Вы тут

Старажыл аграбізнесу забяспечвае ўвесь Мастоўскі раён агароднінай


І ў гэтым далёка не камерцыйны інтарэс фермерскай гаспадаркі «Гарызонт». Сваю прадукцыю фермер пастаўляе ў школы і садкі бясплатна. Дапамагае агароднінай і бульбай Жыровіцкаму манастыру. Як вопытны вытворца, Генрых Мыслівец паглыбляе сваю дзейнасць — не толькі вырошчвае, але і займаецца перапрацоўкай агародніны. Лічыць, што толькі свае, беларускія, інвестары здольны вывесці сельскую гаспадарку на новы ўзровень.


Моцны гаспадар і мецэнат

Са старшынёй райсавета Валерыем Табалой пад'язджаем да вытворчага комплексу фермерскай гаспадаркі «Гарызонт», што каля вёскі Пладовая. Вакол — наколькі хапае вока — узараная ралля. Гэтыя землі раней належалі двум калгасам, тлумачыць Валерый Іванавіч. Паступова ад кожнага частка перайшла да фермера Генрыха Мысліўца, які вырошчвае гародніну і бульбу. Аб тым, што зямля трапіла ў рукі гаспадара, сведчыць і валавы збор, і ўраджайнасць. Яна, дарэчы, вышэйшая, чым у сярэднім па раёне. Што датычыцца аб'ёмаў, фермер вырошчвае амаль усю агародніну раёна (98 %) і трэцюю частку бульбы (31 %).

Падчас нашага прыезду гружаны бульбай самазвал якраз быў гатовы да выезду. Гэта некандыцыйная прадукцыя накіроўвалася на крухмальны завод. А вось таварная праходзіць праз лінію ўпакоўкі і адпраўляецца ў розныя бакі — ад мясцовых супермаркетаў да замежных спажыўцоў. Напрыклад, у Малдову. Так ідуць справы і з агароднінай — морквай, буракамі, капустай, цыбуляй. Але фермер не толькі працуе дзеля прыбытку, ён забяспечвае сваёй прадукцыяй школы, дзіцячыя садкі, што дазваляе зрабіць харчаванне ў іх больш танным.

Вырашыў і зрабіў

Менавіта так можна вызначыць шлях Генрыха Мысліўца ў фермерскай справе. Пайсці на «свой хлеб» ён вырашыў у пачатку 90-х, як толькі з'явіўся закон аб фермерскай гаспадарцы. Згодна з ім пачалося крэдытаванне на закупку тэхнікі. Праўда, на месцах спачатку не ведалі, як гэту тэхніку рэгістраваць, і наогул глядзелі на яго падазрона. Але Мыслівец не здаўся. І ўжо на першых 10 гектарах, дзе пасадзіў бульбу і цукровыя буракі, даказаў, што фермер здольны працаваць рэнтабельна і якасна.

Па вырошчванні агародніны фермерская гаспадарка «Гарызонт» з'яўляецца самой буйной ва ўсім Гродзенскім рэгіёне. Цяпер у Мысліўца 720 гектараў ворнай зямлі, гэта палова сярэдняга калгаса ў раёне. У наяўнасці — сучасная тэхніка, аўтарэфрыжэратары, лініі расфасоўкі і ўпакоўкі агародніны. Не так даўно тут пачалі займацца выпускам паўфабрыкатаў у вакуумнай упакоўцы. Робяць салаты, квасяць капусту. Дарэчы, попыт на капусту расце. Таму закваска вядзецца пастаянна. Прадукцыю развозяць як па раёне, так і па вобласці. Летась у вёсцы Пладовая адкрылі сваю краму. У планах — наладзіць замарозку агародніны.

Айчынны вытворца патрабуе ўвагі

Тэхналагічны ланцужок, на думку фермера, мера вымушаная. Шматпрофільнасць характэрная для аграхолдынгаў, а вось малыя гаспадаркі павінны мець вузкую спецыялізацыю.

— Адзін павінен вырошчваць, другі — перапрацоўваць, хтосьці прадаваць, — лічыць Генрых Валяр'янавіч. — Кожны займаецца сваёй справай і ўдасканальвае яе. Але для гэтага патрэбны адпаведныя вытворцы, якія ішлі б у аграбізнес, прычым нашы, беларускія.

Магчымасці для гэтага ёсць. Для закупкі тэхнікі існуюць лізінгавыя праграмы. Але варта зацікавіць менавіта сваіх інвестараў, якія выраслі на гэтай зямлі. Яго, як вытворцу і дэпутата абласнога савета, клапоціць стан айчыннага рынку.

— Сёння рынак адкрыты для ўсіх. І часта прыходзяць не толькі правераныя вытворцы, але і фірмы-аднадзёнкі, якім важна атрымаць імгненны звышпрыбытак, — адзначае фермер. — Таму вельмі важна абараніць айчынных вытворцаў, якія працуюць на якасць. Каб яны мелі доўгатэрміновыя кантракты і сістэму дагавораў. Інакш кажучы — стабільныя ўмовы работы.

Генрых Валяр'янавіч прыводзіць прыклад работы расійскага фермера, які прыязджаў да яго з Калінінграда. Там фермерам даюць крэдыты пад 3—5 % гадавых для развіцця сельскай гаспадаркі. Гэта дазваляе адразу набыць увесь камплект неабходнай тэхнікі і апрацоўваць вялікія аб'ёмы.

— Цяпер Расія насычае свой рынак уласнай прадукцыяй — бульбай, яблыкамі... І вельмі жорстка адсочваецца, каб нічога не завозілася, каб менавіта свая прадукцыя знаходзіла збыт. Такая ж сітуацыя і ў Еўропе. Нават сёлета, калі там быў дэфіцыт бульбы, прадаць туды беларускую прадукцыю было немагчыма. Я адпраўляў чырвонакачанную капусту, якая не мае ў нас асаблівага попыту, — заўважыў Генрых Мыслівец.

Ці заменіць фермер калгас?

Пакуль пытанне не стаіць так востра. Тым не менш вопыт паспяховых фермерскіх гаспадарак вывучаецца. Аб іх значнасці сведчыць і наведванне фермера урадавай дэлегацыяй на чале з прэм'ер-міністрам у 2017 годзе. І зараз ідзе гаворка аб тым, каб прыцягнуць інвестараў да рэструктурызацыі неэфектыўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Не сакрэт, што зараз нямала калгасаў, якія знаходзяцца ў працэсе санацыі, гэта значыць могуць стаць банкрутамі. Генрых Мыслівец такой перспектывы для сябе не ўяўляе. З году ў год ён толькі ўдасканальвае вытворчасць і нават гатовы пашырыць свае плошчы.

Дарэчы, у фермерскай гаспадарцы працуе больш за 40 чалавек. І ахвотных хапае. Гэта сведчыць аб тым, што рынак працы ёсць. Як адзначыў старшыня райсавета Валерый Табала, добрым стымулам для развіцця вёскі можа стаць магчымасць прадаваць уласную прадукцыю. Гэта дазволіць мець свае традыцыі ці адрадзіць тыя, якія страчаны, напрыклад, па вырабе сыроў, выпечцы караваяў альбо проста нейкіх страў, якія добра атрымліваюцца ў мясцовых гаспадынь. Ад такога падворка можа ўзнікнуць і фермерская гаспадарка. Дарэчы, цяпер у Мастоўскім раёне налічваецца 30 фермераў, і гэта нямала. Некаторыя развіваюць аграсядзібы. Ёсць такія планы і ў Генрыха Мысліўца. А яшчэ — завесці невялічкую ферму, каб зрабіць вытворчасць безадходнай. Пасці сваіх каровак ён марыць на полі, непадалёку ад ракі.

— Паглядзіце ў акно, гэта пойма ракі, там трава ў пояс, раней пасліся 300 кароў з нашых вёсак, мы туды пусцім статак, гэта і будзе вяртанне традыцый, — кажа Генрых Валяр'янавіч.

Але пакуль яго больш хвалююць надзённыя праблемы. Вось-вось пачнецца сяўба. Фермер ужо вызначыўся з плошчай і культурамі, дарэчы, ён усё актыўней пераходзіць на арганічнае земляробства. Амаль палова бульбяных палеткаў вырошчваецца без выкарыстання гербіцыдаў. Мастоўскі фермер гатовы яшчэ прыдбаць зямлі і вырошчваць сваю агародніну і бульбу.

— Каб не везлі з Галандыі ці яшчэ адкуль, — зазначае ён. — Будзе зямля — і мы забяспечым сваёй прадукцыяй беларусаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Гарызонты Генрыха Мысліўца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».