянальныя музеі — яны дасылаюць тэксты, фатаграфіі, якія сведчаць пра трагедыі, што адбываліся ў іх раёнах.

«Мы павінны разабрацца, у якіх формах захоўваць памяць і як даносіць інфармацыю да тых, хто першы раз сустракаецца з гэтай тэмай», — заўважыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі Петэр Дэтмар. Гэты праект «Беларускай Энцыклапедыі...» якраз скіраваны на падрастаючае пакаленне.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?