Вы тут

Даступная і чыстая энергія магчымая праз аднаўляльную энергетыку


Не толькі захаваць высокія сацыяльныя стандарты, але і максімальна палепшыць іх, прыцягнуўшы да гэтай справы ўвагу і сродкі насельніцтва, імкнуцца спецыялісты жыллёва-камунальнай і энергетычнай сфер. Пры гэтым яны заклікаюць да эканоміі шляхам выкарыстання мясцовых відаў паліва (МВП), энергазберагальных тэхналогій і нават... казак.


Электракацельныя зменшаць кошт жылля

Фота Андрэя САЗОНАВА.

Камунальная гаспадарка краіны выкарыстоўвае каля 23 % усёй электраэнергіі, якая выпрацоўваецца. Пры гэтым насельніцтва спажывае 56 % цеплаэнергіі і 30 % электраэнергіі. Такія лічбы сведчаць пра важнасць эканоміі энергарэсурсаў у галіне ЖКГ, упэўнены Дзмітрый КУЛАК, намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі:

— У сталіцы на 2019 год распрацаваны шэраг мерапрыемстваў па энергазберажэнні, у выніку якіх прадугледжана сэканоміць 170 тысяч тон умоўнага паліва (т. у. п.) або 34 мільёны долараў.

На думку спецыялістаў, асноўныя напрамкі, якія дазваляюць эканоміць, гэта ўкараненне новых энергазберагальных тэхналогій і аптымізацыя цеплавых сетак. Штогод у сектары ЖКГ, дарэчы, эканоміцца 1,7 млн т. у. п.

— Адзін са шляхоў — павелічэнне спажывання электраэнергіі ў камунальнай гаспадарцы непасрэдна пры будаўніцтве жылля. Па разліках вучоных, пры захаванні былых аб'ёмаў уводу жылля аб'ёмы спажывання электраэнергіі павялічацца на 0,3 мільярда кілават-гадзін у год. Адзін з перспектыўных кірункаў у гэтым плане — усталяванне пакватэрных электраканвектараў з электраводанагравальнікамі пры будаўніцтве жылля. А пры мадэрнізацыі — устаноўка электракацельных. Гэта знізіць кошт жылля, якое ўводзіцца, бо паменшацца затраты на стварэнне інфраструктуры. Не трэба будзе пракладаць цепласеткі, газаправоды і іншае, — кажа Віталь КРЭЦКІ, начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі.

Устойлівае развіццё і дэцэнтралізацыя

— Даступная і чыстая энергія магчымая праз аднаўляльную энергетыку, крыніцы якой прырода дае бясплатна, а іх запасы практычна невычэрпныя. Пры гэтым вытворчасць энергіі з прыродных крыніц не суправаджаецца выкідам забруджвальных рэчываў і парніковых газаў, — абазначыла Наталля КЛІМЕНКА, кансультант упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Міністэрства аховы прыроды. — Нам трэба павялічваць паказчык спажывання паліва і электраэнергіі на душу насельніцтва, але пры гэтым трэба памяншаць энергаёмістасць і вугляродаёмістасць унутраных валавых прадуктаў.

Працягвае павялічвацца і спажыванне мясцовых відаў паліва на кацельных. Летась іх выкарыстоўвалася ўжо 15,5 % ад агульнага аб'ёму спажывання энергарэсурсаў. У 2018-м збудавалі 23 кацельныя на МВП, а да 2020 года плануецца ўзвесці яшчэ 150 такіх крыніц агульнай цеплавой магутнасцю больш за 750 МВт, кажуць спецыялісты.

Ліквідацыя малаэфектыўных кацельных і падключэнне іх да цэнтралізаваных крыніц таксама спрыяе зніжэнню страт энергіі, а таксама змяншае сабекошт цяпла і дае экалагічны эфект, заўважыў Яўген КРАМЯНЕЦКІ, начальнік абаненцкай службы Мінсккамунцепласеткі, і расказаў пра новы для сталіцы напрамак эканоміі — дэцэнтралізацыю цеплазабеспячэння:

— У мікрараёне Сокал да нашай міні-ЦЭЦ падключаны катэджны пасёлак. Фактычна тут атрымлівае цяпло 140 дамоў, а працягласць сетак — кіламетры! У выніку цепластраты тут досыць вялікія. Ужо пачаты работы па адключэнні гэтых участкаў сетак ад цэнтралізаванага цеплазабеспячэння і абсталяванні дамоў газавымі ацяпляльнымі прыборамі за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.

Эканомія цяпла, святла і ад жыхароў

У сталіцы з мэтай эканоміі цеплаэнергіі сёлета мяркуецца замяніць 21 цеплаабменнік, усталяваць дзевяць сістэм рэгулявання, уцяпліць 54 тысячы м2 фасадаў дамоў, замяніць падчас капрамонту 4852 аконныя блокі і замяніць і ўцяпліць амаль 11 тысяч м2 дахаў, расказаў Ігар ГАНЧАРЫК, намеснік галоўнага інжынера Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

Дзеля эканоміі электраэнергіі 2095 ліфтаў запланавана замяніць новымі — гэтая колькасць большая, чым за апошнія пяць гадоў. Звычайныя лямпы працягваюць мяняць на святлодыёдныя, якія аўтаматычна выключаюцца пры адсутнасці гукаў і рухаў побач. Сёлета ў пад'ездах з'явіцца і 49 тысяч новых свяцільнікаў, а яшчэ 100 уладкуюць на фасадах дамоў.

Эканомія энергіі, якую можа прапанаваць само насельніцтва, датычыцца разлікаў па індывідуальных прыборах уліку (ІПУ) цеплаэнергіі, якія ўстаноўлены ў кватэрах. У Мінску такое абсталяванне маецца ў 667 дамах, якія абслугоўваюцца ЖКГ, аднак разлічваюцца па прыборах толькі 479 дамоў, ці 72 %, падкрэсліў Ігар Ганчарык:

— Каб заахвоціць людзей разлічвацца па прыборах, унесены змены ў пастанову № 571, дзе прадугледжваецца зніжка 5 працэнтаў для дамоў, дзе прыборы ўсталявалі да 1 студзеня 2018 года і пачалі разлічвацца пасля прыняцця пастановы. Калі пасля прыняцця пастановы ўласнік сам устанавіў ІПУ, яму цягам трох гадоў даецца зніжка ў 10 працэнтаў.

Пакуль гэтая сума не надта вялікая, і ацаніць яе жыхары змогуць толькі на наступны год. Аднак, як паказвае практыка выкарыстання ІПУ, розніца паміж жыроўкамі ў дамах, дзе разлічваюцца па прыборах, і дамах, дзе плацяць за цяпло, ігнаруючы іх, складае 12 %.

Растэрміноўка на дзесяцігоддзе і навука Берагошы

Цеплавая мадэрнізацыя жыллёвага фонду — таксама перспектыўны напрамак эканоміі энергіі. Па даных Белстата, у краіне летась выпрацавана больш за 60 млн Гкал, 23 млн з якіх адпушчана насельніцтву. Прычым дзяржава траціць на субсідаванне выпрацоўкі гэтых гігакалорый каля 745 млн долараў. А з 254 млн м2 існуючага жылля 178 млн м2 — шматкватэрнае, 95 % якога прыватнае, заўважыў Віталь Крэцкі:

— Наша задача — стымуляваць насельніцтва інвеставаць уласныя сродкі ў мадэрнізацыю сваіх жа дамоў і кватэр. Самы аптымальны варыянт рабіць гэта пры капітальным будаўніцтве. Сёння кошт квадратнага метра пры капбудаўніцтве ацэньваецца ў межах 200 рублёў. Аднак пры гэтым не дасягаецца нарматыўнае значэнне супраціўлення цеплаперадачы. А павялічыўшы затраты на 100 рублёў за метр, мы атрымаем неабходнае значэнне 90 кілават-гадзін на квадратны метр пры ацяпленні. Першапачаткова плануецца, што гэтыя сродкі будуць выдзяляцца з мясцовых бюджэтаў і міжнародных крэдытаў. Пасля затраты стане пакрываць насельніцтва.

Мяркуецца, што штомесячныя выплаты будуць падзелены фіксаванымі сумамі ў жыроўках на дзесяць гадоў. Для тыпавой кватэры ў 48 м2, дзе пражывае тры чалавекі, затраты павялічацца, такім чынам, на адну базавую велічыню (25,5 рубля). Для маламаёмных сем'яў пры гэтым прадугледжана субсідаванне.

Яшчэ адзін напрамак эканоміі — прапаганда ідэй энергазберажэння, лічаць у фондзе «ЭкаМір», які пачынаў сваю работу з казак для дзіцячых садкоў, пасля пайшоў у школы і ліцэі, а цяпер з дапамогай студэнтаў замахваецца на пастаноўку экалагічных мюзіклаў.

Галіна ЗЛАБЕНКА, член праўлення фонду «ЭкаМір», аўтар казкі пра трох братоў.

— Два старэйшыя — Транжыр і Лянота — нядбайныя. А малодшы — Берагоша — разгрыз граніт навук энергаэфектыўнасці і навучыў іх эканоміі. Пасля былі кнігі «Школа Берагошы», «Азбука Берагошы», — расказвае яна. — Калі дзіця дома, ведаючы пра Берагошу, кажа: «Мама, а ў цябе газ гарыць», «Бабуля, а ты пад тэлевізар спіш», яно тым самым падштурхоўвае дарослых сачыць, што яны робяць. У выніку з такіх кропелек складаецца агульнае ўяўленне пра эканомію.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Больш энергіі — менш затрат

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.