Вы тут

Выйшаў другі том «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці»


Нядаўна ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі свет пабачыла новае выданне — другі том «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці». Ён прысвечаны «Беларускай дзяржаўнасці ў перыяд Расійскай імперыі (канец ХVІІІ — пачатак ХХ стагоддзя)». Гэта другая кніга пяцітомніка, прычым цяпер яна выйшла на рускай мове, але неўзабаве пабачыць свет і па-беларуску. Пра тое, чаму наспела неабходнасць такога выдання ў нашым грамадстве, што цікавага змяшчае гэта кніга карэспандэнт «Звязды» распытала ў яе складальнікаў.


— Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў перыяд Расійскай імперыі... Складана паверыць, што ў той час у нас была свая дзяржаўнасць.

— Важна разумець, што ішло змаганне, адбываліся працэсы, якія спрыялі аднаўленню беларускай незалежнасці, бо яна бывае ў розных формах, — тлумачыць загадчык аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук Андрэй УНУЧАК. — У канцы ХVІІІ стагоддзя гістарычная дзяржаўнасць, якая існавала ў форме Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, была страчана. Але не была страчана ідэя аднаўлення гэтай дзяржаўнасці. Не былі згублены ідэі, прынцыпы, паводле якіх жыла палітычная эліта. На старонках кнігі паказаны найважнейшыя этапы барацьбы нашага народа за аднаўленне сваёй краіны.

— Якімі былі асноўныя складнікі тагачаснай дзяржаўнасці?

— Як ужо згадвалася, у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай наша гістарычная самастойнасць была страчана. Улады Расійскай імперыі не пагадзіліся нават на аўтаномію. Тэрыторыя былога ВКЛ была падзеленая на шэсць губерняў, якія кіраваліся расійскімі губернатарамі і былі названыя па геаграфічным прынцыпе — Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская. Улады імкнуліся максімальна ўніфікаваць названыя губерні з расійскімі, бо на дзяржаўным узроўні дэ-факта не прызнавалася існаванне асобнага беларускага народа. Бытавала канцэпцыя трыадзінага рускага народа, які складаюць вялікарусы, маларусы і беларусы. А паколькі няма асобнага народа, то і пра нейкую форму аўтаноміі не магло быць гаворкі. Тагачаснае ж грамадства Беларусі, нашы продкі, не прымалі такога пункту гледжання і ўсімі сродкамі імкнуліся захаваць сваю адметнасць, як падмурак будучай рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ім даводзілася пастаянна даказваць, што беларусы — гэта самастойны народ, а беларуская мова — самастойная мова. Да ўсяго ж абсалютная большасць прадстаўнікоў нашых адукаваных колаў лічыла падзелы Рэчы Паспалітай несправядлівымі. Гэта пацвярджаюць шматлікія паўстанні, змовы, барацьба ў форме грамадскіх рухаў, палітычных партый, якія ставілі сабе за мэту аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Такой была асноўная вось беларускай гісторыі канца ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя. Аж пакуль у 1917 годзе, пасля калапсу Расійскай імперыі, на Першым Усебеларускім з'ездзе прадстаўнікі Беларусі не заявілі, што бяруць адказнасць за лёс краіны ў свае рукі.

— Ці можна акрэсліць, якія рабіліся спробы, каб аднавіць беларускую дзяржаўнасць, каб не дапусціць поўнай уніфікацыі?

— Тут разгортваўся нацыянальна-вызваленчы рух. Фактычна ён пачаўся яшчэ ў час падзелаў Рэчы Паспалітай, у тым ліку паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі. Гэты рух імкнуўся не дапусціць канчатковага знікнення Рэчы Паспалітай. А калі яна ўсё ж такі была падзелена, то прадстаўнікі беларускага грамадства ставілі сабе за мэту вярнуць дзяржаўнасць. Асноўнай фігурай тут з'яўляўся Кастусь Каліноўскі. У «Лістах з-пад шыбеніцы» ён заклікаў змагацца «за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю Бацькаўшчыну». Гэта і стала нацыянальнай ідэяй беларусаў у ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

— Якая роля вызваленчых паўстанняў ХІХ стагоддзя ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці?

— Сам факт паўстанняў сведчыў пра тое, што грамадства Беларусі, пры тым у некалькіх пакаленнях, было катэгарычна нязгодна з тым станам рэчаў, які склаўся тады на нашых землях. Вялікая колькасць людзей не проста не згаджалася — яны стаялі са зброяй у руках, і гатовыя былі ахвяраваць жыццём за свае ідэалы. Паўстанні ж не ўзнікалі на роўным месцы, гэта крайняя форма барацьбы. На старонках кнігі паказваецца, колькі існавала праектаў мірнага вырашэння пытання аўтаноміі зямель былога ВКЛ у складзе Расійскай імперыі, але ўлады, на жаль, ніяк на гэта не рэагавалі, заяўляючы, што беларусам быццам бы нічога не патрэбна, а ўсе патрабаванні — «польская інтрыга». Справа ў тым, што беларусамі ўрад лічыў пераважным чынам праваслаўнае сялянства, а шляхту і ў прынцыпе ўсіх каталікоў — «палякамі». У гістарычнай перспектыве такі падыход значна аслабіў сувязь цэнтра з «заходнімі ўскраінамі». Вельмі цікавай з'яўляецца эвалюцыя мэт, што ставілі перад сабой розныя пакаленні мясцовай эліты. Калі ў першай палове ХІХ стагоддзя альфай і амегай было дасягненне палітычнай незалежнасці ад Расіі зямель былой Рэчы Паспалітай у межах да 1772 года, то ў другой палове ХІХ стагоддзя, і асабліва на пачатку ХХ стагоддзя, палітычнае адасабленне ад Расійскай імперыі ўжо разглядалася як сродак, пры дапамозе якога павінна адбыцца нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа. Яшчэ адзін з ключавых момантаў — гэта тое, што ў паўстанні 1863—1864 гадоў ужо гучала беларуская мова, прамаўляўся паўстанцкі пароль (і ён змешчаны ў кнізе): «Каго любіш? Люблю Беларусь. То ўзаемна!» Менавіта тады быў фактычна сфармуляваны найважнейшы прынцып беларускага патрыятызму — «Любіць Беларусь». Пазней і гоманаўцы, і нашаніўцы сталі гаварыць ужо пра беларускую нацыянальную дзяржаўнасць. І ўжо ў 1917 годзе Беларускі нацыянальны камітэт паставіў сабе за мэту юрыдычнае афармленне беларускай дзяржаўнасці, адбыўся Першы Усебеларускі з'езд, аформіліся БНР і БССР.

— Распавядзіце падрабязней пра спосабы ўніфікацыі беларускіх зямель з расійскімі, апісаныя ў выданні.

— Уводзіўся расійскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на губерні, паветы, воласці. Адбывалася ўкараненне расійскага заканадаўства і рускай мовы. Былі ўведзены расійскія грошы. Пасля паўстання 1830—1831 гадоў пачала ўводзіцца расійская сістэма адукацыі. Пасля паўстання 1863—1864 гадоў праводзілася палітыка пашырэння расійскага землеўладання і замены чыноўнікаў выхадцамі з расійскіх губерняў. Быў забаронены друк на беларускай мове лацінкай. Было ліквідавана мясцовае самакіраванне. З самага пачатку знаходжання Беларусі ў складзе імперыі ажыццяўляўся разбор шляхты, была ўведзена рэкруцкая павіннасць і многае іншае.

— Ці можна акрэсліць вынікі знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі?

— Вынікі былі розныя. У Беларусі, напрыклад, была ліквідавана вышэйшая адукацыя. З іншага боку, у перыяд Расійскай імперыі назва «Беларусь» распаўсюдзілася на ўсе беларускія землі, пачала фарміравацца сучасная беларуская нацыя. У 1897 годзе каля 5,5 мільёна беларусаў назвалі беларускую мову роднай. Дзякуючы паўстанням беларускія сяляне, пасля скасавання прыгону, жылі ў лепшых умовах, чым расійскія. Важна і тое, што ўдалося захаваць поліканфесійны характар беларускага грамадства. Нягледзячы ні на што нарадзілася беларуская нацыянальная інтэлігенцыя. Яна сфармулявала асноўныя пастулаты беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэі і рэалізавала іх пасля распаду імперыі.

— Ці своечасова «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» з'явілася ў нашым грамадстве?

— Хачу адзначыць, што гэта прынцыпова новае выданне. Такой кнігі няма ні ў адной краіне свету, — адказвае загадчык цэнтра новай і навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Смяховіч. — Ёсць «Гісторыя расійскай дзяржавы», «Гісторыя Францыі», «Гісторыя Англіі» і іншыя. А вось кніг па гісторыі дзяржаўнасці няма нідзе. Упершыню ў сусветнай гістарыяграфіі адбыўся прарыў у адносінах да падрыхтоўкі і выдання новага пакалення навуковай літаратуры пад назвай «Гісторыя дзяржаўнасці». Важна памятаць, што рэалізацыя нацыянальнага права на дзяржаўнасць залежыць ад эліты, ад яе здольнасці рэалізаваць гэта права — стварыць уласную дзяржаву. Калі эліта аказваецца няздатнай ажыццявіць яе далейшае развіццё, то яно, вядома ж, можа спыніцца.

— Можна меркаваць, што ў краіне наспела патрэба выхаду такой кнігі, цэлага пяцітомніка, прысвечанага гісторыі беларускай дзяржаўнасці? Значыць, сёння мы хочам больш ведаць пра сваю дзяржаўнасць.

— Сапраўды, грамадству важна, каб навукоўцы рыхтавалі і выдавалі кнігі такога зместу як «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Чаму наспела такая неабходнасць? З аднаго боку, наша дзяржаўнасць мае тысячагадовую гісторыю. Проста трэба гэта канкрэтызаваць і данесці да кожнага грамадзяніна. З іншага боку, не ўсе нашы суседзі і краіны, якія стасуюцца з намі, маюць усведамленне, што наша самастойнасць мае такія даўнія карані. Гэтыя краіны, не маючы такога ўсведамлення, увесь час прапагандуюць і выношваюць ідэі, якія ідуць насуперак інтарэсам беларускага народа, у тым ліку пабудовы нашай сучаснай дзяржавы: яны падвяргаюць сумневу гісторыю нашага суверэнітэту. Таму такія выданні — падмурак і аснова ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Ідэалогія ж самой дзяржавы — гэта Канстытуцыя.

— Вы кажаце, што не ўсе нашы суседзі ўсведамляюць тысячагадовую гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Аднак ці ўсведамляем яе мы самі?

— Для таго каб у грамадстве было такое ўсведамленне, патрэбна, каб яно базіравалася на пэўных ідэях і ведах. Калі гэтай базы няма, то фарміраванне правільнага разумення сустракае вялікія цяжкасці — нават на ўзроўні школы, універсітэта. А калі людзі не атрымалі сістэматычнай інфармацыі, то сёння інтэрнэт можа даць ім зусім іншую інтэрпрэтацыю і асвятленне падзей. Таму для некаторых асоб пытанне «хто мы?», «беларусы?» — дагэтуль застаецца нявырашаным. Але дзякуючы таму, што падрыхтавана і выходзіць новая генерацыя літаратуры, многія складаныя моманты выразна акрэсляцца. І такое пытанне ў прынцыпе будзе немагчымым.

— У найбліжэйшы час плануецца ўвесці новы навучальны курс — «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Для яго рыхтуецца спецыяльны падручнік. Аднак ці будуць выкарыстоўвацца на ім выданні, пра якія мы вядзём размову?

— Пытанне пастаўлена правільна. Перад тым, як уводзіць пэўныя курсы ў вышэйшай навучальнай установе і перад тым, як складаць некаторыя праграмы вучэбна-выхаваўчага працэсу, трэба мець базу, прычым акадэмічную. А не тую базу, што падрыхтавалі адзін-два аўтары, і якія свае вучэбныя дапаможнікі будуць выдаваць за навуковую ісціну. Гэта прымітыўны падыход, які не вытрымлівае апрабацыі жыццёвай рэчаіснасцю. Бо адна справа, калі адзін-два аўтары рыхтуюць падручнік, у якім выказваюць сваю асабістую думку, але зусім іншая, калі рыхтуюцца фундаментальныя выданні, якія і становяцца падручнікамі.

— Калі плануецца выхад наступных тамоў «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці»?

— Мы мяркуем, што ён адбудзецца сёлета. Аднак магчыма, што для апошняга, пятага, паспеем толькі здаць рукапіс у выдавецтва. У кожным томе будуць падрыхтаваны прынцыпова новыя параграфы: «Станаўленне беларускай нацыі і нацыянальнай ідэі» ды іншае. Важна, што ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі ў такім фармаце выходзіць гісторыя беларускага народа і нацыі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.