Вы тут

Каця Галкіна: Калі ішла да Прэзідэнта, хвалявалася, як не згубіць туфлік


...З апошняга на стужцы спартыўных навін. У мінулую нядзелю беларуска Кацярына Галкіна заваявала дзве бронзавыя ўзнагароды на міжнародных спаборніцтвах катэгорыі Гран-пры ў французскім Цье. Трэцяе месца яна заняла ў практыкаванні з мячом. Суддзі ацанілі выступленне Кацярыны ў 21,150 бала — бронзавы медаль. У практыкаванні з булавамі беларуска таксама заняла ганаровае трэцяе месца.

Элегантная і па-дзіцячы гарэзлівая. Валявая і рашучая: калі нешта задумала, то пойдзе да канца. Усё гэта — пра Кацярыну Галкіну, вядучую гімнастку нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па мастацкай гімнастыцы, пераможцу шматлікіх турніраў, бронзавага прызёра чэмпіяната Еўропы 2018 года.

Зусім нядаўна Кацярыне было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь». Аб сваім няпростым шляху ў спорце і жыцці, тэатральным вопыце, аб тым, што больш за ўсё цэніць у мужчынах, Каця расказала ў гэтым інтэрв'ю.


— Каця, зусім нядаўна на прыёме ў Прэзідэнта краіны вам было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь». Хваляваліся?

— Я хвалявалася, як бы не згубіць туфлік... (смяецца). Відаць, усведамленне важнасці, адказнасці моманту выклікае такія думкі ў галаве. Але ўсё было добра: не спатыкнулася і не ўпала, праўда, дыстанцыя да кіраўніка дзяржавы мне падалася бясконцай. Гэтая падзея была для мяне доўгачаканая, і пакінула ў душы самыя яскравыя ўражанні.

— Якім быў шлях да гэтай вяршыні?

— Гэта вельмі доўгі нялёгкі шлях, і ён яшчэ працягваецца... Спорт — гэта штодзённая праца і жорсткая дысцыпліна, бо трэніроўкі доўжацца па 8-9 гадзін. Разам з тым спорт загартоўвае характар, робіць з цябе асобу. Бывае, што няма настрою, але тут важнае жаданне, унутраная вера. У гэтай сувязі адразу ўспамінаю вельмі няпросты для мяне 2018 год, калі са мной здараліся панічныя атакі. Усё гэта пачалося да чэмпіянату свету ў Сафіі і працягвалася на чэмпіянаце. Ніхто мне не мог дапамагчы з гэтым справіцца: або сама, або ніяк. Я змагалася з гэтым станам усе пяць дзён спаборніцтваў. Калі быў фінал мяча, і ўсё ішло гладка, а ў самым канцы я страціла мяч, мне здавалася, што ўсё страчана. А трэба было яшчэ выступаць, яшчэ было за што пазмагацца. Вось тут мне дапамог той самы ўнутраны настрой.

— Як пачалася ваша спартыўная кар'ера? Раскажыце, хто стаў вашымі настаўнікамі ў мастацкай гімнастыцы.

— Мая спартыўная кар'ера пачалася ў СДЮШАР № 16. Першым трэнерам, хоць і зусім нядоўга, была Наталля Вячаславаўна Паўлоўская. Потым лёс звёў мяне з Ірынай Альбертаўнай Дамбровай, выдатным трэнерам і чалавекам, у якой я трэніравалася да 15 гадоў. Да канца сваіх дзён я буду ўдзячная Ірыне Альбертаўне за тое, што яна ўклала ў мяне любоў да мастацкай гімнастыкі, навучыла выяўляць свае эмоцыі, расказваць гісторыі ў выступленнях, — менавіта яна зрабіла з мяне сапраўдную спартсменку. Пасля я трэніравалася ўжо ў знакамітай Ірыны Юр'еўны Ляпарскай.

— У чым, на вашу думку, місія мастацкай гімнастыкі?

— Наогул, мастацкая гімнастыка нясе прыгажосць. Праўда, з новымі правіламі гімнастыка стала больш тэхнічнай, чым прыгожай, на жаль.

— Як рыхтуюцца нумары ў мастацкай гімнастыцы? Наколькі ўлічваецца ваша меркаванне?

— Маё меркаванне, вядома, улічваецца. Калі мне не падабаецца нешта, то ўвогуле нічога не буду рабіць. Усё пачынаецца з выбару музыкі. Потым трэнер-пастаноўшчык прыдумляе практыкаванні. Эскізы купальнікаў мы робім з упадабаных вячэрніх сукенак.

— Ведаю, што ёсць у вас і свой талісман, які суправаджае на ўсіх выступленнях...

— Так, мой мішка вось ужо 12 гадоў са мной, нават тады, калі ў чамадане няма месца (смяецца).

— Вядома, што вы актыўна прымаеце ўдзел у тэатральных, музычных праектах: юбілей Валянціна Елізар'ева ў Вялікім тэатры, «Класіка і мастацкая гімнастыка» ў рамках XІІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Як вы ацэньваеце такі вопыт?

— Гэта — бясцэнны вопыт выступлення на тэатральнай сцэне перад зусім іншай публікай, напоўнены яркімі эмоцыямі і новымі знаёмствамі. Мне вельмі запомніўся ўдзел у юбілеі Елізар'ева. У супрацоўніцтве з Валянцінам Мікалаевічам усё вырашыў выпадак. Мы зусім выпадкова пазнаёміліся ў гасцях, гэта паклала пачатак зносінам. Потым мне прапанавалі выступіць на юбілеі, і я пагадзілася. Для нумара я выбрала музыку «Revolvіng door» А. Кажанеўскага. Сама магчымасць выступаць на сцэне Вялікага тэатра была вялікім гонарам для мяне. Але хвалявалася я там, напэўна, больш, чым на Алімпійскіх гульнях.

— Каця, вы ў выдатнай форме. Было б цікава даведацца, якой дыеты вы прытрымліваецеся. Напэўна, гэта нейкі асаблівы рэжым харчавання...

— Я пераспрабавала столькі розных дыет. Як правіла, усе яны заканчваліся паходам ва ўстановы, дзе гатуюць шаўрму. Увогуле, гэта былі суцэльныя зрывы. Таму я вырашыла не мучыць свой арганізм і харчавацца збалансавана. Калі мне трэба пахудзець, то я проста буду памяншаць колькасць калорый, але не колькасць порцыі. З любімых страў: агародніна з рыбай або мяса на грылі, вельмі люблю печаныя яблыкі, часам і бургер вельмі добра заходзіць (смяецца), але гэта здараецца вельмі рэдка.

— Як вы праводзіце вольны час?

— Вельмі люблю падарожнічаць куды-небудзь у цёплыя краіны, да мора-акіяна.

— Ведаю, што вы — меламан. Якая музыка гучыць у вашай машыне?

— Разнастайная. Гэта можа быць Тарывердзіеў, Скрыптаніт, Нікі Мінаж, этна... Вельмі люблю музыку.

— У вас шмат сябровак? Жаночае сяброўства існуе?

— Вядома. І паміж мужчынам і жанчынай таксама яно ёсць. Я ў гэта веру. Мае блізкія сяброўкі — не са свету гімнастыкі, нашмат старэйшыя за мяне, але мне з імі вельмі камфортна.

— Па знаку задыяка вы — Рыбы. Рамантызм, адчувальнасць, уражлівасць, характэрныя для гэтага знака, вам блізкія?

— Так. Многія мае знаёмыя мне казалі пра гэта. Гэта ў мяне ёсць.

— Вы — вельмі прыгожая дзяўчына. Напэўна, ад прыхільнікаў адбою няма? Што вы шануеце ў мужчынах?

— Прызнаюся, прыхільнікі ёсць. Больш за ўсё ў мужчынах цаню шчодрасць, сумленнасць, надзейнасць і пачуццё гумару.

— Што вас уразіла за апошні час настолькі, што пра гэта хацелася расказаць?

— Нядаўна адна дзяўчынка з Іспаніі даслала мне паведамленне з просьбай выслаць маё фота ў высокім раздзяленні, каб зрабіць татуіроўку. Спачатку мяне гэта крыху шакіравала, але я выканала яе просьбу. І вось праз некаторы час яна даслала мне фота таго самага тату з маёй выявай на ўсю руку. Гэта была самая незвычайная падзея за апошні час.

Вольга ДЗЕМЯНЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».