Вы тут

Выйшаў зборнік Уладзіміра Караткевіча «Жабкі і Чарапаха»


У «Мастацкай літаратуры» прадаўжаецца кніжная серыя «Жывая класіка дзецям». Як новая сустрэча з чытачом — зборнік Уладзіміра Караткевіча «Жабкі і Чарапаха».


У кнізе — дзве казкі: тая, што дала назву зборніку, — «Жабкі і Чарапаха» і «Верабей, сава і птушыны суд». Класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча нельга назваць дзіцячым пісьменнікам. Хіба што, як і дарослым, з аднолькавай настойлівасцю падлеткам можна параіць прачытаць і «Дзікае паляванне караля Стаха», і «Чорны замак Альшанскі», і нават раман «Нельга забыць». А што да адносін вялікага пісьменніка з зусім юным чытачом, то кніга казак — выдатная магчымасць выхавання любові да роднага слова і ўвогуле выхавання добрых пачуццяў, добрага густу, дабра, цеплыні і справядлівасці. «На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам — вось яны і спявалі...» Так пачынаецца адна з казак. І ўжо з самага пачатку трапляеш у палон спакойнага караткевічаўскага аповеду, трапляеш у стыхію роднай мовы. Што, пагадзіцеся, надзвычай важна, калі дзеці, юныя чытачы яшчэ толькі адкрываюць для сябе беларускую мову.

Сімпатычныя ілюстрацыі да кнігі намалявала Элеанора Ляхновіч, а выпуск выдання ажыццёўлены па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Серыя «Жывая класіка дзецям» — добрая выдавецкая традыцыя. Важна, каб яна прадстаўляла юным чытачам і іх бацькам як мага болей узораў добрай дзіцячай літаратуры. Янка Маўр, Васіль Вітка, Эдзі Агняцвет, Пятрусь Броўка, Уладзімір Дубоўка, Змітрок Бядуля — хіба ж гэта не тыя пісьменнікі, чые творы, адрасаваныя дзецям, і з'яўляюцца класікай?!

Значыць, паліцы кнігарняў, гандлёвых павільёнаў, дзе прадаецца і перыядычны друк, проста павінны быць запоўнены кнігамі з серыі «Жывая класіка дзецям». А мо яшчэ ім павінна знайсціся месца і ў тых крамах, дзе прадаюцца цацкі, тавары для дзяцей?..

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.