Вы тут

Азарычы: 10 жудасных дзён на балоце


Паўсюль ляжалі трупы жанчын, дзяцей, старых — акупанты забаранялі іх убіраць. Людзі тут штодзень паміралі сотнямі. Вязняў у канцлагерах пад агульнай назвай Азарычы (лагеры «Дзерць», «Азарычы» і «Падасіннік») утрымлівалі пад адкрытым небам без вады і ежы. За кароткі час існавання з 10 да 19 сакавіка на загад камандавання 9-й арміі вермахта на невялікія плошчы ў багністай мясцовасці было сагнана каля 50 тысяч грамадзянскага насельніцтва — жыхароў Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Лагеры такога тыпу былі толькі ў Беларусі... Упершыню ў гады Другой сусветнай вайны ахвяр выкарыстоўвалі ў якасці біялагічнай зброі. Сюды фашысты спецыяльна звозілі хворых на сыпны тыф і іншыя хваробы. Людзей заражалі з разлікам, што пасля інфекцыя перакінецца на наступаючыя часці Чырвонай Арміі. І сапраўды, многія салдаты, якія дапамагалі знясіленым вязням Азарыцкіх лагераў выбрацца з-за дроту, захварэлі на тыф.


Падчас вызваленчай аперацыі вывелі з канцлагера 33 480 чалавек. З іх 15 960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў, 13 072 жанчыны і 4448 старых. Салдаты плакалі, калі бачылі апухлых ад голаду маленькіх дзяцей з абмарожанымі ручкамі і ножкамі.

Заложнікі вермахта

— Ні брэху аўчарак, ні стрэлаў — цішыня. У маскхалатах ідуць салдаты і крычаць нам, каб заставаліся на месцы, нікуды не хадзілі, бо ўсё замініравана. А нехта не чуў, бег — падрываўся... — успамінае пра вызваленне Азарыч былая вязніца канцлагера Валянціна ШЫШЛО.

75 гадоў яна не можа забыць тых жахаў, якія перажыла ў шасцігадовым узросце: «Не хацелася б успамінаць, але яно ідзе, нікуды не дзенешся. Памяць дзіцячая цэпкая, дакладная. Калі кажуць: «А што там такога? Лагер існаваў усяго 10 дзён», — я далей не хачу размаўляць. Калі б мы там пабылі яшчэ два дні, не было б каму сёння расказваць пра Азарычы. Мы там не жылі, а паціху паміралі».

Злачынствы здзяйсняліся не толькі ў лагеры, Валянціна Фёдараўна ўспамінае, як людзі гінулі ў дарозе, калі іх толькі гналі ў Азарычы, — расстрэльвалі ўсіх, хто не мог ісці. Было многа дзіцячых трупаў. Некаторыя немаўляты паміралі ў маці на руках. Невыпадкова вязні празвалі той шлях да Азарыч «дарогай смерці».

Сярод тых, каму ўдалося выжыць, — Міхаіл СІНЬКЕВІЧ: «Маці заўсёды насіла з сабой ікону Казанскай Божай маці, — успамінае ён, — можа, таму Гасподзь і захаваў жыцці нашай сям'і. У мяне былі тры старэйшыя сястры, брат, мама, бацька-інвалід. Мне тады было амаль чатыры гады, я прасіў маці, каб толькі яна мяне не кідала, казаў, што не буду ні плакаць, ні есці прасіць. І, па словах родных, стрымаў абяцанне».

Есці вязням нічога не давалі. Людзі харчаваліся тым, што прыхавалі ў вопратцы, жавалі хвою. «Уначы ў лагеры мароз даходзіў да мінус 15 градусаў. Мёртвых проста складвалі, зверху нечым накрывалі і сваіх дзяцей, каб яны не замёрзлі, клалі на трупы. Ваду нам не дазвалялі браць. Якая жыжа пад нагамі была, тую і пілі. З самалёта над намі распылялі атруту, каб заразіць», — расказвае Міхаіл Яфімавіч.

Выпрабавана на беларусах

Міхаіл Сінькевіч — адзін з аўтараў кнігі «Палессе: трагедыя і памяць: злачынствы вермахта. Канцлагерь «Азарычы, 1944 год». Матэрыялы для яе збіраліся больш за 10 гадоў: тут выкарыстаны архіўныя дакументы, некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню. Напрыклад, матэрыялы судовых працэсаў над нямецкімі ваеннапалоннымі, біяграфіі нямецкіх военачальнікаў, якія аддавалі загады аб знішчэнні людзей. Змешчаны тут і ўспаміны былых вязняў, каментарыі вучоных. Аўтары спрабавалі знайсці адказы на пытанні, чаму такія лагеры ўзніклі на палескай зямлі...

Гэта быў жудасны эксперымент, мірных жыхароў выкарыстоўвалі ў якасці жывога шчыта паміж вермахтам і наступаючай Чырвонай Арміяй. Апрабаваны на беларускай зямлі «прыём» нямецкае камандаванне планавала прымяняць і ў далейшым...

Адступаючая нямецкая армія не проста прыкрывалася бездапаможнымі жыхарамі, якіх зганялі ў лагеры, створаныя каля пярэдняга краю абароны. Гэта была палітыка на вынішчэнне. Таксама камандаванне вермахта аддало загад аб стварэнні з дапамогай мясцовага насельніцтва моцнай сістэмы абароны. Фашысты прымусілі жыхароў прыфрантавых вёсак — жанчын, падлеткаў, старых — капаць акопы, будаваць бліндажы, дарогі, умацаваныя пункты фактычна пад мінамётным і артылерыйскім абстрэлам. Тую частку насельніцтва, якую немагчыма было выкарыстаць на работах, у канцы лютага — пачатку сакавіка гітлераўцы зганялі на балоты. Інфекцыйныя хворыя, калекі, старыя, жанчыны, у якіх больш за два дзіцяці ва ўзросце да 10 гадоў, і іншыя непрацаздольныя» падлягалі знішчэнню. Вермахт зачышчаў заражаныя вёскі, завозячы ў лагеры тысячы тыфозных хворых, каб запусціць хвалю эпідэмій.

Сям'я Захаравых, вызваленая з лагера. На пярэднім плане хлопчык, які падарваўся на міне, і яго паміраючая бабуля.

— Людзі туліліся дзе хто мог. Абраслі брудам. Завяліся вошы — калі мы трымалі вопратку над вогнішчам, чулі трэск... Усё гэта — умовы для інфекцыі, — успамінае былы вязень Азарыцкіх лагераў, адзін з аўтараў кнігі «Палессе: трагедыя і памяць...» Аркадзь ШКУРАН.— Самы вялікі тэрмін выжывання ў Азарычах — 3—4 дні. Але не трэба забывацца пра тое, што вытрымалі людзі да таго, як патрапілі ў балоты. Са Жлобіна прыбыло дзевяць саставаў, якія прывезлі 30 тысяч чалавек. З іх падчас транспарціроўкі больш за дзве тысячы памерла ад тыфу і цісканіны. Пасля трэба было пераадолець 40 кіламетраў пешшу па балоце. За пяць метраў ад мяне жанчына несла двух дзяцей — аднаго на грудзях, другога за спінай. Выйшла на абочыну, каб паправіць свае рэчы, села. Гэта ўбачыў немец і выстраліў ёй у лоб. Дзяўчынка да жанчыны нахілілася, ручкай гладзіць: «Мамачка, прачніся». Немец застрэліў і старэйшае, і малодшае дзіця і спакойна пайшоў далей... Па дарозе ляжала маса трупаў, ніхто іх не лічыў. Пасля вайны як дождж пройдзе, глядзіш — там шкілет вылазіць... У лагеры ніхто не мог спаць — пад нагамі вада, снег. Адольф Гітлер казаў, што гэта акцыя ў Азарычах перашкодзіць развіццю біялагічнай сілы беларускай нацыі ў будучым... А пазней людзі нават не маглі даказаць, што яны былі вязнямі Азарыч, бо пры вызваленні санітарныя ўрачы, якія не ведалі мясцовасці, пісалі «пінскія балоты».

Дзеці за калючым дротам

Трохгадовая Таня каля трупа маці. Дзяўчынка змагла толькі назваць сваё імя і сказаць: "Гэта мая мама".

На выстаўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы, прысвечанай Азарыцкім лагерам (яна стала часткай перасоўнай экспазіцыі «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць»), размешчана старонка штодзённай газеты «Красная Армия» ад 20 красавіка
1944 года пад шапкай «Не забудзем немцу ані гэтых слёз, ані гэтай крыві!». Аўтары аднаго з артыкулаў — Якуб Колас, Яфім Садоўскі, Васіль Бурносаў — распавядаюць пра палескую трагедыю: «...Людзі, якіх сагналі сюды, размяшчаліся наўпрост на гразкай зямлі, пад студзёным і неспагадлівым небам. Многія ўжо страцілі магчымасць рухацца, страцілі прытомнасць, ляжалі ў ліпкім халодным брудзе.

Мы бачылі гэтых вымучаных людзей адразу пасля вызвалення іх нашымі войскамі. Жанчыны і дзеці знясіленыя да крайнасці. Людзі ходзяць, як цені, ледзь перасоўваючы ногі. І гавораць ледзь чутна аслабелым голасам...

Сакавіцкая адліга змянілася моцным марозам, людзі замярзалі. Трупы валяліся праз кожныя некалькі чалавек. Нямецкія салдаты і паліцэйскія ўрываліся ў лагер і прымушалі няшчасных здымаць боты, паліто, світары. Тут жа, у лагеры, бандыты гвалцілі дзяўчат...»

Вызваленых з Азарыч дзяцей лячылі ў шпіталях. Дзевяцігадовыя Ніна Барсук і яе сямігадовы брат Коля  падарваліся на міне. Ніне адарвала абедзьве нагі. Коле адну.

Побач змешчаны артыкул пра дзяцей, якіх вызвалілі ў Азарычах у сакавіку 1944 года. «...Дзяўчынцы Ніне два гады. Яна сядзіць басанож на снезе ў адной сукенцы. Галава абмотана нейкай анучай. У дзіцяці пачарнелі ножкі ад холаду і знясілення. Яна не можа нават плакаць. Баец узяў на рукі паміраючае дзіця. Ён расшпіліў шынель, фуфайку і прыціснуў яе да свайго цела. Ніна не плакала, але плакаў баец».

Памяць

Савецкая разведка наткнулася на лагеры 18 сакавіка 1944 года. Некаторых знясіленых вязняў салдаты выносілі на плячах. Вялікая нагрузка лягла на ваенных медыкаў 1-га Беларускага фронту і, у першую чаргу, санітарную службу 65-й арміі. Была створана каранцінная зона. Разгарнута сетка шпіталяў, дэзынфекцыйных пунктаў, амбулаторый. Фатаграфіі, якія расказваюць пра вызваленне Азарыч, можна пабачыць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе адкрылася спецыялізаваная выстаўка.

Аснова экспазіцыі — калекцыя работ ваенных карэспандэнтаў Альперына, Падшывалава, Кекала, Копыта з фондаў музея. Здымкі пададзены з аўтэнтычнымі анатацыямі, якія друкаваліся на машынцы самімі аўтарамі. Вось толькі некаторыя з тых подпісаў: «Пяцігадовая Надзя Сцяпанава з в. Ковелі Акцябрскага раёна Палескай вобласці. Асірацела ў лагеры Азарычы». «Горбань Васіль, жыхар вёскі Падвідкі, Парыцкага раёна Палескай вобласці 19 сакавіка 1944 года хавае свайго адзінага ўнука Вову — 1,5 года, які загінуў у лагеры ад голаду». «Гэтай дзяўчынцы 3 гады. Яе завуць Ніна. Маці яе загінула ў лагеры ад разрыву міны. Ніна, застаўшыся адна, некалькі сутак нічога не ела. Ад голаду і холаду яна апухла». Тут можна пабачыць і здымкі дзяцей, якія патрапілі на лячэнне ў шпіталі. Сярод іх 9-гадовая Ніна Барсук і яе 7-гадовы брацік Коля. Яны падабраліся да дроту, дзе была пастаўлена вада. Але, як толькі дзеці дакрануліся да вады, узарвалася міна. Ніне адарвала абедзве нагі, Колю адну...»

У Беларускім дзяржаўным музее гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася спецыялізаваная выстава.

Таксама на стэндах размешчаны ўспаміны сведкаў тых жахлівых падзей.

«Калі прыбыла на месца, я ўбачыла жахлівую карцінку. Немцы вялі бесперапынны абстрэл і бамбёжку лагера. З яго на наш пярэдні край беглі, ішлі, паўзлі знясіленыя, брудныя, галодныя і амаль усе хворыя на сыпны тыф, нашы савецкія людзі. Жах і адчай быў на іх тварах, яны прасілі аб ратаванні і дапамозе. Унутры лагера было яшчэ больш жахліва. У балоце валяліся трупы і яшчэ жывыя, але зусім знясіленыя людзі. Трызнячы, хворыя на сыпны тыф крычалі пра дапамогу і ратаванне. Нярэдка можна было бачыць, як па мёртвай маці поўзае жывое дзіця ці хворая маці люляе на руках мёртвае дзіця». (З успамінаў былога начальніка 3-га аддзела санітарнага ўпраўлення 1-га Беларускага фронту падпалкоўніка медыцынскай службы Сярковай, 1966 год.)

Дзякуючы гэтаму здымку пра трагедыю шасцігадовай Веры Кур'ян даведаліся мільёны людзей.

Куратар выстаўкі загадчык аддзела навукова-даследчыцкай работы Наталля ЯСКЕВІЧ паведаміла, што першыя фатаграфіі, звязаныя з Азарычамі, з'явіліся ў музеі яшчэ ў 1944 годзе. А ў 1995-м да іх паступіла самая вялікая калекцыя Азарыцкіх фатаграфій — 60 здымкаў перадала сям'я з Літвы. У 1997 годзе музей арганізаваў навуковую экспедыцыю па месцах лагераў, запісваў успаміны сведак, удзельнічаў у выданні зборнікаў дакументаў і матэрыялаў «Азарычы — лагер смерці», «Заложнікі вермахта», «Вязні Азарыцкіх лагераў успамінаюць». У 90-х гадах музей атрымліваў тысячы лістоў, у якіх людзі прасілі дапамагчы ім знайсці пацвярджэнне, што яны былі вязнямі канцлагераў. Ні адзін з тых зваротаў не застаўся без увагі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Людзей тут выкарыстоўвалі ў якасці біялагічнай зброі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».