Вы тут

Як новы дырэктар вывеў Любанскі рыбакамбінат з заняпаду*


Адкрытае акцыянернае таварыства «Рыбакамбінат «Любань» — адно з найбуйнейшых і вядучых прадпрыемстваў рыбаводчай галіны Беларусі. У 2017 годзе тут адсвяткавалі пяцідзесяцігадовы юбілей. Гаспадарка камбіната раскінулася на 2,5 тысячы гектараў і налічвае 49 вадаёмаў. Прадпрыемства забяспечвае поўны цыкл вырошчвання прэснаводнай рыбы — ад ікрынкі да атрымання таварнай прадукцыі і яе перапрацоўкі. У асноўным камбінат спецыялізуецца на вырошчванні карпа, удзельная вага якога складае 85 %. Акрамя таго, у вадаёмах плешчацца белы амур, таўсталобік, шчупак, сом. З цягам часу камбінат, слава аб якім некалі грымела на ўвесь Савецкі Саюз, прыходзіў у заняпад. Але калектыву пашанцавала на новага спрытнага дырэктара. У 2016 годзе на пасаду кіраўніка прызначылі Валерыя Гормаша. Валерый Іванавіч у рыбнай галіне не навічок. Дзесяць гадоў узначальваў рыбгас «Свіслач» у Асіповіцкім раёне. Вытворчасць ведае дасканала. Але, калі першы раз знаёміўся з гаспадаркай Любанскага рыбакамбіната, зразумеў, што лёгка не будзе.


Ды­рэк­тар Ва­ле­рый Іванавіч Гор­ма­ш.

У 2012 годзе тут пачалося будаўніцтва цэха па выпуску рыбных кансерваў. Планавалася, што вытворчасць запусцяць у 2015-м. Але працэс прыпыніўся. Справа ў тым, што былое кіраўніцтва прадпрыемства закупіла старую лінію ў Калінінградзе, якая прызначалася для перапрацоўкі буйной акіянічнай рыбы, а ніякім чынам не прадстаўнікоў сямейства карпавых. Прычым розныя дэталі абсталявання не стыкаваліся паміж сабой. У выніку машына замест таго, каб адсякаць у рыбы галаву і хвост, пераразала яе папалам. Новы кіраўнік паўгода займаўся пытаннямі замены канвеера. Давялося прайсці некалькі экспертыз, але ў рэшце рэшт даказалі пастаўшчыку, што абсталяванне непрыдатнае для апрацоўкі прэснаводнай рыбы. За грошы, што ўдалося вярнуць, заказалі ручны стол на дванаццаць рабочых месцаў. Праўда, зменшылася прадукцыйнасць працы. Планавалася выпускаць 20 тысяч бляшанак кансерваў у змену, а вырабляецца пяць тысяч. Але да 2020 года на камбінаце мяркуюць выйсці на 10 тысяч бляшанак кансерваў усіх відаў і давесці іх выпуск да 1,5—2 млн адзінак у год. І вядома, расшырыць асартымент. Сёння тут могуць вырабляць 14 відаў кансерваў, у перспектыве мяркуюць выйсці на 20 відаў. У цяперашні час тут працуюць над шасцю відамі кансерваў у тамаце, адпаведная лінейка будзе распрацавана да канца года. У гэтым выпадку асартымент кансерваў павялічыцца да 20 відаў.

Раз­дзель­шчык ры­бы Ге­надзь ЛАЎ­РЫ­Е­НЯ ве­дае пра яе амаль усё.

Спажыўцы па-сапраўднаму ацанілі новы від прадукцыі — кансервы з печані траскі, якія пачалі выпускаць летась. У найбліжэйшы час пакупнікоў чакаюць новыя сюрпрызы — кансервы: селядзец натуральны, скумбрыя натуральная з дабаўленнем алею, шпроты ў шкляных слоіках, скумбрыя ў жэле апетытная, фарэль вясёлкавая натуральная, таўсталобік натуральны з дабаўленнем алею, скумбрыя ў жэле з часнаком, карп у жэле па-любанску, таўсталобік у жэле для гурманаў — у бляшанках. Доследныя партыі ўжо прайшлі экспертызу, і новую прадукцыю могуць хоць сёння запускаць у вытворчасць. Цяпер пакупнік не толькі імкнецца да таго, каб прадукты харчавання на яго стале былі экалагічна чыстымі, але і клапоціцца пра тое, каб яны былі ўпакаваныя ў экалагічна чыстую тару. А менавіта шкло і з'яўляецца такім матэрыялам.

«Акадэмічныя» кансервы

Журналісты паспелі назваць любанскія кансервы «акадэмічнымі». І не беспадстаўна, паколькі распрацоўваць іх рэцэптуру дапамагалі вучоныя. «У межах дзяржаўнай праграмы «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка» мы працуем у цесным кантакце з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які дапамагае ў адпрацоўцы тэхналагічных рэжымаў пры запуску новых ліній. З навуковага пункту гледжання былі вызначаны крытэрыі якасці і бяспекі кансерваў. Праведзены неабходныя даследаванні па харчовай каштоўнасці кожнага віду рыбы — бялках, вітамінах, тлушчы, амінакіслотах», — кажа Валерый Іванавіч.

Таму няма сумневу наконт якасці кансерваў. Зрэшты, прадукцыя з прэснаводнай рыбы лічыцца адной з самых смачных і карысных. Навукова даказана, што чалавек павінен ужываць тыя прадукты, што ўжывалі яго продкі, менавіта той мясцовасці, дзе вырас і да якіх прывык арганізм.

Вядома, пабываць на рыбакамбінаце і не пабачыць, як вырабляюцца кансервы на новай лініі, недаравальна. Таму мы папрасілі Валерыя Іванавіча паказаць гэты працэс. Сапраўды, цікава і захапляльна. Сырая рыба падаецца аўтаматам. Фармуецца і ўкладваецца ў бляшанкі. Сюды дабаўляюцца соль, спецыі, алей. Бляшанкі закрываюцца, мыюцца і перадаюцца ў аўтаклавы, якія перамяшчаюць іх у вялікія стэрылізатары. Тэхнолагі задаюць ім рэжым работы. Такая тэхніка сумяшчае кулінарную і тэхнічную апрацоўку. Апарат набірае тэмпературу да 120 градусаў пэўны час, а пасля паступова скідвае. Пры гэтым дзейнічаюць дакладныя разлікі.

У цэ­ху пе­ра­пра­цоў­кі (зле­ва на­пра­ва) Тац­ця­на АШУЙ­КО, Люд­мі­ла ЗЫ­БАЙ­ЛА, Ма­рыя ЧЭ­КАН, Яў­ген КУК­РЭШ.

Цэх па вытворчасці рыбных кансерваў узначальвае Сяргей Пілюк — кандыдат сельскагаспадарчых навук.

— Усяго ў нашым цэху працуе дваццаць шэсць чалавек, работа арганізавана ў адну змену. У сярэднім перапрацоўваем штодзень 1600 кілаграмаў рыбы. Гэта карп, таўсталобік, белы амур. Зарплата ў нас здзельная. Чым больш зробім, тым больш атрымаем. Пры выкананні нормы належыць прэмія. Атрымліваецца 600—650 рублёў, для Любані, лічу, заробак нядрэнны. Пачыналі мы практычна з нуля, таму даводзіцца самім вучыць людзей, самім рамантаваць абсталяванне.

Кошт адпавядае якасці

Вядома, вырасціць рыбу — гэта толькі палова справы. Яе неабходна яшчэ прадаць па прымальных цэнах, каб выгадна было і пакупніку, і вытворцу. Акрамя Любанскага камбіната выпускаюць аналагічныя кансервы яшчэ два айчынныя прадпрыемствы. Але сабекошт любанскай прадукцыі і адпускная цана на яе ніжэйшыя, паколькі для вытворчасці выкарыстоўваюць сваю сыравіну.

Апра­цоў­шчы­кі ры­бы Ала ПАЎ­ЛО­ВІЧ і Лю­боў РУД­КОЎ­СКАЯ  раз­бі­ра­юць лус­ка­ва­тых пры­га­жунь на раз.

Разнастайны асартымент рыбнай прадукцыі прапаноўвае фірменны магазін, які знаходзіцца побач з камбінатам. Ён ніколі не пустуе. Купіць тут усё неабходнае можна з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. Атрымліваецца на 20 % танней, чым у рознічнай гандлёвай сетцы. Прадукцыя камбіната рэалізуецца і ў спецыяльных секцыях магазінаў Любані. Фірменныя секцыі ёсць і ў крамах суседніх Слуцка і Салігорска. Рыбакамбінат удзельнічае ў кірмашах, якія ладзяцца ў краіне, спецыялізаваная машына выязджае на салігорскі рынак. Ахвотна бяруць рыбную прадукцыю і магазіны сістэмы Белспажыўсаюза па ўсёй краіне. Любанскія рыбаводы імкнуцца заваяваць сваю нішу і ў буйных гандлёвых сетках, як «Белмаркет», «Еўраопт». Аднак ім неабходна адразу некалькі відаў прадукцыі. З запускам новай лінейкі кансерваў у вытворчасць ёсць усе перадумовы, што двухбаковыя кантакты стануць больш цеснымі і шырокімі. У перспектыве любанскія рыбаводы плануюць выйсці і на замежныя рынкі. Расійская Федэрацыя гатовая заказаць вялікую партыю кансерваў, калі будзе запушчана ў вытворчасць шырокая лінейка. Цяпер жа расійскія партнёры задаволеныя кансервамі печані траскі любанскай вытворчасці. Яны пастаўляюць сыравіну, а забіраюць частку гатовай прадукцыі, частка застаецца ў вытворцы, якую можна прадаць і атрымаць грошы. Такія адносіны выгадныя абодвум бакам.

Трымаем марку

Але не толькі сваімі кансервамі славіцца Любанскі камбінат. З 2010 года тут адкрыты цэх па перапрацоўцы рыбы вытворчай магутнасцю 213 тон гатовай прадукцыі ў год. Тут ёсць усё неабходнае: аддзяленне прыёму і патрашэння сыравіны, разбірання рыбы, камера паспявання, участкі вэнджання і вялення, прыгатавання кулінарнай прадукцыі, упакоўкі і захавання гатовых вырабаў, умяшчальныя халадзільныя камеры. Начальнік цэха Ірына Адамчук расказала, што тут выпускаецца каля трыццаці найменняў прадукцыі. Гэта філе свежай рыбы, толькі што вылаўленай, — карпа, таўсталобіка. Выпускаюцца таксама карп і таўсталобік вяленыя, гарачага і халоднага вэнджання, рыбныя наборы для юшкі, якія літаральна размятаюць з прылаўкаў фірменнай крамы. А таксама — рыбныя прэсервы: таўсталобік марынаваны, шашлыкі. Пастаянна распрацоўваюцца новыя віды рыбнай прадукцыі. Напрыклад, нядаўна пачалі выпускаць селядзец марынаваны ў пластыкавых вядзерцах.

Начальнік цэха Ірына АДАМЧУК.

Тэхнолаг цэха перапрацоўкі Раман ІВАНОЎ дэманструе духмяную прадукцыю.

— Мы імкнёмся не адхіляцца ад рэцэптуры, таму што наш пакупнік гэта адразу адчувае. А мы трымаемся за сваіх сапраўдных і патэнцыйных спажыўцоў. Для прыгатавання прадуктаў не выкарыстоўваем ніякіх харчовых дабавак, фарбавальнікаў. Толькі айчынная салігорская соль і спецыі. Вэндзім рыбу шчэпкамі вольхі. Мы разумеем, добрая сыравіна — значыць, на выхадзе будзе якасная прадукцыя, — расказала Ірына Міхайлаўна. — Мы імкнёмся трымаць планку па солі, пры прыгатаванні рыбы ўжываць яе менш. На сённяшні дзень дапушчальныя нормы яе колькасці ў прадукце ад шасці да васьмі працэнтаў. Мы ўжо набліжаемся да шасці. У нас ёсць свая лабараторыя, якая бярэ аналізы на соль. Калі ўсё ў норме, запускаем рыбу на сушку. Наш дырэктар таксама кантралюе гэтыя пытанні, таму што мы даражым сваімі кліентамі.

Як пакорміш, так і атрымаеш

Ры­ба­во­ды Ва­дзім ДАЎ­ГУ­ЧЫЦ і Сяр­гей ХАДЗЬ­КО са све­жым уло­вам.

Да ры­ба­во­даў Ва­лян­ці­ны ГУ­РЫ­НО­ВІЧ  і Аляк­санд­ры РА­БУ­ШЭ­ВІЧ ры­ба па­па­дае яшчэ жы­вой.

Зразумела, атрымаць якасную прадукцыю можна ў тым выпадку, калі вырасціш здаровае патомства.

Поўны працэс развіцця рыбы праходзіць у некалькі этапаў і займае два-тры гады. Спецыялісты карпатліва сочаць за сваімі падапечнымі. Вялікую ўвагу аддаюць падтрыманню санітарнага стану вады і біялагічнаму балансу. Прычым працэс вырошчвання рыбы ў Любані мае перавагу ў параўнанні з іншымі рыбгасамі краіны. Вадаёмы тут напаўняюцца чыстай празрыстай вадой з вадасховішча, якое знаходзіцца ў лясной зоне, — гэта дадатковая прыродная ачыстка ад розных забруджвальных рэчываў. Па-другое, праточная вада дае магчымасць ліквідаваць запах ціны, уласцівы рачной і азёрнай рыбе.

— Вось гэтыя малькі нарадзіліся ў маі мінулага года з лічынак. У кастрычніку іх вылавілі з выроставых вадаёмаў і запусцілі ў зімавальныя вадаёмы. Яны паглыбленыя, забяспечваюцца праточнай вадой, таму не замярзаюць зімой. Затым у сакавіку перамясцілі іх у нагульныя вадаёмы для вырошчвання таварнай рыбы, якую ў верасні будзем вылоўліваць і рэалізоўваць на продаж, — расказалі спецыялісты.

Прадавец Наталля ШУМЧЭНЯ заклікае пакаштаваць духмяную юшку.

Вядома, вялікую ролю тут адыгрывае кармленне.

— Што датычыцца кармлення, то пытанне тут складанае, — прызнаецца Валерый Гормаш. — Прадпрыемства закрэдытаванае, трэба разлічвацца па фінансавых абавязацельствах маіх папярэднікаў. Я ж працую тры гады і стараюся пазбягаць банкаўскіх крэдытаў.

Наогул, каб вырасціць кілаграм рыбы, неабходна чатыры кілаграмы рыбнага камбікорму. Разам з тым тры гады запар ідзе прырост рыбы. Калі Валерый Іванавіч узначаліў прадпрыемства, тут атрымлівалі 500 тон рыбы, у 2016 годзе яе вылавілі 1220 тон, у 2017-м — 1400 тон, у 2018-м — 1600 тон. Сёлета плануюць атрымаць рыбны «ўраджай» у памеры 1700 тон, у тым ліку 1400 тон таварнай рыбы і 300 тон пасадачнага матэрыялу. А таксама выпусціць 1,5 мільёна розных відаў кансерваў, перапрацаваць 247 тон рыбы і атрымаць 213 тон розных відаў прадукцыі.

Наогул вылаў рыбы Валерый Гормаш, як вопытны спецыяліст і гаспадарлівы кіраўнік, хоча давесці да дзвюх тысяч тон. Ён падлічыў: каб вырасціць кілаграм карпа, неабходна 4,6 кілаграма камбікорму. Гэта надта дорага і стратна. Павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці стала магчымым за кошт інтэнсіўнага кармлення рыбы, але не камбікормам. Больш за палову рацыёну складаюць прамысловыя адходы: бульбяная мязга, астаткі льнасемя, збожжа і збожжавых культур, рапсу, брага. У мінулым годзе на корм пайшло ўсяго тысяча тон камбікорму. Усе гэтыя кармы замянілі пяць тысяч тон камбікорму.

Па вопыт — да любанскіх рыбаводаў

Мінулы год на Любанскім рыбакамбінаце дзяржаўнае аб'яднанне «Белвадгас» арганізавала семінар-нараду з удзелам кіраўнікоў рыбаводных арганізацый усёй краіны, для таго каб яны пачарпнулі вопыт.

— Спачатку спадарожны камбікорму корм завозілі са спіртавога, крухмальнага заводаў і льнозавода. Тое, што гэтым прадпрыемствам было непатрэбнае, яны прывозілі бясплатна або за невялікую плату, — падзяліўся з калегамі Валерый Гормаш. — З цягам часу патрэбы ў такіх кармах выраслі, і камбінат расшырыў геаграфію завозу. На прадпрыемствах Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей пачалі браць зялёны гарошак, зерне кукурузы, іншыя адходы вытворчасці.

Для развіцця кармавой базы ў вадаёмы ўносяць таксама арганіку ў разліку тона на гектар. Яе дастаткова ў мясцовых сельгасарганізацый. Хтосьці аддае яе практычна за бясцэнак, а нехта — бясплатна. У гэтым выпадку развіваецца фіта- і зоапланктон. А значыць, вырастаюць водарасці, з'яўляюцца розныя жывыя арганізмы, якія паядае рыба.

На сённяшні дзень рыбакамбінат назапасіў арганікі і адходаў вытворчасці на шмат гадоў наперад. А танныя кармы ўплываюць на сабекошт рыбы. Напрыклад, кілаграм карпа ў залежнасці ад памеру каштуе ад 2,5 да 3,8 рубля. Любанская рыба ў параўнанні з прадукцыяй аналагічных камбінатаў танная. А значыць, даступная для людзей з розным дастаткам. Вось так Любанскі рыбакамбінат працуе на здароўе нацыі. Рыба — гэта незаменны прадукт на стале беларусаў, які змяшчае шмат карысных вітамінаў і рэчываў. У кожнага ёсць выбар — купіць рыбу ў краме або злавіць самому. Для аматарскай рыбалкі тут створаны выдатныя ўмовы. Можна павудзіць на беразе Любанскага вадасховішча, а можна на беразе вадаёма. У першым выпадку білет каштуе 5 рублёў, у другім — тры рублі. Зімняя рыбалка на шчупака і акуня будзе каштаваць больш — 25 рублёў за дваццаць пяць кілаграмаў. За год на вадаёмах рыбгаса пабывала больш за тры тысячы рыбакоў.

А тыя, хто не любіць рыбачыць, могуць паспытаць ужо гатовай юшкі. Камбінат купіў палявую кухню, дзе гатуецца гэтая духмяная наварыстая страва з толькі што вылаўленай рыбы. Кошт паўлітра юшкі — 1,5 рубля. Штодзень кухары вараць яе 100 літраў. Бывае, што яе разбіраюць яшчэ да абеду. На выручаныя за год грошы можна набыць больш за 4000 літраў дызельнага паліва для запраўкі аўтатранспарту.

— І ўсё ж, з якімі цяжкасцямі сустракаецеся? — запытала напрыканцы ў Валерыя Іванавіча.

— У нас парк тэхнікі практычна зношаны. Пятнаццаць машын, якія развозяць прадукцыю па краіне, даўно пара спісаць, бо ім ужо па дванаццаць-трынаццаць гадоў пры тэрміне эксплуатацыі дзевяць гадоў. Тут нам не лішняя дапамога. А з астатнім справімся самі.

Май­стар цэ­ха Мак­сім РОЎ­БА, ла­ба­рант-мік­ра­бі­ё­лаг Ста­ні­слаў КАС­ЦЕЦ­КІ, на­чаль­нік цэ­ха Сяр­гей ПІ­ЛЮК, ін­жы­нер-тэх­но­лаг Мі­ха­іл СА­ЛА­ВЕЙ,  кла­даў­шчык Свят­ла­на ЧАР­НА­ГОР з кан­сер­ва­ва­ны­мі пры­сма­ка­мі.

Аргумент за тое, што любанская прадукцыя самая смачная:

Таццяна Краўцова, хатняя гаспадыня, горад Мінск:

— Аднойчы сваячка прывезла мне прэсервы — філе марынаванага таўсталобіка і некалькі бляшанак кансерваў карпа з дабаўленнем алею. Шчыра скажу, такую смакату мае хатнія елі ўпершыню. З таго часу я пачала шукаць гэтыя прадукты ў крамах Мінска. Але нідзе не знаходзіла. Нават наведвала ўсе рыбныя кірмашы, што ладзіліся ў сталіцы, — безвынікова. Аказваецца, ні адзін рыбны завод Беларусі не выпускае такой прадукцыі. Аднойчы на кірмашы ўбачыла машыну любанскага камбіната. Прэсерваў не аказалася. Затое прадавец прапанавала мне замену — селядзец марынаваны. Пашкадавала, што купіла толькі адно вядзерца — вельмі смачна.

Аляксей Уласік, работнік мінскага малочнага прадпрыемства:

— З прадукцыяй Любанскага завода я пазнаёміўся выпадкова на кірмашы. Купіў карпа гарачага вэнджання. І не пашкадаваў. Настолькі мяккая, прыемная на смак рыба, што растае на языку. Падабаецца і тое, што солі ў меру. Відаць, на камбінаце працуюць добрыя тэхнолагі. Цяпер я стаў прыхільнікам прадукцыі гэтага прадпрыемства.

Вераніка Шчэціна, мінчанка, хатняя гаспадыня:

— На абласным свяце работнікаў сельскай гаспадаркі «Дажынкі», што летась ладзілася ў Мядзеле, я заўважыла вялікую чаргу, што тоўпілася каля палявой кухні. Падышла пацікавіцца, што за дэфіцыт выкінулі. Аказалася, Любанскі рыбакамбінат прыгнаў сюды палявую кухню і прапаноўвае юшку. Якраз дарэчы: пагрэлася духмянай наварыстай стравай. Прычым нядорага — за вялікую порцыю заплаціла ўсяго 1,5 рубля. А заадно купіла і вэнджанага таўсталобіка, якога набыла тут жа побач, з машыны. Мужу — пад піва.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Алена ДАЎЖАНОК, фота Андрэя САЗОНАВА

*УНП 600017046

На правах рэкламы

Загаловак у газеце: Хто хоча працаваць, той працуе, хто не хоча — шукае прычыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.