Вы тут

Вясковы ўчастковы пра асаблівасці службы, дапамогу і чалавечнасць


— Без машыны на маім участку ніяк. За дзень па службе праязджаю каля 150 кіламетраў, — запрашае ў аўтамабіль старшы ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Загараднага аддзела Барысаўскага РУУС маёр міліцыі Дзяніс ЛУЧЫНА. — Я абслугоўваю тэрыторыю Мётчанскага сельсавета. За мной замацавана 20 вёсак. Самая шматлікая з іх — Вялікая Ухалода, дзе пражывае каля 1,5 тысячы чалавек.


«Жыхары звяртаюцца да мяне па ўсіх пытаннях»

— 20 вёсак на аднаго ўчастковага? Так бывае? — здзіўляюся.

— Бывае нават па 30! — запэўнівае Дзяніс. — І ўсюды паспяваем. Галоўнае — жаданне працаваць. Без гэтага ў нашай справе нікуды.

У самога Дзяніса жаданне служыць у міліцыі ўзнікла, калі ён быў падлеткам:

— Хацелася дапамагаць людзям, форма падабалася. У 1999 годзе паступіў у Мінскую сярэднюю школу міліцыі. Праз два гады ў званні лейтэнанта прыйшоў працаваць у інспекцыю па справах непаўналетніх (ІСН) у Барысаў. Мне тады было 19, зусім малады, — усміхаецца. — У міліцыі, калі лічыць разам з вучобай, я 20 гадоў. Можна юбілей святкаваць!

У 2007 годзе Дзяніс перайшоў ва ўчастковыя інспектары. На адным месцы мужчына працуе ўжо 13-ы год.

— А для мяне тут усё толькі пачынаецца, — сціпла ўступае ў размову ўчастковы інспектар лейтэнант міліцыі Наталля КАЗАКОВА. — Да сваіх абавязкаў прыступіла два месяцы таму. Дзяніс Уладзіміравіч мой настаўнік.

Жанчына ва ўнутраных органах з 2008 года. Пачынала з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Далей перавялася ў Дэпартамент аховы. Завочна скончыла Акадэмію МУС.

— Наталля здольная, далёка пойдзе, — падбадзёрвае калегу Дзяніс. — Наша работа заўсёды пачынаецца са знаёмства з жыхарамі. Участковы — гэта твар вёскі. Людзі звяртаюцца да мяне па ўсіх пытаннях. І ў першую чаргу як да чалавека, а не міліцыянера. Каб наладзіць такія адносіны, мне спатрэбілася некалькі гадоў.

«Работа з людзьмі патрабуе поўнай аддачы»

— У нас людзі, напэўна, больш простыя, чым у вялікім горадзе. Таму ў хаты для прафілактычных гутарак участковага пускаюць без праблем. Ды мне і не патрэбна нагода, каб завітаць да сваіх падапечных. Я заходжу проста спытаць, як справы, здароўе, прапанаваць дапамогу. На маім участку пражывае нямала адзінокіх пенсіянераў. Я ў іх госць часты. Вы пачакайце мяне ў машыне, — просіць Дзяніс. — Я пагляджу, ці дома наша гаспадыня. Папярэджу, што з гасцямі, каб не хвалявалася.

Наталля Іванаўна жыве ў вёсцы Аскеркі ў невялічкай хаце адна. Дзяніс згадвае, што некалі дапамог жанчыне знайсці злодзея, які скраў у пенсіянеркі прадукты. Памятае гэта і сама пацярпелая.

— Уяўляеце, праз акно цукар, хлеб, грэчку вынеслі! Хто? Сусед! Ён спачатку дапамагаў мне па гаспадарцы: дровы пакалоць, вады нанасіць. А потым нешта ў галаву мужыку стукнула — і вось вынік, — разводзіць рукамі гаспадыня.

Па словах Дзяніса, у вёсцы злодзей не вельмі пераборлівы. Метал, дровы, куры — крадуць усё, што, на іх думку, дрэнна ляжыць або «не там ходзіць».

— Дзяніс Уладзіміравіч — чалавек уважлівы, — хваліць жанчына. — Пагутарыць з ім можна пра ўсё на свеце. З лёгкасцю падтрымае любую тэму, дзе трэба — проста паслухае.
А што нам, старым, — абы вольныя вушы знайсці!

— Работа з людзьмі патрабуе поўнай аддачы. Хто б што ні казаў, а народ у нас удзячны. Я часта чую прыемныя словы за сваю працу, бабулі «сынам» называюць, — дзеліцца Дзяніс. — Чалавек адчувае, як ты да яго ставішся, і гэтак жа ставіцца да цябе.

«Міліцыянер на вёсцы — чалавек вядомы і паважаны»

— Я ведаю 90 % насельніцтва сваёй тэрыторыі. Вось гэта, дарэчы, Аляксандр Мікалаевіч з вёскі Вялікая Ухалода,— указвае на мужчыну гадоў 40 каля запраўкі. — Пражывае ён на вуліцы Рачной. — Астатнія 10 % — жыхары непастаянныя. Толькі засяліліся, а ўжо з'язджаюць.

Лічыць, колькі разоў за дзень вітаецца ўчастковы, бессэнсоўна: «Саб'яцеся з ліку! — смяецца Дзяніс. — Міліцыянер на вёсцы — чалавек вядомы і паважаны».

Участковыя нясуць службу ў дзве змены: з 9 да 18 і з 15 да 24 гадзін. Як прызнаюцца суразмоўнікі, графік у іх ненармаваны.

— Служба ёсць служба. Спачатку жонцы не падабалася, што я затрымліваюся на рабоце, але прывыкла, — дзеліцца міліцыянер. — Увогуле, я стараюся ўсё рабіць своечасова.

У сталіцу вопытнага супрацоўніка клікалі не раз. Але, як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся:

— Нам з жонкай камфортна на Барысаўшчыне. Выхоўваем дзвюх дачок — Ульяну і Паліну.

— Маёй Карыне 9 гадоў. Дачка кажа, што, калі вырасце, будзе «міліцыяй». Таму, Дзяніс Уладзіміравіч, можаце быць спакойныя: змена расце! — жартуе Наталля.

— Мы Наталлю беражом! Такіх прыгожых кадраў у нас няшмат, — прыпаркоўвае аўто каля драўлянага плота Дзяніс. — Наша справа нялёгкая, часам небяспечная. Таму жанчыны, якія вырашаюць звязаць сваё жыццё з міліцыяй, — смелыя людзі.

Цікава, што Наталля па першай адукацыі — настаўніца. Пяць гадоў выкладала ў адной са школ Барысава англійскую мову.

— Кардынальна змяніць прафесію — смелы ўчынак. Што яшчэ раз пацвярджае мае словы, — дадае Дзяніс. — Нашаму аддзяленню з Наталляй пашчасціла. Мала дзе ёсць свой «штатны перакладчык».

«Пільныя грамадзяне — найлепшыя памочнікі ўчастковага!»

— Супакойся! Чаго гэта ты брэшаш? — звяртаецца Уладзімір Нікіціч да сабакі. — Не прызнаў нашага ўчастковага? Мы з Дзянісам Уладзіміравічам знаёмыя даўно. Я ў свой час быў старастам Новай Мётчы.

— У кожнай вёсцы ў мяне ёсць свой чалавек! Пільныя грамадзяне — найлепшыя памочнікі ўчастковага, — лічыць Дзяніс. — Мясцовыя ўсё бачаць, чуюць, заўважаюць. Бабулі на лаўцы — скарбніца карыснай інфармацыі. Пра сваіх суседзяў ведаюць абсалютна ўсё. Лёгка запамінаюць колер і нават нумар «немясцовай машыны», якая праехала па іхняй вуліцы.

На адміністрацыйным участку Дзяніса дзве школы. З падлеткамі ён праводзіць прафілактычныя гутаркі наконт курэння, прагульвання заняткаў. Міліцыянер кажа, што выхаванне ўласных дзяцей дапамагае знайсці агульную мову з моладдзю. Апорны пункт Дзяніса знаходзіцца ў Мётчынскім сельскім Савеце. Там участковы прымае грамадзян.

— У кожнага жыхара ёсць мой нумар мабільнага тэлефона. У вёсцы, калі што здарылася, людзі хутчэй тэлефануюць свайму ўчастковаму, чым на лінію 102, — тлумачыць Дзяніс.

«Заўсёды стараюся размаўляць з правапарушальнікамі»

— Дзе бабуля? — звяртаецца да хлопца гадоў 30 на ганку Дзяніс. — Не п'еш? Бабулю не крыўдзіш?

Гаспадар адмоўна круціць галавой і запрашае прайсці ў хату.

— Як вашае здароўе? Як унук сябе паводзіць? — пытае ў жанчыны міліцыянер.

— А вы мяне, старую, будзеце фатаграфаваць? — заўважае камеру Раіса Прохараўна. — Лепей яго здымайце.  (указвае на Дзяніса.)  Каб не ён, я ўжо на гэтым свеце не жыла б! Дзяніс Уладзіміравіч угаварыў майго ўнука за розум узяцца. Той палячыўся, не п'е. Дзякуй богу, зараз жывём мірна. Я нумар нашага ўчастковага на памяць ведаю! Яго ўся Унтальянка (вёска ў Барысаўскім раёне. — Аўт.) паважае!

— Больш за ўсё правапарушэнняў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення. Гэта датычыцца і сямейных канфліктаў. За крадзеж і хуліганства часта затрымліваем непрацуючых грамадзян, — расказвае міліцыянер. — Заўсёды стараюся размаўляць з правапарушальнікамі, тлумачыць магчымыя наступствы іх паводзін. Вынік ёсць. Людзі прыслухоўваюцца, задумваюцца. Трэба ўлічваць і той факт, што гэта вёска, дзе адзін аднаго ведаюць. Сорам ніхто не адмяняў.

У поле зроку ўчастковага часцей за ўсё трапляюць людзі, якія ўжо пераступалі закон. Міліцыянер кажа, што жанчын і мужчын сярод іх апошнім часам пароўну.

— Гарачая пара для ўчастковага пачынаецца летам. Сезон адпачынкаў, канікул, агародаў. У вёскі прыязджаюць людзі з розных гарадоў. На жаль, не ўсе ўмеюць адпачываць без сварак і боек. Прыходзіцца вучыць, — гаворыць Дзяніс. — Выхадныя і святы таксама неспакойныя дні.

Сам участковы ў вольны ад работы час любіць рыбачыць. Летам дапамагае жонцы з агародам, сям'я трымае хатнюю гаспадарку: «У вёсцы заўсёды ёсць чым заняцца. Без справы сядзець не будзеш».

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Участковы — гэта твар вёскі»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.