Вы тут

400 дзюдаістаў выступяць на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску


Дзюдо стане адным з самых прадстаўнічых відаў спорту на ІІ Еўрапейскіх гульнях, у спаборніцтвах выступіць 400 атлетаў, якія разыграюць 15 камплектаў узнагарод. Турнір у Мінску пройдзе ў фармаце паўнавартаснага чэмпіянату Еўропы, таму на «Чыжоўка-арэне» збяруцца наймацнейшыя спартсмены кантынента. Гульні набываюць асабліва каштоўнае значэнне для дзюдаістаў яшчэ і таму, што на іх можна зарабіць ачкі, якія пойдуць у алімпійскі рэйтынг.


Пасля перамогі Ігара Макарава на Алімпійскіх гульнях у 2004 годзе ў беларускім дзюдо адбыўся некаторы спад, ну а пасля яго традыцыйна павінен быць уздым. Трэнеры запэўніваюць, што ён ужо наступіў, таму настройваюцца на спаборніцкі чэрвень з сур'ёзнымі планамі. «Кожнаму спартсмену пастаўлена задача паказаць свой максімум, — расказвае старшы трэнер нацыянальнай зборнай Дзяніс КУНЦЭВІЧ.Зараз у нас усё праходзіць у штатным рэжыме, выконваем запланаваныя мерапрыемствы: праводзім падрыхтоўчыя зборы, прымаем удзел у спаборніцтвах».

Настаўнік адзначае, што трэнерскі штаб імкнецца не вылучаць лідараў і не называць канкрэтныя імёны, але не хавае, што ўнутры каманды сур'ёзная канкурэнцыя, вопытным дзюдаістам краіны яе складае і моладзь. На ІІ Еўрапейскіх гульнях спаборніцтвы пройдуць у сямі вагавых катэгорыях, у некаторых з вагаў прадстаўляць нашу краіну будуць адразу два спартсмены. Можна меркаваць, што на прызавыя месцы будуць прэтэндаваць такія знакамітыя дзюдаісты, як Марына Слуцкая, Ксенія Даніловіч, Дзмітрый Шэршань, Аляксандр Вахавяк, Мікіта Свірыд, Даніэль Мукетэ і іншыя.

Да старту Еўрапейскіх гульняў беларускія спартсмены прымуць удзел яшчэ ў трох сур'ёзных турнірах, у тым ліку ў серыі Гран-пры і «Вялікага шлема», маладзёжная і юніёрскія каманды паспаборнічаюць у Кубках Еўропы, а заключная падрыхтоўка стартуе агульным зборам 3 чэрвеня, месца збору трэнеры і спартсмены пакуль трымаюць у таямніцы.

Турнір па дзюдо прыме «Чыжоўка-арэна». У жніўні 2018 года ў Мінску прайшоў тэставы турнір, дзе беларускія арганізатары пазнаёміліся са стандартамі Еўрапейскага саюза дзюдо па правядзенні такога роду спаборніцтваў. «Патрабаванні дастаткова высокія, але дзякуючы таму, што аб'ектам па правядзенні турніру выбрана «Чыжоўка-арэна», мы не сутыкнуліся з вялікімі праблемамі, — расказвае менеджар кіравання спартыўнымі аб'ектамі фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Алег КУЧМАСАЎ.Узроўнем правядзення тэставага турніру тэхнічныя дэлегаты засталіся задаволеныя. Дарэчы, адным з іх быў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага саюза дзюдо. Дэлегатамі былі выяўлены і недахопы, але яны нязначныя і ўжо выпраўлены».

Як адзначае Алег Кучмасаў, адной з галоўных складанасцяў арганізацыі з'яўляецца заніраванне спартыўнага аб'екта, ён павінен дзяліцца на спаборніцкую, разміначную, трэніровачную і дапаможную зоны. Некаторыя кліенцкія групы, напрыклад суддзі і спартсмены, не павінны перасякацца на аб'екце.

Турнір па дзюдо пройдзе на «Чыжоўка-арэне» з 22 да 25 чэрвеня, а ўжо праз тры дні там жа ў фармаце Еўрапейскіх гульняў стартуюць спаборніцтвы па каратэ. «На пераабсталяванне ў нас будзе нават не тры дні, а суткі, бо два дні паміж спаборніцтвамі будуць выкарыстоўвацца як трэніровачныя для каратэ. Патрабаванні да арэны ў гэтых відаў спорту, вядома, розныя. Самае складанае — гэта пераабсталяваць зону правядзення спаборніцтваў пасля дзюдо пад патрабаванні міжнароднай федэрацыі каратэ, — дзеліцца Алег Кучмасаў. — Для дзюдо ў нас не будзе выкарыстоўвацца памост пад барцоўскае татамі, а на каратэ прадугледжваецца спецыялізаваны подыум у выглядзе памоста. На дзюдо будзе тры пляцоўкі, а на каратэ — дзве. Таксама неабходна будзе перанесці тэлевізійныя камеры і іншае абсталяванне. Адказнасць вялікая, дырэкцыя Гульняў распрацавала спецыяльны пахвілінны план, ён будзе выкананы, упэўнены на сто працэнтаў».


Каментарыі

Чэмпіёнка Еўропы па дзюдо, удзельніца І Еўрапейскіх гульняў Марына СЛУЦКАЯ:

— Чэмпіёнкай Еўропы я ўжо была ў 2017 годзе, летась не атрымалася паўтарыць поспех. Ці дае мне нейкую перавагу гэты тытул на Еўрапейскіх гульнях? З аднаго боку, так, таму што трэба вяртацца на прыступку, дзе ты ўжо быў, ты ведаеш, як гэта зрабіць, Але, з іншага боку, груз адказнасці будзе большы, таму што мы выступім дома. Галоўнае, падысці да турніру ў аптымальнай форме. У адрозненне ад першых Гульняў цяпер я стала больш вопытнай, па-іншаму гляджу на старты, па-іншаму настройваюся, разумею, што магу разлічваць на самыя высокія месцы.

Чэмпіён Еўропы, удзельнік I Еўрапейскіх гульняў Дзмітрый Шэршань:

— Атмасфера Еўрапейскіх гульняў нагадвае Алімпіяду, гэта дадае адчуванне значнасці таго, што адбываецца, і, думаю, для тых спартсменаў, якія не змогуць адабрацца на Алімпіяду, Еўрапейскія гульні стануць выдатнай магчымасцю акунуцца ў гэтую атмасферу. Выступаць дома — здорава, табе нікуды не трэба ехаць, Але, з іншага боку, — гэта вялікая адказнасць, таму што на цябе глядзяць не толькі твае родныя і блізкія, як гэта звычайна бывае, а глядзіць, можна сказаць, уся краіна, але, я думаю, мы справімся.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Спорт «мяккага шляху»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.