Вы тут

Якія з агучаных на TЕDхMіnsk ідэй здольныя змяніць жыццё да лепшага


Ці варта хваліць дзяцей і як увогуле можа ўздзейнічаць на чалавека пахвала? Якія якасці трэба цаніць і выхоўваць у падрастаючым пакаленні ў першую чаргу: працалюбства, стараннасць або фантазію? Чаму адчуваць сябе бедным і быць бедным — не адно і тое ж? Наколькі рызыкоўна ставіць асабістыя інтарэсы работнікаў кампаніі вышэй за карпаратыўныя? Што значыць выглядаць безгустоўна? Ці можна спалучыць любоў да піва з марафонамі? Чаму ваўкоў трэба абараняць ад чалавека, а не наадварот? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні можна было атрымаць на канферэнцыі TЕDхMіnsk, якая прайшла ў сценах Купалаўскага тэатра пад слоганам «Абуджэнне розуму». У гэты дзень са славутай сцэны гучалі тры мовы: беларуская, англійская і руская. А ў фірмовае чырвонае кола TЕD выходзілі па чарзе псіхолаг, эколаг, музыкант, неўролаг, крэатыўны дырэктар, тэарэтык моды, рэжысёр, аматар бегу, эксперт у галіне тэлекамунікацый і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банку ў нашай краіне... Канферэнцыя TЕDхMіnsk 2019, генеральным партнёрам якой выступіла кампанія vеlсоm, стала па-сапраўднаму мультытэматычнай і мультымоўнай.


Але чаму быў абраны менавіта гэты слоган — «Абуджэнне розуму»? Місія TЕD-руху ва ўсім свеце — знаходзіць, збіраць і прасоўваць рашэнні і ідэі, здольныя даць людзям і грамадству імпульс да развіцця і пазітыўных перамен на самых розных узроўнях, — ад лакальнага да глабальнага. Чалавечы розум — наймагутнейшы інструмент, здольны ў літаральным сэнсе змяняць існуючую рэальнасць. Часам дастаткова аднаго штуршка, каб накіраваць схаваныя ў ім рэсурсы ў творчае, стваральнае рэчышча.

Выступленні на TЕDх-канферэнцыях маюць асаблівы фармат: гэта 18-хвілінная творчая прэзентацыя ідэі адным аўтарам, мэта якой — стварыць яркае інтэлектуальнае шоу, здольнае натхніць аўдыторыю.

Глабальныя і лакальныя канферэнцыі TЕDх збіраюць вялікую колькасць гледачоў па ўсім свеце і яшчэ больш анлайн-праглядаў. Відэазапісы ўсіх падзей TЕD-канферэнцый перакладаюцца на некалькі моў і размяшчаюцца ў адкрытым доступе на афіцыйным канале TЕD.соm.

Хваліць правільна!

Пагутарыць пра пахвалу і кампліменты прапанавала ўдзельнікам TЕDхMіnsk прафесар псіхалогіі Сіtу Unіvеrsіtу оf Nеw Yоrk Анастасія ЛІПНЕВІЧ, найлепшы малады навуковец па прызнанні Амерыканскай псіхалагічнай асацыяцыі.

Анас­та­сія ЛІП­НЕ­ВІЧ: «На­ват у та­кім струк­ту­ра­ва­ным прад­ме­це,  як ма­тэ­ма­ты­ка, ста­ноў­чыя эмо­цыі  сты­му­лю­юць твор­часць!»

— Абсалютная большасць людзей любяць, калі пра іх кажуць што-небудзь прыемнае, — сцвярджае Анастасія. — Нам падабаецца, калі калегі годна ацанілі нашу ідэю або дзяўчына, якая стаіць за намі ў чарзе ў касу ў супермаркеце, адобрыла нашу пакупку. Здавалася б, чаму для ўсіх нас такое важнае значэнне мае адабрэнне з боку іншых людзей? І што думае пра гэта навука? Пытаннямі шчасця, поспеху, псіхалагічнага камфорту займаецца пазітыўная псіхалогія. Даказана, што станоўчыя эмоцыі пашыраюць наша мысленне, людзі адыходзяць ад руцінных рэакцый і аўтаматычна павялічваецца магчымасць творчага рашэння задач. Напрыклад, мы ўстанавілі, што студэнты, у якіх пераважаў станоўчы эмацыянальны фон, значна часцей прапаноўвалі творчыя рашэнні задач па геаметрыі. Нават у такім структураваным прадмеце, як матэматыка, станоўчыя эмоцыі стымулююць творчасць!

Але абавязкова трэба звяртаць увагу на тое, як вы кантактуеце з людзьмі, якія вас акружаюць, папярэджвае Анастасія, якую зваротную сувязь вы ім забяспечваеце. Таму што ўсе мы маем схільнасць заўважаць і агучваць тое, што нам не падабаецца, значна часцей, чым хваліць адно аднаго. Але навык казаць штосьці прыемнае можна натрэніраваць! Гэта як навучыцца ездзіць на веласіпедзе...

Аднак не ўсё так проста, таму што вынік пахвалы вельмі залежыць ад кантэксту, у якім яна прагучала. Гэта пацвярджае наступнае даследаванне. У лабараторыю запрасілі дзве групы людзей. Задача была на ўвагу: ад іх патрабавалася націскаць на экране камп'ютара кропкі, якія там з'яўляліся. Першую групу адразу адвялі да камп'ютараў, а членаў другой — пры сустрэчы пахвалілі за нейкі прадмет гардэробу, накшталт: «Ну як жа мне спадабалася ваша кашуля!» І раптам высветлілася, што другая група спраўлялася з адносна простым заданнем больш марудна, дапускала шмат памылак.

— У членаў групы, якіх перад пачаткам эксперымента пахвалілі, адабралі частку кагнітыўных рэсурсаў, — тлумачыць Анастасія. — І напэўна, яны нейкі час думалі пра тое, як здорава, што я апрануў менавіта гэту кашулю, а таму не маглі цалкам прысвяціць сваю ўвагу пастаўленай задачы. Рабочая памяць чалавека можа адначасова апрацоўваць толькі ад пяці да дзевяці адзінак інфармацыі, гэта значыць, што нашы кагнітыўныя рэсурсы вельмі абмежаваныя (а ў панядзелак раніцай мы можам апрацоўваць яшчэ менш — прыкладна дзве адзінкі інфармацыі). Таму, калі вы праходзіце міма дзіцяці, якое іграе на музычным інструменце, і вас цягне яго пахваліць, лепш не рабіце гэтага, а пачакайце завяршэння працэсу або нейкай лагічнай паўзы, таму што дзіцяці патрабуюцца ўсе кагнітыўныя рэсурсы, якія ў яго ёсць. Мы ведаем, што пахвала дабаўляе ўпэўненасці ў сабе, а таксама ўзмацняе станоўчы эмацыянальны фон, таму хваліце дзяцей абавязкова, але рабіце гэта правільна і своечасова.

А як пахвала ўплывае на паспяховасць навучэнцаў? Падчас аднаго з эксперыментаў студэнтам прапанавалі напісаць эсэ. Некаторыя з іх атрымлівалі за сваю работу адзнакі, другія — пахвалу, а хтосьці — дэталёвы аналіз з рэкамендацыямі, як і што можна палепшыць. І што заўважылі? На працягу апошніх дзесяці гадоў правядзення эксперымента студэнты ў групе, якую хваляць, не паляпшаюць сваё эсэ гэтак жа эфектыўна, як у групе, дзе нікога не хвалілі. Высветлілася, што студэнты інтэрпрэтуюць пахвалу педагога як сігнал — старацца больш не трэба, усё ў парадку. Таму, калі ў вас ёсць праект, які трэба палепшыць, старайцеся не проста хваліць, а давайце нейкія канструктыўныя парады, як гэта можна зрабіць. І толькі калі вы ўжо падышлі да фіналу і нічога палепшыць больш немагчыма, то хваліце. Але хваліце канструктыўна. Фразы накшталт «Ты маладзец!» ці «Ты самы лепшы» не з'яўляюцца канструктыўнай пахвалой. Калі вы кажаце дзецям пастаянна «Які ты ў мяне разумны», «Ты проста вундэркінд» ці «Ты геній!», такога роду пахвала можа прывесці да фарміравання фіксаванага погляду на ўласныя здольнасці. Такія дзеці нашмат радзей ідуць на інтэлектуальныя рызыкі, яны будуць пазбягаць сітуацый, калі іх бачанне сябе можа быць пастаўлена пад удар. Хваліць дзяцей усё ж такі трэба, але за канкрэтныя дасягненні і поспехі!

Укладаць душу і сэрца

Алекс КРЭМЕР: "Крэатыўнасць і фантазія — галоўныя якасці, за якія трэба ўзнагароджваць дзяцей".

 

— А ці задумваліся вы, чаму тыя ці іншыя краіны становяцца паспяховымі? — пацікавіўся у гасцей TЕD кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Алекс КРЭМЕР. — І ад чаго залежыць прадукцыйнасць нашай працы? Вядома, што прыкладна 55 працэнтаў поспеху прыпадае на нашы здольнасці, але гэта доля скарачаецца, затое ўклад матывацыі расце, і сёння ад яе залежыць ужо трэцяя частка выніку.

Калі паглядзець на даныя, сабраныя па ўсім свеце, то можна ўбачыць, наколькі па-рознаму адчуваюць сябе людзі на сваіх рабочых месцах. «Ці лічаць яны сваю працу ідэальнай?» — пацікавіліся ў іх. Сярод задаволеных аказаліся жыхары паўднёваазіяцкіх краін і Паўночнай Амерыкі. А вось у краінах былога сацыялістычнага блока, асабліва СССР, большасць людзей сваёй працай не задаволены. Яны дэматываваныя, паколькі адчуваюць сябе беднымі. Нягледзячы на тое што гэтыя краіны намнога багацейшыя, чым, напрыклад, многія краіны Паўднёва-Усходняй Азіі ці Афрыкі, іх грамадзяне адчуваюць сябе бяднейшымі, чым ёсць на самай справе. Калі вы запытаецеся ў беларусаў, расіян, украінцаў, ці дастаткова ў іх грошай, то з вялікай доляй імавернасці атрымаеце адмоўны адказ. Для іх праца — гэта вынік абмену намаганняў на грошы, па вялікім рахунку задавальненне сваіх базавых патрэб.

Алекс Крэмер расказаў, што апошняе даследаванне, якое было праведзена ў Беларусі, паказала, што прыкладна дзве трэці апытаных галоўнай матывацыяй для працы назвалі высокі заробак, але пры гэтым працаваць ім хацелася б менш.

— І тут аўтаматычна ўзнікае шмат пытанняў. Значыць, у іх няма адчування, што яны робяць штосьці насамрэч важнае, куды трэба ўкладваць сваю душу і сэрца? — разважае Алекс Крэмер. — Яны ўпэўнены, што ўсё, што ад іх патрабуецца, — гэта стараннасць і працалюбства, і ніхто не зацікаўлены ў творчасці і крэатыўным падыходзе, бо яны не ацэньваюцца работадаўцам. Між іншым, спіс краін, дзе ў дзецях вельмі высока цэняць стараннасць, узначальваюць краіны былога сацыялістычнага блока. Аднак там зусім на заахвочваецца і не ўзнагароджваецца фантазія дзяцей. А, напрыклад, у такіх эканамічна паспяховых краінах, як Нідэрланды, Японія, Германія, лічаць, што крэатыўнасць
і фантазія — галоўныя якасці, за якія іх трэба ўзнагароджваць дзяцей.

Алекс Крэмер падкрэслівае: «Нам, эканамістам, трэба вывучаць матывацыю ў розных сектарах глабальнай супольнасці. Матывацыя — гэта адна трэць поспеху, і мы не павінны яе ігнараваць! Гэта не проста пытанне псіхалогіі, а стратэгічнае пытанне для народаў! Неабходна ўсвядоміць, што паспяховымі і заможнымі будуць тыя з іх, якія ўкладваюць у сваю працу душу і намаганні. Будучыня кожнай краіны залежыць ад фантазіі яе дзяцей у такой жа ступені, як будучыня ўсяго свету залежыць ад фантазіі народаў».

Працаваць з талентамі

Ілья КУХАРАЎ: "Чым больш аднародны склад вашай каманды, тым яна слабейшая, нават калі там сабраліся адны “зоркі”.

— 14 гадоў я кірую людзьмі, якія прыдумваюць крэатыўныя ідэі ў рэкламных агенцтвах. І хачу заўважыць, што градус незвычайнасці і патрабаванняў да гэтай незвычайнасці ў рабоце сур'ёзна павысіўся, — сцвярджае крэатыўны дырэктар агенцтва Gеtbоb Ілья КУХАРАЎ. — Сёння ніхто не хоча адчуваць сябе наёмным персаналам. Нашмат больш нат-
хняльным мне бачыцца кіраванне талентамі, і тут пытанне не толькі ў іншай фармулёўцы, а ў іншай філасофіі. Ці варта наймальнікам падстройвацца пад кожнага? Той, хто лічыць, што гэта раскоша, памыляецца. Даказана, што чым больш аднародны склад вашай каманды, тым яна слабейшая, нават калі там сабраліся адны «зоркі». Таму для павышэння эфектыўнасці трэба ствараць каманду з разнапланавых людзей, працаваць з асобамі. Службовыя інструкцыі ва ўсіх вельмі падобныя, але патрэбы ў людзей розныя, таму неабходна падумаць пра персанальны кар'ерны коўчынг.

Тэндэнцыя апошніх гадоў — усе маладыя супрацоўнікі патрабуюць амаль імгненнай зваротнай сувязі, ацэнкі зробленага імі праекта, падрыхтаванай прэзентацыі і г. д. Так, гэта накладае на іх кіраўнікоў дадатковую нагрузку, але калі табе забяспечваюць зваротную сувязь, ты хутчэй вучышся, расцеш і, самае важнае, бачыш сэнс у сваёй працы. Зваротная сувязь стала больш каштоўнай, чым любыя прэміі за перапрацоўкі. Галоўнае — нават у руцінных штодзённых задачах бачыць сэнс і карысць як для сябе, так і для кампаніі. «Усё, я больш не магу, звольні мяне», — гэта самае горшае, што можна пачуць ад аднаго з самых таленавітых работнікаў кампаніі. Ён шчыра прызнаецца, што былога драйва ўжо няма. І нам крытычна важна знайсці тую патрэбу, якая ляжыць у аснове матывацыі. Важна забяспечыць яго зваротнай сувяззю, каб ён мог ісці з адкрытымі вачыма да рэалізацыі сваёй мэты... Мы павінны дапамагчы чалавеку ствараць свой асабісты брэнд і атрымаць большую значнасць і большы кошт на рынку працы...

Кан­фе­рэн­цыі TЕDх (ла­каль­ныя ме­ра­пры­ем­ствы, ар­га­ні­за­ва­ныя па стан­дар­тах і лі­цэн­зіі гла­баль­на­га TЕD) пра­вод­зяц­ца па ўсім све­це з 2009 го­да. Пер­ша­па­чат­ко­ва тэ­мы вы­ступ­лен­няў на кан­фе­рэн­цы­ях у фар­ма­це TЕD аб­мя­жоў­ва­лі­ся тры­ма кі­рун­ка­мі: тэх­на­ло­гіі, за­ба­вы і ды­зайн (Tесhnоlоgу, Еntеrtаіnmеnt, Dеsіgn). Але з ця­гам ча­су тэ­ма­ты­ка кан­фе­рэн­цый па­шы­ра­ла­ся, і сён­ня яны зна­ё­мяць лю­дзей з уся­го све­ту з пе­ра­да­вы­мі ідэ­я­мі ў са­мых роз­ных га­лі­нах на­ву­кі, куль­ту­ры, біз­не­су і ін­шых на­прам­каў дзей­нас­ці ча­ла­ве­ка.

Выступленні ўсіх спікераў канферэнцыі можна паглядзець на Youtube TEDxMinsk2019.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгеніі НАЛЕЦКАЙ

Загаловак у газеце: Чаму матывацыя — стратэгічнае пытанне?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.

Эканоміка

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Сучасны аўтамабіль — гэта добрая крыніца агню.